Рускія народныя казкі
Шрифт:
Братавыя адчынілі вароты, а Ямеля кажа ціхенька:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —едзьце, сані, у лес...
Сані самі і паехалі, ды так хутка — на кані не дагнаць.
А ехаць у лес трэба было якраз праз горад, і тут ён многа народу з ног пазбіваў ды падушыў. Народ крычыць: «Трымай яго! Лаві яго!» А ён едзе сабе, сані паганяе. Прыехаў у лес:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —сякера, насячы дроў ды сушэйшых, а вы, дровы, самі валіцеся ў сані, самі вяжыцеся...
Сякера пачала сячы, калоць сухія дрэвы, а дровы самі ў сані валяцца і вяроўкай вяжуцца. Потым Ямеля загадаў сякеры высеч яму дубінку — такую, каб насілу падняць. Сеў на воз:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —едзьце, сані, дадому...
Сані памчаліся дадому. Зноў едзе Ямеля праз той горад, дзе нядаўна пазбіваў ды падушыў многа народу, а там яго ўжо чакаюць. Схапілі Ямелю і цягнуць з воза, лаюць і б'юць.
Бачыць ён, што кепскія справы, і ціхенька:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —ану, дубінка, палічы ім рэбры...
Дубінка выскачыла — і давай малаціць. Народ кінуўся наўцёкі, а Ямеля прыехаў дадому і залез на печ.
Многа часу прайшло ці не — пачуў цар, якія штукі Ямеля вытварае, і пасылае па яго афіцэра: знайсці Ямелю і прывезці ў палац.
Прыязджае афіцэр у тую вёску, заходзіць у тую хату, дзе Ямеля жыве, і пытаецца:
— Ты дурань Ямеля?
А ён з печы:
— А табе што?
— Апранайся хутчэй, я павязу цябе да цара.
— А мне не хочацца...
Раззлаваўся афіцэр і плясь яго па шчацэ.
А Ямеля кажа ціхенька:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —дубінка, палічы яму рэбры...
Дубінка выскачыла — і давай малаціць афіцэра, ледзьве ён уцёк.
Цар здзівіўся, што яго афіцэр не мог справіцца з Ямелем, і пасылае свайго самага галоўнага вяльможу:
— Прывязі да мяне ў палац дурня Ямелю, а то галаву з плеч здыму.
Накупляў самы галоўны вяльможа разынак, чарнасліву, пернікаў, прыехаў у тую вёску, зайшоў у тую хату і пачаў пытаць у братавых, што любіць Ямеля.
— Наш Ямеля любіць, калі яго ласкава папросяць ды чырвоны каптан паабяцаюць падарыць,— тады ён усё зробіць, што ні папросіш.
Самы галоўны вяльможа даў Ямелю разынак, чарнасліву, пернікаў і кажа:
— Ямеля, Ямеля, што ты ляжыш на печы? Паедзем да цара.
— Мне і тут цёпла...
— Ямеля, Ямеля, у цара цябе будуць добра карміць-паіць — калі ласка, паедзем!
— А мне не хочацца...
— Ямеля, Ямеля, цар табе чырвоны каптан падарыць, Шапку і боты.
Ямеля падумаў-падумаў:
— Ну добра, едзь ты ўперад, а я за табою следам.
Паехаў вяльможа, а Ямеля паляжаў яшчэ і кажа:
— Па шчупаковаму Казанню, Па майму жаданню —ану, печ, едзь да цара...
Тут у хаце вуглы затрашчалі, страха захісталася, сцяна вылецела. і печ сама пайшла па вуліцы, па дарозе, проста да цара.
Цар глядзіць у акно, дзівіцца:
— Гэга што за цуд?
Самы галоўны вяльможа адказвае яму:
— А гэта Ямеля на печы да цябе едзе.
Выйшаў цар на ганак:
Нешта, Ямеля, на цябе многа скаргаў! Ты многа народу падушыў.
— А чаго яны пад сані лезлі?
У гэты час праз акно на яго глядзела царская дачка — Мар’я-царэўна. Ямеля ўбачыў яе ў акенцы і кажа ціхенька:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —няхай царская дачка мяне пакахае...
I сказаў яшчэ:
— Ідзі, печ, дадому...
Печ павярнулася і пайшла дадому, увайшла ў хату і стала на сваё месца. Ямеля зноў ляжыць-палежвае.
А ў цара ў палацы крык ды слёзы. Мар'я-царэўна па Ямелю сумуе, не можа жыць без яго, просіць бацьку, каб аддаў ён яе за Ямелю замуж. Тут цар забедаваў, затужыў і кажа зноў самаму галоўнаму вяльможу:
— Ідзі, прывядзі да мяне Ямелю жывога ці мёртвага, а то галаву з плеч здыму.
Накупляў самы галоўны вяльможа вінаў салодкіх ды розных закусак; паехаў у тую вёску, зайшоў у тую хату і пачаў Ямелю частаваць.
Ямеля напіўся, наеўся, ап'янеў і лёг спаць. А вяльможа палажыў яго на павозку і па вёз да цара.
Цар тут жа загадаў прыкаціць вялікую бочку з
жалезнымі абручамі. У яе пасадзілі Ямелю і Мэр'ю-царэўну, засмалілі і бочку ў мора кінулі.
Прачнуўся Ямеля, бачыць — цёмна, цесна.
— Дзе ж гэта я?
А яму адказваюць:
— Нудна і млосна, Ямелька! Нас у бочку засмалілі, кінулі ў сіняе мора.
— А ты хто?
— Я Мар'я-царэўна.
Ямеля кажа:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню—ветры буйныя, выкаціце бочку на сухі бераг, на жоўты пясок...
Ветры буйныя падзьмулі, мора захвалявалася, бочку выкінула на сухі бераг, на жоўты пясок. Ямеля і Мар'я-царэўна выйшлі з яе.
— Ямелька, дзе ж мы будзем жыць? Пабудуй хоць якую-небудзь хатку.
— А мне не хочацца...
Тут яна пачала яшчэ больш яго прасіць, ён і кажа:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —пабудуйся мураваны палац з залатым дахам...
Толькі ён сказаў — з'явіўся мураваны палац з залатым дахам. Вакол — зялёны сад; кветкі цвітуць і птушкі пяюць. Мар'я-царэўна з Ямелем увайшлі ў палац, селі каля акна.
— Ямелька, а ці нельга каб ты прыгожым стаў?
Тут Ямеля, доўга не думаючы:
— Па шчупаковаму казанню, Па майму жаданню —стаць мне добрым малайцом, прыгожым удальцом...
I зрабіўся Ямеля такім, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.
А на той час цар ехаў на паляванне. Бачыць ён — стаіць палац, дзе раней нічога не было.