Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ня будзе, пане старшыня, нiякiх вечаркоў, нi даробак, пераробак, крываробак i ўсялякiх недаробак. Будзе так, як напiсана!
– ён выхапiў з рук старшынi паперы й зьнерухомеў, ад абурэньня ня могучы ўжо гаварыць.
– Смаркач ты! Думаеш - хто-небудзь гэтае, э, падпiша табе?
– Я сам падпiшу!
– сарвалася ў Сьцяпана.
– Вы кожнага запалохаеце, але не мяне! Падпiшу, разашлю, куды трэба, даволi ўжо...
– ён зацяўся ў сабе.
– Гэта, э, будзе твой апошнi подпiс у каапэратыве. Абяцаю табе!..
– Пажывем - пабачым...
– Бывай здароў i, э, наракай на самога сябе.
– Не... Я не дарую таго!
– Халера цябе ведае, э, чаго ты, э, хочаш.
– Да пабачэньня вам, - Сьцяпан кiнуўся ў дзьверы.
– Iдзi з Богам...
Старшыня гаварыў далей, але Сьцяпан ужо ня чуў яго. Ён выбег на вулiцу, забыўшыся пра летнi плашч, якi пакiнуў у сакратарыяце. (Парт'е даў у сьледзтве паказаньнi, што Сьцяпан, бы ненармальны, зьбягаў з усходаў першага паверху, мармычучы пад носам: "Я табе пакажу!.. Я табе пакажу!..")
Знайшлiся й такiя, што бачылi, як Сумленевiч падпальваў машыну. Ён, сьведчылi яны, выпусьцiў з бака бэнзiн, каб не дайшло да выбуху, што дадаткова даказвала сьвядома злачыннае дзеяньне Сьцяпана на шкоду пацярпелага старшынi. Бак усё роўна ўзарваўся-б, аднак-жа так ня сталася; нехта казаў, што Сьцяпан налiў у яго поўна вады... Агонь ахапiў нават калодзежык каналiзацыi, куды нацякаў успалыхнулы бэнзiн i адкуль - таксама й гэта бачылi - выскоквалi пацукi (аднаго, спаленага, усе хадзiлi глядзець, але, аказалася, гэта быў жмут клочча цi пакульля). Гаварылася - калi Сумленевiча выпусьцiлi з камiсарыяту што ў той машыне старшынi сядзела яго, Сьцяпана, жонка, бязьдзетная фахоўка, i ён з францускiм ключом у руцэ пагнаўся за ёю, а яна, скiнуўшы з ног пантофлi на высокiх абцасах, паiмчала церазь нiзкiя платы агародаў у кiрунку стражнiцкай вежы пажарнiкаў, каб, падняўшы там трывогу, выратаваць рэшткi дабра ягонага шэфа...
Нiкому й не падумалася, што Сьцяпан Сумленевiч сам заявiўся ў мiлiцыю. (Калi адчуў, што можа забаяцца сваёй задумы.)
Сяржант прабурчэў да Сьцяпана:
– Iдзеце вы дахаты, бо iначай пасадзiм вас у выцьвярэзьнiк.
– Я ня п'яны, - цiха запярэчыў яму Сьцяпан.
– Я прыходжу да вас са справай, i вы абавязаны выслухаць мяне.
– Чуў я тое, хопiць! Трэба будзе - паклiчам.
– Што я павiнен зрабiць, каб вы мне паверылi?
– Перастаць дурыць нам галаву.
– Мо' пабiць шыбу ў вакне камiсарыяту?..
– Я табе паб'ю! Я, ведаеш, што табе паб'ю за гэта?
– злосна прабубнiў мiлiцыянт.
– Ну, ваш адрас я запiсаў. Да пабачэньня вам.
– Вы мяне абражаеце!
– Чым?
– Даючы мне зразумець, што я - ненармальны.
– Вы, кажаце, спалiлi машыну й яшчэ хочаце запэўнiць нас, што зрабiлi гэта напэўна вы, каб, крый Божа, мы часамi не памылiлiся. Цi вы, скажэце мне, лiчыце нас дурнямi?
– Я прашу вас: складзеце пратакол допыту мяне.
– Мы - не бюро бытавых паслугаў насельнiцтву. Ясна?
– Калi так, дык, калi ласка, зьвяжэце мяне з капiтанам.
– Якi вы чалавек!
– зьнецярплiвiўся сяржант.
– Ну, iдзеце вы адгэтуль. Па-добраму вас прашу: iдзеце сабе дахаты.
– Я нiкуды адсюль не пайду!
– Званiць мне па карэтку хуткай дапамогi?
– сяржант паклаў руку на тэлефон, якi, як на тое, якраз зазванiў; ён уздрыгануў.
– Сяржант Дуля, слухаю, - сказаў у трубку.
– Выканана, - далажыў ён камусьцi.
– Ага. Так. Што? Не, - ён павярнуўся бокам да Сьцяпана.
– Разумею. Не. Не. Не. Раблю, што магу... Так. Так. Ясна!
– сяржант паклаў тэлефонную трубку й даўгапiсам натхнёна пачухаўся за вухам.
– Гм, - уважлiва прыгледзеўся ён да Сьцяпана, можна сказаць, з сардэчнасьцю.
– Дык, значыць, вы жадаеце даць паказаньнi?
– Вас аблаялi?
– Сьцяпан: "Што я найлепшае раблю, iдыёт?! Хачу-ж дабiцца ўмоваў дзеля зьнiшчэньня кагосьцi, хто..."
– Дайце мне, калi ласка, ваш пашпарт, - папрасiў ён у Сьцяпана, выклаўшы з шуфлядкi колькi пратакольных блянкаў.
У Сумленевiча пашпарту не аказалася.
– Хвароба, я, мусiць, пакiнуў дома...
– Сьцяпан абшукваў кiшэнi, але ўжо ведаў, што надарма.
– Нашто сумленнаму чалавеку пашпарт патрэбны?
– гаварыў ён, бы той, хто нарэшце дачакаўся пачастунку й, пакуль, дзеля прыстойнасьцi, аднекваецца ад яго.
– Вось, не падумаў я, гэ!.. Мо' хопiць вам мая службовая легiтымацыя?
– Давайце.
Складаньне сяржантам пратаколу працягнулася не даўжэй за паўгадзiны. Сьцяпан, звычайна, прадыктаваў яму вопiс здарэньня. Паспрачалiся яны наконт матывацыi ўчынку.
– З вас - недурны госьць, а пляцеце тут, ажно слухаць брыдка, - упарцiўся перад Сьцяпанам сяржант.
– Вы будзеце адказваць перад судом за падпал. Вашы галаслоўныя абвiнавачваньнi старшынi мяне не цiкавяць. Нам неабходныя факты, якiя магчыма праверыць. Як кiраўнiчы працаўнiк каапэратыву, вы разумееце, што адных падазрэньняў мала, каб на iх паставiць справу. Усё, што вы гаворыце пра свайго шэфа, не пазбаўленае агульшчыны, ананiмнасьцi. Мо' вы чаго баiцеся? Не? Слушна! Ад страху яшчэ нiхто нiчога добрага не зрабiў. Што? Прабачце, я вас добра не дачуў... Цi ў нашай фiрме бывае зло? Канкрэтна, у камэндатуры? Гм, дзiўны вы - першы раз бачу я такога кнiжнага, такога Няхлюдава... Што? Якая ў мяне адукацыя? Сярэдняя. I вучуся я далей. Чаму вы пытаеце мяне пра гэта? Ага, таму што я не афiцэр. Буду iм. Адкажу вам на папярэдняе пытаньне: зло - гэта наш надзённы хлеб. Адсюль - натуральнае тое, што праяўляем мы асаблiвую цягу да прыгожага ў чалавеку. Жывем-жа мы ў смуроднай атмасфэры, зьяўляемся як бы чысьцiльнiкамi грамадзкiх адходаў, таму, па-афiцэрску, кахаем адэкалёны. Вы разумееце мяне? Прафэсiйнае скрыўленьне - змоўнiцкае бачаньне намi рэчаiснасьцi... Вам гэта ясна? Дальбог, вы цiкавы тып! Штосьцi вам скажу: з вашым характарам трэба шукаць сабе месца ва ўстанове, дзе няма буйных фiнансавых апэрацыяў, значыць, i... Што? У мiлiцыi? Не, вы ў нас нарубалi-б дроў болей, чымсьцi трэба. Тут мус ведаць жыцьцё, мець на яго нэрвы. Вы занадта тонкаскуры. Шчыра кажу вам: шкада мне вас! Вельмi спрыяльнай вам акалiчнасьцю зьяўляецца ваша добраахвотнае прызнаньне ў злачынстве. Дастанеце на судзе, я лiчу, гадок умоўнага пакараньня турмою плюс рамонт машыны на ўласны кошт. Кар'ера ваша, вядома, лясьне. Малады вы, дык лёгка дагонiце страчанае i перагонiце...
– Дзякую вам за суцяшэньне, пане сяржант, - Сьцяпан устаў. Яму надакучыла слухаць яго.
– Я, здаецца, ужо магу йсьцi?
– Так, - пацьвердзiў яму сяржант, неяк увесь суцiшыўшыся.
– На наступны допыт вы атрымаеце ад нас позву.
"Дабiўся я галоўнага: стварыў дакумант, на якi змагу паклiкацца ў гутарках з капiтанам, - разважаў Сьцяпан.
– Сёньня, не, заўтра зьвяжуся зь iм. Паверыць мне ва ўсё, калi даведаецца, чаго я начоўп! Тады й мы пагутарым сабе пра старшыню ды ўсялякую сволач!"
У бары Сьцяпан напiўся пiва.
19
– Дзе ты, Сьцяпан, быў?!
– насупонiлася Кiра. За ёю, пазмрачнелая, стаяла цешча, а з кухнi, аблiзваючыся ад абеду, выйшаў цесьць.
– Куды гэта цябе носiць?! Што з табою?
– Нiчога, - Сьцяпан: "Ого, ужо зьбеглiся ўсе!" - Здарылася што?
– Яшчэ й пытаеш, - прабубнiў цесьць.
– Iдзi, бацьку, бо спозьнiсься...
– сказала да цесьця старая, быццам баючыся, што ён, вось, адпярэжа дзягу ды возьмецца лупцаваць Сьцяпана. Сядай, Сьцяпанка, есьцi, - замiтусiлася яна.
– Няхай сабе есьць, калi можа, - сказала пра мужа Кiра.
Сьцяпан, распрануўшыся, памыўся над ваннай. Мокрым ручнiком нацiраў ён карак i плечы. "Гульнуў я, як голы ў крапiве, - уколамi распаўзалася па яго целе сьвярбячка.
– Кiра як Кiра: хацела-б усё мець i, адначасова, нiкога не чапiць. Цi яна кахае мяне? У дадзены момант важнае, бадай, тое, што Кiра да мяне неабыякавая. Каханьнем, магчыма, мы называем патрэбнасьць у партнэрстве, - ён выцiснуў прышчык на барадзе.
– Спальваньне чараўнiцаў у Эўропе адбывалася ўпярэдадзень новага... Аўтадафэ ў Iталii палыхалi ўпярэдадзень..."