ЖАНРЫ

Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:

– ...сам ён накруцiў усяго, вар'ят!
– вывiскнула Кiра да мацi. Гвалтоўна скрыпнулi дзьверы, зацокалi яе крокi, коратка.

Пабегла яна да гэтай Анi, здагадваўся Сьцяпан. Калi жонка шукае спагады ў сяброўкi, дык гэта i ёсьць трывожная праява пазьбяганьня адчужанасьцi да мужа, пошукаў бясьпечнасьцi там, дзе яе няма. Урэшце - гэта i перапалох ад самоты, i прыступ зацьменьня, у якiм можна дзейнiчаць толькi на шкоду ўласным iнтарэсам. "Я аб нiчым не папярэдзiў яе, не пагаварыў зь ёю... Гм, я-ж ня ведаў, што ўсё так атрымаецца..."

Паабедаў Сьцяпан адзiн.

Цешча падыходзiла да яго, каб запытаць, цi далiць яму супу, або дадаць бульбы з сэльдэрэевым соўсам; катлета, сасмажаная па-варшаўску, мела адмысловы смак. Кампот зь iгрушаў, гаркавы ад лiшняй дозы карыцы, давiў, i цяжка было пiць яго. Дзiва - столькi зьеўшы, Сьцяпан далей адчуваў голад.

I сонную млеўкасьць.

Ён прылёг адпачыць.

"Ну, пайшла яна расказваць, што я спалiў старшыню..." - Сьцяпан перавярнуўся на правы бок, выцягнуў далонь з-пад скронi, i кроў запульсавала цiшэй. Слабавалi яму ногi, нылi, абясьсiленыя...

* * *

Ляскатлiва расчынiлiся дзьверы ў пакой, i Сьцяпан, зь дзiцячай хiтрасьцю, прыкiнуўся сьпячым: падзьмуў скразьняк.

У пярэднiм - прастуджаны голас Кiры:

– Мама, я купiла радыскi.

– А дзе ты, увечары, знайшла яе?

– Прадавалi...
– расказвала яна.
– Сьцяпан дома?

– Сьпiць.

– Яшчэ?!
– яе крокi наблiжалiся.

– Няхай ён пасьпiць, - як бы супынiла Кiру мацi.
– Во, паеш квашанiнкi.

– Не магу, - зашахацеў на Кiры лёгкi плашч. Яна распраналася.
– Хо, горача!
– Заскрыпела шафа з адзеньнем.
– Блага мне, мама.

– Залiшне бярэш сабе ў галаву...

– За сябе я не бядую, мама, - сказала Кiра, пацягнуўшы носам.
– За дурною галавою i нагам няма спакою... Возьмуць i пасадзяць яго!

– Цiшэй, бо пачуе...

– Няхай сабе чуе!
– грукнула шкло; запсычэла "iгрушка" з адэкалёнам. Прычоска мая, хвароба, рассыпаецца. У мяне, мама, мяккiя валасы. Заўтра пайду я да Райкi: у яе - францускi ляк...

У прыцемку, у самюткiм куце бiблiятэчнай палiцы, паглядвала на Сьцяпана дзяўчына на каляровай паштоўцы. Яна прыцiскала да аголенага пляча букет жоўтых i чырвоных цюльпанаў; мела выразныя, чорныя вочы i просты, грэцкi нос. Ад яе красы, тыповай у пачатках стагодзьдзя, рабiлася яму цёпла i ўтульна. Хацелася Сьцяпану пасьмяяцца з турботаў, ад якiх брыняла потым яго пiжама й мучылi сны.

Сьцяпан запалiў сьвятло й пашукаў сабе кнiжку. Але не ўкладвалася яму чытаньне. I не было-ж як пайсьцi на шпацыр, праветрыцца: час ад часу чулася гаворка мацi з дачкою, у кухнi.

Кiра сама прыйшла да Сьцяпана.

– Што чытаеш?
– запытала яна.

– Ня ведаю, Кiра.

– Трымаеш-жа кнiжку ў руках!

– Зараз скажу табе...
– ён адгарнуў тытульны лiст у кнiжцы.

– Сьцяпан, - Кiра падыйшла блiзка да яго, але не прыхiлiла, як зазвычай, яго галаву да сваiх пругкiх грудзей.
– Што ты, Сьцяпан, нарабiў?! Людзi сьмяюцца зь цябе. Скажы: ты сапраўды спалiў аўтамабiль старшынi?

– Спалiў, Кiра.

– Навошта?

– Так трэба.

– Цябе будуць судзiць за гэта!

– Я таго й чакаю.

– Суду?

– Суду, Кiра.

– Што ты зноў задумаў?

– Зьнiшчыць падлюгу.

– Значыць, каго? Старшыню?

– Ага.

– Самому трапiўшы ў суд?

– Няма iншага спосабу, Кiра.

– Зь цябе ўчыняць злачынца! Разумееш? I прысудзяць - адкупiць машыну!..

– Хто акажацца злачынцам - пабачым. А машыну, калi трэба будзе, а адкуплю.

– За сваё?

– За сваё, Кiра.

– Цi ты, Сьцяпан, хоць памятаеш, якiя ў цябе заробкi?

– Так, Кiра.

– Ты адкупiш - за iх?

– Калi трэба будзе...

Села яна ў крэсла, насупроць Сьцяпана.

– Ты ненармальны.

– Не разумееш мяне, Кiра.

– Не разумею? Як можна разумець...

Зьявiлася цешча.

– Крычы, не крычы - сталася, - загаварыла яна.
– Мусова цяпер думаць нам, як бяду збыць...

Сьцяпан зноў разгарнуў кнiжку.

– А балячку, хiба, хто збыў? Прадаў яе? Узяў ды прадаў, га?
– узлавалася Кiра.

– Ты гаворыш, як пра чужога, - не адступалася ад свайго цешча.

– А ён, калi вычаўпаў такое, падумаў пра мяне?

– Падумаў, не падумаў, але Сьцяпан - твой муж, дочка.

– Твой... Твой... Ах, мама, iдзеце вы разам са сваiмi павучэньнямi... Кiра вытузнула кнiжку са Сьцяпанавых рук.
Слухай ты, булава, калi да цябе гавораць! Не адзiн-жа жывеш тут!..

– А ну вас!
– цешча, выцiраючы далонi аб хвартух, павярнула назад.

– Ну, - Сьцяпан трымаўся.

– Ведаеш, на каго ты падобны?

– Ведаю.

– Перастань ты дурня клеiць ды йдзi да старшынi, чуеш? Прасi яго - мо' прабачыць табе, адпусьцiцца...

– Прасiць гэтага лайдака - не ў маiм пляне.

– Тады - што?

– Я-ж табе, Кiра, казаў...

– Не, я ўтаплюся ад гэткай размовы!

– Кiра, калi-б старшыня ўмеў думаць, дык ён сам не дапусьцiў-бы да суда. Ён павiнен дасканала прадчуваць тое, куды я хiлю. Ня выключана, што ён ужо бегае, куды трэба...
– Сьцяпан закурыў.
– Але - дудкi, запозна: я быў у мiлiцыi!

– Што?!

– Зараз яму не выкруцiцца ад сьледзтва.

– Ты прызнаўся?..

– Гэта вельмi важнае, Кiра: стварыць падставу.

– На сваю галаву?

– Дакладней - на яго.

– Вар'ят ты! Палесьцiнец!
– Кiра захадзiла па пакоi.
– Ну, капцы ўсяму...

– Кiра! Як табе гэта вытлумачыць?
– ён паклаў кнiжку на палiцу.
– Факт скандалу сьведчыць не ў карысьць нашага высока пастаўленага праныры. Праўда, я захулiганiў, але чаму? Якiя прычыны склалiся на тое? I я раскажу пра iх на судзе. Публiчна, гэта табе не на нарадзе... З маленечкага зробiцца вялiкае! Прападу я, але й ён прападзе. З той розьнiцай, што ён правалiцца на нечым значна, беспараўнальна, большым, Кiра.

– Паважаны Сьцяпан Сумленевiч, - iранiчна скрывiла яна губкi.
– Па-першае, як я ўжо неаднаразова гаварыла табе, зьяўляешся ты жывым экспанатам наiўнасьцi, надзвычай каштоўным сваёй рэдкасьцю ў нашу захiрэлую эпоху, i таму, адразу, падлягаеш квалiфiкацыi ў музэй. Па-другое, ты вiнаваты ў акце тэрору ў дачыненьнi да iншай асобы, што ня зможа апраўдаць нiякая, нават сусьветная, матывацыя. Па-трэцяе, гэта акампраметуе цябе, прынамсi, на пэрыяд аднаго пакаленьня кiраўнiкоў грамадзкага жыцьця, у якiх прозьвiшчу Сумленевiча будзе спадарожнiчаць даданы сказ: "А, гэта той дурань, якi калiсьцi спалiў аўта, ну, таго..." Па-чацьвертае, ашчасьлiвiш ты наступнага праныру, якому, мабыць, i абрыдла чакаць нагоды заняць месца старшынi. Па-пятае, у каапэратыве нiчога ня зьменiцца ад твайго рэвалюцыйнага ўчынку. Браток, цароў стралялi, а iмпэрыя нi трошкi не пахiснулася...

Поделиться с друзьями: