Сад Замкнёных Гор
Шрифт:
— Што я хачу… — прамовіў ён халодным тонам, — я хачу, каб ты дабравольна згадзіўся пакінуць мне мой Сад.
— Каб я пагадзіўся на сьмерць?
— Так.
— Каб я сам сябе забіў?
— Так.
— А ты ўпэўнены, што ўсё, што ты мне цяпер апавёў — праўда?
— Так.
«Мой Шлях, гэта шлях да сьмерці. — падумаў я, — усюды мяне хацелі забіць, усюды я быў лішні, я быў для кагосьці канкурэнтам. І якія б не былі высакародныя матывы маёй мэты, кон вёў мяне да скону.»
— Дай мне падумаць. Я клянуся ўсім сваім родам, што наўмысна не зраблю табе нічога кепскага.
— Добра, думай да вечара. Як толькі сьцямнее, буду чакаць цябе на гэтай паляне, ля вогнішча.
Ён схіліўся і разрэзаў нажом путы.
Я ўстаў, разьмяў здранцвелыя рукі і ногі, моўчкі накіраваўся ў гушчар. Хацеў да вечара ўвабраць у сябе ўсе дзівы якія шчодра раздаваў Сад.
XXІV
Я назіраў за птушкамі, каштаваў плады, якія яны елі, піў смачную ваду з крыніц, сачыў куды бягуць ручаі, дзівіўся прыгажосьці натуральнага возера. Думка, што заўтра гэтага нічога для мяне ня будзе прыгнятала і скоўвала волю. Мне было сябе шкада! Самае непрыемнае, што пазбавіць сябе радасьці адкрытага новага жыцьця павінен я сам. А я так імкнуўся да сваёй мэты, я знайшоў Шлях, здолеў прайсьці па ім, а, насамрэч — усе выпрабаваньні вялі да таго, каб я сам асабіста адмовіўся ад сябе!
Хіба нельга вярнуцца назад? Не можа быць, каб не было дарогі ў падзямельле. Зноў пачну жыць разам са сваім народам, буду разам зь ім пераносіць усе цяжкасьці жыцьця ў сутарэньнях…
Але мае развагі спыніла згадка пра жахлівыя словы Раншая, я ўспомніў пра мае сурокі. Цяпер я не чалавек, цяпер я ўпыр, моцасмок. Але ж я магу жыць спаміж ворагаў майго народу!
Пабег да пячоры з якой спусьціўся ў Сад. Пайшоў па сваіх сьлядах, што пакінуў дзень таму. Сьляды прывялі мяне да глухой скальнае сьцяны. На жоўтым пяску застаўся адбітак майго цела, было відаць, што я ўпаў на пясок зь невялікай вышыні, як быццам перад тым узьнік у паветры. Само паветра над гэтым месцам было нібыта «жывое», прыкладна, такім, як бывае над гарачай лямпай. Але паветра не было гарачым. Ледзьве заўважнае празрыстае трымценьне вымалёўвала «Нябесную Браму», але самой Брамы там быццам і не было.
Я кінуў у трымтлівы малюнак камень, але ён упаў на зямлю. Відавочна, Брама сама перакідвае «госьця» у пячору, і я ня ведаю і наўрад ці даведаюся, як яна адкрываецца.
«Ды пайшло ўсё да д’ябла, — сказаў я сам сябе, — калі продкі прыдумалі такую канкурэнцыю, то значыць ім гэта было трэба. Навошта я буду ісьці супраць продкаў? Хай будзе як будзе, чые сурокі мацнейшыя, той і застанецца тут жыць. Я сябе забіваць не хачу!»
З такім цьвёрдым перакананьнем я пайшоў да паляны, дзе мяне ўжо чакаў мой сьмяротны канкурэнт.
Сонца, як і ўчора, сядала за пік высокай гары. Цямнела хутка.
Раншай падклаў дроў у вогнішча, і па паляне пабеглі жвавыя водбліскі. Агонь быў паміж мной і «садаўнічым». Дрэвы, асьветленыя полымем, быццам выступілі зь цемры за сьпінай кожнага, як фантасмагарычная каманда падтрымкі. Мы стараліся не глядзець адзін аднаму ў вочы. Маўчалі, назіралі, як чырвоныя гарачыя языкі падземных галодных псоў выскокваюць на паверхню і пажыраюць драўляныя косткі… Іскры, нібыта пырскі пунсовай сьліны, давяршалі акудную карціну вечара на паляне.
Над Садам павіс тонкі месяц.
— Пара, — прамовіў Раншай і дастаў з-за халявы нож, што дзіўным чынам нагадваў той жа маладзік, устраміў у зямлю і адышоў на пару крокаў. — Час працуе супраць некага з нас.
Я ўзяў нож. Гэта быў цяжкі, груба выплаўлены цясак, хутчэй зроблены для сячэньня, чым для рэзкі. «Цяжкавата такім сябе абяздушыць», — падумаў я і рэзка кінуў яго ў глыб Саду.
— Ня буду сябе забіваць. Раз мы апынуліся ў такой сытуацыі, няхай усё вырашаецца само па сабе.
Твар Раншая пазмрачнеў.
— Увогуле ты маеш стопрацэнтную перавагу, — сказаў я, — у мяне няма аніякіх шанцаў. Я ніколі не займаўся садаўніцтвам. Нават маю алергію на некаторую садавіну. З твайго боку, было б высакародна даць мне пражыць апошнія дні ў прыгажосьці Саду. Я дапамог бы апрацоўваць яго.
— Кожны павінен апрацоўваць свой Сад! Але на жаль мы ня ведаем, ці ня хочам ведаць дзе заканчваецца свой Сад і дзе пачынаецца Сад іншага, — прамовіў Раншай праз сваю сумную ўсьмешку.
— Аднак я дайшоў, я стаў варты, каб патрапіць сюды, каб наталіцца райскаю кунегаю, што ёсьць тут. Я варты!
— Ты чужынец і даваў мне слова…
— Я прасіў час каб падумаць. І я падумаў…
— Я ведаў, што ты не захочаш сябе забіваць. — сказаў Раншай пасьля доўгай паўзы. — Не было ніводнага героя, які б згадзіўся сябе проста так забіць. Героі ня здатныя на гэта. Ты разьлічваеш на двубой.
— Навошта двубой, мы можам жыць у розных частках Саду. Пераможца пахавае слабейшага.
— Гэта таксама двубой. Але я ня згодны на яго. Я не зьбіраюся ні ў чым саступаць чужынцу! Я тут гаспадар! — апошнія словы Раншчый пракрычаў.
Тут жа з-за дрэваў, што цямнелі за маёй сьпінай выступілі тры страшыдлы. Двое зь іх яўна былі мужчыны, вельмі ваярскага выгляду з шырокімі плячыма і моцнымі жылістымі рукамі і адна жанчына. Я адразу пазнаў Адэльжу, сьветлавалосую жардзяйку, якая калісьці білася з Руатай за права мяне павесіць. Я ведаў, што пасьля яе паразы ад Руаты, Вялікі Бургамістар, які згубіў тады палову свайго нажытку, ня проста выгнаў яе з гораду, але паўсюдна рабіў ёй перасьлед. Помсьлівасьць бургамістра, відаць і прывяла яе ў пастку да Раншая.
Дзіўна, што рухі мужчын і жанчыны былі сынхроныя, быццам імі, як марыянэткамі, адначасова кіравалі празь нябачныя ніткі. Вочы іх былі недарэчна скошаныя, нібыта яны мяне ня бачылі! Галовы ў іх ненатуральна трэсьліся, пасмы даўно нячэсаных валасоў зьвісалі бруднымі лахманамі. Калі яны падышлі бліжэй, я заўважыў на іх скуры чорныя плямы прагніласьці, рэзкі непрыемны пах ударыў у ноздры.
— Я ненавіджу самоту. Для каго я садаўнічы? Для людзей? Для сябе? Я стаміўся ад самоты. Калі не магу быць з людзьмі, то я магу зрабіць сурагат людзей! Аднойчы сюды трапіў госьць родам з Чырвоных тунэляў. Ён расказаў мне, што яго старэйшыны могуць паднімаць мёртвых. Я пачаў экспэрымэнтаваць. Ты можаш бачыць вынікі маіх практыкаваньняў, — ён сумна ўсьміхнуўся.
Падабенства гэтай усьмешкі зьявілася на тварах зомбі. Выцягнуўшы наперад свае «скурчаныя» сукаватыя рукі, яны ішлі проста на мяне. Я рвануўся ў цемру. Вылюдкі адначасова кінуліся, як быццам іх хтосьці ззаду штурхануў. Іх рух быў настолькі стрымгалоўны, што адзін зомбі пасьпеў схапіць мяне за пятку правай нагі. Пасьля яны перакулілі мяне і ўселіся на маіх грудзях. Я задыхаўся ад цяжару і смуроду іх целаў. Як мог, я вырываўся, але сілы былі няроўныя.
— Задушэце яго, — загадаў Раншай.