Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Рускія народныя казкі

Ушынскі Канстанцін Дзмітрыевіч

Шрифт:

Цар Афрон разгневаўся і пытаецца:

— Чый ты, адкуль?

— Я цара Берандзея сын, Іван-царэвіч.

— Ай, які сорам! Царскі сын ды пайшоў красці.

— А што ж, калі ваша птушка лятала, наш сад спусташала?

— А ты б прыйшоў да мяне, хораша папрасіў, я яе і так аддаў бы, з павагі да твайго бацькі, цара Берандзея. А цяпер па ўсіх гарадах путчу нядобрую славу пра вас... Ну ды нічога, саслужыш мне службу, я табе дарую. У такім вось царстве ў цара Кусмана ёсць конь залатагрывы. Прывядзі яго мне, тады аддам табе Жар-птушку з клеткай.

Зажурыўся Іван-царэвіч, ідзе да шэрага воўка. А воўк яму:

— Я ж табе казаў, не чапай клетку! Чаму не слухаўся майго загаду?

— Ну, даруй жа ты мне, даруй, шэры воўк.

— Ага, даруй... Добра, садзіся на мяне. Узяўся за гуж, не кажы, шт.о не дуж.

Зноў памчаўся шэры воўк з Іванам-царэвічам. Доўга ці не, дабягаюць яны да той крэпасці, дзе стаіць конь залатагрывы.

— Лезь, Іван-царэвіч, цераз сцяну, вартаўнікі спяць. Ідзі ў стайню, бяры каня, ды глядзі аброць не чапай!

Іван-царэвіч пералез у крэпасць, там усе вартаўнікі спяць, зайшоў на стайню, злавіў каня залатагрывага, ды паквапіўся на аброць — яна золатам, дарагімі камянямі аздоблена; у ёй залатагрываму каню толькі і гуляць.

Іван-царэвіч дакрануўся да аброці — пайшоў шум па ўсёй крэпасці: трубы затрубілі, у барабаны забілі, вартаўнікі прачнуліся, схапілі Івана-царэвіча і павялі да цара Кусмана.

— Чый ты, адкуль?

— Я Іван-царэвіч.

— Эге ж, за якія дурыкі ўзяўся — каня красці! На гэта просты мужык не згодзіцца. Ну ды нічога, дарую табе, Іван-царэвіч, калі саслужыш мне службу. У цара Далмата ёсць дачка Алена Прыгожая. Украдзі яе, прывязі да мяне — падару табе залатагрывага каня з аброццю.

Яшчэ мацней зажурыўся Іван-царэвіч, пайшоў да шэрага воўка.

— Казаў я табе, Іван-царэвіч, не чапай аброць! Не паслухаўся ты майго загаду.

— Ну, даруй жа мне, даруй, шэры воўк.

— Ага, даруй... Ды ўжо хай сабе, садзіся мне на спіну.

Зноў памчаўся воўк з Іванам-царэвічам. Дабягаюць яны да цара Далмата. У яго ў крэпасці гуляе ў садзе Алена Прыгожая з мамкамі, нянькамі. Шэры воўк кажа:

— На гэты раз я цябе не пушчу, сам пайду. А ты ідзі назад дарогай-пуцявінай, я цябе хутка даганю.

Іван-царэвіч пайшоў назад дарогай-пуцявінай, а шэры воўк пераскочыў сцяну — ды ў сад. Прытаіўся за кустом і глядзіць: Алена Прыгожая выйшла са сваімі мамкамі, нянькамі. Гуляла, гуляла і толькі трошкі ад стала ад мамак і нянек, шэры воўк схапіў Алену Прыгожую, перакінуў цераз спіну — і наўцёкі.

Іван-царэвіч ідзе дарогай-пуцявінай, раптам даганяе яго шэры воўк, на ім сядзіць Алена Прыгожая. Зарадаваўся Іван-царэвіч, а шэры воўк яму:

— Садзіся на мяне хутчэй, каб хаця за намі пагоні не было.

Памчаўся шэры воўк з Іванам-царэвічам, з Аленай Прыгожаю па дарозе назад — сінія лясы міма вачэй прапускае, рэкі, азёры хвастом замятае. Доўга ці не, дабягаюць яны да цара Кусмана. Шэры воўк пытаецца:

— Чаго, Іван-царэвіч, прыціх, зажурыўся?

— Ды як жа мне, шэры воўк, не тужыць? Як расстануся з такою красою? Як Алену Прыгожую на каня буду мяняць?

Шэры воўк адказвае:

— Не разлучу я цябе з такою красою — схаваем яе дзе-небудзь, а я зраблюся Аленай Прыгожаю, ты і вядзі мяне да цара.

Тут яны Алену Прыгожую схавалі ў лясной хатцы. Шэры воўк перакуліўся цераз галаву і зрабіўся — кропля ў кроплю — вылітай Аленай Прыгожай. Павёў яго Іван-царэвіч да цара Кусмана. Цар зарадаваўся, пачаў яму дзякаваць:

— Дзякуй табе, Іван-царэвіч, што дастаў мне нявесту. Бяры сабе залатагрывага каня з аброццю.

Іван-царэвіч сеў на гэтага каня і паехаў па Алену Прыгожую. Узяў яе, пасадзіў на каня, і едуць яны дарогай-пуцявінаю.

А цар Кусман наладзіў вяселле, банкетаваў цэлы дзень да вечара, а як трэба было спаць класціся, павёў ён Алену Прыгожую ў спальню, ды толькі лёг з ёю на ложак, глядзіць — воўчая морда замест маладой жонкі! Цар ад страху зваліўся з ложка, а воўк уцёк прэч.

Даганяе шэры воўк Івана-царэвіча і пытаецца:

— Аб чым задумаўся, Іван-царэвіч?

— Як жа мне не думаць? Шкада расставацца з такім скарбам — канём залатагрывым, мяняць яго на Жар-птушку.

— Не тужы, я табе памагу.

Вось даязджаюць яны да цара Афрона. Воўк і кажа:

— Гэтага каня і Алену Прыгожую ты схавай, а я зраблюся канём залатагрывым, ты мяне і вядзі да цара Афрона.

Схавалі яны Алену Прыгожую і залатагрывага каня ў лесе. Шэры воўк перакінуўся цераз спіну, зрабіўся залатагрывым канём. Іван-царэвіч павёў яго да цара Афрона. Цар зарадаваўся і аддаў яму Жар-птушку з залатой клеткай.

Іван-царэвіч вярнуўся пеша ў лес, пасадзіў Алену Прыгожую на залатагрывага каня, узяў залатую клетку з Жар-птушкаю і паехаў дарогай-пуцявінаю ў родны край.

А цар Афрон загадаў падвесці яму падараванага каня і толькі хацеў сесці на яго — конь перакінуўся ў шэрага воўка. Цар ад страху дзе стаяў, там і ўпаў, а шэры воўк кінуўся наўцёкі і хутка дагнаў Івана-царэвіча.

— Цяпер бывай, мне далей ісці нельга.

Іван-царэвіч злез з каня і тры разы пакланіўся да зямлі, з павагай падзякаваў шэраму воўку.

А той кажа:

— Не навек развітвайся са мною, я яшчэ табе ў прыгодзе стану.

Іван-царэвіч думае: «У якой яшчэ прыгодзе? Усе жаданні мае збыліся». Сеў на залатагрывага каня, і зноў паехалі яны з Аленай Прыгожаю, з Жар-птушкаю. Даехаў ён да сваіх мясцін, захацелася яму папалуднаваць, Было ў яго з сабою кр'ыху хлебца. Ну, яны паелі, крынічнай вады папілі і леглі адпачыць.

Толькі Іван-царэвіч заснуў, пад'язджаюць да яго браты. Ездзілі яны па чужых землях, шукалі Жар-птушку, вярнуліся з пустымі рукамі. Пад'ехалі, аж бачаць — у Івана-царэвіча ўсё здабыта.

Вось яны і згаварыліся:

— Давай заб'ём брата, уся здабыча будзе наша.

Дамовіліся так і забілі Івана-царэвіча. Селі на залатагрывага каня, узялі Жар-птушку, пасадзілі на каня Алену Прыгожую і застрашылі яе:

— Дома не кажы нічога!

Ляжыць Іван-царэвіч мёртвы, над ім ужо крумкачы лятаюць. Hi адсюль ні адтуль прыбег шэры воўк і схапіў крумкача з крумкачанём.

— Ляцітка ты, крумкач, па жывую і мёртвую ваду. Прынясеш мне жывой і мёртвай вады, тады адпушчу тваё крумкачаня.

Поделиться с друзьями: