Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сад Замкнёных Гор

Мінскевіч Серж

Шрифт:

Маё «выгоднае» становішча хутка ацанілі суседзі і ўдваіх зачапіліся за мяне. Я адчуваў, як кожнае імгненьне зьнішчае моц рукі. Таму трэба было выбіраць.

Я падцягнуў карліка да рота, схапіў зубамі за каўнер, а вольнай рукой ударыў дзецюка, які абхапіў маю шыю. Той вохкнуў і паляцеў да сьмерці. Другі дзядзька, убачыўшы, што раблю, страшна вылаяўся і паспрабаваў ухапіцца за нешта на зямлі, але там нічога зручнага не патрапілася.

Ён закрычаў, і зрываючы аб падлогу пазногці, пасьлізгаў да страшэннай машыны.

Я адбіваўся ад тых, хто ляцеў на мяне, і таксама, як мог, тузаў карліка, бо невядомае пачуцьцё падказвала — ён выратуе мяне.

Карлік быў без прытомнасьці, і сутаргі пачалі «круціць» яго ногі, рукі. З горла ў яго вырываліся дзікія стогны.

— Ну, давай, давай, кажы мне! — крыкнуў я.

Мутныя вочы ліліпута праясьнелі.

— Сьмерць гэта канец… А канчаць заўсёды прыемна… — ён усьміхнуўся.

— Кажы, — я штосілы страсануў яго.

— Там… — вачыма паказаў ён.

І я, прачытаў яго думку! Там, я дакаладна ўжо ведаў дзе! — трэба праламіць сьцяну…

— Людзі! Я ведаю выйсьце!

Мяне пачулі некалькі малых хлопцаў і дзяўчынка дванаццаці гадоў зь вялікімі сінімі вачыма — мабыць іх старэйшая сястра. Толькі ж іх сілы былі настолькі мізэрныя. Яны вішчалі, караскаліся і падалі, па чарзе набліжаючыся да пачварнай пашчы.

Хай гэта жорстка, але я зразумеў: пакуль вакол будуць звар’яцелыя істоты, мая сьмерць непазьбежная.

Я чакаў.

— А чаму ты не скарыстаўся выйсьцем дагэтуль?! Чаму ты, мярзотнік, не сказаў астатнім?! — крыкнуў я ў вуха карліку, але той зноў пачаў траціць прытомнасьць.

Але на хвілю акрыяў:

— Ні ў кога няма моцы праламіць сьцяну… Там… там іншы сьвет, ня наш… там таксама канец… — забыцьцё не дало яму дагаварыць. Твар стаўся спакойным і шчасным. Ён перастаў дыхаць.

— Бывай, — сказаў я і расьціснуў пальцы.

Ён, ужо мёртвы, б’ючыся галовою аб падлогу, паляцеў да жалезных, чырвоных ад крыві, клюшняў.

Нешта зьмянілася! Узмацніўся гук і вецер. Раздаўся трэскат і па бэтоннай падлозе папаўзьлі вялікія рашчэпіны, пад імі забялелі плястыкавыя косьці перакрыцьцяў. Гэта выратавала хударлявую сінявокую дзяўчынку, што яшчэ нядаўна падтрымлівала сваіх братоў. Яна змагла зачапіцца рукамі за рабро адной з трэшчын і адчайна змагалася за сваё існаваньне. На той час у залі, якую «вычышчалі» асэнізатары, у жывых засталіся толькі я і яна. Жаль працяў мне сэрца, пасьля зьмяніўся на гнеў, калі я ўявіў, што за сьмерцю людзей па экранах назірае купка нягоднікаў, а зь імі мая каханая…

Завіруха бэтоннага пылу і плястамасавых акраўкаў панавала ў прасторы, замінаючы глядзець.

Я прыхіліўся да трэшчыны, за якую трымалася дзяўчынка. Рашчэпіна была даволі шырокая, і як я здагадаўся, ішла па шву калідора. Я падпоўз да дзяўчынкі, разарваў алюміневую фальгу, што блішчэла паміж вострых плястыкавых краёў. За разрывам, як я і меркаваў, адкрылася міжтунэльная прастора, настолькі вузкая, што ў яе магла праціснуцца толькі яна.

— Залазь! Хутчэй! Пакуль яны будуць займацца мной, ты пасьпееш схавацца.

Дзяўчынца было гадоў дзесяць-дванаццаць, настолькі худзенькая, што без праблем пралезла ў пралом у падлозе.

— А вы?

— Калі зможаш, дабярыся да паўночнай штольні. Пад плітой са сьпіральнай драпінай ёсьць лёх, за ім жыве народ вемасуты. Ён прыме цябе. Скажы, што Дяляшорзах ідзе па Шляху.

Яна паглядзела мне ў вочы:

Калі ты ў мяне, закаханая, Калі ты ў мяне, закаханы… —

паўтарыла яна словы з маёй вершаванай замовы….

— Лезь хутчэй! — я зьвёў за дзяўчынкаю акрайцы тоўстай фальгі, каб неяк замаскаваць прарыў.

А мой шлях — растрэсканая плоская падлога — выглядала як стромкая скала, па якой я абавязаны ўзьбірацца.

ХХ

Здавалася, струмень яшчэ ўзмацніўся, а пасьля сьціх.

Плястмасавы сьнег-сьмецьце ўпаў на падлогу, цалкам засыпаўшы мяне. Задыхаючыся я ледзьве выкараскаўся з сумёту.

Пачуў сьмех Упляйка, узмоцнены празь мікрафоны. Ён адмыслова прыпыніў машыну, каб бачыць мяне.

Зароў матор. Гострыя аскепкі паляцелі на мяне.

Што ж, няхай. Барацьба!

Я адзін супраць войска і пачварнай машыны.

Падцягнуўся. Паставіў ногі ў шчыліну, знайшоў для рук новы выступ. Зноў падцягнуўся.

Прапоўз такім чынам тры мэтры. Спыніўся адпачыць. Туніка, мокрая ад поту, прыліпла да цела.

Далей пралягала зусім гладкая падлога, ніякіх зачэпак. Трэба караскацца да іншага краю.

Я трошкі разьвярнуўся… Зрабіў неасьцярожны рух, і мая нага сарвалася. Я павіс (павіс на падлозе!) на адной руцэ. Акpаек трэшчыны ўпіўся ў фалангі пальцаў.

І пальцы ня вытрымалі, я паляцеў!

Страшна, калі не валодаеш сваім целам, калі яно бездапаможна борсаецца ў даўкай плыні, што нясе на жахлівую сьмерць, ад якой ня выратуе нават чароўная мудрасьць старога мысьляра. Майму «Я» проста ня будзе куды вяртацца. Пачвара нічога не пакіне ад майго цела.

Падзеньне паскорылася. Заля перад брамай з клюшнямі звужалася. Паток аскепкаў шкла, плястмасы, тынкоўкі тут ушчыльняўся, што дадавала большых пакутаў.

Раптам пада мною на падлозе стварылася даволі вялікая трэшчына. Рукі чыста інстынктыўна схапіліся за край. Я павіс. Хвіліна сьмерці адкладзена!

З боку ўжо блізкай пашчы вылезла жудасная клюшня, пачала павялічвацца. Бачна, як расьціскаюцца і сьціскаюцца агромныя абцугі. Яны цягнуліся да мяне.

Не! Далёка!

Жалязяка здолела толькі дакрануцца да падэшвы маіх сандаляў.

Я мог трохі перадыхнуць. Усю падлогу вялікай залі пакрывала павута шэрбін і трэшчын.

А пачвара высмоктвала паветра! Вецер яшчэ больш узмацніўся, мабыць ва Ўпляйка ня вытрамылі нэрв, і ён загадаў запусьціць машыну напоўніцу. Град вострых аскепкаў тынкоўкі, адбіткаў засохлай фарбы, плястмасы бязьлітасна біў мяне. Сьмецьце засядала ў валасах, забівала ноздры, вушы, вочы. Дыхаць рабілася ўсё цяжэй. Я з апошніх сіл трымаўся за гостры край трэшчыны, вісеў у струмені паветра над самай пашчай машыны. Раптам раздаўся страшэнны выбух — гэта са сьценкі з клёпак сарваўся пляст сталі. Ён праляцеў паўз мяне, садраўшы зь мяне туніку і параніўшы мне сьпіну, і плазам упаў на пашчу машыны.

Рухавік узвыў. Але струмень паветра аслабеў.

Па трэшчынах, як па прыступках я пабег да таго месца на сьценцы залі, якое мне паказаў карлік. Хутчэй, пакуль машына не перажавала стальны ліст.

Маё цела, нібы сьвежая лаза ў руках празорцы, затрымцела. Я ўвесь сьціснуўся і ўдарыў правай рукой у сьцяну. Яна адспружыніла мой кулак, з костачак палілася кроў. Але і на сьценцы зьявілася зорка чорных трэшчын.

Яшчэ адзін наймацнейшы ўдар! Рука правалілася ў плястмасе і фальзе. Адтуль вырваўся струмень паветра, якое напаіла, наталіла, мяне. Яно было іншым, чым певетра на ўсіх узроўнях сьвету. Марозкае і вострае, сьвежае і пругкае.

Поделиться с друзьями: