ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

— А вы нішто, не турбуйцеся. Пагрэйцеся тут. Калі што, дык у акно відаць.

Ён падзякаваў і застаўся, стомлена апусціўшыся на лаўку ля акна, а яна, на хаду зашпільваючыся, падалася ў горад — трэба было спяшацца, каб не зачынілі гараж.

Кандэнсатар Фрузына адразу ж дабыла ў Змітрукова, ён аказаўся маленькай лёгкай штуковінай, але часу на абодва канцы шляху ўсё ж мінула нямала. Калі яна зноў адчыніла свае дзверы, святло ў пакоі было выключана, пэўна, каб лепей бачыць у акно. У расчыненай грубцы, пырскаючы іскрамі, трашчалі сукаватыя смалякі, што нерассечаныя гады два валяліся на панадворку, а побач, на табурэтцы, змораны, аблакаціўшыся на шырока расстаўленыя калені, драмаў шафёр. Ён не варухнуўся на стук дзвярэй і, звесіўшы долу заблытаныя валасы, ціхенька і мерна высвістваў носам.

Фрузына паклала на стол кандэнсатар, зняла ватоўку, стараючыся не нарабіць шуму; пацерла густа запацелую шыбу, каб бачыць машыну, і прысела на лаўцы.

Невядома, колькі мінула часу, а шафёр усё драмаў. Дровы ў печцы спакваля дагарэлі, пакінуўшы груду зіхатлівага вуголля. На сцяне пад столлю варушыліся густа-барвовыя водбліскі; схіленую голаў, плячо і рукаў чалавека заліло гарачай мігатлівай чырванню. Ад грубкі на ўвесь кут і паўстолі нерухома падаў вялізны раскідзісты цень чалавека.

Раз — пораз пазіраючы праз акно на шашу і на гэтага здарожанага чалавека, жанчына пакрысе пранікалася ціхай жаласлівай спагадай да яго нялёгкага турботнага жыцця. Тая спагада ўсё глыбей і глыбей пранікала ў яе ўзрушаныя пачуцці, шырылася недзе ў душы, паступова перарастаючы ў лагодную пяшчоту. Усчалася і прывычная шчымлівая самота па сваім няўтульным, неўладкаваным жыцці, паціху ўваскрасала былая паўзабытая прагнасць жаданага чалавечага цяпла. Але Фрузына, як магла, усё стрымлівала, глушыла ў сабе тыя няясныя адчуванні, толькі ціхенька ўздыхала, баючыся патрывожыць шафёра.

Праз нейкі час ён, аднак, схамянуўся, глыбока ўздыхнуў і здзіўлена агледзеўся.

— О, ты ўжо? — прамовіў ён і ўзняўся. — Ну што?

— Вось прынесла, — сказала яна, устаючы з лаўкі і падаючы яму кандэнсатар. Але ён, відаць, адпачыў зусім мала і, яшчэ не прачнуўшыся як след, пазяхаючы і пацягваючыся, зноў сеў на табурэт.

— Ага, во добра… Ну дзякуй. А што гэта нікога не чуваць, ці ты адна жывеш?

— Ды ўжо ж, адна, — адказала яна і ўздыхнула.

— А дзе ж твой… муж? — паволі вызваляючыся ад санлівай знямогі, пытаўся чалавек. — Ці не было?

— Не было, ага, — пацвердзіла Фрузына.

Пасля яна таксама прысела на лаўку насупроць яго і раптам адчула сябе слабай, маленькай і нават у нечым вінаватай ад гэтай стрыманай мужчынскай цікаўнасці.

Ён трохі памаўчаў, аб нечым задумаўшыся, жанчына ўсё пазірала на яго, ледзь прыкметнага ў прыцемках дагарэлай грубкі, быццам чакала яго.

— Адной кепска, — сказаў ён, счакаўшы. — Цяжка адной… Гэта я ведаю…

Ён пачаў закурваць, прыпаліў паперкай ад вуголля, асвяціўшы на момант зашчацінены, зусім не прывабны, але добры, спагадлівы твар, а яна сядзела, стаіўшыся, ля акна і, бы злоўленая на якой несумленнай справе, баялася паварушыцца.

Накурыўшыся, ён кінуў у печ недакурак, падышоў да яе, стрымана і далікатна дакрануўся да яе пляча сваей заскарузлай далонню і пагладзіў:

— Цяжка адной, толькі што зробіш… Ну, не бядуй! Дзякуй за турботы… Так.

Калі ён выйшаў, Фрузына, не зашчэпліваючы за ім дзвярэй, таропка павярнулася да акна, прыціснулася лбом да запацелай шыбіны і доўга пазірала, як ён там поркаўся ў маторы, бразгаў капотам, тупаў ля машыны. Яна нічога не думала, не выцірала слёз, што няпрошаныя і нястрыманыя паціху каціліся па шчоках, толькі глядзела ў прыцемкі ночы і не магла ўжо заглушыць роспачнай трывогі ў сваёй душы.

З таго зімовага вечара Фрузына стала яшчэ болей маркотная. Часта ўздыхала на дзяжурстве, радзей усміхалася на жарты інжынера Шаўрова, часцей выходзіла на панадворак, дзе часам сустракала яго. Калі-нікалі, завіхаючыся ля машыны, ён кідаў ей некалькі звычайных малазначных слоў, але — чула яна — ставіўся добразычліва і ветліва, зусім не так, як другія зубаскалы-шафёры. Ей хацелася запытаць гэтага чалавека пра яго жыццё — адчувала жанчына, што і ён не вельмі шчаслівы, што добры і нечага лепшага ў жыцці хацелася яму. Яна ўжо ведала яго прозвішча — Пархомаў — ведала, што ён з Баранавіч, але ці сямейны, ці не — было невядома.

Так у маўклівай жаночай тузе мінула зіма і наступіў першы месяц вясны — сакавік. Снег на вуліцах растаў, рэшткі яго вывезлі на машынах за горад; удзень з дахаў, гулка лопаючы аб асфальт, падалі рэдкія цяжкія кроплі. У парках і за горадам, праўда, было яшчэ снежна, але з кожным сонечным днём усё шырэлі, злучаліся адна з адной праталіны, наліваліся пупышкі лазы і вербаў.

У жаночы дзень — 8 Сакавіка Фрузыне якраз быў выхадны, і яна, прыбраўшы зранку ў пакоі, узялася перашываць свой стары шарсцяны сарафан. Звычайна яна любіла такую работу, любіла прымерваць, прыкідваць, каб зрабіць што як мага танней і лепей. З гэткім жа стараннем яна ўзялася і цяпер, але спакваля неяк цікавасць да работы пачала знікаць. У думках усё часцей з’яўляўся Пархомаў, усё думалася, што ён за чалавек, чаму так уважліва, не як другія, паставіўся да яе, што ў яго самога на сэрцы? Час ад часу жанчына ўздыхала, апускала на калені шыццё і затуманеным зрокам доўга пазірала ў чыстае сонечнае акно на шашу, дзе некалі зімой ён ладзіў машыну. Чамусьці ёй усё болей і болей хацелася зноў убачыць яго, пачуць яго спагадлівы разважны голас. Часам, схамянуўшыся, Фрузына лаяла сябе за недарэчныя мары, палохала тым, што, можа, у яго — сям’я, дзеці. Урэшце, колькі ёсць і маладзейшых, і прыгажэйшых, а яна — саракагадовая баба, — ні хараства, ні шчасця — навошта каму такая? Але звыклае імкненне да яго ўзгаралася з новай сілай, і яна ўсё пазірала ў акно, трывожылася, хацела саўладаць з трапяткім сэрцам ды не магла.

Урэшце перад змярканнем яна трохі адагнала ад сябе свае неспакойныя летуценні, начала думаць аб іншым — аб людзях іхняй установы — трошкі ганарыстых, але ніштаватых супрацоўніках, аб простых, часам языкастых, але няшкодных шафёрах, прыбіральшчыцах, вахцёрах. Успомнілася, што чагосьці радзей стала смяяцца Нонка — мусіць, нешта не ладзіцца ў яе замустве; усплыло ў памяці, як апавядала Драздова пра сваю сварку з мужам; прыгадалася, як узімку хварэў на нейкі цяжкі грып Петрачэнкаў і як усе клапаціліся і непакоіліся аб ім.

I вось у такую хвіліну ўспамінаў-роздумаў, адкусваючы нітку, яна незнарок зірнула ў акно і спалохана здрыганулася. Ад шашы сцяжынкай да барака ішоў Пархомаў.

Ён, відаць, раней яшчэ прыкмеціў яе ля акна і цяпер здалёк усміхаўся. У руках яго і пад пахай былі папяровыя скруткі. На ім непрывычна тапырыўся добры чорны гарнітур, неяк зухавата прыткнулася на галаве чыстая шэрая кепка. Фрузына вельмі спалохалася, кінулася да дзвярэй, пасля — да стала, скамячыла кавалкі тканіны, кінула іх на ложак, а пасля перахавала пад лаўку. Яна зусім разгубілася, а ён ужо стукаў у дзверы. Фрузына нічога не адказвала на гэты стук, толькі шаптала роспачнае «ай Божачка!», а ён усё ветліва пастукваў і чакаў дазволу ўвайсці.

Трохі счакаўшы, яна сцяміла, што трэба сустракаць госця, і, прыдушыўшы ў сабе сарамлівую збянтэжанасць, адчыніла дзверы. Ён з усмешкай зірнуў на яе, далікатна пераступіў парог, зняў кепку і пачаў старанна выціраць аб палавічок забруджаныя чаравікі.

— Дзень добры, гаспадынька. Са святам! З жаночым днём! Вось здумаў, што адна, прыйшоў павіншаваць, бо я таксама адзін…

Яна, усе яшчэ бянтэжачыся, запрашала яго садзіцца, падстаўляла табурэтку, тупала сюды — туды. Ён, перш чым сесці, паклаў пакункі, выняў з кішэні бутэльку гарэлкі, паставіў на стол. Фрузына здзівілася і спалохалася, не ведаючы, навошта гэта і што яно можа азначаць, але прыкінулася, што не заўважае тае незвычайнасці, і дрыжачымі ад хвалявання рукамі круціла рагі хусцінкі.

Поделиться с друзьями: