Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сакрэт Тунгускага метэарыта, Прыгоды шасцікласніка Максіма

Якимович Алексей Николаевич

Шрифт:

Корму ім нямала трэба. Толькі паспявай прыносіць. Мы не адзін раз дзівіліся: як гэта сківіцы ім не забаляць? Ядуць яны і траву, і лісце капусты, і лопух, і бульбу, і буракі, нават галінкі дрэў абгрызаюць.

Цяпер усе мы ўзяліся за работу. Дзесяць трусоў пракарміць — не жартачкі. З самага ранку ў нашым класе чулася:

— Я сёння два кашы травы прынёс.

— А я на агародзе лісцяў назбірала. Ад капусты засталіся.

— Я каля сваёй хаты ўвесь лопух вырваў. Тата мяне пахваліў.

— Калі пасля Новага года ёлкі на вуліцу выкінуць, то ў школу цягніце. У галінках елкі шмат кальцыю і фосфару.

Добра не памятаю, хто пра гэтыя ёлкі сказаў. Здаецца, Косця. А я задумаўся: чым мы сваіх трусоў зімою будзем карміць? Навагоднімі ёлкамі? Дык не хопіць іх. А ў газетах папярэджваюць: загадзя рыхтуйцеся да зімы.

Чаму ўсе такія бесклапотныя? Корм можна за некалькі дзён нарыхтаваць. Сказалі б на лінейцы, каб кожны вучань вядро бульбы прынёс ці ахапак сена. Усе прынеслі б. Ахапка сена ніхто не пашкадуе. Няма ў нас сапраўднага арганізатара. Гэта факт.

Гэтак разважыўшы, я вырашыў дзейнічаць. Спачатку напісаў на паперы (каб пасля не заблытацца), хто які корм павінен прынесці. Вось як у мяне выйшла:

першакласнікам і другакласнікам — па вядру бульбы;

трэцякласнікам — па вядру буракоў;

чацвёртакласнікам — па ахапку сена;

пяцікласнікам — па ахапку канюшыны ці цімафееўкі;

шасцікласнікам — морквы (хто колькі зможа);

сямікласнікам, васьмікласнікам і дзевяцікласнікам — зерня ячменю, жыта, пшаніцы (хто колькі зможа).

Яшчэ на першых уроках я склаў гэткі спіс, а пасля чацвёртага ўрока, калі першакласнікаў і другакласнікаў адпускалі ўжо дамоў, я прыйшоў да іх у клас і сказаў, каб яны сабраліся на школьным двары, каля хлеўчыка.

«З малых пачну. Малыя мяне паслухаюцца, — думаю. — Ім толькі слова скажы».

Сабраліся першакласнікі і другакласнікі каля хлеўчыка, гамоняць, на мяне пазіраюць: чым ты нас парадуеш?

Я падняў руку. Маўляў, увага, слухайце. Зразумелі яны мяне, паціхлі.

— Ведаеце, якія тут звяркі сядзяць? — паказваю на клеткі з трусамі.

А хтосьці з малых:

— Няпраўда, гэта не звяркі. Гэта свойскія жывёлы. Звяркі — зайцы.

Бач ты, якія разумныя. Ім палец у рот не кладзі.

— Цяпер яны свойскія жывёлы, а калісьці, сотні гадоў назад, былі звяркамі,— не разгубіўся я. — Па палях бегалі, па лесе, у норках жылі. У старажытнасці іх людзі прыручылі. Вось так. А вы яшчэ папраўляеце мяне.

Змоўклі малыя. Пераканаў я іх. Усё-ткі ёсць у мяне нейкія здольнасці.

— Раней дзікімі былі і куры, і коні, і нават свінні,— расказваю далей. — Усё-ўсё было дзікім, пакуль людзі не прыручылі.

Раскрылі раты малыя, вачэй з мяне не спускаюць.

— Вы любіце гэтых звяркоў, якія цяпер свойскімі жывёламі сталі? — зноў паказваю на клеткі з трусамі.

— Любім, любім, — пачулася некалькі галасоў. Не спадабалася мне, як яны адказваюць.

— Дружна паўтарыце, — камандую.

— Любім! — крыкнулі яны на ўвесь голас. А я зноў:

— Давайце яшчэ раз.

— Л-лю-ю-бім!

— Цяпер тры разы крыкнем. Па маёй камандзе. Адзін, два, тры…

— Л-лю-ю-бім! Л-лю-ю-бім! Л-лю-ю-бім!

Малыя на гэты раз так крыкнулі, што трусы перапалохаліся, па клетках забегалі.

А малыя задаволеныя. Расчырванелыя, усміхаюцца. На мяне глядзяць, як на якога прафесара.

«Цяпер з іх можна вяроўкі віць, — думаю. — Усё-ўсё зробяць».

Заклаў я рукі за спіну, няспешна туды-сюды прайшоўся.

— Вы зможаце пражыць без яды тры месяцы? — пытаюся, спыніўшыся.

Заморгалі вачыма малыя.

— Не зможаце, — кажу. — Гэта навукай даказана. Давайце разам крыкнем: «Не зможам!» Лічу да пяці. Адзін, два, тры, чатыры, чатыры з палавінаю, чатыры з валасінаю…

Тут я знарок прыпыніўся. А малыя ад нецярпення аж трапечуцца. Так хочацца ім крыкнуць гэтае «не зможам».

— Пяць, — нарэшце вымаўляю.

— Не зможам! — крыкнулі малыя. У мяне нават у вушах зазвінела.

Стаяць малыя. Такія, такія… Ну, адным словам, шчаслівыя.

— І гэтыя звяркі, якія сталі свойскімі жывёламі, таксама тры месяцы без яды не змогуць пражыць, — кажу. — Пакуль ім корму хапае, але зімою яны загінуць, калі вы не дапаможаце. Дома ў кожнага з вас ёсць бульба. Нашы трусы яе любяць. Прынясіце ў школу па вядру бульбы. Усяго па аднаму. І корму на ўсю зіму хопіць.

— А сена можна? — запытаў Андрэй Скварцоў. Я незадаволена паморшчыўся.

— Ты ў які клас ходзіш? У трэці? З трэцім класам буду асобна гаварыць. Дык хто з вас прынясе ўсяго адно вядро бульбы? Падыміце руку.

Першакласнікі і другакласнікі як адзін паднялі рукі. Андрэй дык абедзве падняў. Выправіўся пасля таго, як Вольга Пятроўна з ягонай маці пагаварыла.

— Малайцы, — пахваліў я малых. — Любіце жывёл.

Можа, яшчэ іх чым зацікавіць? Каб лепей стараліся. Някепска было б. Паабяцаю, што цукерак куплю. Есць рубель, назбіраў за тыдзень.

— Увага, аб'яўляю конкурс: хто першым прынясе бульбу, таму куплю сто грам цукерак.

— Ура! — закрычалі малыя. А я зусім расшчодрыўся:

— І яшчэ пачак вафляў!

Навыперадкі пабеглі малыя ў вёску. А я пакрочыў у школу. Лёгка я крочыў. У мяне за спінаю быццам крылы выраслі. Я быў на сёмым небе ад радасці. І не дзіва. Хутка на ўсю зіму корму нарыхтую. А кажуць, што самастойнасці ў мяне няма.

Прыйшоў у клас. Так і карцела расказаць пра ўсё сябрам. Але стрымаўся. «Пасля раскажу, — думаю. — Няхай спачатку малыя бульбу прынясуць».

Ледзь даседзеў да канца ўрока, ледзь дачакаўся званка і на двор хутчэй. А каля хлеўчыка, пакуль я на ўроку сядзеў, малыя пазбіраліся. Піхаюцца, спрачаюцца.

— Я першы!

— Не, я першая прынесла!

— Няпраўда, я цябе абагнаў! Убачылі мяне, абступілі.

— Максім, я самы першы бульбу прынёс.

— Максім, ён хлусіць. Не вер яму.

— Максім, я ў конкурсе перамагла.

Вунь яно што! З-за цукерак не памірацца. Не варта такім цукеркі даваць. Няхай рубель у мяне застанецца. Кішэню не пралежыць, яшчэ спатрэбіцца.

Поделиться с друзьями: