Сьцяна (на белорусском языке)
Шрифт:
– Не выдумляй, страшыдла паганае!
– Факты вызначаюцца надзвычайнай упартасьцю, пане Сумленевiч. Перш за ўсё таму, э, што iх нельга зьнiшчыць. Можна забыцца на iх або прытаптаць, але яны ад таго не прападаюць. Вось так.
– Чаго ты да мяне прычапiўся?
– Старасьвецкае пытаньне, пане Сумленевiч. У сучасную эпоху наш брат ужо не ганяецца за паасобнымi душамi. Мы, чэрцi, зараз не такiя адсталыя, э, якiмi нас усё размалёўваюць манастырскiя мастакi. Мы пайшлi з духам часу, поруч з дваццатым стагодзьдзем, i, не хвалячыся, таленавiта перанялi найгоршае, чаго дабiлася чалавецтва з часоў сiвой мiнуўшчыны па сёньняшнi дзень. Пэрыфразуючы дасягненьнi, э, напрыклад, каапэратыву, магчыма коратка выкласьцi наш прынцып дзейнасьцi: кожны прападае сам, як толькi можа! Зь некаторым сумам хачу вам сказаць, э, пане Сумленевiч, што ваш спосаб самазьнiшчэньня, усё-такi, банальны. Ня гневайцеся за тое, што я вам скажу: вы нудзiце мяне!..
– Што-о!
– i Сьцяпан расьсьмяяўся, па-дацэнцку, са зьняважлiвай стрыманасьцю.
– Бач ты яго, чорта: у няшчасьцi шукае ён атракцыi! Пайшоў ты вон!
– Гэта нiчога, пане Сумленевiч, што я д'ябал. Вы лепш услухайцеся ў мае словы: шчасьце адзiнкi, у вадрозьненьне ад яе няшчасьця, мала iнтрыгуе пабочныя асобы. Здавалася мне, што вы разумееце гэта. Люцыпар меў рацыю, калi ён супыняў мяне: "Будзь, слуга ты мой, асьцярожны ў апазнаваньнi мэтаў пана Сьцяпана Сумленевiча. У яго можа яшчэ ня быць iх зусiм, як у васабовасьцi выразна нясьпелай. I зважай ты, не засяроджвайся на яго грамадзкiм фанатызьме, гэтай дзiцячай хваробе маладога службоўца, э, якога занадта ўчаставалi крышынкамi ўлады. Ён уяўляў-бы сабою значную каштоўнасьць у якасьцi iлюстратыўнага матэрыялу, калi-б затрымаўся ў сваiм разьвiцьцi. Аднак-жа, э, слабая надзея на тое: Сумленевiч вырасьце на неблагога кар'ерыста, нiчога асаблiвага", - чорт пазяхнуў i аблiзаўся.
– Люцыпар памыляецца! Чуеш, ён памыляецца! Памыляецца!!!
– Не крычы так, - страпянуўся чорт.
– Вiшчыш ты, бы ў шэсьцьдзесят першым годзе, э, калi ў краме, памятаеш, сам украў цукерку й прадаўшчыца...
Сьцяпан ударыў чорта нагою ў дыхавiну, ажно той скруцiўся.
– Яшчэ слова - i я цябе заб'ю!
– Сьцяпан патрос кулаком яму перад мордаю.
Рагаты, не разгiнаючыся, соп.
Сьцяпан, злавесна пастаяўшы над iм, вярнуўся да логава.
– Такая, вось, удзячнасьць чалавека за сказаную яму праўду!
– выпалiў чорт, i, быццам на магутнай спружыне, скакануў ён на абажур электрычнай лямпачкi пад стольлю.
– Раз зь цябе гэткi аблуднiк, э, дык больш нiчога ты не даведаесься ад мяне, - скардзiўся ён.
– Ты...
– Пан Сумленевiч!
– Сьцяпан пагрозьлiва прыўзьняўся.
– Пацалуйце мяне ў хвост, пане Сумленевiч!
Сьцяпан, азьвярэўшы, абхапiў пiсьмовы стол i зь дзiўнай лёгкасьцю кiнуў iм у пачвару. Затым, упёршыся рукамi ў сьцяну, ён захiстаў пакоем.
– Развалiш будынак, жывiна!
– крычаў чорт, ушчаперыўшыся ў абажур (ён высока паставiў свой хвасьцiска, каб Сьцяпан да яго не дастаў).
– Абцiхнi, чуеш! З турмы ня выйдзеш, э, выскачка!!!
– Яшчэ ты, чорце, калiсьцi падлезеш пад мой кулак, - Сьцяпан стомлена апусьцiў руку; другая-ж анiяк не адставала яму ад сьцяны.
I як Сьцяпан нi выкручваўся, тая рука з расшчэмленымi пальцамi не паслаблялася, наадварот, як бы прастрамляла яна мур навылет. Сьцяпан згодлiва аглянуўся на чорта, якi з удаванай заклапочанасьцю чысьцiў сабе капытцы. Рабiлася страшна. "Пане чорт!" - Сьцяпан разявiў рот, каб лiсьлiва аклiкнуць... Ён прачнуўся.
31
У вакно сьвяцiла сонца.
Сьцяпан з панiкай паглядзеў на гадзiньнiк: стрэлка ўказвала дакладна сёмую; ён хуценька прыпарадкаваў няхiтрую пасьцель.
Яму цяжка было выпрастацца - ад невыгоднага ляжаньня спруцянеў карак. Сухiя яго вусны палiла гарката ад выкураных папяросаў.
З калiдора наляталi ўрыўкi размоваў; пачынаўся працоўны дзень.
У габiнэт, у гэтую начлежню Сумленевiча, нiхто не заглядваў, i ён мог спакойна пагалiцца. Сьцяпан, быццам вопытны кансьпiратар, на слых улавiў зручны сабе момант, каб цiха шмыгануць у мужчынскую прыбiральню, да ўмывальнiка, са шчотачкай i зубной пастай.
Убягаючы туды, ён з разгону сутыкнуўся з маладою супрацоўнiцаю, якая выходзiла якраз адтуль з поўным чайнiкам вады (у дамскай прыбiральнi быў папсаваны кран над умывальнiкам, з чым усе звыклiся). Начыньне выпала перапалоханай дзяўчыне з рук, i, са страшэнным грукатам, выкацiлася яно, менавiта, у калiдор, непрыстойна залiваючы паркет. А сама яна, не ўстаяўшы на высокiх абцасах, упала на плечы. Сьцяпан машынальна быў прытрымаў яе за грудзi; далiкатная блюзачка на ёй разьдзерлася ад таго.
Ашаломлены, ён застыў над паўголай жанчынай, якая, ня страцiўшы памяцi, нема закрычала: - Рату-ун-ку-у-у!!
– Выбачайце мне, - прамовiў Сьцяпан.
– Выбачайце...
– Ратунку!!!
– яна галасьлiвiла, як матацыкл у тунэлi.
– Ратуначку, людкове.
Нехта за сьпiнаю Сумленевiча аддаў загад:
– Пане Валодзька, званеце ў мiлiцыю. Мiгам!
Перад уваходам у туалет сабраўся гурт.
– Нумар! Нумар якi?!
– заiклiва пытаўся той Валодзька.
– Дзевяцьсот дзевяноста сем! Ну!!!
Iншыя - шапталiся: "Гэта-ж Сумленевiч... Так, Сьцяпан... Гэта ён... Ай-яй-яй..."
Сьцяпан нахiлiўся над няшчаснай, каб вынесьцi яе адсюль, але яна, ашалелая, укусiла яго за локаць (мела вострыя зубы).
– Мужчыны!
– прарэзьлiва заенчыў бабскi голас.
– Чаго вы стаiце?! Ён заесьць яе тут!
На Сьцяпана накiнулiся; чыесьцi кулакi адпiхнулi яго прэч у закутак.
– Дагуляўся, бунтаўшчык!
– Ня дайце яму ўцячы, мужчыны! Трымайце яго, трымайце! Вяжэце!!!
Сьцяпан моўчкi замiргаў павекамi, бы зацюканы злодзей.
– Я таго й спадзяваўся па iм, - здаволена скрывiўся працаўнiк адмiнiстрацыйнай сэкцыi.
– Бачыце, да чаго ён дажыўся...
– Канцы яму тут!
– прарочыў рэфэрэнт з аддзелу паслугаў, якога здобiў высокi лоб iнтэлiгента.
– Халеры на яго!
– ускiпеў нядаўнi сябар Сьцяпана.
– Ён-жа абяцаў мне дамагчыся павышэньня зарплаты, шыбенiчнiк!
– Хадзiў, лазiў ён, бы дырэктар якi, i ўсё законы свае ўводзiў у нас, зьедлiва загаварыў шматгадовы працаўнiк сэкцыi па справах грамадзкага самакiраваньня.
– То яму мыла таго мала было, то ручнiкоў, то ладу й парадку, то яшчэ чагосьцi, - намесьнiк бухгальтара, ад усьцешанасьцi, ажно пачысьцiў сабе вуха, дбайна насучыўшы дзеля таго на запалку шматок першакляснай туалетнай паперы.
– Будзе яму цяпер, будзе, - праквакаў старэнькi працаўнiк гаспадарчага рэфэрату.
– Ой, што ён зробiць у турме бяз жонкi?!
– пiскнула сакратарка з галоўнага сакратарыяту.
– Даволi наслухалiся мы ягоных павучэньняў: нягодна паводзiце сябе, падлiзваецеся начальству, не шануеце свайго "я", жывяце мудрасьцю рабоў... I гэтак далей, - выжалiўся працаўнiк аддзелу кадраў i сацыяльнага забесьпячэньня.
– Ах, як надакучыў ён нам, ад малога да старога, - з палёгкай выдыхнула сваё прыбiральнiца, якую Сьцяпан прыймаў на работу як мацi шматдзетнай сям'i.
– З усiх зьвяроў толькi чалавек умее сьмяяцца, хоць мае дзеля гэтага найменш прычынаў, - нiякавата выказаўся якiсьцi незнаёмец. На яго паглядзелi, i ён, не аказваючыся, выйшаў са зборышча.
– Што гэта той сказаў?
– А чорт яго ведае?! Нiчога ня робiць, адно ходзiць ды ўсё думае. Мо' ён якi-небудзь сваяк Сумленевiча?..