Подых навальніцы
Шрифт:
— Праўда ето, што Яўхім бе цябе?
Яна недавольна варухнула брывамі, памаўмала. Быццам зазлавала на яго за пытанне.
— Праўда — няпраўда, — якое каму дзело?!
— Нам да ўсяго дзело! — важна аб’явіў ён. Дзелавіта дадаў: — Савецкая ўлада — не сакрэт — судзіць за ето!.. Хочаш, скажу яму?
— Не хочу! — адрэзала яна. Цвёрда, непахісна.
Міканор здзівіўся:
— Чаму ето?
— Таму.
— A ўсё-такі — чаму?
— Таму… Няпраўда ўсё!.. Наплялі!..
Ён, чула Ганна, не паверыў. Глядзеў на яе, як бы не разумеў.
Ганна нядобра кінула яму:
— Ты ето ці не ўхаджваць за Параскай надумаў?
Міканор збянтэжыўся. Ад неспадзеўкі не адразу знайшоў што сказаць.
— Выдумала!..
— І я кажу — выдумалі!
Ля сяла яны разышліся: Міканор падаўся вуліцаю, а Ганна па загуменню. Але прайшла яна па загуменню небагата: так не хацелася бачыць цяпер Карчоў, што, мінуўшы ўжо, вярнулася на колішняе сваё селішча, падалася к роднай хаце.
Мачыхі дома не было: не трэба таіцца, выдумляць нешта! Прытуліла пяшчотна Хведзьку, які вырэзваў нейкія цацкі на дручку, з пяшчотай пагладзіла рудаватую галоўку. Той пачакаў быў цярпліва, з надзеяй, зірнуў на Ганну, як бы пытаючыся; яна зразумела яго позірк, вінавата пашкадавала — няма!
Няма гасцінца! Не крыўдуй, не зразу сюды прыйшла. І не да таго мне цяпер, брацік! Села на лаўку, стала распытваць, дзе матка, дзе бацька, гаманіць абы аб чым; а сама думала: тут i астацца б, зусім не ісці б да Карчоў!..
Пайшла з хаты толькі тады, як вярнулася мачыха.
2
Яшчэ з двара прыкмеціла: свякруха за шыбаю, як коршак, віжуе, чакае. Знарок цвёрда, дужа ступіла на ганак, упэўнена ўзялася за клямку. Ледзь увайшла, Глушачыха ўмомант абмацала ўсю вачыма, пранізала позіркам.
— Явілася!.. Думалі, прапала ўжэ!..
— Не, не прапала! Баяліся за нішто…
— Усе адно як не ў Алешнікі, a ў Юравічы хадзіла!
— Можа, i ў Юравічы!
— Гайсала зноў немаведама дзе!
— Гайсала…
Добра, Яўхіма не было, — свякруха пабурчала. пабурчала злосна ды i вярнулася к сабе.
Што б ні рабіла, Ганна ўспамінала сустрэчу, праводзіны. Думкі не толькі не ціхлі з часам, a чапляліся, кружылі ўсё мацней. Тoe, што жыло недзе глыбока, як крынічка пад багнаю, ад думак ахвоча дужэла, выбівалася напаверх.
"Як мне замужам, гадала… — Сама не заўважыла, калі стала гаварыць з дзяўчынаю… — Як замужам… Няпраўду я казала табе тады, у Юравічах. Без любові i ў нас не можна. Як для каго, а для мяне жыццё без яе — не жыццё! Не жыццё гэта, калі не Любіш, калі ў душы нянавісць адна! Гора гэга, пагібель, а не жыццё! Праўда твая была, твая! Дурная была я тады, не паслухалася, не абераглася! А была ж любоў, была! Адна была, адна i асталася!.. Няма чаго таіцца, усе Курані цяпер знаюць! Чалавек, Яўхім, кожны вечар кулакамі напамінае!.."
Была любоў… Як на здзек, разышліся, разарваліся ix дарогі! Як вецер насенне з дрэваў, раскідала няскладнае жыццё ix на розныя палосы; на розных палосах пусцілі карэнне, раздзяліліся, можа, навек — нявіднай, але страхотна чутнай мяжою. У яго цяпер — свая моцная прывязка: жонка, хата, гаспадарка… Не адарвецца… Што будзе, як далей пойдзе яе доля — мабыць, i Бог не скажа… Што рабіць, ніяк да толку не дабярэшся!..
Схамянулася: "Чаму не сказала Парасцы гэтага, калі ішлі, калі яна пыталася? Яна ж не так сабе кінула: "Гадала, як табе замужам!" Я ж пачула гэта адразу. Але паказала, што не зразумела, прамовіла нешта, абы перамаўчаць. Канешне, такога не можна было пры сведках расказаць, але — каб хацела — ці ж не магла б ад Міканора адасобіцца як-небудзь? Не гэта перашкодзіла… Не захацела паказваць боль свой, стаілася. А чаму ж i не стаіцца — хто мне Параска, калі бачыць праўду? Таварышка, прыяцелька?
А не прыяцелька, чаму ж я гавару ёй усё ў думках?.. Пустое гэта ўсё — гаварыць незнаёмай, лічы!.." Сама сабе пярэчыла: "Чаму ж — незнаёмай, калі бачыліся яшчэ тры гады таму? Калі яма не забыла, думала — як мне замужам? Калі яна такая разумная i такая — відаць жа — чулая, добрая?.."
Зноў нібы гаварыла з Параскаю: "Каб ведала тады, што столькі бяды глынуць давядзецца! Каб загадзя убачыла усё — у пельку хутчэй кінулася б, чым дала б аброць такую на сябе надзець! Закаялася — ды позна: павянчаная, мужава жонка, нявольніца; хочаш не хочаш, а — цярпі, змогі няма, a цягні пакуту ды маўчы! І не скардзься, бо ад скарг тваіх — толку ніякага, ніхто не паможа! Толькі бацькава ласка ўцешыць калі; але ад яе i боль потым чуецца мацней, больш на волю душа рвецца!.."
Ноччу, слухаючы п’янае Яўхімава хрыпенне, чуючы, як ныюць з мужавай ласкі рукі i плечы, Ганна думала з адчаем. І жыць далей так — няма сілы, i выбавіцца, вырвацца — невядома як! Не будзе ж у Куранях жыцця вольнага, не дасць Яўхім жыць адной! Звядзе са свету — i не перахрысціцца! Не знае ж хіба яго! Было б падацца куды, каб не бачыцца, не сустракацца з ім! Толькі ж куды падасіся, калі далей куранёўскіх агародаў свету, лічы, не бачыла!
"І ўсё адно — бачыла не бачыла, а — пайду! Хоць куды, а пайду! Пайду куды вочы глядзяць, чым прападаць так, гібець век! Знайду не знайду долю, а — пашукаю!.." Як тут было не ўспомніць зноў Параску: на каго ж яшчэ магла быць надзея! Тут жа так патрэбна была падтрымка, хоць бы парада! "Ты — парай, памажы хоць словам! Ты ж бачыла свет, ты ж — гарадская, вучаная! От i будзе твая навука мне! Твая грамата!.."
Так закарцела зноў пабачыцца: "Скажу ўсё чысто! Не буду таіць нічого! Скажу ўсё! Няхай знае! Няхай параіць!.."
Але не сказала ні ў другую сустрэчу, ні ў трэцюю. І не таму, што Міканор замінаў. Кожны раз, калі ішлі разам, чула Ганна, што не можа паказаць Парасцы бяду сваю. Не тое што каб не верыла ёй, але кожны раз чула ўсё ж між сабой i Параскай нейкую мяжу, якую не можна было пераступіць з бядою, не рызыкуючы гонарам. Гонар жа гэты быў трывожны, насцярожаны: усё гатоў быў перацярпець, толькі не сваё прыніжэнне…
Нават у той раз, калі яны былі з Параскаю блізкія, як ніколі, калі Ганна нібы вельмі рашуча адарвала Параску ад мужчын-спадарожнікаў, шчырая гаворка між Ганнай i Параскаю пайшла не адразу. Доўга ішлі моўчкі. Параска не пыталася нічога, нават не глядзела на Ганну, цярпліва чакала гаворкі,— а Ганна слова прамовіць не магла.
Ужо недалёка былі глінішчанскія могілкі — пад нізкім, хмурным небам дрэвы тырчалі таксама хмурныя, голыя. Невясёла сівеў выган, схаладнела, нярадасна туліўся чэзлы алешнік i бярэзнік на ўзболатку. Такая нярадасць, пастыласць былі ўсюды. Так цяжка было пачаць, расшчапіць сціснутыя бядою губы, узяць з душы, з болю, якім гарэла ўсё ўсярэдзіне, словы. Выціснула глуха, хрыпата, з адчаем, з рашучасцю:
— Не магу болей!..
Параска толькі зірнула пільным, шчырым позіркам. Нібы мерала глыбіню.
— Кончыць сябе хачу!
Хоць не глядзела на Параску, заўважыла, як трывога, спачуванне хмаркай прайшлі па яе твары. У грудзях запякло яшчэ мацней.
— Бы звяры! Поедам ядзяць!..
Адтаго, што ўсярэдзіне так пякло, гаварыць было цяжка. Словы то нібы прарываліся, то застравалі ў горле.
— Думала ўсё — перацярплю!.. Не магу!.. Няма маёй сілы!..
Трохі ішлі моўчкі. Парасчына рука лагодна, чула легла на Ганніна плячо. Ішлі ўжо як сяброўкі.