Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

— Спекуляцыя, — згадзіўся Белы. — У аснове якой вельмі часта — кар’ерызм. Імкненне пагрэць рукі на сітуацыі, выскачыць на чужой бядзе. Зрабіць кар’еру… — Ён дадаў раздумліва: — Па сутнасці ж, гэтыя дзеячы часта выступаюць як правакатары. Падбіваюць на падазронасць, нецярпімасць…

Апейка адчуў у голасе яго трывогу, падумаў, што Белы, мабыць, не першы раз думае пра гэта i, можа, не першы раз гаворыць.

— Адзін чалавек — можна сказаць, звычайны, абмежаваны, з неабмежаванай хіба амбіцыяй — ставіць сябе над дзесяткамі партыйцаў, над цэнтральнай партыйнай камісіяй! Выбранай з’ездам! І ніхто там не выступіў супроць яго! Усе палічылі гэта нібы нармальным!

— Слухалі яго, можа, таму, што ён усё ж не радавы камуніст. З павагі да пасады…

— Можа быць… — Белы раптам прамовіў: — Нягоднік з пасадай — гэта нягоднік у квадраце. У кубе.

Ён устаў, як бы паказваючы, што гаворку канчае. Ужо каля дзвярэй затрымаўся, перад тым як падаць руку, сказаў:

— А Галенчык спраўдзіў пагрозу. Напісаў. Тлумачыць прыходзіцца… — Не выпускаючы руку, дадаў: Але вы не хвалюйцеся. Я растлумачу ўсё. Як належыць. — Белы вымавіў "растлумачу" спакойна, з годнасцю…

2

Вячэралі ў рэстаране ўпяцёх за адным стадом Аніся, яе новая сяброўка, вусаты, гаварлівы старшыня калгаса з-пад Полацка, рухавы, увесь у бліскучых рамянях камандзір-пагранічнік, Апейкаў сусед па пакоі Кампанія была выпадковая, — i выпадковая, раскіданая аж лішне вясёлая, гаворка была за сталом. Прычынай таму быў, мусіць, рэстаран: чысціня, бляск, гоман навокал, агульная святочнасць у зале; напэўна, памагала i піва, якога нямала-такі выпілі за вечар. Вусаты старшыня нібы жартам падладжваўся да Анісі, якая прыкметна раставала, час ад часу адно няёмка паглядваючы на Апейку. Увесь вечар ёй дзіўна хацелася рагатаць. Сяброўцы таксама было весела; асвойтаўшыся з прасцецкім, таварыскім пагранічнікам, яна дапытвалася з захапленнем i страхам: "А шпіёнаў вы лавілі?.. А якія яны?.. A няўжо ж вы ix так проста бачылі? І не страшна было?!" Пагранічнік ухіляўся гаварыць пра сваю справу, ахвотна i дасціпна расказваў усялякія вясёлыя гісторыі, анекдоты, чым выклікаў аж раўнівую зайздрасць у палачаніна: Аніся таксама з захапленнем смяялася пагранічніку…

Апейку, хоць ён з-за таварыскасці падтрымліваў кампанію, было не вельмі весела. Была нейкая хваравітая ўзрушанасць, i гаварыў неспакойна, i слухаў нецярпліва, i ўвага была прычэплівая, зласлівая. Не падабалася легкадумнасць зямлячкі, злавала назойлівая, не заўсёды разумная балбатлівасць старшыні. Адно пытанне яго ледзь не прарвала Апейкаву стрыманасць. Вельмі сур’ёзна i разам з усмешачкай, як бы звысака, вусаты запытаў: "А праўда — вашы кажуць: "Палешукі мы, а не чалавекі?" Ён захіхікаў, пакруціў галавою: дзівакі! Апейка толькі i сказаў з насмешкаю: "Не чуў! Прыеду — папытаюся!.."

Ён першы ўстаў з-за стала. Пагтрасіў прабачэння, развітаўся. У пакоі адразу ж раздзеўся, лёг у пасцель. Думаў, тут жа засне, але сон не ўзяў.

Па сцяне пайшоў водбліск нейкага святла, нейкія ўзоры; здалося, нібы сцяна зрушылася, нахілілася, папаўзла дзіўна коса; ён здагадаўся, што водбліск — ад фар аўтамабіля. Праз некалькі хвілін святло зноў папаўзло, зрабіла ўсё зноў няпэўным, незвычайным; паўзлі зноў дзіўныя ўзоры, знакі, што як бы дадавалі ўР а " жання незвычайнасці. Ён падумаў: ад чаго гэтыя знакі,— ад фіранак, ад рам, ад галін са скверу? — але ўражанне незвычайнасці, няпэўнасці так i асталося ў душы. Ніяк не i шло супакаенне. Бачанае ўдзень, чутае, сказанае лезла ў галаву, нагадвала, хвалявала.

Учапілася недарэчна: "Ці праўда — вашы кажуць самі: "Палешукі мы, а не чалавекі"?" Пашкадаваў: дарэмна не адказаў як след. Адбыўся жартам. Трэба было сказаць як мае быць. Не знайшоўся. У яго заўсёды разумнае прыходзіць у галаву потым…

"Самі кажуць: "Палешукі мы, а не чалавекі"". Чаму гэта пайшло так шырока? Чаму ў гэта вераць? Ці таму, што яно падобна на анекдот; як анекдот, як парадокс, урэзваецца ў памяць? A людзі бяруць на веру, дзівяцца. Вераць… І газеты нават пішуць часам: раней палешукі самі гаварылі: "Палешукі мы — не чалавекі". Праўда, разумныя людзі ў газетах тлумачаць гэта праклягым мінулым: людзі былі такія цёмныя, дзікія, што не лічылі нават самі сябе за людзей, чалавекаў. За каго ж яны сябе лічылі?"

У гэтым — цяпер, у неспакойнай цемры асабліва — Апейка чуў нешта вельмі крыўднае, абразлівае. Ён чуў гэта i як крыўду сабе — усё ж ён ніколі не забываў, што сам паляшук, — i як крыўду тым, з кім жыў, каго любіў. Ці ж не абраза верыць, што чалавек так прынізіў сябе, так звык душою да гэтага, што ўжо нават i за чалавека не лічыць сябе. Да такой нікчэмнасці дайсці!..

Гэта не толькі крыўдзіла Апейку, але i злавала, як мана. Гэта была — мана. Няхай часта не ад пагарды, але — мана, мана. Колькі ні жыў у сваёй старане, начуўшыся ўсяго ўсякага, — ні разу не чуў гэтага: "не чалавекі". І не чуў, i не адчуваў… Не было такога… Была цёмнасць, наіўнасць, дзікасць нават. Што было, тое было. Але здзеку з сябе такога — не. Не было. Хіба што так, для выгляду, з хітрыкаў якіх, для якой-небудзь сваёй карысці. З хітрыкаў — гэта маглі, для якойнебудзь выгады — маглі сказаць i што-небудзь падобнае; сказаць, каб потым парагатаць з нягегласці таго, хто паверыў. З даверлівай дурнаты. Як маглі не заўважыць: у многіх з гэтых "нечалавекаў" век жыло перакананне, што яны вышэй за другіх. Што ў ix i "законы", i парадкі лепшыя, i яны самі — разумнейшыя. Што ёсць, тое ёсць. У якой-небудзь гіблай, за гушчарамі, за багнамі вёсачцы — не дзіва: дзядзькі ці Цёткі падсмейваюцца з суседзяў з-за балота, пацяшаюцца з гарадскіх — звычаяў i парадкаў. З убораў гарадскіх паненак, з дурнаты гарадскіх дзядзькоў, трэба ж такое, не ведаюць, чым кормяць цялят i як растуць булкі. Ці не ад гэтага пераканання i ў казкахусякі пан — дурань, i нават мужычы дурань з дурняў Іван разумнейшы за самага разумнага пана?.. "Палешукі мы, а не чалавекі…" Апейка падумаў: дзе-дзе, a ў ix старане дык аж лішне гэтага непахіснага пераканання ў сваёй дасканаласці. Дзе-дзе, а тут лішне ўжо любілі іншыя пахваліцца, пакрасавацца, паказаць сваю хітрасць, свой розум. Ён успомніў палескі жарцік, не раз чуты дома: "А за Гомелем людзі е?" — "Е. Толькі — дробненькія". Успомніў — i сам сабе засмяяўся: ці не ад ix, не ад юравіцкіх, пайшло гэта ў свет?

Ён раптам пашкадаваў: усё ж непагана было б, каб гэтай веры ў сваю дасканаласць, сваю перавагу было б трохі менш! Менш яе i менш — недаверлівасці да ўсяго, што ідзе ў сёлы. Лягчэй было б рабіць з людзьмі, весці на новую калгасную дарогу.

Адсюль развагі падышлі зноў да таго, пра што ён думаў не раз раней: як мала ведаюць пра Палессе, пра вялізны балотны край, пра мільёны людзей! Большасць, нібы культурных, людзей, калі даводзілася гаварыць пра Палессе, прыгадвала някрасаўскае: "Видишь, стоит, изможден лихорадкою, высокорослый больной белорус… Ноги опухли… колтун в волосах…" Іншыя ўспаміналі што-небудзь падобнае на "палешукі мы, а не чалавекі…". Апейка пачаў перабіраць у памяці, што гавораць пра Палессе кнігі. Ён чытаў ix усе, якія мог дастаць. Некалькі талковых кніг ира прыроду — пра лясы, балоты, пра птушак, пра звяроў; некалькі зборнікаў — запісаў казак, песень ды звычаяў. З ix маляваўся воблік народа: ціхія, дзікія, у палоне забабонаў. У гэтым таксама было нямала праўды, але як далека было да вялікай праўды! Як мала — пра бязмежна багатае людское мора, імя якому — народ!.. Ад чаго гэта? Ад імкнення спрашчаць? Імкнення да нейкай простай, зручнай высновы?..

Думаючы, згадваючы, Апейка прыкмячаў недавольна, што ў душы яго ўсё нейкае хваравіта ўзрушанае, чулае, што нават на звычайныя думкі адгукаецца яно неспакойным, вярэдлівым хваляваннем. Было нешта ад той узрушанасці, з якой ён сядзеў у рэстаране, толькі цяпер, на адзіноце, сярод цемры, усё гэта чулася мацней. Тут ён злавіў сябе на адчуванні, што аб чым ні думay, за ўсім чуў большае, больш важнае, больш трывожнае. Ён знарок чапляўся думаць пра іншае, спакайнейшае, стараўся не трывожыць сябе; але i думаючы пра іншае, ён не мог не чуць водсвіту таго, больш важнага i паганага.

Яно ўсё вісла над ім, навальвалася, гняло. Усё намагалася прарвацца ў думкі. Ведаючы, што ні да чаго добрага не дадумаецца з ім, Апейка гнаў яго, спадзеючыся, што ўсё абыдзецца, што прыйдзе патрэбная бяздумнасць, спакой. Трэба было спаць: выспацца перад не абы-якім заўтрашнім днём. Але спакой не ішоў.

"Цьфу ты, як хвароба! — вылаяўся ён. — Лезе ўсякае! Усякая непатрэбшчына!.. Знайшло час!.." Ён павярнуўся на другі бок, паспрабаваў яшчэ заснуць, але адчуў, што супакоіцца не зможа, i перастаў ужо гнаць тое паганае i трывожнае. "Галенчык… Пільны i непахісны Галенчык. Усё-такі напісаў!.. Белага адклікалі!.. Дабіўся!.. Значыцца, не скончылася. Значыцца, чысціць будуць яшчэ!.. І, значыць, можа яшчэ павярнуцца i інакш!.." Гэта ж яго шчасце, што там аказаліся Белы i Беразоўскі! А каб не Белы, а яшчэ адзін Галенчык? Ці ж цяжка было трапіцца яшчэ аднаму такому?.. Мяркуючы ж па тым, што казаў Белы, i тут ёсць свае галенчыкі. З большай сілаю… Вунь як ухапіўся павярнуць гісторыю з Зарэцкім! На цэлую партячэйку, на ЦКК адважна замахнуўся!..

Зноў убачыў, як зрушыла, нахілілася, коса папаўзла сцяна; стала потырч, упала ў цемру. Адолеў, адагнаў кволасць. "Глупства ўсё! Далікатныя нервы! П’яны хмель!.. Піць не трэба было! Не трэба!.."

Раптам ён нібы зноў пабачыў сябе ў пакойчыку з вазонамі, раскіданыя паперы на стале; Алесь як бы i цяпер сядзеў, звесіўшы галаву. "За што ж цябе гэта?" — "За веру…" Умомант, з незвычайнай яркасцю, уражлівасцю, урыўкамі, што ішлі без парадку, абы-як, зноў апанавала яго бачанае, чутае там. Памчалі, закружыліся, як бы радуючыся, што прарваліся, думкі пра Алеся, пра яго лес.

Поделиться с друзьями: