Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Подых навальніцы
Шрифт:

— Не дам! Не дам — i ўсё! — запаліўся яшчэ больш Ігнат. Нецярпліва патупаў, падаўся плячом наперад. Нацяўся ўвесь, рашучы, адважны, гатовы на ўсё: — Біцца буду! Кажнаму дам, хто палезе!..

— Так i ў цюрму нядоўго, — стрымана, як старэйшы, сказаў Васіль.

— Пляваць! — Ігнат гаварыў яшчэ напорлівей, з нейкай злой пісклявасцю. — У пысу буду біць кажнаго, хто палезе! A наўперад етаго, Дамецікаваго байструка! Еты болей за ўсіх вінаваты. Кеб не ён, дак усе іначай було б!..

Васіль не сказаў нічога: не было ахвоты гаварыць, — i Ігнат, грозячыся, злуючыся, таксама змоўк. Неастылы, нецярплівы, рушыў быў ад Васіля, але праз колькі крокаў рэзка стаў, яшчэ параіў:

— Не давай! На паласу не пушчай!..

Пасля яго Васілю было i несиакойней i нібы лягчэй: не такое ўжо безнадзейнае бачылася усё. З прылівам нядаўна не знанай смеласці думаў: "Не даваць, — праўду сказаў! Як падыдуць адразаць, стаць наперадзе i заявіць: "Не дам!" І — не пушчаць, — штоб i на паласу не заходзілі! Учапіцца нагамі ў землю — i не пушчаць!.. У міліцыю возьмуць — няхай бяруць! Усе адно — як забяруць землю ету — не жыць!.. І калі ў суд — няхай судзяць!.. — Тут думка трохі змянілася: — Еж, пэўне, i на ix суд. Буць не можа, штоб не було. Як жа ето: прыйсці i ўзяць — без усяго ўсякаго! — Зноў прыйшло, як апошняе, канчатковае: — Не дам! Хай хоць што!."

Паволі святлела. Усё шырэй расступалася поле, усё далей i танчэй акрэсліваўся лес. Была ўжо добра відаць груганячая постаць старога Глушака, — прыкра нагадвала бой з Яўхімам, Ганніну бяду, абуджала назалелае адчуванне безнадзейнай заблытанасці жыцця. Наводдаль сышлося некалькі дзядзькоў — штосьці меркавалі купкаю, курылі. Сярод ix быў, здалося, i Ігнат.

Васіль хацеў быў ужо рушыць да ix, калі заўважыў: хтосьці збочыў з дарогі, нацянькі прастуе да яго. Жаночая постаць. Матка! Канешне, — каб яна ды ўседзела недзе, не прыбегла, калі i без яе такая маркота.

— А я ето думаю — дзе ён? — загаманіла бесклапотна, як бы ні пра што i не здагадвалася. Як бы так сабе прыбілася. — Сышоў кудысь, i не відно!..

Васіль недавольна адвёў позірк.

— Хадзем ужэ, паснедаем… — наважылася асцярожна, лагодна. — Картопля астыне… Век халодную ясі…

Толькі пра тое i клопату цяпер яму: картопля астыне! Па гаворцы, па жаллівых вачах яе разумеў: ведае ўсё, але хавае трывогу. Хітруе. Прытвараецца. І гэта яшчэ злавала.

— Не бядуй, — як бы адгадала яго думкі.— Жылі без етаго, пражывём як-небудзь i цяпер…

— Ат, — нядобра варухнуўся ён.

— Пражывём… — Яна тут жа змянілася, стала нібы заклапочанай, дзелавітай. — І тое падумаць: чаго тут тырчаць. Начальство ў сяле шчэ. Міканор шчэ спіць.

Ён неахвотна паплёўся: абы адчапіцца, не чуць яе хітрыкаў. Усё адно не дасць стаяць.

4

Паснедаўшы, Васіль корпаўся пад павеццю, сачыў за ўсім, што робіцца на Міканоравым двары, на вуліцы. Ён бачыў, як весела, у расхрыстанай свіце, з кепачкай на макаўцы ступіў на двор, нібы свае, адчыніў дзверы ў Міканораву хату Хоня, як у драным, абсмыленым кажуху подскакам узбег на ганак Зайчык, як паважна, у чорнай крамной паддзёўцы, з блішчастым казырком, зайшоў Андрэй Руды, як сціпла адчыніў дзверы Грыбок, як пазней за ўсіх — ціхі, задуменны, схаваўся ў сенцах Чарнушка. Выходзіў на двор i вярнуўся ў хату Міканор, каморнік не паяўляўся, але Васіль ведаў, што ён таксама ў хаце. Потым ужо — усе даўно йаснедалі — йрыкаціў на калёсах з Алешнікаў строгі, акуратны Гайліс, прывёз яшчэ нейкага чалавека, немаладога, у гарадской вопратцы. Гайліс прывязаў каня да Міканоравага штыкетніка, i абодва, з Міканорам, што выбег насустрач, таксама пайшлі ў хату.

Чым больш збіралася ў Міканоравай хаце камісіі, тым больш расла ў Васіля трывога. Яна асабліва вялікай, важкай стала тады, як прыехаў i зайшоў да Міканора Гайліс. Нядобра ныла ўсярэдзіне, калі гадаў, што там у хаце гавораць, што рыхтуюць. Бачыў, што i ў суседніх дварах сочаць, чакаюць. Было відаць, усё сяло жыве тым, што мае пачацца, i гэта яшчэ ўзварушвала трывогу. І — нібы знарок — не было начной рашучасці, i млявасць была ў нагах, у руках. Аж брыдка браў страх…

Усярэдзіне заныла больш, калі ўбачыў, як выйшлі ўсе з хаты, сталі выносіць нейкія прылады, доўгую паласатую дошку, нізку жалезных шпянькоў, круг з лентай. Між тых, хто збіраўся ў поле, былі Дамецік i Дамеціха. Дамецік — вольны ў рухах, упэўнены, Дамеціха — нясмелая, як бы вінаватая. Акрамя Дамеціхі, выгляд ва ўсіх быў заклапочаны, дзелавы. І гаворка — мяркуючы па тым, што даходзіла, — была дзелавая.

Пачуўшы гэту гамонку, на бліжнія двары, на вуліцу павыходзілі людзі, сталі збірацца, сачыць за важнымі зборамі. Не стала сядзець у хаце матка, выцягнуўся дзед, перавальваючыся, саступіла з ганка Маня. Стаялі ля плота, глядзелі на вуліцу. Дзед курыў люльку, сіпла кашляў.

Матка раз-пораз аглядвалася, нібы абыякава, бесклапотна. Бесклапотна ж падышла к Васілю, пачала зноў, як малому:

— Нічого. Жылі да етаго, пражывем i без етаго. Да i тое ж падумаць — удзеляць жа нечаго!.. — Заўважыла, як ён недавольна варухнуўся, хітра перамянілася: — І папрасіць можно, Дамеціху ці Міканора самого… Штоб не абдзяліў там, дзе даваць будуць…

Толькі i ўмее: вярэдзіць; Васіль адвярнуўся, паказаў, што не хоча слухаць. Нелагодна, з-пад ілба прасачыў як адны на калссах, a друпя пешкі, паўз платы, рушылі к полю.

Патупаў трохі каля хлява, падаўся на прыгуменне. Пакорпаўся тут, не бачачы, што робіць: не мог ніяк адолець вялікага неспакою, брыдкай млоснасці, што поўніла ўсяго, як i раней. Паглядваючы спадылба, бачыў: на прыгуменнях там i тут збіраліся купкамі, заклапочана гаманілі. Некалькі чалавек прайшло ў бок цагельні, вясёлыя, цікаўныя, панурыя, — а ён усё корпаўся, усё не мог дабіцца цвёрдасці, яснасці, адолець нясмеласці. Як бы нанава чуў грозную латышову гаворку на сходзе, якая асабліва трывожыла: не адзін ён ведаў, што латыш слоў на вецер не кідае; з Гайлісавымі словамі нібы бліжэй чулася юравіцкая баковачка, пагроза юравіцкага Зубрыча: "Можам i вярнуць!" Не ціхлі, не адчэпліваліся матчыны жагнанні. І ўсё ж яна карцела, зямля, яна нібы звала яго заступіцца; ні на міг не глухла у ім адчуванне, што калёсы едуць да цагельні, што хутка ўсё пачнецца. Што блізкаблізка момант, які ўсё вырашыць. Што не можна сядзець, марудзіць.

Ён кінуў граблі, якія чамусьці трымаў, важка рушыў з прыгумення. Як нешта далёкае, заўважыў, што пачаў цярусіць дождж, заўважыў i тут жа забыў; адразу за гумнамі вочы ўлавілі, дзе ўжо калёсы. Калёсы набліжаліся да цагельні. Даехалі да куны асін i хвой, збочылі ў поле, на час схаваліся за дрэвамі.

У полі стаяла некалькі групак — мужчыны i жанкі; Васіль прыбіўся да адной, у якой быў Ігнат i яшчэ некалькі дзядзькоў. Ён хутка заўважыў, што большасць дзядзькоў настроена мірна: толькі ў двух, акрамя Ігната, было тут трохі поля, — але i двое гэтых, здавалася, не бедавалі ці не паказвалі бяды. Быццам рашылі: што будзе — тое будзе. Васіль толькі ў Ігнату пачуў свайго аднадумца. Усё ж ён, як i Ігнат, не адыходзіў ад іншых: дзіўна, нават ля гэтай групкі было неяк спакайней, цвярдзей. Ціха ўвайшло кволае: а можа, i праўда — саступіць? Што будзе, тое будзе? Але ён адагнаў гэту думку.

Бачылі, як — у самым кутку поля за цагельняй, каля лесу, калёсы сталі, як каморнік стаў корпацца на калёсах. Расставіў трыногу, прыладзіў нейкую прыладу; адзін з дзядзькоў сказаў, што там ёсць такі бінокль, які паказвае, як мераць. Незнаемы, якога прывёз Гайліс, пайшоў краем поля, паўз лес, з доўгай дошкаю; дзядзька сказаў, што яе завуць рэйкай. Незнаемы, адышоўшы, стаў, паставіў рэйку перад сабой, a каморнік стуліўся каля сваёй прылады, пачаў углядвацца ў "бінокль". Яшчэ двое — было відаць: Хоня i Грыбок — пацягнулі ленту. За імі з нізкай шпянькоў пасунуўся Чарнушка. Спыняўся ля Хоні, раз-пораз утыкаў шпянькі ў зямлю. Латыш i Міканор то падыходзілі да ix, то, найбольш, былі каля каморніка…

Як пачалі набліжацца да Ігнатавага надзелу, Ігнат, увесь падаўшыся наперад, шаргаючы лапцямі, рушыў насустрач ім. Ён перайшоў поле, стаў з таго краю, дзе мералі. Мершчыкі былі блізка, але не падступілі зусім, — ён стаяў трохі, чакаў. Незнаемы з паласатай рэйкай на плячы хацеў прайсці паўз яго, але Ігнат штосьці крыкнуў, i ён стаў. Азірнуўся ў бок каморніка. Там ужо складвалі трыногу, палажылі на калёсы i паўз поле пакіравалі да таго, што стаяў з рэйкаю. Не даехалі, спыніліся, сталі зноў расстаўляць трыногу. Хоня i Грыбок першыя заўважылі, што ў незнаёмага з рэйкай штосьці няладнае, — кінулі мераць, падаліся да яго. Упала гэта на ўвагу i Міканору i Гайлісу, — таксама рушылі да Ігната i тых, хто сабраўся каля яго. Было відна: там пачалася спрэчка. Ігнату загадвалі сысці, а ён упіраўся, штурхаў рэйку, штосьці крычаў. Раптам вырваў рэйку, адскочыў, шырока размахнуўся. Усе асцярожліва адхінуліся, адступілі. Зноў загадвалі нешта, але ён не слухаўся. Трымаў рэйку напагатове. Тады Хоня стаў абыходзіць яго. Выбраўшы зручны момант, кінуўся ззаду, стаў валіць. Рынуліся да Ігната іншыя. Павалілі…

Поделиться с друзьями: