Подых навальніцы
Шрифт:
— А нашто — цярпець? — сказала Параска. — Ён — любіць?..
— Любіць! — Ганніны губы злосна скрывіліся. — Любіць!.. Як грушу! Вытрасе скора душу!
Зноў ішлі моўчкі. Ганна глядзела нязводна кудысьці наперад, але не бачыла нічога. Вочы былі сухія, гарачыя.
— Дык чаго ж ты? — зноў нібы запыталася, нібы папракнула Параска. Не зусім упэўнена дадала: — Хто цябе… трымае?
— Хто?! — Ганна стрымалася, сказала спакайней, як бы з павучэннем. — Не знаеш ты ўсяго! Па-свойму, па-гарадскому, думаеш!..
— Не па-гарадскому, па-нашаму, па-жаночаму, — зразумець хачу!.. — запярэчыла Параска. — З чалавекам, не любячы яго, гэта, я так лічу, усё роўна што не жыць! А жыць — ненавідзячы — гэта ж… не ведаю, як i назваць!.. Гэта ж — катарга!
— А не катарга, думаеш!
— Катарга — дык нашто ж усё жыццё пакутаваць на ёй! За кару якую! Ці ты — прывязана навек?
— A хіба — не? Не прывязана?!. Ды калі б не прывязана була, стала б я цярпець усё?!. У мяне цяпер можа — толькі i думкі, як вырвацца!.. Начэй не сплю, думаю! Днямі толькі i жыву етым! Толькі i думаюі куды падацца!.. За чым абараніцца!.. За саломінку ўхапіцца гатова! Цябе от пабачыла, месца знайсці не магла! "А можа — параіць што?!" Хоць знала сама, якая твая парада будзе!..
Вострыя, з-пад чорных шырокіх броваў Парасчыны вочы зірнулі дапытліва:
— Што ж цябе трымае?
— Што!.. Ён, мой суджаны, знаеш які! Сякерай галаву расколе i не перахрысціцца!..
— Гразіўся?
— Усяляк було! Суджаны ў мяне — такі! Не сумнявайся!.. Не здрыганецца рука!.. Тут — да ўсяго — дак шчэ — любоў! Любіць, каб яго зямля не насіла!.. Жонцы сваёй мілай — разлучніцы — дак расколе галаву з радасцю! Не тое што так, з нявыкруткі!..
— Я скажу яму! Судом пагражу!.. Расстрэлам!
Ганна ў адказ на Парасчыны словы толькі пакруціла галавой: як з дзіцячай выдумкі.
— Шабету папрашу, каб папярэдзіў! А трэба будзе — дык i Харчаву скажу!
— Будзе таму Харчаву ахвота важдацца! Тут i Шабета пакуль прыедзе, дак астынеш у крыві! Ды i баіцца ён Шабету! Яму што Шабета, што наш Хведзька — адзін страх! — Ганна дадала раздумліва: — Ды i кеб паслухаў ён покуль Шабету ці каго, дак усе адно ж жыцця не будзе! Кожны дзень думай, штоб не наткнуцца дзе на яго, век аглядайся, асцерагайся! У Куранях ухаваешся хіба дзе!.. Ён жа, калi i не прыдушыць адразу, дак дыхнуць вольно не дасць! Услед будзе лазіць усюды, цікаваць! Уся ix хэўра!.. Ганьба ж такая ім! Хіба ж яны прымірацца калі!.. — Ганна разважыла: — Мо хіба — штоб далеко куды ўцекці! І на воко штоб не трапляцца!..
Параска раптам стала.
— Ведаеш, што я рашыла? — Ганна, якая таксама спынілася, убачыла ў чорных, як смародзіна, вачах радасць, рашучасць. Параска аб’явіла: — Пераходзь да мяне!
— Куды?
— У школу!
Ганна глядзела Парасцы ў вочы, нібы чакала ўбачыць яшчэ нешта.
Дзіўна стрыманым, нібы недаверлівым быў гэты яе позірк першы момант. Потым на Ганнін твар лёг роздум, цяжкі, строгі.
— Не дастане, думаеш, там? — сказала няцвёрда, нечакана квола.
— Не зробіць нічога! А паспрабуе — па руках дадзім!
— Смелая ты — на словах!..
— І ў жыцці — смеласці пазычаць не буду! Пабачыш — калi трэба будзе!
— Думаеш, уберагціся можно?
— Не сумнявайся!..
Ганна памаўчала, усё больш хвалюючыся. Яна, збоку было відаць — аж гарэла неспакоем.
— А што я там рабіць буду? — Пакпіла нібы: — Дзяцей вучыць?
— А як жа. Удваіх са мной. — Параска аж сумелася, як пільна лавіла Ганна яе словы; схамянулася, стала гаварыць сур’ёзна, дзелавіта — Дзяцей i я павучу. А ты — памагаць будзеш, чым можаш. Прыбіраць школу пасля заняткаў, гатаваць… Ведаеш, мне столькі клопату з заняткамі, што проста няма калі варыць, пражыць. Ды і, калі сказаць шчыра, не вельмі i выходзіць гэта. А ты ж, можа, умееш? — Параска зноў не ўтрывала, усміхнулася.
Ганна, як i раней, не адводзячы з яе ўсхваляваных, неспакойных вачэй, кіўнула галавой:
— На ето я вучоная…
У Ганне цяпер мітусілася, віравала цэлая бура нецярплівых, ліхаманкавых пачуццяў, разваг, думак. Радасці, разлікі, надзеі, трывогі — усё круцілася, віхурылася безупынку, без яснасці. Чуючы гэту буру, Ганна разам з тым лавіла кожнае Парасчына слова…
— Работы хопіць! Абы ахвота! — турбавала яе Параска. — Дзяцей у нас — ведаеш колькі? Сто семера! Як ні глядзі, a гразі за дзень нацягнуць — за галаву возьмешся! Праўда, мы завял i такі парадак: дзеці самі i прыбіраць павінны, i падлогу скрэбці! Але хіба адны ірабілі яны калі ўсё — як трэба! Два класы, калідор! Ды парты, ды дзверы, ды вокны!.. Работы, абы ахвота была! — Параска схапіла Ганну за локаць, сказала з захапленнем — Увесну — агарод выштукуем! На зайздрасць усяму раёну!.. А?..
— Глядзі, кеб патом… не пашкадавала! — толькі сказала Ганна.
Параска зразумела, паклялася:
— І ты не пашкадуеш!..
3
Адразу на гэтым яны разышліся. Ганна падапася назад у Курані амаль не бегам. Ногі яе, здавалася, ледзь дакраналіся вымачанай дажджамі, схаладнелай зямлі; у руках, ва ўсім целе чула яна нецярплівую, радасную дужасць, нястрымнае імкненне.
Але не прайшла Ганна i паўвярсты, як раптам з бегу-лёту стала, азірнулася. Неспакойны позірк ляцеў ужо туды, з тугою, з нецярплівасцю лавіў далеч дарогі. Параскі не было відаць. Тырчалі адно сосны ды вербы на могілках.
Вецер біў у твар, у грудзі, i Ганна хілілася насустрач яму i хіліла галаву ўперад; вельмі было падобна, што яна намерылася кінуцца за Параскаю. Ад ветру вочы жмурыліся, i гэта яшчэ дадавала твару рашучасці.
"Куды я іду? Чаго іду?! — мітусіліся ў ёй думкі.— Бацьку сказаць? Нашто? Паможа хіба чым! Ці ўсцешыць ето яго? Прыйдзе час, дазнаецца пра ўсё!.. Скажаш зараз — шчэ да мачыхі дойдзе! Шуму-ляманту нагоніць!.. Дабро пайсці забраць? Шкода мне таго дабра цяпер! Што леташняга снегу! Хай яно згарыць, прападзе пропадам! Разам з Карчамі!.. Не, забраць трэба! Якое яно ні е, там — матчыны ж чаравікі! Штоб яны ў Карчоў прападалі!.. Ды i то — кохту хоць ды спадніцу чыстую б мець! Пераадзецца ў нешто ж трэба будзе!.. Забраць трэба!.. Мог бы, канешне, i бацько ўзяць! Але толькі i не хапае яму такого клопату! Вельмі рады будзе паказацца ён там, пасля ўсяго! Ды i вырвеш у ix патом!.."
Калі ішла к сялу, што нібы цікавала панурымі акенцамі, дварамі, стрэхамі хат i хлявоў, чула, як у грудзі паўзе i паўзе трывога. Трывога заныла i калі зірнула на родную хату, на купку чорных ігруш, на двор, па якім з хлява ішла мачыха. Трывога яшчэ памацнела, калі пайшла загуменнай дарогай, бліжэй i бліжэй да Карчоў.
"Трэба выбрацца так, кеб i не заўважыў ніхто. Штоб i падазрэння не було ніякаго… Канешне, штоб на дарозе ні старого не було б, ні Яўхіма. От, можа, зараз i зрабіць, Яўхім, пэўне, яшчэ не вярнуўся!.. Забраць матчыны чаравікі, андарак, кохту, — i ўсё. І нічога болей!.. І сысці хутчэй, нікому нічого не сказаўшы!.. Лесам сысці, штоб не бачыў ніхто! Штоб не ўчаніліся зразу!.. Патом, канешне, знайдуць! Але няхай патом грозяцца, калi не адна буду! Калі пад аховай, з Параскай!.."
"А прыбяжыць! Прыбяжыць жа! — падумала пра Яўхіма. — Не саступіць так! — У грудзі папоўз страх. — Прыляціць туды, як звер ашалелы! Што яму тая школа, што Параска!.. — Супакоіла сябе — Прыляціць — няхай прылятае! Няхай! Не вельмі ўкусіць!.. A i ўкусіць — усё адно! Усё адно ўжэ цяпер!.. Горай не будзе!.."
Яна была ўжо на Глушаковай сядзібе. Вочы дзіўна чула лавілі ўсё, што праходзіла каля яе, адзначалі. Гумно зачынена, стары, мабыць, у свірне. Не, i ў свірне нікога; i хлявы зачынены. Яшчэ ад свірна выглядвала, хто на двары; каб Яўхім, не дай Бог, не тырчаў ужо. Не прыпёрся не ў час.