Подых навальніцы
Шрифт:
Гарачым i бліскучым летнім днём з маткаю завёз яго на станцыю, купіў білет да Гомеля, даў грошай на дарогу. Выправіў у рабфак. Як вялікай удачы ўзрадаваўся, калі той прыслаў ліст, што здаў экзамен i што яго прынялі. Але найбольш парадаваў хлопец усё ж тады, калі — на другую ўжо восень — прыслаў газету з першым надрукаваным сваім вершам.
Тую газету бярог i цяпер, хоць яна была цяпер не адна: дома быў цэлы пачак розных па назвах i па даўнасці газет, якія збіраў, зберагаў як дарагое i важнае. Цяпер, калі хлопец вучыўся ў Мінску ва універсітэце, вершы нярэдка друкаваліся амаль ва ўсіх сталічных газетах! Неяк, у адным з нядаўніх лістоў, Алесь між іншых навін сціпла пахваліўся, што хутка, можа быць, выйдзе нават цэлая кніжка!.. З той пары, як вершы сталі паяўляцца часта, ён падпісваў ix ужо не сваім прозвішчам, а прыгожым, паэтычным псеўданімам — Маёвы; Алесь Маёвы. Апейка ніколі не зважаў асабліва на прозвішчы, але хлопца не судзіў: гэта быў, калі падумаць, не такі ўжо i нікчэмны ўчынак: як-ніяк хлопец — не проста хлопец, а — паэт; не выходзіць жа паэту ў свет са сваім недарэчным — Заяц Хама. Вершы паэта Зайца — само па сабе гучыць так, што смяяцца можна; у паэта, ды яшчэ паэта ў такі час, прозвішча павінна быць годнае!
Ён недарма выбраў сабе такое прозвішча — Маёвы! Ён i пісаў, можна сказаць, пра май, пра веснавую радасць, пра радасць росквіту. Яго вершы былі пра разлеглыя, без меж, палі, якія будзіць сваім гоманам працавіты трактар; пра рабфакаўца — сына сяла, што да світання хіліць чубатую галаву над кнігаю, марыць пабачыць родную вёску ў сонечным шчасці; пpa жанчыну-гаротніцу, што вясковаю вуліцай ідзе не ў царкву, a ў школу, змагаць векавую цемру; пра радасць, што ксірагодзіць сёння ў вёсцы i ў горадзе, пра жыццё, што бурапеніць новымі песнямі i справамі. Вершы былі прыгожыя, падобныя на песні, часам здавалася — малаканкрэтныя, як бы затуленыя ружовым ад сонца туманам, але заўсёды — узнёслыя, шчырыя — ад усяго юначага сэрца. Чытаў ix не так, як іншыя, чужыя, а так — нібы ён таксама меў да вершаў не абы-якое дачыненне.
4
Згадалася, якім паявіўся Алесь у яго кабінеце мінулай зімой — па дарозе з Калінкавіч. Нібы нанава адчуў дужы мужчынскі ноціск абветранай, нахаладалай рукі Алеся, убачыў заружавелы, харошы маладосцю твар, радасныя i чыстыя, без хмурыначкі вочы… Былі раскіданыя, нецярплівыя роспыты, цікаўныя позіркі на яго яшчэ вясковы, падлатаны на рукаве кажушок, на новую, фасоністую, з гузікам на макаўцы, мінскую шапку. На ботах раставаў умёрзлы снег, кропелькамі мутнеў на шыйках, на насках: боты былі зграбныя i моцныя — добрая i радасная абноўка. Вёз, мабыць, нейкі падарунак дамашнім: паставіў ля парога чырвоны, з гнутай фанеры, круглаваты куфэрачак…
Потым ківаліся побач у выканкомаўскім вазку, пад ціхі, спорны спеў палазоў, пад рып гужоў — знарок выправіўся ў дарогу i ў яго сельсавет, каб падвезці хлопца i пабыць разам яшчэ. Алесь маўчаў, але па вачах яго, што паблісквалі пад фасоністай шапкай, што ахвотна, прагна лавілі ўсё, што выбягала насустрач блізка i далека, бачыў, што госць яго рады без меры даўно не бачаным палям, снежнай звонкай чысціні, лёгкаму, крылатаму лёту вазка. У куточках Алесевых вуснаў, з-за паднятага, прыцярушанага снежным пылком каўняра, здавалася, кожны момант гатова была зайграць усмешка. Хоць было весела i глядзець на чужую бесклапотную радасць, глядзець i маўчаць, не ўтрываў усё ж, папрасіў яго прачытаць што-небудзь сваё. Алесь, што ўвесь, мабыць, поўніўся радасцю сустрэчы, неспатольнай цікаўнасцю, адчуваннем лёту, не адразу нібы зразумеў, пра што яго просяць. З няёмкасцю, ціха сказаў, што — не хочацца. Падумаў трохі, відаць, разважыў, што адмаўляць — настаўніку свайму — нядобра, хрыплаватым голасам, нясмела, павучнёўску, пачаў:
Выйду ў поле я — ранне-маёвае… Ой ты, шыр, ты, калгасная шыр!.. Bee хвалямі мора жытнёвае… Хмеліць радасць-песня ў душы!..Алесь адразу ж сціх i пакруціў галавою — вінавата, як бы просячы прабачэння. Было відаць, што хлопец адчуў сябе ніякавата, глядзеў на дарогу ўжо з нейкай клапотнай нездаволенасцю. Тады так i не зразумеў, чаго той зніякавеў: ці таму, што бачыў яшчэ ў ім настаўніка, трывожыўся яго прысуду; ці таму, што — гэта потым прыйшло — чуу у душы нязбытае, даўняе: вершы — далікацтва. Пазней яшчэ заўважаў, што ў ім, у Алесю, як i не адзін верш надрукаваў, жыве быццам сарамлівасць за гэты свой занятак, векавая сялянская сарамлівасць перад людзьмі, што робяць іншую, сапраўдную справу: сеюць, косяць, дбаюць пра гаспадарку…
— Лепей — другіх паслухайце… — сказаў Алесь вінаватым голасам. Ён пакашляў, ускінуў галаву, амаль заплюшчыў вочы; адчуў раптам, што замінае каўнер кажуха, нецярпліва аблажыў яго. Як бы задумаўся, a ў голасе паявіліся смеласць i гонар.
Падаюць сняжынкі… Дыяменты-росы… Падаюць бялюткі за маім акном… Расчасалі вішні шоўкавыя косы І ўранілі долу… снегавы вянок… Дзесьці… у прасторах… празвінелі бомы… Дацвілі пялёсткі нейчае тугі… І здаецца… зноўку еду я… дадому… Пераведаць родных… блізкіх… дарагіх…Вершы дзіўна хвалявалі: нейкае незразумелае хараство брала, апаноўвала яго, апаноўвала ціхай задуменнасцю музыкі, незвычайнымі, быццам марозныя ўзоры на акне, малюнкамі-згадкамі, шчырым, адданым голасам таго, хто чытаў на памяць…
Калі Алесь скончыў, захацелася памаўчаць, падумаць. Самога павяло на ўспаміны, на роздум. Пазней ужо запытаў:
— Чые гэта?
— Паўлюк Трус! — сказаў ён з захапленнем, з гонарам. — Наш, з універсітэта… студэнт наш…
— Добры верш!..
— Гэта — вялікая паэзія!
У памяці доўга жыў не зусім зразумелы, самотны радок: "дацвілі пялёсткі нейчае тугі…", радок, які дзіўна хваляваў, прымушаў думаць пра недаступныя таямніцы паэзіі…
— Чаму цяпер некаторыя пішуць прыгожа і… як бы сказаць — не проста… не зусім зразумела?.. — Яму, Апейку, была не даспадобы самотная маўклівасць. Ён растлумачыў: — От у Пушкіна ж усё проста: "Буря мглою небо кроет…" Або — "Во глубине сибирских РУД…".
— Пушкін — добры паэт. — Алесь запыніўся, задумаўся — як лепш сказаць. Паправіўся: — Ён быў добры паэт. Але ён устарэў. Аджыў сваё. Цяпер у паэзіі — новыя законы. Сучасныя… Усё мяняецца. Змяніліся i законы паэзіі…
— А — Купала? У Купалы ж таксама ўсё проста. І сучасны, a ўсё — проста, ясна. "Паміж пустак-балот беларускай зямлі…"
— Гэта — з яго дарэвалюцыйных вершаў Цяпер i ў Купалы іншыя матывы i стыль іншы. Вазьміце яго "Арлянятам"!.. Купала таксама стараецца ісці ў першых шэрагах новай паэзіі. Праўда, яму нялёгка вызваліцца ад грузу старога…
І тады, калі пярэчыў, Алесь гаварыў мякка, без якой-небудзь амбіцыі, адчувалася ў тоне яго гаворкі не толькі павага да былога настаўніка, a i добрая, нерастрачаная ў горадзе сціпласць. Пры ўсёй далікатнасці сваёй усё тое, што думаў, ён гаварыў цвёрда, пераканана. Ён, Апейка, сам пярэчыў Алесю мякка, як бы з асцярогаю: можна сказаць, не так i пярэчыў, як выказваў свае сумненні, не траціў адчування: вучань вырас!
У чым іншым яго, пэўна, павучыць можна, а што да паэзіі, то тут i прыслухацца не лішне. Прыслухацца ды падумаць.
— Па-мойму, галоўнае правіла, якога трэба трымацца паэту i цяпер… як i тады, — старацца пісаць прасцей… — гаварыў ён Алесю. — Як можна прасцей… Каб кожнаму было зразумела… Каб кожны селянін, кожны рабочы мог чытаць…
— Гэта правільна. Мы аб гэтым акурат i стараемся… Але ў паэзіі,— зноў цярпліва ўзяўся тлумачыць Алесь, — свае законы. Свая мова, свае вобразы, свой лад. У кожны час у паэзіі былі свой лад, свая мова. Адны ў Пушкіна, друпя — у нас. Мяняецца час, мяняецца i паэзія. Так было ва ўсе часы. У наш час гэты закон дзейнічае яшчэ мацней: наша грамадства не падобнае ні на што з таго, што было раней! Гэта ставіць i асаблівыя, незвычайныя задачы паэзіі! Нашым паэтам трэба шукаць таго, чаго да ix не рабіў ніхто! Адсюль i ўся радасць i ўся бяда. Пушкін — гэта выпрабаванае. Да Пушкіна прывыклі. Наша ж паэзія — як кветка, што толькі пусціла парасткі. Навіна, рунь зялёная!.. Вядома, мы яшчэ не ўсё знайшлі! Мы шукаем!..
— Я гэта разумею. Уся соль, па-мойму, у тым — што шукаць i як шукаць. Па-мойму, заўсёды трэба помніць пра людзей, якія цябе чытаюць i слухаюць. От як хочаш, браце, а я, хоць забі, не разумею: нашто ў вас гэтыя — "бурапеніць", "карагодзіць"?.. Хоць забі, не разумею! Хіба ж у нас мала слоў тых, якія ведаюць людзі? Хіба імі не можна выказаць усё, што хочаш? Дак ці ж канешне — выдумляць яшчэ?
— Мы не можам не шукаць. Разам з усім іншым — i слоў…— не здаваўся Алесь. — Можа, не ўсё ўдала выходзіць. Канешне, не ўсё, ёсць нямала, канешне, i смецця. Але шукаць усё-такі трэба. Новае нельга выказаць толькі старымі, злінялымі словамі. Новаму трэба i новыя словы…