Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

— Чаму — адстаём? — Апейку ад непрыціхлай злосці хацелася пярэчыць: — На другім месцы ў акрузе.

Башлыкоў заявіў спакойна:

— Другое — не першае!

Ён пашамацеў паперамі, выбраў адну:

— От тут скарга ад веруючых на гое, што зачыняем алешніцкую царкву. У Мінск скардзіліся… Якая твая думка?

— Мая думка такая, што трэба дабівацца, каб царква сама зачынілася.

— Як гэта?

— Трэба веруючых зрабіць няверуючымі. Бязбожнікамі…

Раздзел другі

1

Калі Апейка ішоў у кабінет, ля дзвярэй амаль кожны раз сустракала яго чарада дзядзькоў i цётак, што чакалі яго. Просьбы свае давяралі адным паперам дзядзькі i цёткі рэдка, не заўсёды задавальняла ix i гаворка з сакратаром райвыканкома ці загадчыкам райза, багата хто лічыў за нязменны абавязак уручыць паперу самому сгаршыні, пагаварыць з самім. Бывала, калі Апейка не паяўляўся з раёна доўга, сядзелі па некалькі сутак, начуючы дзе-небудзь у знаёмых; паяўляліся кожную раніцу, быццам на працу, — пакуль не дабіваліся да самога.

Такія сустрэчы з людзьмі былі Апейку няпростай i нялёгкай часткай яго работы. Людзі неслі сюды да яго свае надзеі i сваю роспач: хто што меў Цяпер да звычных просьб памагчы мукою, насеннем, да скарг на вялікі падатак, на падатковыя несправядлівасці дадаваліся часта скаргі, звязаныя з калгаснай навіною: таму зямлю нарэзалі нядобра — усё лепшае забралі пад калгас; таму прыгразіліся, што калі не ўступіць, каб у Салаўкі рыхтаваўся. Рэдка хто не пытаўся: гэта — справядліва, гэта — па савецкіх законах?

Амаль у кожнай скарзе-просьбе за асабістымі нягодамі i крыўдамі былі агульныя, грамадскія праблемы; амаль кожны раз, адказваючы, памагаючы, раячы, Апейка так ці інакш павінен быў тлумачыць дзяржаўную палітыку ў калгаснай справе, браў на сябе як бы ролю агітатара. Гэта была-такі сапраўдная работа агітатара…

Сёння яго таксама чакалі: між дарослых, сярод якіх ён заўважыў чалавека з жаўтаватымі, доўгімі, за каўнер, пасмамі,— поп, ці што? — цэлая, прыціхлая, чародка вясковых дзяцей. Апейка павітаўся, сказаў, што хутка пачне прымаць, у кабінеце зняў паддзёўку. Ён, як i па дарозе сюды, быў яшчэ неспакойны: не адступала прыкрасць ад Башлыковага папроку за брата, важка ціснула ўсярэдзіне даўняя, зноў пацяжэлая непрыхільнасць да Саўчыка. Зноў згадаў Башлыковае: "Не хацеў бы мець такога брата!" Адказаў думкаю злосна, з’едліва: "А я хацеў! Я сам параіў быць такім!.. Я сам, знарок, начапіў сабе на шыю гэтае бервяно!" Зноў прыкрасць перайшла на аднаго Башлыкова: "Як бы вышэй лічыць сябе за тое толькі, што няма такога кампрамеціруючага брата, што біяграфія — ідэальная!.. Як ордэнам ганарыцца!.."

Ён хутка перагледзеў паперы, што прыйшлі гэтымі днямі, выйшаў у прыёмную:

— Ну, пачнём… — Усе ўсталі, некаторыя падаліся бліжэй, чакаючы. Апейка абвёў усіх позіркам, заўважыў — жаўтлявы, з доўгімі пасмамі, стаяў трохі асобна; маладыя карыя вочы глядзелі цікаўна, дапытліва, як бы загадзя дазнаваліся, чаго трэба чакаць. Апейка на міг затрымаў позірк: сялянская світа, зайцовая шагіка; дужы, загарэлы: скура твару аж ільсніцца; пэўна, кормяць непагана. Зразу ж адарваў позірк, спыніўся на купцы дзяцей: нясмелыя, нема прыціхлыя, найбольш сарамяжныя, яны ціснуліся адно да аднаго, амаль усе ў даматканых світках, — не зводзілі з яго чыстых, даверлівых i востра пільных вачэй. Ён кіўнуў im весела, бадзёрліва: — Вы ўсе разам?

— Разам, — адказаў за ўсіх адзін, з шорсткім шчэццем няроўна — мабыць, матчынымі нажніцамі — абскубаных валасоў; з рашучым, мужчынскім басочкам.

— Разам, — пацвердзіў i лысы дзядзька, што стаяў ля ix, як пастух, — з шапкаю ў адной руцэ, з пугаю ў другой.

— Што ж такое здарылася, што адразу такой грамадой? — Апейка перачакаў момант маўчання, весела запрасіў: — Ну, заходзьце, высветлім!

Дзеці заварушыліся, сталі перагаворвацца шэптам, штурхаць адно аднаго, але не пайшлі. Дзядзька з пугаю таксама ўзяўся з выглядам старэйшага падцаваць смеласці малым: няёмка, нясмела штурхнуў аднаго, другога шапкаю, вялеў з папрокам усім:

— Заходзьце, сказано!

Першым адважыўся той жа, з шорсткім, паскубаным шчэццем, за ім — беленькая дзяўчынка з ружовымі кругамі на шчаках. Апейка, прапускаючы ix паўз сябе, падбадзёрліва, з любасцю пагладзіў некалькі галовак. Апошні ўвайшоў, як за статкам, дзядзька з пугаю: няёмка трохі i важна, як бы хаваючы важнасцю гэтай няёмкасць свайго становішча сярод малых.

У кабінеце дзеці ў лапцях, у зрэб’і азіраліся яшчэ вастрэй, ціснуліся яшчэ больш — смыкалі насамі, насцярожана чакалі. Апейка не стаў прасіць ix сядаць, не даў i ім i сабе лішняга клопату; не зайшоў за стол, стаў перад імі, як настаўнік у школе.

— Ну, дык што здарылася, а?

Пасля моманту няёмкай цішыні асмелілася бялявая з ружовымі шчакамі; паружавеўшы яшчэ горш, нібы ca сцэны, прачытала на памяць — відаць было — падрыхтаванае загадзя: аж перарывапася дыханне — так хвалявалася.

— Тав-варыш с-старшыня… райвык-канкома!! Мы прыйшлі, каб… п-прасіць вас… штоб пакінулі ў школе… настаўніка Івана Мікалаевіча!..

Гэтым вялікім словам яна аддала ўвесь пал сваёй душы, i не толькі душу, a i голас; іншыя ўжо маглі, пакуль яна гарэла перажытым, адказваць Апейку: з якой яны школы, з якога класа, па якіх прадметах у ix Іван Мікалаевіч, як яго прозвішча. Нарэшце Апейка высветліў, што дзеці з Крыцкай школы, што настаўнік, за якога яны прыехалі заступіцца, — Іван Мікалаевіч Гарошка. Апейку былі вядомы не толькі гэтае прозвішча, але i той, каму яно належала: Гарошка настаўнічаў у сваёй роднай вёсцы ўжо з дзесятак гадоў; яшчэ ў тыя гады, калі настаўнічаў i ён, Апейка.

Апейка быў амаль незнаемы з ім: бачыліся толькі некалькі разоў на настаўніцкіх сходах; але Апейку добра было вядома, што Гарошка — настаўнік такі, якіх мала не тое што ў раёне, a i ў цэлай акрузе; пра гэта казалі ўсе, хто калі-небудзь быў на яго ўроках. От i дзеці, смялеючы, памагаючы адно аднаму, перабіваючы, з захапленнем казалі цяпер: так добра, так цікава пра дзевяцьсот пяты год, пра рэвалюцыю ў Пецярбурзе, пра Леніна расказваў; пра пяцігодку, пра тое, якія дзе заводы будуюцца; як добра будзе жыць скора. І от жа, бяда якая: цяпер Івана Мікалаевіча знялі з настаўнікаў; сказалі, што яму няможна вучыць дзяцей, бо ён служыў пры цару ў царскай арміі i быў царскім афіцэрам, i што ён будзе вучыць дзяцей супроць савецкай улады. Але ж яны ведаюць, што хоць Іван Мікалаевіч i быў у царскіх афіцэрах, але ж ён зразу, як пачалася савецкая ўлада, перастаў служыць цару. І цара ён зусім — гэта яны самі чулі — не любіў ніколі i не любіць; i афіцэр ён не з памешчыкаў якіх-небудзь, а з простых людзей, з ix жа сяла; i ўсе добра знал i яго бацьку, i ўсе бачаць, што ўсе гады ён, Іван Мікалаевіч, за адну савецкую ўладу стараецца…

Апейку вельмі ўсхвалявала дзіцячая шчырасць. Слухаючы малых, нібы вярнууся ў сваю нядаўнюю, мілую мінуўшчыну, нібы зноў быў настаўнікам: як настаўнік ён добра адчуваў, як важна дзецям тое, што яны кажуць тут, i тое, з чым яны пойдуць адсюль, куды прынеслі свае давер’е i надзею. Таму жыццёвы вопыт дадаваў да ўсяго сваю долю цвярозай няпэўнасці: ведаў Апейка, як няпроста будзе замацаваць у ix веру гэту i надзею. А да ўсяго, што б там ні было, радаваў сам факт: малыя самі ўсталі за праўду, вясковыя, сарамяжыя, прыйшлі ў райвыканком! Малыя грамадзяне будучыні!

Ён нібы не паверыў:

— Хто вас падгаварыў, штоб прыйсці прасіць за Івана Мікалаевіча?

Дзеці здзівіліся:

— Ніхто… Мы самі…

Шкода стала. Мы i надумаліся…

— Няправільна яго знялі!..

— Скажыце — няхай ён зноў вучыць!

— Збуту не давалі, пакуль не сказаў, што падвязу. — Дзядзька з пугай пакруціў лысай галавою, са здзіўленнем i пашанай. — Як машкарэча, населі!..

Апейка ведаў ужо, i што Гарошку знялі i як усё было. Хтосьці з пільных Гарошкавых землякоў, можа быць, ім вывучаных, месяцы два назад напісаў у сталічную газету, што ў Крытах у школе — пры патуранні сельсавета i раённага кіраўніцтва — замаскіраваўся класава чужды элемент, белагвардзеец, які з залатымі пагонамі i з вінтоўкай у руках ваяваў за цара i ўсякіх урангеляў i губіў няшчадна трудавы народ. У газеце з пісьма зрабілі копію, якая i трапіла на стол сакратару Юравіцкага райкома партыі. Ліст гэты чытаў у кабінеце Башлыкова i Апейка. Пад усім, што паведамляў невядомы аўтар газеце i Башлыкову, стаяла гордае: "Непрымірымы селькор". Башлыкоў аддаў пісьмо Харчаву з рэзалюцыяй, напісанай зверху коратка i ясна: "Праверыць, прыняць меры, далажыць!" Харчаў за які дзень праверыў, i на другі дзень лёс Гарошкі рашыўся: Гарошку знялі з настаўнікаў. Харчаў прапанаваў таксама арыштаваць, i каб не Апейка, Гарошка даўно быў бы за кратамі. Башлыкоў падумаў, павагаўся i схіліўся да Апейкі. У Апейкі былі моцныя довады: Гарошка трапіў у афіцэры не па сваёй ахвоце, а як настаўнік; у грамадзянскую вайну ніякім белым не быў, рабіў дома. Быў потым у Чырвонай Арміі; з першых жа мірных дзён сваіх, пасля арміі, увесь час у сяле… Але вярнуць Гарошку на настаўніцкую працу Башлыкоў не згадзіўся. Цвёрда, рашуча…

Поделиться с друзьями: