Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Рускія народныя казкі

Ушынскі Канстанцін Дзмітрыевіч

Шрифт:

— Гэта хто пасмеў без майго дазволу на маёй зямлі палац паставіць?

I паслаў спытаць-распытаць, хто такія.

Пасланцы пабеглі, сталі пад акном, пытаюцца.

Ямеля ім адказвае:

— Прасіце цара да мяне ў госці, я сам яму скажу.

Цар прыехаў да яго ў госці. Ямеля яго сустракае,

вядзе ў палац, садзіць за стол. Пачынаюць яны баляваць. Цар есць, п'е і надзівіцца не можа:

— Хто ж ты такі, добры малойца?

— А памятаеш дурня Ямелю, што прыязджаў да цябе на печы, а ты загадаў яго са сваёю дачкою ў бочку засмаліць, у мора кінуць? Я — той самы Ямеля. Захачу — усё тваё царства спалю і спустошу.

Цар вельмі спалохаўся, пачаў прабачэння прасіць:

— Жаніся з маёй дачкой, Ямелька, бяры маё царства, толькі не губі мяне!

Тут наладзілі банкет на ўвесь свет. Ямеля ажаніўся з Мар'яй-царэўнай і пачаў кіраваць царствам.

Тут і казцы канец, а хто слухаў — маладзец.

КАЗКА ПРА СЯРЭБРАНЫ СПОДАЧАК І НАЛІЎНЫ ЯБЛЫЧАК

Жылі-былі селянін з жонкаю. У іх было тры дачкі, усе тры красуні. Старэйшыя дзве — гультайкі, ім бы ўсё сядзець ды ў строі прыбірацца, харашыцца; а трэцяя, малодшая, Алёнка — працавітая і сціплая. Прыгажэйшая за ўсіх сясцёр была Алёнка.

Пра ўсё клапоціцца Алёнка: і ў хаце прыбярэ, і абед згатуе, і агарод праполе, і вады прынясе. З бацькамі яна была ласкавая, да людзей прыветлівая. Любілі яе маці з бацькам больш за ўсіх дачок. А ад гэтага старэйшых сясцёр зайздрасць брала.

Аднойчы паехалі бацька з маці на поле. Падышла да іх дома бедная бабулька і папрасіла хлеба. Старэйшыя сёстры з ёю і гаварыць не захацелі, а Алёнка вынесла бабульцы булку белую і правяла яе за вароты.

— Дзякуй табе, дзяўчына,— сказала бабулька.— За дабрыню тваю вось табе парада: паедзе твой бацюхна на кірмаш, папрасі яго купіць табе для пацехі сярэбраны сподачак ды наліўны яблычак. Будзеш качаць яблычак па сподачку ды прымаўляць:

Каціся, каціся, яблычак, Па сярэбраным сподачку, Пакажы ты мне на сподачку Гарады і нівы, I лясы, І моры, I гор вышыню, I нябёс харашыню.

А як здарыцца бяда з табою, дзяўчына,— памагу табе. Запомні: жыву я на краі лесу дрымучага і ісці да мае хаткі роўна тры дні і тры ночы.

Сказала бабулька гэтыя словы і пайшла ў лес.

Многа ці мала часу мінула, сабраўся селянін на Kipмаш ехаць.

Пытаецца ён у дачок:

— Якіх вам гасцінцаў купіць?

Адна дачка просіць:

Купі мне, бацюхна, кумачу на сарафан.

Другая кажа:

— Купі мне паркалю ўзорыстага.

А Алёнка просіць:

— Дарагі мой любы бацюхна, купі мне сярэбраны сподачак ды наліўны яблычак.

Паабяцаў селянін дочкам выканаць іхнія просьбы і паехаў.

Вярнуўся ён з кірмашу, прывёз дочкам гасцінцы: адной—кумачу на сарафан, другой — паркалю ўзорыстага, а Алёнцы — сярэбраны сподачак ды наліўны яблычак. Старэйшыя сёстры радуюцца падарункам, а з Алёнкі смяюцца ды чакаюць, што яна будзе рабіць з сярэбраным сподачкам і наліўным яблычкам.

А там не есць яблычак, села ў куточык, качае яблычак па сподачку і прымаўляе:

— Каціся, каціся, яблычак, Па сярэбраным сподачку, Пакажы ты мне па сподачку Гарады і ніны, I лясы, і моры, І гор вышыню, I нябёс харашыню.

Коціцца яблычак па сподачку, наліўны на сярэбраным, а на сподачку ўсе гарады відаць, сёлы сярод ніў шырокіх, караблі на морах далёкіх, і гор вышыня, і нябёс харашыня, яснае сонейка са светлым месячыком кружацца, зоркі ў карагоды збіраюцца; так усё цудоўна, што ні ў казцы сказаць, ні пяром напісаць.

Загледзеліся сёстры, узяла іх зайздрасць, захацелі яны вымантачыць у Алёнкі сподачак з яблычкам. Але Алёнка ні на што не хоча мяняцца.

Задумалі тады сёстры забраць у яе сподачак і яблычкам ашуканствам ды сілаю. Пахаджваюць, падгаворваюць:

— Галубка Алёнка! Хадзем у лес па ягады, суніц назбіраем.

Згадзілася Алёнка, аддала сподачак з яблычкам бацьку і пайшла з сёстрамі ў лес.

Па лесе Алёнка блукае, ягады збірае, а сёстры ўсё далей яе вядуць. Завялі ў гушчар, напалі на Алёнку, забілі і пад бярэзінкай пахавалі, а да бацькі з маці позна ўвечары прыйшлі і кажуць:

— Алёнка ад нас уцякла і прапала. Мы ўвесь лес абышлі, так і не знайшлі. Мабыць, яе ваўкі з'елі.

Горка заплакалі бацька і маці, а сёстры просяць у бацькі сподачак і яблычак.

— Не,— адказвае ён ім,— нікому я не аддам сподачак з яблычкам. Няхай будуць яны мне на ўспамін аб Алёнцы, дачцэ маёй любімай.

Паклаў яблычак са сподачкам у куфэрак і замкнуў.

Мінула нямала часу. Гнаў на досвітку пастушок паўз лес чараду авечак. Адна авечка адстала і зайшла ў лес. Пайшоў пастушок па лесе авечку шукаць. Бачыць — стаіць стройная белая бярэзінка, а пад ёю пагорачак, а на ім кветкі ярка-чырвоныя, блакітныя, а над кветкамі чарацінка.

Зрэзаў пастушок чарацінку, зрабіў дудачку і — дзіва дзіўнае, цуд, ды годзе — дудачка сама спявае, вымаўляе:

Іграй, іграй, пастушок, Іграй ціхенька, Іграй хорашанька. Мяне, бедную, забілі, Пад бярэзінку палажылі, За сярэбраны сподачак, За наліўны яблычак.

Прыйшоў пастушок у вёску, а дудачка ўсё спявае сваю песеньку.

Людзі слухаюць — дзівяцца, пастушка распытваюць.

— Людзі добрыя,— кажа пастушок,— нічога я не ведаю. Шукаў я ў лесе авечку і ўбачыў пагорачак, на пагорачку кветкі, над кветкамі чарацінка. Зрэзаў я чарацінку, зрабіў сабе дудачку, а дудачка сама спявае, вымаўляе.

Здарылася так, што былі тут якраз бацька і маці Алёнкі, і пачулі яны словы пастушка. Схапіла маці дудачку, а дудачка сама спявае, вымаўляе:

— Іграй, іграй, родная мамачка, Іграй ціхенька, Іграй хорашанька. Мяне, бедную, забілі, Пад бярэзінку палажылі, За сярэбраны сподачак, За наліўны яблычак.

Сціснулася сэрца ў бацькі і ў маці, як пачулі яны гэтыя словы.

— Вядзі нас, пастушок,— сказаў бацька,— туды, дзе ты зрэзаў чарацінку.

Пайшлі бацька з маці за пастушком у лес, і людзі з імі пайшлі. Убачылі пад бярэзінкай пагорачак з кветкамі ярка-чырвонымі, блакітнымі. Пачалі разграбаць пагорачак і знайшлі забітую Алёнку.

Пазналі бацька з маці дачку сваю любімую і заплакалі слязьмі несуцешнымі.

— Людзі добрыя,— пытаюцца яны,— хто забіў, загубіў яе?

Узяў тут бацька дудачку, а яна спявае, вымаўляе:

— Іграй, іграй, родны татачка, Іграй ціхенька, Іграй хорашанька. Мяне сёстры ў лес завабілі, Мяне, бедную, забілі, Пад бярэзінку палажылі, За сярэбраны сподачак, За наліўны яблычак. Ты пайдзі, пайдзі, любы бацюхна, На край лесу дрымучага, Там стаіць хатка драўляная, У ёй жыве бабулька добрая, Дасць жывой вады яна ў пляшачцы. Як апырскаеш мяне той вадзіцаю — Я прачнуся-абуджуся ад сну цяжкага, Ад сну цяжкага, ад сну мёртвага.
Поделиться с друзьями: