Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сад Замкнёных Гор

Мінскевіч Серж

Шрифт:

Упляйк накіроўваўся ў экспэдыцыю па дасьледваньні і ачышчэньні сутарэньняў. Але каханьне да Руаты не давала яму спакою. Упляйк адпраўляецца ў сталіцу, там выкрадае Руату і звозіць з сабою.

Я пайшоў па сьледзе, зь якога зьбіцца проста немгчыма — чысьціня і бліск, роўная дарога выведзе мяне!

Але эўфарыя спачатку непрыкметна сьціхла, а затым зьмянілася трывогай.

Іх там чалавек дзесяць, як мінімум, усе ўзброеныя, а я адзін, галодны, стомлены, супроцьпаставіць ім магу толькі свае белапалыя кулакі. Трэба быць вельмі асьцярожным, але спачатку добра адпачыць.

Каб выпадкова мяне не прыкмецілі людзі з экспэдыцыі — раптам хтосьці будзе адпраўлены на «цывілізаваныя паверхі» з данясеньнем, — я зноў вярнуўся ў забруджаны калідор, залез на трубы з бактэрыямі.

Я праспаў прыкладна каля паўгадзіны. Мяне абудзіў тупат. Ля маёй схованкі прабеглі — я пазнаў іх — звонгі. Яны стрымгалоў уцякалі ў накірунку шахты.

«Што, чысьціня не падабаецца?» — усьміхнуўся я.

Заснуў спакойна, мне сьнілася яна, мы пяшчотна абдымалі адно аднаго. А потым, я апавядаў ёй тэорыю пабудовы сьвету Оярэт-Са Кіфандоаpвай-Міца, дзіўнага філёзафа са сьметніка. «Як незвычайна і цікава, — захаплялася яна, — мы з табой „плюсікі“ і „мінусікі“ інфармацыі, і як нам пашанцавала, што табе і мне дадзена жыць у адзіным сьвеце і нашы коды аднолькавыя, мы разумеем адзін аднаго. Як цудоўна, што хітрыя „плюсікі“ і „мінусікі“, нашы „так“ і „не“ дазваляюць нам кахаць».

ХVІ

За авальным выгінам калідора я заўважыў чалавека і прытаіўся. Ён поркаўся ля ўльтрагукавай печкі і насьвістваў сабе пад нос вясёлую песеньку. Печкі сустракаліся на паверхах праз пэўную адлегласьць. Любы падарожнік мог закласьці ў яе сваю ежу і згатаваць. Наверсе, у «цывілізаваным грамадзтве» за іх карыстаньне бралі невялікія грошы для чысткі і рамонту, а тут у сутарэньнях можна было гатаваць бясплатна, праўда, паспрабуй яшчэ адшукаць несапсаваную.

Повар экспэдыцыі, а без сумненьня то быў ён, адышоў ад печкі, адшукаў у сьценцы дзьверкі, зайшоў у больш вялікую нішу. Дзьверкі грамадзкай прыбіральні зачыніліся.

Я ціхутка падпоўз да печкі. Трохі далей сядзеў, прытуліўшыся да сьценкі, вартаўнік, дзякуй лёсу, ён мяне не заўважыў. Я хутка адчыніў заслонку. Ба, абед на чалавек сто, ня меней! Было б снатворнае!

Я набраў у сваю туніку бутэрбродаў, каўбасы, яек, штучнай салаты і адпоўз.

Першы раз за той час, што пакінуў сталіцу «цывілізаванага грамадзтва», я, нарэшце, як сьлед паеў.

Потым залез на трубы з бактэрыямі. Невядомы шум даносіўся зь іх. Не зьвяртаючы ўвагі, я хутка па іх прабраўся да лягера асэнізатараў.

Мне было добра бачна, як асэнізатары працавалі.

Вялікімі гумова-мэталічнымі плітамі яны гермэтычна перакрывалі ў дзьвюх месцах калідор, затым у адной пліце адчынялася вялікая брама, да яе пад’яжджала машына з пузастай цыстэрнай, і агромністая пашча, што была сьпераду жахлівага агрэгата, дакладна ўстаўлялася ў браму. Мэханічны монстар усмоктваў усё, што знаходзілася ў закрытым адрэзку калідора. Вялікія зубчаткі перамолвалі сьмецьце, а магутныя прэсы, прамочаныя жоўтай вадкасьцю, нібыта сьлінай жудаснай пачвары, разрэджвалі масу. Потым вадкае месіва з агіднымі клякатаньнем праглыналася ў жалезнае чэрава. Як толькі цыстэрна напаўнялася, яна пачынала варочацца як бэтонамяшалка. Праз пару гадзін з дапамогай вялікіх шлянгаў зьмесьціва «жалезнага пуза» выпампоўвалі ў бактэрыйныя трубы.

Добрая падкормка для маленькіх выпрацоўнікаў энэргіі!

Вакол вялізнага сьмецьцясмока з драбільным прыстасаваньнем стаяла ўзброеная ахова.

Там я ўбачыў Руату. Яна побач з Упляйкам — гэта быў ён! — сядзела ў электрамабілі.

Мярзотнік! Ён зусім не адпускае яе ад сябе!

Руата выглядала заклапочанай, а ён рэзкім і грубым… Але мне ня надта добра было назіраць за імі з майго месца.

Трэба прасачыць, дзе яе шацёp, і калі ўсе лягуць спаць і выключацца сьвятло, я падману варту і прабяруся да яе.

Я вызвалю сваю каханую!

* * *

Я спусьціўся з трубаў.

Бліжэйшы вартаўнік заўважыў мяне. Але асэнсаваць, што адбываецца, ён не пасьпеў. Я падскочыў да яго — рабром далоні ўдарыў па карку. Вартаўнік абмяк і непрытомны асеў на падлогу. Я схіліўся, зьняў з яго пояса лязэрны корцік, якім «цэнтральшчыкі» ўзбройвалі толькі элітныя вайсковыя злучэньні, і пабег да шатра Руаты.

Ціха прасьлізнуў у чатырохкутны змрок. Руата не спала. Яна заўважыла мяне, узьнялася, абняла:

— Гэта ты?

Я прагна пацалаваў яе ў вусны.

У галаве, замест пляна ўцёкаў, закружыліся ласкавыя словы: мая мілая… мая каханая…ты чакала… ты мая… мы разам…

ХVІІ

Руата адхілілася і… пачала вырывацца.

— Што ты, супакойся, гэта я.

— Не той! Не той! Людзі, сюды! Усе сюды!

— Цішэй. Я — твой Далік!

— Ахова, сюды.

Яна адштурхнула мяне і скокнула ў кут шатра.

— Што з табой, Руата!

Каля выйсьця паказаўся чалавек.

Упляйк!

Я націснуў гузік на цяўе корціка, зь ляза стрэліў прамень. Упляйк адхіліўся і прамень трапіў у кадык вялізарнага ахоўніка, што ішоў за ім. Той з глухім стогнам паваліўся на зямлю. Упляйк кінуўся да мяне і лоўкім ударам нагі выбіў з рукі зброю:

— Гэй, там, рэжце шацёp, — гучна загадаў ён.

Я паспрабаваў кулаком трапіць яму ў сківіцу, але не дастаў.

З двух бакоў у тканіне паказаліся чырвоныя язычкі — лёзы лязэрных корцікаў, — якія ў момант разадралі шацёp. За ім паказаўся тузін узброеных мужчын.

Я адчайна супраціўляўся. Але ворагаў было вельмі шмат. Яны скруцілі мне рукі.

— Цябе папярэджвалі, забудзь Руату! — прарычаў Упляйк.

Я паглядзеў на сваю каханую і боль клінком упіўся ў сэрца.

Яе вочы, калісьці бяздонныя, цяпер нагадвалі чорныя шкляныя катылькі. У іх не было таго, агня, што калісьці апальваў мяне! Аднак не было і невыноснага холаду, якім яна адорвала сваіх ворагаў. Звычайны, «пакаёвай тэмпэратуры» пагляд без усялякай спагады ці крыўды, быў, нібы намаляваны цьмянаю фарбаю на яе зрэнках.

Яна нават не адводзіла яго, а глядзела на ўсё, абыякава, як на нецікавае непаразуменьне.

— Руата, ты ж кахала мяне! Ты ж казала, што заўсёды будзеш са мной!

Яна маўчала.

— Руата, што яны зрабілі з табой! Дзе ты?

Я падаўся наперад, але рукі моцна трымалі мяне.

Яна маўчала, ні пагарды, ні жалю, ні подыху ўспамінаў (а я спадзяваўся, што яна таксама ўспамінае нашыя словы, нашую блізкасьць, радасьць).

— Руата, я кахаю цябе! Я рвануўся з апошніх сілаў… І апошніх сілаў не хапала, каб вызваліцца.

Поделиться с друзьями: