Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Але між усяго гэтага, чым больш перабіраў у думках чутае на сесіі, даклады, выступленнй размовы, тым больш у тое, што цешыла, унізвалася клопатнае. Не адступала адчуванне: сур’ёзная размова заменена багата ў чым святочнай. Гэта, канешне, па-свойму прыгожа, прыемна; гэта таксама падымае людзей; але падымае па-святочнаму, не для цярплівай i цяжкай работы. Мала мабілізуе людзей на сур’ёзную, упартую працу, якая так патрэбна для найвялікшага наступлення. Апейка бачыў, што к тым турботным фактам, якія пяклі, трывожылі многіх прамоўцаў з акруговых цэнтраў i вёсак, мала хто па-сапраўднаму прыслухоўваўся. Над усім было адно — тэмпы, хуткасць: любым спосабам хутчэй, раней за іншых. Клопат пра гэта быў такі вялікі, што не хацелі чуць трывожных разваг, лічыцца з навакольным. І што горш яшчэ, усялякую спробу агледзецца, разважыць гатовы былі ўзяць як знак няўстойлівасці, як гнілы настрой!..

Зноў на памяць прыходзіла тое, што было ў рэзалюцыі аб калектывізацыі лістападаўскага пленума ЦК, i ён думаў, як небагата ў параўнанні з пленумам было дзелавітасці на сесіі; асабліва ў тых, хто кіраваў ёю. Проста цяжка было зразумець, як можна было абысці так многія важныя пункты, якія былі ў рэзалюцыі. Як можна было знізіць так асноўнае: сур’ёзны аналіз становішча, задач. Забыць фактычна папярэджанне пра недаацэнку цяжкасцей калгаснага руху, пра небяспеку фармальна-бюракратычнага падыходу…

Успомніў: "удзесяцярыць тэмпы!" — колы ўнізе, здавалася, выгруквалі таксама: "удзесяцярыць!.. удзесяцярыць!.."— i адчуў трывожна, што не ведае, як гэта ўдасца зрабіць. І не бачыў, што будзе, калі ўдасца зрабіць, — без аграномаў, тэхнікі, патрэбных кадраў. Трывога была шырокая: ведаў цяпер, што i іншыя не лепш гатовы! Падумаў, як гэты заклік падзейнічае на Башлыкова, на многіх раённых кіраўнікоў, якія i цяпер — чаго грэх таіць! — нярэдка дабіваюцца працэнтаў гразьбою ды прымусам! Нанава ўспомніў, што казаў Чарвякоў: ці можна дапусціць насільственную калектывізацыю? — i неспакой падужэў: як гэта можа падахвоціць некаторых!

Тэмпы!.. Хіба ён не разумее, што таптацца нельга! Хіба ён не разумее, што становішча патрабуе: трэба тэмпы! Але хіба ж тое трэба забываць: якая гэта няпростая, складаная справа — калгасы, i як важна рабіць яе сур’ёзна, добра. Вялікую, складаную справу i скалечыць легка, i загубіць! І людзей зняверыць! Як жа не лічыцца, таварыш Рачыцкі, з тым, ці ёсць змога, каб зрабіць з такім размахам, з такім тэмпам — добра, надзейна! Не похапкам, а толкам! Гэта ж, да усяго, не гадавая якая-небудзь кампанія!.. Чаго ж вы так легка "гатовы" перакрыць тэмпы, якія зацвердзіў ЦК партыі!..

"Няўжо я, праўда, не разумею чагосьці,— як мне даказвае Башлыкоў. Няўжо ва мне ўсё гэта праўда — сялянская хісткасць, мужыцкая жаласлівасць? Правы ўхіл, — у прыхаванай развагамі "форме"?.. Ухіл не ўхіл, — а прышыць — могуць! Прышыць i "зрабіць вывады"!.. Чаго там — могуць зрабіць, рабілі ж ужо. Робяць — гапенчыкі!.." Пагрозным успомнілася тое, што жорстка абвясціў у першы вечар, здавалася, добры, разважны Чарвякоў: жыццё бязлітасна адкіне ўсіх, хто не зможа ісці нага ў нагу! Нібы папярэджанне сабе чуў Апейка…

Намаганнем волі разарваў навалач думак, стаў думаць пра жонку, дзяцей — як там яны? Засумаваліся па ім, — як i ён па хаце сваёй? Месяц, здаецца, не бачыўся. "Дадому, дадому!" — чулася, грукалі пад вагонам колы.

Раздзел шосты

1

Той, хто хоча выбавіцца з бяды, хапаецца за саломіну. Шукаючы збавення, Ганна думкаю ўхапілася за, можна сказаць, незнаемую дзяўчыну.

Усё ж была нейкая надзея на яе — можа, параіць, куды пайсці, да каго падацца. У яе ж у Юравічах i ў Мазыры знаёмых, пэўне, багата.

Ганна ведала, што яна робіць настаўніцаю ў Глінішчах. Раз выпадкам сутыкнуліся тварам у твар — у алешніцкай краме; Параска аж бровы падняла здзіўлена i ўзрадавана: пазнала Ганну з аднаго позірку. Але Ганна вочы тады адвяла ўбок, не падала i знаку, што помніць, знарок схавалася ў натоўпе.

Чаму так абышлася з ёю тады, не сказала б i потым. Мо таму, што ўсё вельмі ж неспадзявана выйшла, мо таму, што казаць не было чаго добрага, — але, як бы там ні было, Ганна цяпер ад душы пашкадавала аб сваёй няветлівасці. Думкі цяпер не раз i не два ішлі да Параскі.

Яшчэ тады дазнапася Ганна ад Міканора, што Параска настаўнічае ў Глінішчах. Цяпер даведалася ад яго ж, што часта яна бывае i ў Алешніках, на сходах, у школе.

Тут Ганна i падпільнавала яе, калі тая выйшла на вуліцу. Ганне, праўда, не вельмі пашанцавала — з Параскай ішоў стары чалавек у свігцы, з кніжкамі i сшыткамі, але яна падалася проста да дзяўчыны, паздаровалася.

— Не пазнаеш, можа? — сказала знарок весела, па-прыяцельску.

— Пазнала… — проста, прыязна адказала Параска.

— Даўно було…

— Даўно…

Прайшлі, памаўчалі. Ганна напомніла:

— Сабіраліся ў Курані к нам настаўнічаць!

— Сабіралася! Ды не давялося. Назначылі ў Бярозаўку. А цяпер от — у Глінішчы…

Толькі прайшлі вуліцу — на сцежку ў поле, як здагнаў Міканор. Ганна чакала, што ён збочыць, вернецца, але ён ішоў i ішоў, быццам нейкая варта. Ганна глядзела на яго з непрыхільнасцю — трэба ж, прыпёрся так не ў час.

І звычайна няўкпюдны, ён цяпер — каля Параскі — здаваўся Ганне яшчэ больш няўклюдным, вялізным.

"Бы мядзведзь. А за кавалера буць хоча…" — падумала Ганна. Здагадвалася, сэрцам чула, што не так сабе Міканор сунецца побач тут.

То гаварылі абы пра што, то маўчалі. Дзень быў хмурнаваты, за жаўтлявым кужалем хмар значыўся немачны кружачок сонца, якое ніяк не магло прарвацца заліць дарогу, поле святлом. Таксама хмурна, няпэўна было i ў Ганны на душы…

— А я тады, у краме, падумала, — сказала Параска Ганне з вясёлай шчырасцю, — што — прызнаваць не хочаш мяне!

Ганна пачула сябе як вінаватая.

— Неспадзеўкі выйшло ўсё!.. Ды i — можно сказаць — забула ўжэ!..

— Нядоўга былі разам. І столькі часу мінула!

— Багато!.. Як на том свеце було!..

— Я ўспамінала цябе. Гадала, як табе замужам.

Ганна пачула ў Парасчыных словах пытанне, нахмурылася.

— Чаго там гадаць… — толькі i сказала.

З усіх гэтых праводзін засталіся ў памяці непрыхільнасць да Міканора i чуццё няпэўнасці, недагаворанасці, якое ўвесь час жыло ўсярэдзіне. Чуццё гэта памацнела, калі развіталіся, калі з Міканорам падалася назад. Быццам i не было поруч Міканора, ішлі, жылі кожны сваім настроем, сваімі думкамі. Заўважыла толькі мелькам, што ён вельмі ўсхваляваны, засмяяцца гатоў, закрычаць з нейкай радасці. Дыбае, як бы сп’янелы. Ён не засмяяўся, не закрычаў, пільна зірнуўшы на яе, неспадзеўкі запытаў:

Поделиться с друзьями: