Подых навальніцы
Шрифт:
— От, паехаў вучыцца, — сказала раптам са шкадаваннем матка. — У людзі захацеў выйсці!.. — Выказала, не першы, відаць, раз, набалелае ўжо: — Вывучыўся!..
Апейка пачуў гэта i як папрок сабе: ён быў тым, хто ўгаворваў яе, каб не трымала пры сабе, пусціла ў свет сына. Не вытрывала, з бязлітаснай строгасцю асудзіла сябе, яго, Апейку:
— Як чула сэрца!.. Сядзеў бы дома ціха!.. Бедны, ды — рады!..
Апейка не запярэчыў ёй. Ведаў, што спрачацца — пустое: не дакажа цяпер нічога. А больш не мог спрачацца таму, што бачыў яе вочы; гэты позірк запомніўся яму навек: прытомленыя, выцвілыя ад гадоў, ад польнага ветру ды сонца, амаль ужо бясколерныя вочы яе былі надзіва празрыстыя, як бы свяціліся знутры. Можа, таму, што ў ix яшчэ былі слёзы, што яны так свяціліся, Апейка не тое што адчуў, a ўбачыў увачавідкі такую нязмерную пакуту, такое гора i такую трывогу, што здаўся сам вінаватым. Нібы сам быў злачынцам перад ёю. "Няхай бы сядзеў дома ціха!.." Мімаволі адвёў позірк: заўважыў, як пільна, востра глядзела маладымі, яснымі вачыма яе дачка.
Што ён мог зрабіць для ix? Усё, што ён мог пакуль, ён мог адно: супакоіць ix, хоць трохі абнадзеіць. Ён мог гэта i ведаў, што гэта трэба зрабіць. Перш за ўсё.
— Ерунда нейкая, — сказаў ён як мага спакойна. Абыякава згарнуў, абыякава адкінуў газету. — Ерунда. Напісаў нехта — мабыць, па злосці…
— Пa злосці! Канешне, па злосці! — ухапілася, засвяцілася матка. Парэпанымі, крукаватымі палыдамі стала борзда выціраць павесялелыя вочы.
— Дак жа пішуць — абмяркоўвалі на сходзе!.. — не паддалася сястра. Глядзела ўсё так жа востра, недаверліва.
— Ну, i што — што абмяркоўвалі? Усё магло залежаць ад таго, як далажылі. Як паказалі тое, што было. Не па праўдзе паказалі, не разабраліся…
— Выключылі ж, пішуць! З камсамольцаў! З ніверсіцета хочуць!
"Эх, ты!" — падумаў недавольна Апейка. Але загаварыў спакойна, стрымана: увесь час, не гледзячы, бачыў уважлівы матчын позірк:
— Маглі i выключыць! Не разабраўшыся, пад гарачую руку! Паддаўшыся таму, хто нагаварыў ca злосці!.. Дзіва што!.. Супакояцца, разбяруцца, пераменяць усё!
— Пераменяць?
— Абавязкова.
— Па злосці, па злосці, Ніна! — падтрымала Апейку матка. — Ето праўда — па злосці! Па праўдзе такога i падумаць не падумаў ніхто! Па злосці! — Падумала заклапочана: —Толькі ж хто ето на яго мог так уз’есціся? І за што? Ето ж трэба — з’есці гатоў! Навярнуў такого, што страх слухаць! На хлопца, які век птушаняці не зачапіў! Не тое што чалавека!.. — Яна глядзела на Апейку, шукала ў яго згоды; i ён згаджаўся: падтрымліваў яе. — Кажуць: заступіўся за кагось! За паганаго бога якогось!.. Цяпер усе багі паганыя сталі!.. Слова не скажы добраго!.. А ён i заступіўся!.. Слово, можа, толькі сказаў, дак еты нелюдзь i ўз’еўся! Навярнуў такое на чалавека!.. Па злосці! Канешне, па злосці ўсё!.. Дак, кажаш, вернуць усё яму?
— Павінны вярнуць. А як жа іначай.
— Кеб жа тое було. Дай Божачко!
Ніна маўчала: было відаць, не супакойвалася. Ужо не так для маці, як для яе сказаў:
— Скора паеду ў Мінск. На сесію ЦВК. Зайду, сам разбяруся ва ўсім. — Паказваючы, што з гэтым кончана, што гаварыць больш няма чаго, пацікавіўся: — А як там, дома? З хлебам, з картопляю?
— Ды картогілі хопіць. І з хлебам пераб’ёмся неяк. — Матка зноў згадала: — Як чуло сэрца, калі ехаў! Як знало! Не так сабе балело!.. Сядзеў бы няхай дома ціхо!..
— Усё будзе добра, Мар’я Мацвееўна!.. Дык, кажаце, хлеба — хопіць?
3
Апейка да канца трымаўся спакойна, разважна. Не паказаў трывогі ці няпэўнасці i тады, калі праводзіў на ганак, развітваўся. Толькі калі вярнуўся ў кабінет, стаў сярод пакоя, ужо не тоячыся, у важкім роздуме: што там здзеелася?
Ён забыў, што збіраўся быў ісці; стомлена сеў на край стала i сядзеў у змроку, не варушачыся, думаючы гэтае адно: што там здзеелася? Усё, што ён прачытаў, было такое неспадзяванае, так не пасавала з тым, што ён ведаў пра хлопца дасюль, што i цяпер яму не верылася, думалася пра нейкую невядомую недарэчнасць ці несправядлівасць. Разам з тым галава ўжо неспакойна дашуквалася прычыны таму, што магло прывесці да таго сходу, да ўсяго, што было там на сходзе, да гэтага туманнага i страшнага артыкульчыка ў газеце. Што ў тым артыкуле праўда i што — няпраўда? Колькі яе, праўды, i якая яна?
Думкі біліся ў пошуках. Загадкі ішлі адна за адной, самыя розныя. Завабілі, ашукалі? Ачмурылі прыгожымі, ілжывымі словамі? Пакарысталіся маладой даверлівасцю? Ці — неразумная ганарлівая задзірлівасць, жаданне паказаць сваё "я"? Няўжо — i праўда — перарадзіўся, перакінуўся к чужым радам? Разлажыўся, разбэшчаны прагай славы, аблытаны "настаўнікамі"? Не, не, быць не можа! Што ж тады, паклёп, злы нагавор? Помета нядаўняга таварыша, з якім счапіўся чаго-небудзь? А можа — дробязь якая, раздутая ў слана? Можа, якаянебудзь юначая дапытлівасць там, дзе некаторыя лічаць пытанні лішнімі? Ці — шкадаванне чулай, не вельмі мудрай душы? Голас чулага — i сляпога — сумлення, якое багата чаго яшчэ не разумее? І за якое — даўбенькай па галаве!.. Нічога не было вядома, i адказу не было. Былі толькі пытанні. Стараючыся дайсці да ісціны, ён стаў перабіраць у памяці тое, што ведаў дасюль пра яго, яшчэ ці даўно, здавалася, такога яснага, зразумелага хлопца. Ён успамінаў не як чужы, не як суддзя, а, можа быць, як бацька, які ўбачыў раптам сына ў неспадзяванай, незразумелай бядзе i якому трывожна ад яшчэ нязвыклай невядомасці. Ад гэтага тое, што ён згадваў іншы раз i раней, сёння ішло ў асаблівым, неспакойным i вострым, святле.
У памяці ажыло далёкае: якім ведаў яго ўпачатку. Дзікаваты i хваравіты хлапчук нічым асабліва не кідаўся ў вочы. Быў хіба затоены, як мала хто, i калі не ведаў чаго-небудзь, вельмі ж ніякавеў, пунсавеў увесь. Добра помніцца: вельмі здзівіўся, калі раптам трапіў на вочы яго верш, над абгорткаю спісанага сшытка. Верш быў, i цяпер помніцца, пра поле, пра завею, пра адзінокую, крывую хатку ў полі. Дзіўна не забываліся радкі з яго: "У йолі халодным, пад ветрамі дзікімі хатка малая стаіць. У далеч бяскрайнюю вокнамі ціхімі век баязліва глядзіць…" У хаце на печы. туліліся, мерзлі дзеці; бацька паехаў у лес, маці пайшла кудысьці — цяпер не помнілася куды. Нядобра дзецям адным, халодным i галодным, — шкадаваў ix аўтар; але i крывую хатку, i верш грэла надзея, што бяда не вечная: "Бацька як вернецца, печка затопіцца, матка ix будзе карміць!" Не вельмі зграбны i не вельмі арыгінальны, верш гэты захапіў тады незвычайнай шчырасцю, недзіцячай клопатнасцю, песеннай маляўнічасцю. Напісаны, пэўна, пад уплывам Купалы, ён гаварыў, мабыць, i пра перажытае малым паэтам, дзіўна кранаў нешта чулае ў сэрцы — хваляваў, трывожыў!
Гэта была радасная неспадзеўка, адкрыццё: талент, паэт, у ix школе, у ix ад веку беспаэтнай лясной глушы! Нібы нанова ўбачыў малога. Калі заняткі скончыліся, папрасіў астацца. Сеў перад ім на парце, уважліва, яшчэ не зусім верачы, угледзеўся, запытаў пра верш: "Сам напісаў?" Алесь сцепануўся, нібы яго хацелі ўдарыць. Зірнуў ca страхам. Гатоў быў кожны момант кінуцца наўцёкі. Потым ужо гарэў, нібы яго злавілі на нечым саромным. Не падымаў галавы, стрыжанай, з кароценькімі мяккімі валаскамі, з чарнільнай гілямай ля вуха. Калі пахваліў яго: "А ведаеш — верш добры! Праўда — добры!" — ён толькі ніжэй звесіў галаву. "Гэта — не адзін? Не адзін, праўда? Багата ў цябе ix?.." — не хацеў адступацца ад яго, але тады так i не дабіўся нічога: хлопец таропіў вочы кудысьці пад парту i маўчаў. Ужо калі дазволіў яму ісці,— ля парога затрымаўся, зірнуў, выціснуў жаласна: "Не кажыце нікому!.."
Вучыўся не лепш за іншых. Матэматыка даходзіла нават горш, як другім. Вылучаўся між іншых, можа, хіба толькі асаблівай, нейкай затоенай, маўклівасцю. Маўклівы быў амаль заўсёды, паглыблены ў сябе. І самалюбны быў. Ды яшчэ — упартасць незвычайная ў позірку. Праўда, усё гэта набыло нейкае значэнне пасля таго, як адкрыўся з вершам куточак затоенай душы.
Калі б не гэтае, можна было б лічыць, ва ўсім такі ж як усе іншыя. Не горшы i не лепшы; свой сярод сваіх! Дзіця балотнай беднасці i дзікасці. Век, у будні i ў свята, — у зрэб’і, у лапцях. Адна пафарбаваная паркалёвая сарочка з белымі гузікамі. Ботаў, можа, i не абуваў ніколі… Потым не раз ездзіў у яго Буду — купку хат сярод панурага лесу, заходзіў у яго дамоўку. Хата была трухлявая, цесная, нізкая: галава даставала ледзь не да стол i, да пабеленых бэлек; была цёмная: у трох гнілых мізэрных акенцах не адна шыбка была заткнута анучамі. Сеўшы першы раз на асінавы ўслон ля акна, агледзеўся з не абы-якім хваляваннем: згадаў нанова знаёмы верш — тут проста ўвачавідкі было відна, што нарадзіла тыя шчырыя, маркотныя радкі. Ix жыло тут трое: акрамя хлопца, маці-ўдава ды меншая сястра Ніна. Бацька ўжо багата гадоў ляжаў недзе ў салдацкай магіле, i маці — нібы жартам, нібы i сур’ёзна — казала пра малога: "мужчынка мой", "хадзяін наш"! "Хадзяін" тады сядзеў каля палацяў, набычыўшыся, таропіў вочы ў земляны дол i не пярэчыў!..
Ад хаты гэтай да школы было нямала-небагата, кіламетраў сем, амаль увесь час між лесу ды балота. Кожны дзень, у цяплынь i ў сцюжу, у слату i ў завеі, хлопец са зрэбнай матчынай торбачкай цераз плячо цярпліва мераў гэтыя сем кіламетраў. Мераў з купкай сяброў ці, здаралася, найбольш у непагодныя дні,— адзін. Было ўсялякае: адзін раз мала не прапаў між белага балота — мяло вельмі; што ні крок — то па пояс, па грудзі ў снег, знясіліўся ўшчэнт. Другі раз — быў месячны вечар, мароз прадзіраў рэбры пад світкамі, піліпаўскі мароз — утраіх з такімі ж, як сам, хлопцамі ледзь не трапіў у зубы раз’юшаных ад голаду ваўкоў. Махалі ламачынамі, торбачкамі, спрабавалі крычаць, гразіцца, чулі, як сцінае сярэдзіну ўжо не толькі холад, a i страх — гайня не адставала, усё насядала. Хто ведае, чым бы кончылася, але ім пашчасціла: пад’ехалі акурат падводы з дзядзькамі, дзядзькі i адагналі клыкастых. Ён, настаўнік, калі даведаўся пра здарэнне, параіў дзецям уладзіцца, хоць на зіму, ля школы, хлопцу ж сам найшоў хату, даў гаспадыні грошай. Хлопец пераначаваў дзве ці тры ночы — i ўцёк. Пытаўся тады яго: можа, пакрыўдзілі чым-небудзь, супакоіць хацеў: калі i пакрыўдзілі, бяда невялікая, можна іншую хату наняць, — але хлопец, гледзячы ў дол, упарта пакруціў галавою — не трэба. Так i не дазнаўся чаму. З таго дня хлопец зноў мераў дарогу, кожны дзень, пакуль не скончыў школу…