Сад Замкнёных Гор
Шрифт:
Больш уважліва я азірнуў гэтага «лесавіка».
Ад раскосых зялёных вачэй па скулах разьбягаліся промні неглыбокіх зморшчын — узьдзеяньне сонечнага сьвятла. У ягоным абліччы адчувалася некаторая суворасьць.
«Лесавік» рабіў усё нясьпешна, разважліва. Таксама нясьпешна вымаўляў словы.
— А хто жыве ў гэтым лесе?
— Гэта ня лес, гэта Сад.
— Такі вялікі?
— Не такі ён і вялікі. За пару тыдняў увесь абыйсьці можна. А жывуць у ім птушкі, дробныя грызуны і дробныя драпежнікі, што пільнуюць колькасьць грызуноў. Жывёлаў, небясьпечных для чалавека, тут няма. Спакой і радасьць, — ён сумнавата ўсьміхнуўся.
— А які народ насяляе гэты Сад?
— Мой.
— А як ваш народ завецца?
— Раншай… Раншайты.
— Не чуў пра такіх. Але па гаворцы, думаю, што вы выйшлі з Заходніх Тунэляў.
— Так, праўда гэта было так даўно, што пра нас ужо забыліся.
— А я прадстаўнік вемасутаў, з самага долу. Даляшорзах Ін-Йорм.
— Ого, — зьдзівіўся ён, — з тых шаманаў-далакопаў?
— Так, хаця мне не падабаецца, калі нас так называюць.
– І змог дабрацца сюды! — ён на імгненьне задумаўся… — Раншай Варат Першы, — цьвёрдым голасам прадставіўся «лесавік-садавік».
«Руата таксама была першая,» — падумаў я.
— Цікава, што Вашае імя і назва народа супадае.
— Такі ў нас звычай. Дадаваць у імёны хлопцаў назву нашага гордага народу.
— Магчыма, у такіх варунках, народ квітнее. Паветра, вады і ежы хапае.
— Вядома.
— А колькі вас. Мабыць сотня, дзьве? Вунь якая тэрыторыя.
Ён усьміхнуўся шырэй. Відаць здагадаўся чаму я задаў гэтае пытаньне.
— Нас тут дастаткова. Але нават адзін новы чалавек будзе ўжо лішнім.
Нядобрыя ноткі прагучалі ў словах мужчыны.
— Але ж пакуль я спускаўся з гор, я ня ўбачыў ніводнага, апрача вас, чалавека, — прамовіў спакойна, — і нават жытла не відаць.
Ён моўчкі раскідаў кіем вуглі, дастаў бульбіны і паказаў поглядам, каб я частаваўся.
— А далей няма яшчэ аднаго саду ці лесу? — спытаў я, падкідваючы на далоні гарачы плод.
— Няма.
— А вы былі там за гарамі, — я паказаў у той бок, куды сядала сонца.
— Тут навокал горы.
— Але ж за імі павінна быць зямля.
— За імі жалеза-каменная пустэльна з дробным пылком.
– І так да смага далягляду?
— Так па ўсёй плянэце. Сад — аазіс на дне вялікага кратэра. Вакол непраходныя горы… Гэта Сад Замкнёных Гор…
— Чаму тут Сад ёсьць, а там нічога няма? — даймаў я «садавіка».
— Табе не зразумець…
— Я шмат чаго ведаю пра Сусьвет! — ганарліва прамовіў я.
Мужчына паблажліва зірнуў на мяне:
— Даўно, у дагістарычную эпоху гіганцкае касьмічнае цела прабіла жалеза-каменную кару плянэт. Яго рэчыва перамяшалася з больш мяккімі ніжнімі слаямі, што і дазволіла нашым продкам пасадзіць тут Сад.
— А самі яны спусьціліся пад зямлю?
— Правільна.
— А адкуль вы гэта ведаеце?
— Нашыя старэйшыны апавядалі.
— А магу я зь імі пагаварыць.
— Можаш… Толькі заўтра. Сонца сядае. Будзе ноч.
Насамрэч наступала Ноч — а ня штучнае зацямненьне! — якім кіруе Аўтаматычная Станцыя Часу.
— А вашы старэйшыны не казалі адкуль прыйшлі нашыя продкі?
— Яны прыйшлі з зораў?
Хутка цямнела. На целе неба, паўсюль-паўсюль, высыпалі срэбныя радзімкі.
Я заварожана сачыў за ніколі небачаным чарадзействам.
На чорным тле нябеснага купала паступова праявіўся Белы Шлях. Цяпер я выразна разумеў, што той запаветны Шлях, па якім я павінен ісьці — гэта і ёсьць Зорны Белы Шлях. «Дзіўнае, няўрымсьлівае жыцьцё чалавека. За адным пройдзеным Шляхам заўсёды паўстае наступны,» — падумаў я.
Раншай заўважыў, як я гляджу на неба.
— Нашыя продкі называлі яго «Млечны Шлях».
Мяне ўразіла і ўзрушыла такая паэтычная і трапная назва. Як мы п’ем малако сваёй маці, каб узмацнець, падняцца з падлогі, так і нашая душа мусіць піць малако зор, каб падняцца зь зямлі да іх.
Я прагна ўглядаўся ў зоры, я наталяў сваю адвечную смагу душы. І як мне было шкада свайго народа і ўвесь чалавечы род, якому наканавана жыць у цесных змрочных сутарэньнях.
— Калі нашыя продкі прыйшлі з зораў, значыцца там павінны быць іншыя сады ці землі, дзе можна тыя сады пасадзіць! — усклікнуў я. — Скажэце, а як нашыя продкі хадзілі па зорах?
— У іх былі спэцыяльныя вялікія караблі. Адзін такі карабель калісьці прыляцеў сюды.
— Значыць можа прыляцець яшчэ карабель!
— Нашыя старэйшыны кажуць, што можа.
— Мне трэба абавязкова паразмаўляць зь імі.
Раншай пагасіў вогнішча, дастаў з торбы покрыва, раскінуў на траве і лёг на яго.
— Тут лета і зіма амаль аднолькавыя. Так што можна спаць на зямлі — ня зьмерзьнеш.
Ён перад тым як заснуць распытаў пра жыцьцё ўнізе, пра мяне, хаця як, мне падалося, гэта ня вельмі цікавіла яго. Калі жывеш у такой прыгажосьці, хіба захочацца думаць пра падзямельле?
Неўзабаве Раншай мірна пасопваў.
А я ня мог доўга заснуць. Назіраў за зорамі. І нават зразумеў, што трэба яшчэ навучыцца добра выбіраць зоркі, каб знайсьці для майго народу самую трывалую, бо некаторыя зь іх не трымаліся на небе і падалі на зямлю.
ХХІІІ
Прачнуўся ад таго, што ў мяне зацяклі рукі і ногі — яны былі туга зьвязаныя моцнай вяроўкай.
— Добрай раніцы, далакопе, — усьміхнуўся Раншай усё той жа сумнаватай усьмешкаю, — ты хацеў паразмаўляць з маімі старэйшынамі. Што ж, я табе даю трошкі часу на гэта.
Я прыпадняўся, наколькі дазвалялі путы, але нікога каля «лесавіка-садавіка» не заўважыў.
— Дзе ж яны? — спытаў я.
— Тут, — адказаў Раншай і паказаў вялікім пальцам на сябе. — Я і ёсьць увесь мой народ. Значыць і старэйшыны мае ўва мне, — ён засьмяўся. — Ты хацеў вывесьці сюды сваіх плюгавых далакопаў, каб яны перакапалі тут усю глебу. Дык ім было б нецікава, глеба тут мяккая, як пух. Бачыш якая трава расьце сакавітая, якія дрэвы сытыя, плодныя. Патрасеш — вось табе і сьняданак, і абед, і вячэра. Твае людзі такога ня бачылі… І, як ні шкада, ніколі ня ўбачаць. Далакопы павінны капаць сабе долы, — ён зайшоўся такім гучным сьмехам, што распалохаў райскіх птушак, якія ціўкалі ў лістоце дрэваў.