Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

Чаму з ім так абышліся? Таму толькі, што сказаў тое, што думаў? У чым яго парушэнне камсамольскага статута? Парушыў дысцыпліну — не згадзіўся з думкай райкома? Але ж сіла наша — не ў бяздумнай дысцыпліне, сіла — у калектыўным розуме i — у калектыўным сумленні. Дысцыпліна павінна быць зліта з сумленнем, з перакананнем. Нават ваенная дысцыпліна лепш за ўсс, калі яна евядомая. Тым больш гэта трэба камсамольскай, партыйнай. Трэба пераконваць, даводзіць — асабліва там, дзе усе маладыя, зялёныя Чаму ж зразу — камандныя вокрыкі? Чаму зразу — пракурорскі прысуд? Зразу — выкідаць?!

Хіба тое, што ён сказаў, папярэчыць чым-небудзь генеральнай лініі партыі? Чаму ж — выкінулі?! Чаму так абышліся з сумленным, адданым нашай справе чалавекам? Чалавекам — вельмі каштоўным. Не толькі таму, што ён — иаэт, талент, a i таму, што — прыгледзеліся б — чалавек які! Іменна ж такія — з характарам, з моцным сумленнем, з цвёрдай прынцыповасцю — аснова ва ўсякай вялікай справе. Іменна яны — сыны i ўнукі тых, хто калісьці ішоў i на катаргу i ў ссылкі з-за сваіх перакананняў. Іменна такія могуць выстаяць у часіны трудных выпрабаванняў, выстаяць, не пахіснуцца; такія не будуць адседжвацца ў зацішку. Іменна яны, а не тыя, хто i цяпер, у мірны час, адседжваюцца, адмоўчваюцца, туляюцца, што гатовы, наперакор свайму заечаму сумленню, "разумна" глядзець на ўсё, больш за ўсё асцерагаючыся якой-небудзь рызыкі. Чаму прыстасаванец з душой слізня іншы раз больш даспадобы, чым характар сумленны, надзейны, але неспакойны? Ён сказаў, што — сумняваецца? Што ж — дакажыце, пераканайце яго, не пашкадуйце часу i клопату. Іменна ў такіх неспакойных, адкрытых, прынцыповых — сіла народа, сіла партыі. Жывая сіла.

Ён заступіўся за чалавека; а чаму ён не мог заступіцца, калі не ўпэўнен у тым, што той вінаваты? Хіба б лепш было, каб ён, не ўпэўнены, што чалавек — вінаваты, наперакор свайму сумленню, прамаўчаў бы? Каб ён — па сутнасці — зрабіў подлы ўчынак! Чаму ж ён, зрабіўшы подлы ўчынак, мог бы хадзіць між таварышаў, вучыцца, тады як, паступіўшы сумленна, апынуўся па-за таварыскай гурмой, стаў i не камсамол ьцам, i нават не студэнтам?.. Чаму — праўда, думаў Апейка, згадаўшы тое, што казаў Алесь, — абараняць цяжэй, чым абвінавачваць? Чаму — праўда — той, хто абвінавачвае, загадзя стаіць нібы вышэй? Нібы ўжо самім тым фактам, што можа абвінавачваць, нападаць — даказвае сваю адданасць! Чаму, — адкуль гэта ўзялося? — той, хто каго-небудзь абараняе, рызыкуе нібы паказаць сваю мяккацеласць, трапіць у апартуністы? Адкуль гэта ўзялося, як яно пранікла ў наша паветра: што прынцыповасць — гэта толькі, ці найперш, — выкрываць, абвінавачваць? A калі вінавацяць — невінаватага, сумленнага партыйца? Вінавацяць без пераканаўчых доказаў? Хіба ж гэта менш важна, менш прынцыпова — заступіцца за таварыша, падтрымаць яго? Хіба ж прамаўчаць, не падаць руку падмогі таварышу, на якога нападаюць без падстаў,— не беспрынцыпнасць сапраўдная? Яшчэ горшая! Падобная на здраду!..

Апейка зноў апынуўся ва універсітэцкім пакойчыку, пачуў злое: "Адкалоўся… Дакаціўся!.. Стаў прыслужнікам!.. Паслугачом нацдэмаўскага ахвосця!.." Нанава стаў перабіраць у памяці, што казаў Алесь пра Гартнага. Не падобна было, што хлопец затлумлены проста: вельмі ж цвяроза, разумна разважаў. Не, тут было не сляпое захапленне. Канешне, што да Гартнага, ён мог i не ведаць усяго; тагосяш на сходзе маглі не сказаць па якіх-небудзь прычынах, — чаго-небудзь, можа, пакуль нельга было пускаць шырока. Можна было дапусціць i такое, што Гартны перарадзіўся. Апейка не мог бы абсалютна паручыцца за Гартнага, але ў яго, з таго, што ён ведаў, не было i ўпэўненасці, што Гартны — вораг, што Алесь памыляецца. Мімаволі прыйшло ў думкі: ці не было тут, з Гартным, падобнага на тое, як "выкрываў" Галенчык яго, Апейку? Таксама ж прамова была "пераканаўчая", з "фактамі"! І тут ці не "факты" такога ж парадку i тая ж праўда?!. Памяць нагадала, — калі так проста было абвінаваціць у "контррэвалюцыйнай прапагандзе" адну з цэнтральных газет, то хіба ж не маглі так жа прышыць бірку "нацдэма", ворага, аднаму чалавеку? Тым больш што чалавек гэты мог быць i не зусім не вінаваты; хоць вінаваты зусім па-іншаму. Як бальшавік, што рабіў памылкі ў рабоце.

Адразу падумалася: колькі ў любога чалавека, асабліва з тых, хто на кіруючай рабоце, такога, к чаму можна пры ахвоце прычапіцца! Прычапіцца, крыва расталкаваць, перавярнуць усё дагары нагамі. І калі такое могуць зрабіць з чалавекам, які адданасць сваю даказаў даўно i ясна, то як жа тым, у каго такіх доказаў няма? У каго звычайная біяграфія, а то яшчэ i пляма якая — брат кулак ці яшчэ які чорт?

Лупіць з-за пляча, канешне, лягчэй, чым развязваць, разбірацца. Лупіць з-за пляча яно i больш "надзейна"; само па сабе відно — рэч "прынцыповая". Але ж сячы з-за пляча добра было, калі конь імчаў цябе насустрач ворагу, яунаму ворагу; тады, калі не было як разбірацца, калі трэба было дзейнічаць адразу. Сячы — гэта неабходнае ў вайну, супроць яўнага ворага. Але як сячы тут, дзе наступаюць не ланцуг на ланцуг, дзе свой i вораг разам, дзе добрае i злое пераблыталася, сплялося; дзе легка секануць шабляй не толькі па ворагу, a i па сваім? Чаму ж іншыя гатовы секануць па табе толькі за тое, што ты хочаш разабрацца, перад тым як узняць сваю шаблю? Што ты хочаш, перш чым рашыць, разблытаць, разгледзець таго, хто перад табой? Пільнасць, — пільнасць якраз i павінна быць зліта з уважнасцю, з імкненнем разабрацца ва ўсім добра!..

Апейка ўспомніў, што казаў Белы пра Бухімовіча, i падумаў: не памыліўся Белы; такі Бухімовіч, i праўда, можа быць як правакатар — са сваёй яўнай архіпільнасцю i тайным кар’ерызмам. Што, калі такія бухімовічы ды галенчыкі — пры ix галасістасці ды нахабстве — возьмуць сілу, калі не адзін, не два такія, пры цяперашніх акалічнасцях, возьмуць сілу, — чаго яны наробяць са сваёй архіпільнасцю? Пры такім парадку, калі вольна будзе нападаць на кожнага, хто захоча разабрацца, выключаць тых, хто намерыцца заступацца? Калі даць волю такім, каму хочацца — для справы, вядома! — надзвычайных мер i правоў? Каму не церпіцца секануць з-за пляча? Калі моўчкі дазваляць награваць "страсці".

Ён падумаў, што такія людзі i такія тэндэнцыі, калі ix не стрымаць, могуць зрабіць нетрывалым становішча ледзь не любога чалавека. Апейка тут жа запярэчыў сабе, што тэндэнцыя гэта жыве толькі таму, што пакуль мала праявілася: не заўважылі, як трэба, шкоду яе; калi ж толькі праявіцца, ёй дадуць бой. Прышчэмяць, як гадзюку, што ўпаўзла ў дом.

Яму верылася, што гэта — да пары, што прыйдзе пара, i недалёкая, — i з усім гэтым разбяруцца, як трэба. "Чаго ты хочаш? — спрачаўся ён сам з сабою, цвярозы, разважны. — Каб проста было ўсё? Не будзе проста. Складана будзе ўсё. Бо — складаны час. Вораг не той, што ў ірамадзянскую. Не тымі метадамі дзейнічае. Асцярожна, спадцішка. Затоены, пад друга маскіруецца. Усміхаецца, як друг. Не ўсякага зразу раскусіш. А трэба — выкрыць. Абясшкодзіць. Каб не ўсадзіў нож у спіну табе!.. Таму трэба пільнасць, надзвычайная пільнасць! І нічога не зробіш, іншы раз яна будзе перарастаць у падазронасць! І лагоды, далікацтва — не будзе! Барацьба не спрыяе далікацтву! Барацьба ёсць — барацьба! Барацьба патрабуе рашучасці, робіць жорсткім. Гэта — непазбежна… Нельга зваць да лагоднасці. Гэта аслабляе ў барацьбе! І гэта — пры барацьбе — проста немагчыма. Трэба быць цвёрдым, рашучым, напагатове заўсёды! Такі закон барацьбы. Азбука барацьбы. Ты добра ведаеш гэта. — Але нехта іншы ў Апейку i згаджаўся з першым, i спрачаўся: — Ведаю. Але той жа закон барацьбы кажа: адзін у полі — не воін. Помні, што побач плячо друга. Памагай таварышу, ён — паможа табе. Толькі з таварышамі ты — дужы, ты — баец!.."

"Уся соль у простай ісціне: разбірацца, хто — друг, хто — вораг. Берагчы друга, нішчыць ворага. Такая простая ў думках i такая няпростая ў жыцці ісціна. Дзе ворага можна палічыць за друга, а друга — за ворага!.. Пільнасць, уважлівасць, суд сур’ёзны, справядлівы — адзін закон, абавязковы для кожнага. "Толькі факты, бясспрэчныя факты", — помніць заўсёды!.."

"Так, усё можна давесці да абсурду, да шкоды, — згадзіўся ён, успомніўшы Алесевы словы. — Ва ўсім — праўда — патрэбна пачуццё меры. Пачуццё рэальнасці…" Успомніўшы Алеся зноў, Апейка думаў ужо толькі пра яго. Перабіраючы гаворку, Апейка чуў цяпер неадступнае нездавальненне сабой: ён не зрабіў усяго, каб правільна накіраваць хлопца. Дзіўна, ён, вопытны чалавек, у гаворцы з хлопцам часта не знаходзіў патрэбных слоў. Зялёны хлопец сваімі гарачымі думкамі часта нібы адольваў яго, старэйшага i вопытнага. Усё таму, мабыць, што ён, Апейка, аказаўся негатовым да такой гаворкі. Мала ведаў, стаў як бы вучнем. Узяло трывожнае, бацькоўскае: "Каб не надламала гэта ўсё хлопца! Мы — што, мы — старыя ваўкі, тоўстая скура. Нас цяжэй збіць. А яму як, кволаму парастку? Ды яшчэ — з чуласцю яго!.." Апейка падумаў, што трэба зрабіць усё, каб памагчы хлопцу, выратаваць яго…

Ужо вярнуўся камандзір-пагранічнік, упоцемку раздзеўся, скрыпнуў ложкам, захроп, а яму ўсё не спалася. "Інтэлігенцкая мяккацеласць", — сказаў бы Башлыкоў. Сам падумаў з папрокам сабе:

— Усё ж нервы распусціліся… І не трэба было піць…" Намаганнем волi прымусіў сябе супакоіцца зусім: трэба спаць, заўтра важны дзень.

Засынаючы ўжо, убачыў —апошні раз, — як па сцяне коса паплыло святло з плошчы. Паплыло i прапала.

Раздзел трэці

1

Чым далей адыходзіў той дзень, калі ўпершыню пайшла па Куранях чутка пра перарэзку зямлі, тым больш рэдкімі i спакайнейшымі станавіліся гаворкі пра яе. Можна сказаць, што тыя, якія не асабліва трывожыліся, пачуўшы пра перарэзку, цяпер яе за клопатамі i зусім амаль не згадвалі. Іншыя, каго перарэзка палохала, цяпер думалі пра яе без ранейшага страху, усё больш прызвычайваліся да надзеі, што нічога такога не будзе, што ўсё абыдзецца адным спалохам.

Як нядобры напамінак, што бяда не мінула, даходзілі раз-пораз Міканоравы i іншых калгаснікаў размовы, што перадзел, або, як Міканор казаў,— землеўпарадкаванне, рана ці позна будзе абавязкова. Тады трывога зноў находзіла на многія куранёўскія двары, нанава ўздымала прыціхлыя ўжо гаворкі пра зямлю, пра справядлівасць, пра Міканоравы падкопы. Але праходзіў дзень, другі, i ўсё цвярдзей пераконвалі, супакойвалі адзін аднаго, што Міканор проста страшыць, каб ахвотней ішлі ў калгас, што Міканору таксама не ўсё можна. Няма, казалі, такога закону, так што няхай не пужае: усё роўна не даб’ецца свайго. І праўда, час нібы падмацоўваў гэтыя надзеі: дні ішлі ды ішлі, а каморніка не было.

І вось, калі ўжо амаль звыклі, што ніякага перадзелу не будзе, каморнік паявіўся. Міканор вёз яго сярод дня, i з выгана, з двароў, з вокан багата хто з куранёўцаў бачыў, як, спусціўшы ногі з драбінак, ківаўся ў Міканоравых калёсах па-гарадскому апрануты хлопец. Перад Міканорам стаяла, заўважылі, нейкая зеленаватая скрынка, ляжала штосьці ў чахле, было яшчэ штосьці, чаго не разабралі; але i без таго ўсім было відаць: на калёсах везлі нейкае важнае абсталяванне. Значыцца, чалавек ехаў на важную справу. Усім было хутка вядома, што Міканор прывёз чалавека на свой двор, што ўсё абсталяванне памог занесці ў сваю хату. Што чалавек i застаўея ў Міканоравай хаце; будзе, мабыць, там жыць. Яшчэ да таго як Міканор сказаў, каго прывёз, па Куранях пайшло здагадлівае: "Каморніка прывезлі!.. Рэзаць землю будуць!.."

Поделиться с друзьями: