Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

К Хролу, бывала, не вельмі хіліўся; хоць іншы раз i запрашаў на святы i сам адведваў яго, як роўнага станам, — пры людзях нярэдка пляваўся, судзіў зларадна: казалі, Хрол сам бацьку роднага зарэзаў. Як знайшлі старога ў лесе з перарэзаным горлам, даказаў хтосьці: не чужая чыя — сынкова работа; скруцілі сынку рукі, катаргу вечную напрарочылі. Дык не ж — неяк выкруціўся, явіўся цераз год — як i не было нічога. Год-другі пачакаў, а там i ўзяўся — купляць, будаваць; i агледзецца не агледзеліся — першым багацеем на ўсе Загародкі стаў! У абарот пусціў крадзеныя ж у пана бацькавы залатыя, над якімі той дрыжаў, галодны i абарваны, як над пісанаю торбаю. Глушака, хоць пляваўся пры людзях, не раз пякла зайздрасць — да Хролавай смеласці, да спрыту, да лёгкага, хуткага багацця яго. З зайздрасцю, як сестры, ішлі i рэўнасць i злосць — загародскі Хролчык ва ўсім, здавалася, абганяў, абкрадваў Глушакову долю. І як жа мяняецца ўсё: потым не было чалавека, які б так, як Хрол, падтрымліваў яго, Глушака. Не верылася неяк, што ўсё зусім, нашчэнт прападае, прападзе, калі на зямлі яшчэ ходзяць, жывуць такія, як Хрол. Хрол быў як таварыш у бядзе, як надзея ў гэтым паганым, безнадзейным свеце. От i цяпер як на прывязі вяло к Хролу.

Сяло цягнулася доўгае — гарбатыя платы, крывыя прызбы, чорныя вокны, што здавалася, віжавалі з абодвух бакоў вуліцы. Не вельмі разумна было ехаць так, сярод белага дня, цераз усю вуліцу, к Хролу — самому лезці на непатрэбнае цікаванне людское i плёткі. Другім разам асцярогся б неяк, але сёння было не да пустой асцярогі. Злосць, што не ападала, не хацела чакаць, не давала ехаць кудысьці: вяла проста туды, дзе можна было прыткнуцца да другога, надзейнага чалавека, знайсці нейкую апору, нейкую патолю. Ды, калi на тое, i так доўга бярогся. А што — выбераг?

Хролаў дом, як i тыя разы, зводдалек улез у вочы, ледзь толькі завіднеўся з-за хат. Збоку можна было падумаць — радаваўся ўсяму: сцены жаўцелі, нібы ў масле, цынкавы дах быццам смяяўся, фігурныя аздобы на вокнах — бы дзявочыя уборы на свята. Ужо зблізку заўважыў: аздоба на вокнах багата дзе патрэскалася i абадралася; калі i нагадвала пра святочнае, дык тольKi так, што свята было i сплыло. Былі ўборы ў дзеўкі, ды асталося рыззё. Не да ўбораў цяпер колішняй весялусе…

Заўважыў — пабітыя шыбы ў двух вокнах заткнуты анучамі. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты ў хлеў скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. На ганку правалілася масніца…

Хрол быў на гумне. Праз хвіліну жонка прывяла яго; сухі, жылаваты, у зрэб’і, з асцюкамі ў даўно не стрыжанай барадзе, зірнуў спадылба на Глушака — нялюдска, зверавата. Як бы казаў: чаго прыпёрся?

Ішоў к Глушаку так жа набычаны, з тым жа нязводным позіркам. Прыгорблены гадамі, ён ступаў неяк нядужа, валачыў ногі, i, каб не веданне, думкі не было б, што ён на такое здатны. Толькі вочы выдавалі яго, ды — рукі… Сядзеў за сталом усё такі ж набычаны, рукі з чорнымі растапыранымі пальцамі трымаў перад сабой. Глушак гаманіў даверліва i лісліва: прыязнымі i вострымі вочкамі бегаў то к Хролу, то к Хролісе, то зноў — к Хролу; як ні быў растрывожаны, не парушыў звычкі — вязаў спачатку гаворку дробную, для прыліку. Хрол маўчаў, Хроліха ж памагала Глушаку, снуючы з сянец к сталу, бавіла госця i загародскімі навінамі i сваімі скаргамі. Падзялілася не толькі навінамі, але i пляшкай самагонкі i закускаю: Глушак скора пачуў, як агонь, уліты самагонкаю, перамяшаўся з агнём злосці, які пёк ад самай гаворкі з Апейкам. Тут i развязаўся ў Глушака язык — стаў выліваць усё, што паліла не адзін дзень; прыпомніў i "васпаватага", i "гада латыша", i "заразу з воласці". He выліў усяго, калі маўклівы Хрол раптам п’яна адрэзаў:

— Так i трэба!

— Што?.. Што, сказаць… трэба?

— Душыць!.. Чавіць вас трэба!

Глушак скрыжаваў з ім здзіўлены позірк. Хрол не жартаваў, глядзеў так важка, ненавідна, бы хацеў i сам "чавіць". Хроліха заступілася за госця, паспачувала: "І ў нас жа тое". Глушак не ведаў, што казаць. Мімаволі падумаў з ніякавасцю i павагай да Хрола: "Еты — задушыць i не ікне!" Заўважыў — чорныя дужыя пальцы на стале варушыліся.

— Склізні!.. — пагардліва скрывіўся Хрол. — Даждаліся!.. Чаване басота вас — склізь пацячэ! Адна склізь будзе!.. Даждаліся!..

— Не мамент цяпер, — вінавата i як бы павучаючы, запярэчыў Глушак. — Сіла ў ix цяпер!.. Галавою сцену не праб’еш! — Ён заўважыў: Хроліха згодна ківала. — Не мамент!

Хрол зноў скрывіўся:

— Склізні!..

Зноў выпілі, доўга, аж Глушаку маркотна стала, маўчалі. Хроліха паспрабавала была перабіць маўчанку, але Хрол так зіркнуў, што яна анямела. Сядзела ўжо, са страхам гледзячы на Хрола. Хрол толькі вачыма павёў на дзверы, i яна знікла.

Хрол таропіў кудысьці ўсё той жа важкі позірк, толькі пальцы — заўважыў Глушак — заварушыліся нецярпліва, дужа. Стала аж нядобра адзін на адзін.

— Падцікаваць — ды!.. — Крывыя пальцы сціснуліся, скруціліся люта. — Штоб i не крэкнуў! — Упяў вочы ў Глушака, скрывіўся: — Няма… Склізні!..

Глушак сказаў, што "Гепеву" толькі i цікуе, каб выткнуўся хто: зразу прыляціць, зразу — пад рэвальверы, але Хрол адно скрывіўся. Добра, акурат налучыўся Хролаў хлопец, загарэлы, жвавы, паціснуў дужа руку, прысеў да стала. У куточках тонкіх, сцятых губ мільгнула прыхільная ўсмешачка. Глушак ахвотна ўхапіўся за яго роспыты пра Яўхіма, павёў лягчэйшую гаворку.

— А ты чаго ж, не думаеш жаніцца? — пацікавіўся знарок весела Глушак. Успомніў раптам яго мянушку: "Цацура".

— Ды от ждаць, глядзець прыходзіцца! Чорт жа яго знае, што шчэ будзе! — Цацура засмяяўся. — Ці трэба шчэ цяпер той хамут — жонка?

Глушак, хоць улавіў нібы намёк на Яўхіма, засмяяўся невясёламу Цацураваму жарту. Пахваліў за розум.

Яшчэ трывожней было на душы ў Глушака, калі ехаў ад Хрола. Браўся напрасткі, цераз балота; хоць дажджоў даўно не было, конь раз-пораз чвякаў у чорным балотным кісялі, груз да калень, вышэй калень. Балота было тут не так шырокае, толькі ўправа i ўлева зялёнае куп’ё цягнулася немаведама куды; пакуль вочы бачылі, зелянелі куп’ё, асака, рэдкія, чэзлыя кусточкі, а ўперадзе бераг быў недалёкі. Адно перад тым берагам рэзала балота рэчка, цераз якую трэба было перабірацца ўброд. Тут было трохі намошчана галля, але, гнілое, асклізлае, было яно так уціснута ў твань, што i на ім конь груз па пуза, а вада рачная падмачыла Глушака на возе. На самай сярэдзіне рэчкі ледзь не ўгрузлі зусім, Глушак думаў ужо, што давядзецца лезці ў гразь, памагаць каню, але конь усё ж выпяў калёсы на бераг. Тут ужо недалёка была цвёрдая дарога, колы пакаціліся па пясчаных каляінах.

Глушак як за туманам бачыў i гэтае балота, i пустое пясчанае поле, i цёплы хвойнічак пры дарозе. У вушах сядзела, не ўціхала пагардлівае Хролава: "Склізні!", чуў увесь час: "Так i трэба вам!.. Расчавяць вас!.." Спрачаўся ў думках, даводзіў: не час, "не мамент", ведаў, што няма чаго i зубы паказваць — абламаюць зразу, — а Хролавае: "Склізні!" — усё не ўціхала.

"Ухапіся толькі за карак які пальцамі сваімі — секануць так, што i рукі не вернеш! Не тое што рукі, a i галавы! Сіла, улада ў ix! Ге-пе-ву!.. Буў час — калі палякі, немцы булі. Сплыў!.. Астаецца толькі ждаць — калі Бог зноў верне!" Але калі ўспамінаў Апейку, падатак, які чакаў яго ў Куранях, злосць, вялікая, на ўвесь свет, залівала ўсяго, усе развагі. Нельга было чакаць. Не было змогі чакаць. Трэба было рабіць штосьці. Што?!

Ледзь распрог каня, зайшоў у хату, не ўправіўся разуць мокрыя пасталы — паявіўся Яўхім. Прыкурыў ад вугалёчка пры печы, сеў на сваё звыклае месца ля стала, глянуў насмешліва.

— Ну, што, дабіліся, тато, праўды?

— Дабіўся… — Глушак штосілы чвякнуў пастол пад лаўку.

— Трэба було праверыць!

Глушаковы рукі неслухмяна задрыжалі. Не мог развязаць абору на другім пастале. Раптам плюнуў, закрычаў Яўхіму:

— Трэба, не трэба! A i на ражон — няма чаго лезці! Жыць надаело?!

— Не надаело, — як бы павінаваціўся Яўхім. — Толькі ж — i так жыць… Нудно!

— Ну, дак выткніся шчэ раз! Мо — у Гепеву возьму ць! Весялей будзе!

— А, усе адно! Як так жыць! — у Яўхімавым голасе былі такія нецяргілівасць i бясстрашнасць, што стары глянуў з трывогай.

— Дурань! — узяў Глушака жаль.

Яўхім перамаўчаў. Дакурыў папяросу, паслініў абкурак, ляніва ўстаў. Кінуўшы абкурак у сметніку ля печы, ляніва падаў плячом дзверы ў сенцы.

Поделиться с друзьями: