ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7

Быкаў Васіль

Шрифт:

У яе адразу нядобрым прадчуваннем здрыганулася сэрца, але яна знешне спакойна выйшла з клумбы, паставіла на асфальт палівачку і, паправіўшы на грудзях брошку, нетаропка пайшла ў будынак. Яна ўзнялася на другі паверх і, прыпыніўшыся ля чорных дэрмацінавых дзвярэй, нерашуча пацягнула ручку.

Петрачэнкаў пісаў. На яе прыход ён нават не ўзняў свайго акулярыстага твару, толькі буркнуў: «Ага, зараз». Апроч яго, тут яшчэ за трыма сталамі сядзелі людзі — усе былі заняты сваімі справамі і, здавалася, не звярталі на яе ніякай увагі. Фрузына стала ля петрачэнкаўскага стала і з хвіліну чакала, усё робячы здагадкі, якая патрэба прымусіла гэтага чалавека клікаць яе.

Напісаўшы, што трэба было, ён пачаў поркацца ў паперах на стале і, нібы аб якой простай будзённай справе — надвор’і ці нясвежай вадзе ў графіне, задаў пытанне, ад якога ў яе пахаладзела ўнутры.

— Слухайце, Сямашка, ці праўда, што вы таго… з шафёрам гэтым, як яго?.. З Пархомавым?

Петрачэнкаў коратка бліснуў акулярамі, а яна, счырванелая і збянтэжаная ад гэтай бессаромнай праматы, стаяла і пакутна ламала свае непрыгожыя пляскатыя пальцы.

— Га? — зноў запытаўся гэты выглянцаваны чалавек. — Відаць, плёткі, праўда?

Яна ніколі не хлусіла нікому, ніколі не апраўдвалася, калі была вінавата, і, хоць цяпер была здзіўлена і абражана гэтай бесцырымоннасцю, сказала:

— Ну, а што? Ну, ён прыходзіць калі…

Петрачэнкаў варухнуў брывамі, здзіўлена пераглянуўся з некім за яе спіной, крыва ўсміхнуўся і загаварыў прыкра і нудна:

— Прызнацца, не чакаў такога… здзіўляючага сваёй класічнай праматой адказу… А вы ведаеце… што такімі сваімі… ганебнымі, я сказаў бы, паводзінамі кідаеце цень неблагачыннасці, так сказаць, на ўсю ўстанову, вось… Вам вядома, што гэты ваш, як яго… Пархомаў мае сям’ю, так сказаць, да якой ён нейкім чынам павінен захоўваць свой абавязак. Вось. I цяпер, у свеце вашага недвухсэнсоўнага прызнання, я як старшыня мясцкома буду вымушан не абмежавацца гэтай гутаркай, а прыняць, так сказаць, дзейсныя меры, з тым разлікам, каб…

Да яе дрэнна даходзіў сэнс гэтых слоў, яна да болю ў душы адчувала толькі, што сталася нешта агіднае, нешта ганебнае і што яна вінавата ў нечым. Затуманеным зрокам жанчына глядзела цераз лысаватую голаў гэтага чалавека праз акно на панадворак, там відаць быў канец гаража, апошнія вароты, дзе стаяла машына Пархомава. Цяпер гэтыя вароты былі зачынены. I ёй стала вельмі сумна ад таго, што яна адна і што ёй за дваіх трэба прымаць гэты цяжкі удар. З прыкрым адчуваннем нейкай так і не зразумелай віны Фрузына неўзабаве спусцілася ўніз на свае месца ля вешалак і прысела, абапершыся на падаконнік.

Жанчыне нават стала дзіўна, як гэта яна не прадбачыла, што яе могуць абвінаваціць, зняславіць. Пасля горкіх калючых слоў Петрачэнкава было ясна, што людзі не даруюць ёй гэтай блізкасці да Пархомава, але зноў жа — у чым была яе віна, Фрузына так і не магла зразумець. Хіба яна дабівалася чаго, хіба на што благое падбівала Пархомава, хіба чаго злачыннага жадала ад яго?

Нейкі агідны цень запаў у яе душу, і жанчына ўсё не магла зразумець, каго тут вінаваціць — сябе ці Пархомава, — ад гэтага было вельмі тлумна і прыкра. Змаркатнелая, яна ледзьве дачакалася вечара і, так і не разабраўшыся ў сабе, ад крыўды немаведама на каго і завошта, ціха паплакала, ідучы дадому.

На другі ранак пасля тае размовы з Петрачэнкавым яна сядзела ў вестыбюлі і баязліва чакала дзевяці гадзін, калі пачнуць зыходзіцца людзі. Першы, як, бадай, заўсёды, з’явіўся інжынер Шаўроў, як заўсёды, ён старанна выцер ногі і кінуў ей:

— Прывет! Ну што? Як жысць?

Яна нешта новае ўлавіла ў яго тоне і насцярожылася, сціснулася нутром, чакаючы якой нетактоўнасці. I ён не замарудзіў — выпаліў ці то жартам, ці ўсур’ёз, бы пра якую дробязную справу:

— Кажуць, ты ўжо гэтае самае… жаніха знайшла. I недалёка, толькі сямейнага, так сказаць. Што ж, брава, брава.

Сігаючы цераз прыступкі, ён узнімаўся па лесвіцы, мабыць, адразу забыўшыся пра свой жарт, а Фрузына адчула раптам, як хіснулася столь, скрывіліся калоны — ёй стала млосна. Але жанчына стрымалася, прыхінуўшыся да падаконніка, і ўжо амаль не прыкмячала і не віталася ні з кім — ні з Іванам Кузьмічом, які нават не зірнуў у яе бок, ні з Петрачэнкавым, які сёння чамусьці ўважліва агледзеў яе халодным позіркам бялёсых вачэй, ні з Нонкай, якая падкрэслена ветліва і са смяшынкай у вачах павіталася з ёю. Фрузыне было вельмі крыўдна і на сябе, і на людзей, і на ўвесь белы свет.

Увечары таго дня вярнуўся з камандзіроўкі Пархомаў.

Праз акно пад лесвіцай з вестыбюля яна адразу ўбачыла яго машыну, калі ён заварочваўся, каб заехаць у гараж, і яе сэрца зноў, як некалі, у час яго першага прыходу, нязладна забілася ў грудзях. Яна памкнулася на панадворак, але спынілася ля акна, пачакала трохі, пакуль ён уладкуецца з машынай, і пасля, з намаганнем перастаўляючы ногі, пайшла да варот.

Ён зняў акумулятар і анучкай выціраў яго клемы, але, пачуўшы крокі, адразу ўстрывожана азірнуўся. Відаць, нешта кепскае азначылася на яе твары, бо шафёр адразу ўстрапянуўся і выпрастаўся. Фрузына, прыкмеціўшы гэта, спрабавала няўдала ўсміхнуцца і, павітаўшыся, сказала:

— Ведаеш, мяне Петрачэнкаў выклікаў. Лаяў… Пытаўся, ці праўда, што ты да мяне ходзіш?

— Што? — не зразумеў ён. — Што? А скуль ён ведае? На яго запыленым, змораным твары мільганула трывога.

Фрузына патупіла вочы.

— Ну… А ты што? Што ты сказала?

— А што мне было казаць? Сказала, што прыходзіш…

— Дурніца! — Пархомаў з прыкрасцю шпурнуў на зямлю анучу. Потым патаптаўся на месцы, узняў на яе раззлаваныя вочы. — Хіба так можна? Эх, ты!..

Яна ўраз зразумела, што ён не так, як чакала яна, паставіўся да гэтае справы, і ў жанчыны стала пуста і самотна ў душы. Страціўшы надзею і сілу, яна ледзьве дабрыла да свайго месца за перагародкай і ўжо не стрымлівала роспачных слёз, што душылі яе. Побач рыпелі дзверы, хадзілі людзі, нешта казалі, пыталіся, але яна не глядзела ні на кога, не адказвала, не слухала.

Наступілі гаротныя дні.

Пархомаў болей да яе не прыходзіў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаіўся ён да шафёрскай кампаніі, сядзеў, курыў, размаўляў нароўні з усімі. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па — ранейшаму імкнулася да яго, ні ў чым не вініла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывіць, хлусіць, ашукваць яна не ўмела.

Ёй было вельмі пакутна ў адзінокія ночы ў сваім пакойчыку — думаць, уздыхаць, успамінаць нядаўнія, поўныя хмельнага шчасця, дні. Часта яна зноў адчувала сябе вельмі адзінокай, пагарджанай, ды ўжо куды мацней і нясцерпней, чым у ранейшыя разы.

I тады аказалася, што яна будзе маці.

Спачатку Фрузына вельмі спалохалася ад тае навіны — яе ахапіў жах, калі яна прыгадала, як паставяцца да яе на рабоце, што скажуць суседзі. Ёй карцела некуды бегчы, неяк ратавацца ад той бяды, якая навісла над ёю. Але на змену спалоху неўзабаве з’явілася новая думка, што вельмі дзівіла яе: у яе будзе дзіця — свая маленькая родная істота, самая важная і самая дарагая ў жыцці. Яна прыпомніла знаёмых суседскіх дзяцей, блізнятак Драздовай, і неспадзявана яе ахапіла супярэчлівая хвалюючая радасць. Яна ведала ўжо, што будзе шмат гора наперадзе, што Петрачэнкаў, бадай, не адступіцца са сваімі нуднымі пропаведзямі, што будуць насмешкі і сорам, але ўсе гэтыя нягоды марнелі перад новай вялікай радасцю мацярынства.

Поделиться с друзьями: