Подых навальніцы
Шрифт:
Апошнія словы адгукнуліся ў Апейку трывогай: тут было ўсё дакладнае i было блізкае — школа. І яшчэ, асабліва: да ўсяго гэтага нібы мела дачыненне Алесева бяда. Недарэчна, між няцямнай трывожнасці засела незразумелае — "лаяльнасць". Што яна за такая, ды яшчэ з гэтай "вуаляй"?
Дакладчык прыкметна запаволіў гаворку, узняў голас. Стаў рабіць агульныя вывады, як бы даваў наказ перад развітаннем. Падобна было, плывец набліжаўся да берага.
— Кіруючыся імкненнямі аб хутчэйшых тэмпах нашага будаўніцтва, з аднаго боку, i фактычным становішчам выканання нашага плана ў першым годзе пяцігодкі, з другога боку, — Галадзед загаварыў урачыста i значна, нібы вылучаючы гэта, як самае важнае ў дакладзе: — Савет народных камісараў БССР у жніўні месяцы, зацвярджаючы кантрольныя лічбы, вынес пастанову — перагледзець пяцігодку ў бок яе павелічэння па важнейшых галінах народнай гаспадаркі i культуры. Я буду прасіць, каб сесія ЦВК зацвердзіла гэтую пастанову i дала дырэктыву, каб нашы гаспадарчыя органы сапраўды гэта зрабілі… Матэрыялы гавораць аб ажыццяўленні такога лозунга — выканаць пяцігодку ў БССР у тры-чатыры гады. Гэты лозунг з’яўляецца баявым лозунгам сённяшняга дня!.. На гэтым дазвольце скончыць мой даклад.
Ён згарнуў папку з паперамі i той жа цвёрдай, упэўненай хадою пайшоў ад трыбуны к сталу. Зала гучна, дружна запляскала. Моцна, горача пляскаў Башлыкоў, гледзячы на Галадзеда з юначым захапленнем. Пляскаў i Апейка, цвёрда, нехапатліва. Глядзеў то на Галадзеда, то на іншых у прэзідыўме i біў у далоні. Апладзіраваў баявой задачы, таму, што яна, калі здзейсніцца, павінна была прынесці зямлі i людзям. Апладзіраваў дакладчыку, які нямала адкрыў яго вачам. Поўны тым, што пачуў, быў задуменны. Час ад часу мімаволі прытрымліваў далоні ў далонях. Раз-пораз збіраў клопатны зморшчык між броў. Як бы хацеў штосьці яшчэ даўмець…
Калі воплескі сціхлі, Чарвякоў падняўся i аб’явіў, што на гэтым вячэрняе пасяджэнне заканчваецца i што спрэчкі пачнуцца заўтра, з дзесяці гадзін раніцы…
У той вечар Апейка вячэраў з Башлыковым; за вячэрай Башлыкоў доўга i шчыра хваліў даклад Галадзеда. Апейка толькі сказаў згодна: даклад — багаты, — не было ахвоты гаварыць асабліва. Але пасля вячэры, у пакоі, на адзіноце зноў стаў згадваць пачутае ў зале. Як i раней, многае захапляла; асабліва тое, які шырокі малюнак паўставаў з даклада, уся краіна была нібы перад вачыма. Захаплялі маштабы планаў, смеласць праектаў, сцінала дыханне, калi думаў пра агракамбінатыгіганты на месцы саламяных вёсак. Нельга было думаць спакойна пра тое, якія могуць быць знаёмыя Мокуці, Курані праз нейкі дзесятак гадоў. Малявалася проста штосьці казачнае. Але разам у думкі лезла i іншае. "Калгасны pyx перарастае нашы адпаведныя органы…" "Сяляне, часта цераз галаву нашых арганізацый, нечуванай хваляю ўліваюцца ў калгасы…" Варта было даведацца пра агракамбінат, як — сяляне — самі пачалі валіць у калгасы!..
Чым больш разбіраў чутае, тым больш брала нездавальненне: не багата было дзелавітасці ў дакладзе. І глыбіні, сур’ёзнасці пры разборы становішча не шкодзіла б большай. І складанасць становішча, складанасць заданы можна было б грунтоўней паказаць. Асабліва там, дзе гаворка была пра калектывізацыю… І, можа, не варта было такім лёгкім падаваць павышаны хлебанарыхтоўчы план. Калгасам, якія яшчэ толькі становяцца на ногі i сілу якіх так легка падарваць… Чаму маляваць было ўсё ў такім бадзёра павярхоўным, фактычна — непраўдзівым святле?..
"Нічога. Таксама — не трапячыся лішне. Усё яшчэ — наперадзе…" — супакоіў ён сябе, стараючыся заснуць. Не дадумаў, што яно, гэтае "ўсё": ці жыццё наогул, ці сесія, якая толькі пачыналася…
Устаў рана. Хутка сабраўся, пазваў Анісю. Разам паснедалі ў людным, але па-ранішняму ціхім рэстаране. Выйшлі ў марозны ранак, пахадзілі крыху па ранішнім Мінску, потым у вестыбюлі.
Седзячы ў зале, якая поўнілася людзьмі i гоманам, разгарнуў газету: на кожным месцы бялелі аркушы газет. Пабег вачыма: чым жыве краіна, свет?.. "Ліквідуем непісьменнасць…" "Заняткі не распачаліся своечасова… Няма падручнікаў…" "План самаабкладання выканан толькі напалавіну…" "Знішчаюць жывёлу… У Магілёўскай вобласці…" "Выканаем дадатковыя планы па хлебазагатоўках да І снежня… Націснем на кулаказаможніка…" Увага ўчапілася ў паведамленне: "Выкрыта органамі ДПУ i ліквідавана контррэвалюцыйная арганізацыя… "Саюз вызвалення Украіны…" Падтрымлівала сувязь з пятлюраўскім цэнтрам у Польшчы!.." На чале — нібы мірны вучоны, прафесар, савецкая ўлада даверыла яму пачэсную пасаду, а ён — "адцзячыў"! Гэта быў не грозны i голы артыкул; стрыманае, дакладнае паведамленне біла, здавалася, кожным словам: вораг не спіць, віжуе, падбіраецца! Набегла трывожнае: а што, калі i Алеся ўцягнулі ў такое кодла; ён не ведае, а сам аблытаны!.. Не, каб было што, ведаў бы — пачуў бы, ён — такі!..
Пасяджэнне ў гэты дзень пачалося ціха, без учарашняй святочнасці. Гасцей было мала, у зале цяпер сядзелі амаль адны ўдзельнікі сесіі. Чарвякоў аб’явіў: "Слова мае таварыш Нікіціна". Па праходу пайшла піякавеючы пад агульнай увагай залы, не варушачы рукамі, дробная жанчына ў ботах, жакеце, доўгай спадніцы. На трыбуне яна момант разгублена маўчала, адно бегалі спалоханыя вочы, як бы першы раз пабачыўшы такое мноства твараў. ІДішыня станавілася крытычнаю, калі яна адолела кволасць, адважна, голасна загаварыла — пра тое, як багата ўжо зроблена "ў справе залучэння нашых жанчын у савецкае будаўніцтва".
— Па дакладу таварыша Галадзеда, — перадыхнула яна момант, кінулася наперад, — я скажу некалькі слоў… Таварыш Галадзед, кажучы аб нарыхтоўках, казаў, што нарыхтоўку па льносемю вы выканалі добра. Але мы не ўсё наша льносемя ўзялі…— Зноў была хвіліна маўчання. — Цяпер — аб калектывізацыі. Таварыш дакладчык казаў, што мы ўжо меркаванні па пяцігадоваму плану, намечаныя на першы год, перашагнулі, але не адзначыў, што гэта не ва ўсіх акругах. Калі я закрану Віцебскую акругу, то там па калектывізацыі непачаты край работы, там мала актыву, мала кінута культурных сіл, як аграномаў i гэтак далей. Тры раённыя аграномы ёсць, але i тыя слабыя… Вось у гэтым самае галоўнае, што ў нас мала работнікаў. Трэба кінуць усе сілы ў адсталыя раёны!..
Заружавелая, яна з палёгкай i радасцю, як чалавек, што выканаў свой няпросты абавязак, хутка сышла ў залу. З гэтага часу Апейка толькі назіраў, слухаў, зрэдку для памяці тое-сёе запісваючы ў блакнот.
— Таварыш Галадзед указаў у сваім дакладзе, што ён як быццам сумняваўся. Што план па калектывізацыі, які намечан, будзе, можа, не выканан. — Барытон дужага з абветраным тварам, з кароткай шыяй чалавека, старшыні калгаса з Бабруйшчыны, гучаў цвёрда, упарта. — Я, таварышы, запэўняю, што пры такім тэмпе i пры такіх настроях сялянства, якія мы маем у цяперашні момант, мы не толькі можам выканаць, але i перавыканаць. І сумнявацца тут няма чаго!.. Але ў гэтай працы мы часта сутыкаемся з нашымі класавымі ворагамі. І нам тут трэба абмеркаваць, якія мерапрыемствы трэба ўжыць да гэтых кулацкіх элементаў. Бо тыя законы i тыя кодэксы, якія існавалі да гэтай пары, з’яўляюцца недастатковыя. Нам трэба на ix так нажаць, штоб у ix кроў з вачэй палілася!.. Трэба даваць кулакам зямлі не максімальную норму, a мінімальную! Даваць ім вучасткі з сыпучымі пяскамі. Няхай там папрацуюць!.. — Сціпла, быццам пра асабістае, не цікавае для іншых, сказаў крыху Пугачоў — такое было ў старшыні прозвішча — пра справы калгаса. Паведаміў, што ёсць вялікі клуб, папрасіў, каб прыслалі дакладчыка, "які б там зрабіў даклад аб культурным выхаванні". Асцярожна зачапіў жывёлагадоўлю, намёкам адзначыў, што "ёсць вялікі крызіс"; падтрымаў Галадзеда, што трэба, каб заводы рабілі машыны для калгасасаў.
— Сёлета мне прыйшлося гаварыць з дзядзькамі з Урала, — пявуча, лагодна апавядала прыгожая з твару, паўнаватая жанчына ў чырвонай касынцы, Анішчанка. Апавядала, абапершыся аб трыбуну локцямі, падаўшыся ўперад, пасміхваючыся, так спакойна i вольна, нібы гаварыла з сяброўкамі. Было відаць, што за трыбунай не першы раз i рада гаварыць. — Гаманілі мы, i я пыталася ў ix: як — пыталася — на Урале будуюць камуны i калгасы. Яны гаварылі мне: "Цётка, калі б вы пабачылі нашы камуны, якія былі арганізаваны дзесяць гадоў назад, дак вы не сказалі б, што гэта была сялянская веска. Зараз там жанчыны амаль што не работаюць на полі. Мы ўсё абрабатваем — казалі — машынамі, а жанчыны даглядаюць толькі быдла. У нас — хваліліся — добрае стада свіней, кароў i дробнай скаціны. Дак чаму б i нам, таварышы, на Беларусі не арганізаваць так сельскую гаспадарку?!. Некаторыя дзядзькі нам i сёння яшчэ кажуць, што ў нас не можна будаваць калгасы, бо там балоты, там горы. Там — тое, там — другое. Я думаю, што можна ў нас на Беларусі ўсю землю выкарыстаць, на сто працэнтаў… Таварыш Галадзед расказваў тут пра Асінбуд. Дзе ж вы бачылі, штоб у старыя часы ўздумалі на балоце будавацца?.. Мы самі нядаўна туды ездзілі, на экскурсію. Дак бачылі, што на гэтым балоце, якое займае пяць тысяч гектараў, можна ўжо не толькі торф здабываць, але ўжо i трактар пусціць. Там так добра землю асушылі, што мы хадзілі амаль не цэлы дзень i не маглі налюбавацца!..
Разумна, збалела непакоілася яна пра сялянскую бяду: бясконцыя пажары, няшчасныя пагарэльцы.
— Дзядзькі будуюць добрыя хаты, — шчыра бедавала i сама, — але будуюць так густа, што між імі i аршыну дзецца няма куды. Лепяць хаты адна каля другой, i што ж выходзіць? Дах саломай накрыем, — ад адной іскры гарыць уся веска. Часам баба жару прынясе сабе ад другой цёткі, а то ў свірані самагонку пачнуць гнаць — i так бывае. Селянін гаруе, будуецца, а за дзве гадзіны ўсё дабро яго гіне!.. Я думаю, калі пяройдзем на калгасы, тады зробім з нашых гор чарапіцы i будзем хаты крыць не саломаю, a чарапіцаю. Тады не будзем гарэць штогод. І дабро не будзе гінуць, i лес трапйчь не будзем попусту…
Стрыманы, здавалася, педантычны Некрашэвіч, што гаварыў паважна, роўна, як на лекцыі, нібы тлумачыў тую частку даклада, дзе Галадзед казаў пра дзейнасць некаторых "спецаў". Буйны рост сацыялістычнага будаўніцтва завастрае класавыя супярэчнасці, i гэта ў выніку, тлумачыў Некрашэвіч, прыводзіць да ўзмацнення нацыяналістычных i праваапартуністычных тэндэнцый. Нацыяналістычныя тэндэнцыі, казаў прамоўца, маюць у Беларусі розныя формы: беларускі нацдэмакратызм, яўрэйскі, польскі, расійскі шавінізм. У наш час, калі ворагі розных колераў кансалідуюцца на агульнай платформе шкодніцтва, — а гэта ў нас, як сказаў таварыш Галадзед, мае месца, — павінна быць узнята самая жорсткая барацьба з усякай варожай пралетарыяту ідэалогіяй. З асаблівай увагай тлумачыў Некрашэвіч шкоду так званых "лаяльных", бо "пад маскай лаяльнасці гэтыя асобы могуць каваць самыя варожыя для пралетарыяту ідэалогіі". "Лаяльных" трэба пільна выкрываць, бо з адкрытым ворагам лягчэй ваяваць, чым са скрытым. Некрашэвіч заявіў, што такіх "лаяльных" у Беларусі, безумоўна, многа; але калі пачаў тлумачыць характар "лаяльных", то выйшла, што "лаяльным" можна абвясціць любога, хто буркнуў, што мала мяса, мануфактуры ці — няма табакі. Усё ж, хоць Некрашэвіч не падаў ні аднаго факта, Апейка слухаў яго востра: тое, што ён даведаўся з паведамлення пра выкрыццё "Саюза вызвалення Украіны", быццам падмацоўвала Некрашэвічавы тлумачэнні, прыдавала ім грознага сэнсу, тым больш што пад канец Некрашэвіч багата гаварыў пра такую "лаяльнасць", як нацдэмакратызм, пры згадках пра які Апейку заўсёды прыходзілі трывожныя думкі пра Алесеў лес.