Подых навальніцы
Шрифт:
Строга судзіў Рыскін фінансавыя органы за няправільную лінію пры абкладанні служыцеляў рэлігійных культаў, недастатковую цвёрдасць пры спагнанні падаткаў з буйных прыватных гандляроў, з прыватнага сектару сялян. Аказалася, што ў рэспубліцы — у Мінску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, — як i раней, дзейнічаюць яшчэ нямала буйных гандляроў, якія ўсяляк выкручваюцца ад падаткаў, ад фінансавага кантролю. Рыскін, вінавацячы, сказаў, што фінансавыя органы на дзяржаўны i кааперацыйны сектар націскалі больш, як на прыватны, ён даводзіў гэта тым, што прыватны сектар мае большую суму нядоімкі. Рыскін вінаваціў, што выяўлена толькі каля двух працэнтаў кулацкіх гаспадарак, што багата выпадкаў, калі кулак залічваецца ў сераднякі.
З усяго гэтага Рыскін вывеў, што класавая лінія часта не вытрымліваецца, — з’ява недаравальная ва ўмовах нашага сацыялістычнага наступлення на варожыя элементы.
Рыскін паказаў некалькі прыкладаў таго, хто быў вычышчаны, зняты з пасад. Тут былі i бюракраты, i растратчыкі, i п’яніцы, i хабарнікі, i жулікі; усё гэта былі людзі, якіх належала гнаць. Апейку не спадабалася адно, што плён нялёгкай гэтай працы мераўся на працэнты: Рыскін крытыкаваў Пухавіцкі раён за тое, што там па першай катэгорыі — бюракраты — вычысцілі толькі І,5 працэнта. "Здаецца, — сказаў Рыскін, — тут праца была зроблена няправільна, у бок недавыканання". Крытыкаваў дакладчык установу, у якой знялі толькі 0,4 працэнта супрацоўнікаў — аднаго чалавека, тады як у Наркамземе вычышчана 9 працэнтаў! "Нібы па чыстцы трэба ставіць сабе нейкі план i выконваць яго!" — падумаў нязгодна Апейка. Разумна зазначыў Рыскін, што пры чыстцы больш стараліся выяўляць "былых" людзей, хоць i гэта трэба, — i мала давалі ўвагі людзям, якія шкодзілі сваёй дзейнасцю цяпер, — злосным бюракратам, што не зважаюць на сваё пралетарскае паходжанне i партыйную прыналежнасць… У дакладзе было багата талковага, i тым больш чутна вылазіла ў ім неразумнае. З прыкладаў розных памылак Рыскін асабліва вылучыў рашэнне, што прынялі ў Гомелі ў акрфа; Рыскін чытаў яго гнеўна — як "недапусцімы факт": "Прымаючы пад увагу спецыфічныя ўмовы работы ў акрфа, — Рыскін трымаў лісток у руцэ, кідаў у залу позіркі, нібы запрашаў далучыцца, падзяліць яго абурэнне. — Прымаючы пад увагу спецыфічныя ўмовы… i ўлічваючы магчымасць паступлення негрунтоўных матэрыялаў… а таксама паклёпаў на глебе асабістых разлікаў… сход заклікае камісію па чыстцы апарату — аднесціся да чысткі з асаблівай асцярогаю!.."
— Хіба ж гэта ёсць лозунг для развіцця самакрытыкі? — з гневам казаў Рыскін, апусціўшы лісток. — Гэта — лозунг, каб садзейнічаць камісіям па чыстцы, ускрываць гэтыя недахопы?.. Гэта ёсць апартуністычны лозунг, які замазвае класавую сутнасць. Лозунг, які, бясспрэчна, з’яўляецца тормазам, які можа звесці "на нет" усю працу па чыстцы савецкага апарату! Зам ест актыўнай дапамогі камісіям па чыстцы, яны хочуць заблытаць, не даць магчымасці ўскрыць усе недахопы свайго апарату!
Тут Апейка зноў згадаў Галенчыка. Зноў вастрэй пачуў неспакой, які за час дакладу то адступаў, знікаў, то вяртаўся, шчымеў назольна. "Як цяжка часам, аказваецца, — падумаў стомлена, — зразумець звычайныя рэчы!.."
З дня на дзень у зале было ўсё больш пустых крэслаў. Нямала дэлегатаў у час пасяджэнняў хадзілі ў вестыбюлі, гаманілі, курылі. Усё больш чулася стома. Найлепш адужвалі яе жанкі,— да апошняга дня, з раніцы да иозняга вечара, сядзелі ціхія, уважлівыя, зрэдку адно перашэптваючыся пра нешта.
Увечары 26 лістапада былі прыняты рэзалюцыі па ўсіх пытаннях, i старшыня ЦВК Чарвякоў устаў за сталом, каб закончыць сесію. Ён сказаў, што заклік — калектывізаваць Беларусь за два-тры гады — не фантазия, а канкрэтнае заданне, якое вынікае з самога жыцця. Ён тут жа зазначыў, што вялікаю памылкаю будзе лічыць, што калектывізацыя — лёгкая справа.
— Справа калектывізацыі,— з увагай, згодна слухаў Апейка, — гэта справа перабудовы дзесяткаў i соцепь тысяч сяляпскіх гаспадарак. Гэта справа перавыхавання дзесяткаў i соцепь тысяч — i мільёнаў — нашага сялянства. І таму гэта цяжкая справа… — Чарвякоў папрасіў адносіцца да гэтай справы, як да цяжкай i важнай, — вельмі сур’ёзна. Разумна перасцерагаў ён, што бюракратычна-фармальнымі адносінамі можна толькі сарваць калектывізацыю. Трэба, каб кожнае пытанне, раіў ён, было прапрацавана, каб яно было зразумелае для працоўных еялян, для мужчын i жанчын. Трэба, разумна турбаваўся ён, каб калектывізацыя з першых жа дзён станавілася на моцны, здаровы грунт.
— Перад намі можа паўстаць пытанне, — загаварыў ён, памаўчаўшы момант, — ці дапусціма насільственная калектывізацыя? — Апейка зацікавіўся. — Зразумелая рэч, што ў аснове калектывізацыя павінна праводзіцца на падставах добраахвотнага, свядомага жадання самога працоўнага сялянства… Аднак могуць быць выпадкі, калі не толькі магчыма, але i трэба падштурхнуць паасобных гаспадароў уваходзіць у калгасныя аб’яднанні. Мы не можам дапусціць, — усё цвярдзеў яго голас, — каб паасобныя гаспадаркі, ці з прычыны несвядомасці гаспадароў, ці з прычыны шкодных уплываў з боку варожых савецкай уладзе элементаў i г. д. i г. д. — разбурвалі нашы імкненні перабудаваць сельскую гаспадарку на сацыялістычных падставах. Большасць можа прымусіць меншасць пакарыцца, увайсці ў калектыў i падпарадкавацца калектыўнаму парадку працы i жыцця… Калі б мы ставілі пытанне інакш, то гэтым мы ставілі б усю справу пабудовы сацыялізма i на даным этапе ўсю справу сацыялістычнай перабудовы сельскай гаспадаркі ў залежнасць ад адсталых, несвядомых элемент^ нашай вёскі.
Ён яшчэ раз паўтарыў пад канец, што трэба не толькі не стрымліваць тэмпы, якія былі дасюль, а яшчэ ўзмацняць ix. Беларусь па калектывізацыі павінна ісці ў першых радах, заявіў ён перад тым, як аб’явіць, што сесія закончыла работу…
У гэты вечар, вярнуўшыся з развітальнай вячэры, Апейка стаяў трохі каля акна. Перад ім была цьмяна асветленая плошча з голымі дрэвамі, у акно біўся моцны вецер, з даху капала. Апейка чуў дзіўную стому: здалося, даўно-даўно ў Мінску, з радасцю думалася пра дарогу дадому. На плошчы жаўцела кругамі некалькі ліхтароў, некалькі агнёў свяцілася наводдаль, у пройме між дамоў. Гледзячы на ix, Апейка падумаў раптам узрушана: колькі ix, агнёў,— не такіх, а з лучыны, з газы, з-пад саламяных стрэх — на поўнач, на поўдзень, на ўсход, — i ў кожнай хаце — роздум, недавер’е i вера, надзея i адчай. Вялікі, неабсяжны прастор — да Масквы, за Маскву, за Урал, за Сібір — у роздуме, у надзеі, у трывозе. У вялікім клопаце, небывалым паходзе. Убачыў нібы нанава Юравічы, свой раён — адна, дробная кропелька ў акіяне! Кропелька, але якой дарагой здалася яна. І ў кроплі свой свет i свая надзея!
Няхай трывога, няхай — пакута, боль, але наперадзе — добрае. Добрае жыццё. Пакуты для добрага — не паганыя пакуты. Усё ўрэшце прыйдзе к добраму. Гэта — галоўнае!..
5
Раніцай, перад ад’ездам, ён зноў зайшоў да Алеся. Сядзеў нядоўга: не было калі. Алесь адзеўся; разам ішлі па крывых i мокрых, пачарнелых завулках, коўзаліся на слізкіх сцежках. Сонца значылася не яркае, а жаўтлява-цьмянае, затуленае мутнай смугою. Усё неба было нейкім вільготным, туманным. Алесь маўчаў, ступаў панура: усё ў яго жыцці было, як i раней, няясным…
— Жыццё ёсць жыццё, — сказаў Апейка. — Усялякае можа быць… Гэтае-то высветліцца скора, я ўпэўнены!.. Але потым — спакою не будзе! Усякага пабачыш, i бяду не ад ну, пэўне!.. І радасці будзе, i бяды! Такая штука — жыццё!.. Дак от, — прыпыніўся, як таварышу глянуў у вочы: — Што ні будзе потым табе — ніколі не падай духам!.. Усякую справу робяць жывыя; людзі. Ёсць i ў нас i разумныя, i дурні. І нягоднікі ёсць. Заўсёды былі, i ў нас ёсць, як ні шкода… Але — ёсць народ, i ёсць партыя. У ix — наша сіла. З імі толькі мы чагосьці варты. Яны разбяруцца ва ўсім, папраўдзе. Не сягоння, дак заўтра, а разбяруцца! Трэба верыць!.. І яшчэ, — Апейку ўзяла іншая думка, задумаўся, як сказаць лепш. — Трэба жыць так, з такім настроем… што мы жывём у вялікі час… Цяжкі i няроўны, але — вялікі час…
На вакзале, перад грэцім званком, Апейка напомніў яму:
— Я табе, брат, не проста так сказаў. Помні: крута будзе — ирыязджай. Уладзім. Ці настаўнікам, ці яшчэ кім.
— Пабачу, — думаў Алесь пра нешта сваё.
Апейка, нібы перадаючы сілу, моцна сціснуў яго руку. Не адразу адпусціў. Ужо з акна вагона, калі поезд крануўся i Алесь пачаў адплываць, штосьці пацягнула да яго. Заныла ўсярэдзіне — нядобрае, неспакойнае, трывожнае…
Грукалі, грукалі ўнізе колы, прыціхаючы адно на станцыях ды паўстанках. Тады грукат змянялі тупат i мітусня за вокнамі i ў праходзе, у вагон пачынала цягнуць холадам. Тупат i мітусня ўціхалі неўзабаве, i зноў перамаўляліся адно колы, i пад ix гонкую гаворку ішлі i ішлі ў памяці знаёмыя i незнаёмыя твары, нанава чуліся галасы, гоман. Быў нібы зноў у клубе імя Карла Маркса, у нядаўнім жывым хваляванні.
Як i там, у клубе i ў гасцінічным нумары, разам былі, мяняліся радасць, клопат, неспакой. Цешыла, уздымала неяк асабліва чутнае: пачынаецца, па-сапраўднаму! — шырыня прастору, які ўбачыўся вачавідкі, ва ўсёй сваёй агромністасці i нязвыклай мнагалюднасці. Цвярозы, практычны розум яго, што меў звычку перабіраць усё, высвятляць сам, адзначыў за мінулыя дні не адзін факт таго, што рабілася прадумана, сур’ёзна. Розум гэты нямала запомніў i такога, што варта было пераняць, скарыстаць. Помнячы, што дарога няпростая i будзе нялёгка, Апейка цяпер чуу сябе як бы мацней перад тым, што трэба было зрабіць. Разам з тым ён нібы больш рэальна, бліжэй чуў той свет, тую новую вёску, для якой жыў увесь час. Ад гэтага больш брала яго нецярплівае: хутчэй бы наблізіць, зрабіць…