Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Але Ганна не магла не паглядваць на яго. Яе позірк нібы прыцягвала да Васіля. Усё навокал перамянілася з той пары, як прыехаў Васіль; яе сэрца, здавалася, чула набліжэнне навальніцы, далёкі, жаданы i трывожны подступ грому, ад якога страхам i радасцю ныла ў грудзях. Усе думкі, уся яе ўвага былі цяпер у тым баку, дзе заклапочана схіляўся Васіль. Чаму ён адзін прыехаў? Дзе Маня, жонка яго?

Яна трывожылася, што Васіль паедзе рана, што мачыха затрымаецца позна. Ледзь ухавала радасць, калі пад вечар мачыха стала хапацца дадому: карміць скаціну. Як насыпалі кош, яна i падалася з возам. Бацька таксама пайшоў: правіў канём. Ганна асталася, сказала: яшчэ хоча пакапаць. Не разгінаючыся, выбірала бульбу, кідала ў каробку. Хоць галавы не ўздымала, адразу ўгледзела тое, што хацела: падалася нарэшце ў сяло Васілёва матка. Астаўся толькі Хведзька.

Надыходзілі раннія асеннія поцемкі. Людзі, кашы з бульбай адзін за адным выпраўляліся з поля.

Ганніна сэрца білася моцна, трывожна. Цяпер самы час. Цяпер ці ніколі. Няўжо не падыдзе, не захоча падысці да яе? Насцярожаная, слухала, чакала. Не, не ідзе, не хоча. І так не цярпелася ўбачыць бліжэй, так баялася, што час міне i ім ніколі ўжо не ўдасца пабыць так, як марыла даўно, — удваіх, адным, што не ўтрывала. Кінула збуцвелае каліва бульбоўніку, забыўшыся на ўсе трывогі, на ўсё, хутка, пахапліва падалася напрасткі да яго.

Ён разагнуўся, выцер аб штаны рукі. Глянуў хмурна.

Ганна, спыніўшыся перад ім, перавяла дыханне. Родны, які родны! Ці не ў сне гэта? Убачыла на зрэбнай, з плямамі зямлі сарочцы латку, няўмела прышытую. "Сам, мусіць, прышываў!" — i горыч віны, i пяшчота, i жаль нахлынулі на яе.

— Васіль…

Толькі i змагла сказаць. Але як прамовіла — так, як тады, у многія бяссонныя ночы, калі пра яго думала.

У Васіля раптам дробна, па-дзіцячы бездапаможна задрыжалі губы. Не змог ухаваць крыўды.

Стаялі моўчкі. Ганна загаварыла першая:

— Даўно не бачыліся…

Яна прамовіла не так, як трэба было: чамусьці радасна. Ён адказаў халаднавата:

— Даўно…

— Падрос ты… Мужчына ўжэ…

— Пара…

— Я цябе бачыла…

Ён не пацікавіўся калі.

— Ты каня перапрагаў… Ехаць, мабуць, сабіраўся кудысь…

Зноў памаўчалі.

— Я цябе сам бачыў…

— Ты адвярнуўся…

— Не тады… Як да сваіх ішла…

Узрадавалася.

— Калі?

— Пазаўчора…

— Па загуменні?!

— Я ў гумне буў…

— Ты?.. Я Валодзьку бачыла…

— Мы ўдваіх… Я ў гумне, ля варот…

— А я не знала.

Словы гэтыя вырваліся самі сабой, у ix было шчырае, непрытоенае шкадаванне. Таксама шчыра, але крыху пакрыўджана папракнула:

— Не выйшаў… Схаваўся…

— Я знарок…

— Чаму? — Ганна выціснула: — Гадкая я табе?

— Чужыя… у цябе — сваё, у мяне — сваё…

— Чужыя? — стрымалася. — А дзе Маня?

— У Алешніках. З сястрою асталася.

Ёй упала ў вочы яшчэ латка, акуратна прышытая, пэўна, жонкаю.

— Як табе жывецца?

— Так… Жывецца…

— Маня — добрая. Працавітая… Акуратная…

— Акуратная…

Ён не хацеў гаварыць пра жонку. Зноў трохі памаўчалі. Васіль адолеў сябе, сваю чужацкасць, кінуў спадылба раўнівы позірк:

— А ты як?

— Не пытайся…

— Багачка!..

Губы яе кпліва смыкнуліся:

— Багачка…

Яна момант яшчэ стрымлівалася. Таіла горыч i шкадаванне, як звычайна. Як усе месяцы, усе гэтыя гады, ад усіх. Звыкла ўжо таіцца. Але — чаго ж таіць ад яго? Каму ж i адкрыцца, як не яму?

Апаліла Васіля вачыма:

— Вася, мне тое багацце… во! — Ганна парывіста правила рукою па шыі.— Хай яно — агнём!

Ён збянтэжыўся:

— Рабіць багато застаўляюць, кажуць…

— Калі б тое адно…

— І б’е ён, чутно було…

— Усяляк бувае…

Таілася момант, з даўняй нязменнай звычкі не паказваць іншым бяду! Але толькі момант. Больш, каб i хацела, не змагла б таіцца. Шчыра, з нейкай адчайнай рашучасцю выдыхнула:

Магіла то мая, Вася!

— Магіла?..

Неспадзявана i для Васіля, i для сябе Ганна горача з той жа рашучасцю запытала:

— Вася, табе не шкода, што ў нас так… няскладно?

У яго лягла хмурынка між броваў. Ёй нічога не трэба, ёй толькі ведаць хочацца. Толькі ведаць, не для якіх-небудзь думак, разлікаў, а так, для душы. Глядзела на яго, чакала, замёршы ўся:

— Не шкода, Вася?

— Чаго гаварыць!..

— Не шкадуеш, скажы?!

— Пустое ето!

Ён праўду кажа, не трэба пытацца. Пустое. Але ж ёй так хочацца ведаць!

— Скажы, Вася! Я хочу знаць!

— Што з таго — шкадуеш, не шкадуеш?!.

— Скажы! Я хочу, Вася, скажы!.. Не шкадуеш?

— Ну, от! — Ён нібы гаварыў: прыйдзе ж у галаву такая непагрэбшчына. — Кончано ж усе…

— Кончано?

— Ну, ты ж знаеш! Ты ж… — Васіль зазлаваў. Няхай злуе, так лягчэй, так лепш, чым гэты нядобры холад. — Ты ж начала усё…

Яна згадзілася — нібы з радасцю:

— Я… Я вінавата… Я…

Вочы яе хутка заслала слязамі. Ганна закрыла твар далонямі.

— Людзі ўбачаць.

— Няхай бачаць. Што мне, i паплакаць няможно ніколі?..

— Гаварыць будуць…

— Няхай гавораць! Ты — баішся?

— Я? Мне — што?

Ганне палягчэла: пра яе непакоіцца! Пра яе думае — значыцца, не зусім абыякавы.

Яна ціха, як бы не верачы сабе, сказала:

— Ты… ты не забуў саўсім, Вася?..

Ён не адказаў. Дзіўныя пытанні часам у гэтых жанчын бываюць. Абы запытацца.

Яна ўсё зразумела i без слоў.

— Не забуў, Вася!.. Вася, мне зараз так добра!.. Мне больш нічого i не трэба було. Толькі знаць ето, i ўсё!

Ганна са слязамі ў вачах усміхнулася:

— Е i ў мяне радасць!

Васіль аб нечым думаў.

— Пра што ты, Васіль?

— Ды от… Як нам цяпер?..

Да ix ішоў Хведзька. Убачыўшы гэта, Васіль недавольна нахмурыўся. Ганна здагадалася — не падабаецца, але прыйдзецца спыніць размову. Адчула, якое жаданне з’явілася ў ім, якія словы зараз сарвуцца з яго неспакойных губ, сказала сама:

Поделиться с друзьями: