Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сад Замкнёных Гор

Мінскевіч Серж

Шрифт:

Машына разжавала стальны ліст і цяга зноў узмацнілася.

Я, борсаючыся ў паветры, асьцервянела разьдзіраў-пашыраў дзіру.

І раптам роў матора сьціх.

Асэнізатары заўважылі, што я раблю.

Позна, Упляйк!

Я перакуліўся ў праробленую адтуліну.

Мае зьнясіленае цела пляснулася на простакутную плятформу. Я ўбачыў помку выкліку, хутка націснуў на яго. Побач бясшумна паднялася сьцяна. Плятформа ўвезла мяне ў шахту.

Патаемная паветраная шахта!

У пругкіх струменях паветра я паплыў уверх.

Плятформа, што засталася ўнізе, пасунулася на сваё месца, сьцяна за ёю важка апусьцілася, захіліўшы сваім гмахам маю сьмерць.

ХХІ

Хуткі пад’ём. Над маёй галавою з бразгатам і шыпеньнем разьехаліся ў розныя бакі паловы жалезнага века…

Імгненьне я стаяў на краю прорвы, на дне якой плёскаўся чорны акіян бяздоньня. Далёка наперадзе, на супрацьлеглым краі, віднелася каменная стромая сьцяна. Такая ж сьцяна была за маёй сьпінай, якая на значнай вышыні пераходзіла ў велізарныя скляпеньні, нібыта хтосьці спрабаваў пабудаваць цырк для гігантаў. Упершыню я апынуўся ўсярэдзіне такога агромністага збудаваньня, і ніколі ня бачыў столькі адкрытай прасторы. Закружылася галава, я абапёрся на сьцяну.

Жалезны гаўбец, на якім я стаяў, здрыгануўся і нізкім тонам загудзеў. Мабыць унізе зноў запрацавала паветраная шахта. У яе прабраліся людзі Ўпляйка.

Я саскочыў на вузкі гзымс, што надвісаў уздоўж прорвы. Гэта быў адзіны шлях. Хутка пайшоў па ім. Гзымс няўхільна паднімаўся. Я стараўся не глядзець у бездань, бо нараджаўся страх вышыні і адкрытай прасторы.

Прыкладна праз трыста крокаў мне сустрэлася яшчэ адна такая ж паветраная шахта. Пасьля яшчэ і яшчэ. Адны зь іх былі напалову разбураныя, іншыя выглядалі так, быццам імі ніколі не карысталіся. Значыцца да гзымсу можна было «даехаць» з розных узроўняў. А гэта былі патаемныя хады нашых продкаў, пра якія людзі даўно забыліся, а я чуў пра іх толькі ў старажытных легендах. А гэты гзымс, сьцежка над пропадняй, і быў тым запаветным Шляхам?

Аднак я памыляўся, бо праз гадзіну хуткай хады я ўбачыў ШЛЯХ.

Гэта быў каменны мост які вёў на той край прорвы. Дакладней, мост утваралі асобныя пліты-прыступкі, што на рознай вышыні непадалёк адна ад адной выступалі зь бездані. Паміж некаторымі былі прагалы, якія можна было толькі пераскочыць.

Калі я стаў на першую прыступку, аднекуль зьнізу палыхнула аранжавае сьвятло, накшталт вартавых промняў, што меліся на брамах кожнага горада. З-пад наступнай прыступкі вырваўся струмень паветра, які спачатку парываўся мяне скінуць у прорву, а пасьля ўтварыў вакол мяне безупынны віхор. Кожная прыступка выпускала з пад сябе шалёны вецер, які налятаў на мяне, а пасьля, быццам адчуваючы, што я даволі моцны і мяне скінуць ня проста, пераўтвараўся ў новы віхор, толькі іншага колеру. Неўзабаве я быў ахутаны вясёлкавым ветраным коканам. У мяне сьлязіліся вочы, скроні сьціснуў боль. Адчуваў паколваньне па ўсёй скуры, па ёй пайшлі чырвоныя пухіры. Рознакаляровыя віхоры параджалі невялічкія маланкі, што непрыемна патрэсквалі і сьляпілі мяне. Успышкі мікрабліскавіц зрэдачас адбіваліся блікамі на гладкіх чалавечых костках і чарапах, што былі заціснуты ніжэй паміж прыступкамі ці ляжалі далекавата на доле. Мяне ахінуў жах. Але я адчуваў, што вяртацца нельга, там — сьмерць. Хаця і наперадзе нішто не казала пра збаўленьне. Ісьці было ўсё цяжэй і цяжэй. Каб адагнаць боязь, я лічыў прыступкі.

З-пад сорак шостай вырваўся такі моцны вецер, што зьбіў мяне з ног. Але я паляцеў не ў тартарары, а ў вышыню. Вецер з пад сорак шостай прыступкі (ён быў залатога колеру) падхапіў мяне і кінуў у велічэзную агністую браму, што зьнянацку ўзьнікла на траекторыі палёту. За ёй віравала агромністая сьпіралепадобная паветраная ўлонка.

Яна ўсмактала мяне.

Усе колеры сьвету перамяшаліся і ўспыхнулі зыркім белым сьвятлом…

* * *

Калі я адкрыў вочы, нада мною было нешта незвычайнае, я нават спалохаўся, ці не здарылася ў сьвеце неверагоднай катастрофы альбо вайны з выкарыстаньнем выбуховых рэчываў, што былі забароненыя шматлікімі канвэнцыямі і пагадненьнямі.

Каменныя сьцены, скалечаныя, перакручаныя нехлямяжа навісалі нада мною. Ва ўсёй пабудове незвычайнага калідора, дзе я ляжаў, не было ні лёгік, ні заканамернасьці. Я са зьдзіўленьнем і трымценьнем азіраў зломленыя, крывыя лініі сьценаў і цені, якія быццам прарасталі на іх, як неверагодныя водарасьці марскога возера.

Але аднекуль з глыбіняў падсьвядомасьці само па сабе ўсплыла малаўжывальнае намі слова: «Пры-ро-да!»

Нада мною былі натуральныя скалы, якія я калісьці мог бачыць на карцінках кніг ці на экранах фотасховішчаў.

Ці ня сон гэта?

Я прыўзьняўся, пальцамі правёў па няроўнай паверхні скалы. На дотык яна мне падалася шурпата-прыемнай.

Доўга ляжаў, разглядаў, зачароўваўся ў любаваньні. Велічнае імгненьне, калі абстрактныя ўспрыманьні, падчэрпнутыя з урывачных навуковых зьвесткаў ці паўфантастычных народных паданьняў, альбо са сноў і мараў, — раптам паўстаюць на яве.

Прыродныя алягічныя нагрувашчваньні, здавалася, насычалі мяне моцай і спакоем.

Я пайшоў па ПЯЧОРЫ. Дзіўна, але я не адразу заўважыў, не адразу адчуў, што я быў цалкам голы, побач не было ні маёй тунікі, ні акраўка тканіны, увогуле нічога, чым я мог бы прыкрыцца. На нагах засталіся толькі вемасуцскія сандалі, якія я так і не захацеў памяняць на модны абутак гараджанаў. Спэцыяльна вырабленыя са скуры прыдольных пацукоў, яны дазвалялі бясшумна хадзіць па падземных тунэлях, а ў шырокіх рэмнях, што ахіналі пяткі былі патаемны кішэнькі, дзе я хаваў мэдальён, падораны Руатай, падарунак філёзафа са звалкі, а таксама ў кожным зь іх ляжала срэбная сьпіралька — кудмень-абярог народу вемасутаў. Магчыма гэта і не дало сандалям сарвацца з ног, ці наадварот, не дало мне зьляцець з прыступак Моста.

Я ішоў, мякка ступаючы па няроўным грунце, мая галыня падавалася цалкам натуральнай для Прыроды.

Сьмешная, зьвілістая рачулка ціха квохкала над прыдоннымі каменьчыкамі.

Пасьля «крывой брамы» я акунуўся ў сьвятло! І бясконцасьць!

У мяне было пачуцьцё, быццам у маёй галаве раскрываецца генэтычная памяць, я мог зрокава ўспрымаць раней ненапоўненыя вобразамі словы: «Неба», «Аблокі», «Далягляд». Я прылёг на мяккую падлогу, захапляючыся краявідам. Далоні сьціснулі вільготную глебу. «Зямля!» Вось што гэта значыць!

З-за горнага схілу выглянула СОНЦА!

Антыдзюра ў столі-небе!

Сьвятло, якое яно спараджала, я ня мог успрымаць як звычайнае сьвятло, — проста антыцемра. Я безадрыву глядзеў на сонца, асьляпляючы вочы. Здавалася, што мой розум і сонца зьліваюцца, быццам аднародныя субстанцыі.

Я з гонарам адчуваў, што прайшоў па ШЛЯХУ.

І цяпер магу дасьледваць падсонечную частку сусьвету!

ХХІІ

На паляне розналісьцевага лесу, ля вогнішча сядзеў не стары яшчэ мужчына. Кійком варушыў вуглі. Там пякліся плады, падобныя да бульбы.

Я заўважыў яго з гушару яшчэ здалёк. Ён, здавалася не пачуў майго набліжэньня.

На ім былі кашуля з грубай тканіны, відавочна ручной работы, апярэзаныя шырокім блакітным паясом, штаны, пашытыя з-той жв тканіны, акуратна запраўленыя ў высокія боты (я параўнаў яго абутак са сваім, усьміхнуўся, параўнаньне было не на карысьць маіх сандаляў, якія не падыходзілі для падарожжа па лесе), над правай халявай яго бота выступала дзяржальна вялікага нажа. На лямцы, цераз плячо, вісела скураная, торба, аздобленая чорнай махрою.

Я адчуў сорам сваёй галыні, адышоў зноў у гушчар, каб зрабіць сабе лісьцёвую спадніцу.

Пасьля я вярнуўся.

— Добры дзень, — прамовіў я.

— Добры дзень.

Ён заўважыў мой «галодны» позірк, якім я глянуў на бульбу.

— Я толькі што зьнізу і, папраўдзе, за дзень нічога ня еў.

— Ну, трэба пачакаць трошкі.

Я хваляваўся, ці зразумее ён мяне, але са зьдзіўленьнем адзначыў, што яго вымова нагадвала вымову жыхароў Заходніх Тунэляў. Магчыма «заходнікі» раней адкрылі Шлях і хавалі гэта ў сакрэце.

Поделиться с друзьями: