Шляхам жыцьця
Шрифт:
3-і падарожны.
А ўжо, калі там ваша ласка, То й песню можна закаціць.1-ы падарожны.
А после скажаш, дабрадзею, Хто ты, адкуль, куды ідзеш? Цаніць людзей і мы умеем, Хоць маем гэткім што раз менш.Незнаёмы.
Ну вось і слаўна! Што больш трэба? — Агонь, суседзяў грамада; Навокал лес, над лесам неба, А там — і зорак чарада. Люблю я гэткія прыцуды! Тут чалавек, як чалавек; За думкай думка мкнецца ўсюды, Сон не чапляецца павек.(Пяе)
Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён, Толькі з волей і долей не бачыўся: Сонны сэрцам, душой Драмаў ў хаце крывой, А выходзіў — слязамі след значыўся. Аж вось чуе Лявон Са ўсіх клікі старон, Што ён дурань, жыве па быдлячаму, Дый сам тут зразумеў, Што дум светлых не меў, Што падобен быў дрэву хадзячаму. Зварухнуўся Лявон, Як вада, як агонь, Пазнаў сілу ў сабе небывалую; Ўжо бяда — не бяда, Ўжо нуда — не нуда, Запеў песні свае разудалыя. Зямля стогне, дрыжыць, Як пяе, як крыцыць, Як прасвету сабе дамагаецца, Аж ад песень такіх Страх напаў на другіх, І вось чорная моц падымаецца. І пайшло ўсё ўверх дном. Свісты, енкі кругом, Груганы на дабычу злятаюцца: Шчасце даць бедаку Не ўсім шло на руку, — Не ў руку, што Лявон прачухаецца. Дарма сілен Лявон І адважны так ён, — На падмогу дарма ён надзеецца: Галава у баі Даў за праўду сваю, — Толькі памятка — насып віднеецца. Ляжыць, дрэмле Лявон, На грудзях вырас клён; Калі ж вецер на свеце расходзіцца, Шуміць шумна той клён: Яшчэ ўстане Лявон — Гэй, Лявоны у нас не пазводзяцца!(Перастаўшы пець).
Вось і канец вам песні-байцы, Ці ў ёй панятна толькі ўсё?.. Калі не так што — выбачайце, Даконьча ваша вас жыццё.1-ы падарожны.
О, песню важную такую Не пойме толькі гліны ком… Цяпер няхай жа мы пачуем Штось трохі аб жыцці тваём.2-і падарожны.
А я крыху галля падбаўлю.3-і падарожны, (да другога).
Я памагу табе крыху.1-ы падарожны.
Аброці коням я папраўлю.(Адходзяць усе тры).
Незнаёмы, (ўслед падарожным).
Я адпачну на маху.(Адзін).
О, люд мой лапатны, патульны, За што цябе я так люблю? За што твой гоман неразгульны І думкі ўсе твае лаўлю? Ты лёг мне каменем на сэрцы, Які не ў сілах зваліць я… Што тут пачаці ў паняверцы? Жыві ў жыцці і без жыцця. Ідзеш, брыдзеш, а на дарозе — То косць, то камень, то бадыль; У брата станеш на парозе, А ён табе… О Божа, крый!.. Нясі ў мяцеліцы, ў разводдзі, Свайго цярпення нясі крыж. Калі ж праглянеш ты, народзе, — Арліным лётамі узляціш? Пасцель пуховую пасцеліш Сваім замучаным дзяцям, Нясмелых песняю асмеліш, Якой сягоння бедзен сам?.. Як страшна збуджаным хадзіці Між наспаў, зломаных крыжоў! У мокры пень агонь красіці, Склікаць аплачаных дружкоў… Так цяжка, цяжка, дзе не глянеш, Красою крыўды хоць касі! Калі ж, народзе, ты устанеш І сонцу голас падасі?Падарожныя, (падходзячы).
А вось і мы! Цяпер зноў сядзем…Незнаёмы.
Цяпер зноў сядзем… ну, і што ж? Ага! гістор'ю нашу зладзім, — Адточым востра ўсё, як нож; А можа трапім ею ў грудзі, У грудзі з дзерава людзей…Падарожныя.
Што ты?! Ці ж мы такія людзі? Жартуеш хіба, дабрадзей!Незнаёмы.
О не, крый Божа! Ось з няўцёку Зляцела слоўца з языка… Так штосьці ў сэрцы мне не лёгка, Ну, і паднесла бедака… Хто я і скуль — для вас цікава; О, не вялікі гэта цуд: Радзіўся, рос, ляцеў за славай, Ляцеў, ажно спыніўся тут. Убачыў дзень я ў сельскай хаце; Бацькі у беднасці жылі: Канёк, кароўка — ўсё багацце, Ды гонеў двойчы — ўсей зямлі. Чытаць, пісаць крыху наўчылі, Але не выўчылі саўсім; Сам з часам кніжны лад асіліў І толк у ім даваў другім. І мёд салодкі, і атруту Суліць страніца стала мне; Я ею думкі ўсе апутаў: Не знаў — на яве я, ці сне. Цямноту ўсю паняў нездарнасць, Я сілу знання ўсю паняў; Свайго жыцця я відзеў марнасць, Аж на сябе я рукі ўзняў. Але не суджана было мне Душой без часу загавець, І сам не знаю ўжо сягоння — Жалець таго, ці не жалець. Ішлі гадочкі за гадамі. Я ў сілу рос і ў розум рос, Дый не расце пацеха з намі, Як там не жалімся на лёс. Што раз зваднейшыя ўсё леты, Што раз цяжэй на грош і хлеб. Пайці у свет — бацькі мне светам, А хата мне — астрожны склеп. Смяецца неба непагодай, Шыбець скаціну нейкі звод, Зямліца дзеліцца няўродай, За годам выплаканьшы год. Аж бацьку гора з ног зваліла, — Пайшоў на той свет без пары; У год капай зноў тры магілы: Злёг брат, і дзве зляглі сястры. Пашло няшчасце за няшчасцем; Я кут пакінуць мусіў свой… Дзе ступіш — смешкі ды напасці, Хоць налажы ты галавой. Пазнаў куткоў чужых сцюдзёнасць, Нагайку службы я пазнаў, У след мая шла беспрытоннасць, З ёй вецер песні напяваў. А думкі рваліся да сонца, Туды, да ціхіх, добрых зор, Да волі, шчаснасці бясконца З пустынных ніў, з гаротных гор. Ліў нейкі мне таёмны голас Праявы дзіўныя ў душу; Іх чуў, як чуе сонца колас, І думаў, зло сваё скрышу. ………………………… Іду… Куды ісці сягоння? Аднэй няма, а шмат дарог… Адлогам родныя спяць гоні, Іржа на вышлках есць нарог. На траме ўверчана анучай Ляжыць няклеплена каса; На сцежках мох расце калючы, На ім — чырвоная раса. Руцэ народная набіваюць Плугі чужыя мазалі, Чужыя коні папасаюць На абезволеннай зямлі. Йдуць песні, казкі ў дамавіну; Якія дзед спяваў складаў; Свае жалейкі люд закінуў, Чужым свісцёлкам месца даў. Узносе пасынкам пакорным Бяда цямнічныя муры І сеткі путае праворна, Чапае могілак крыжы. Адно чуваць, як быццам штосьці, З-пад сонных наспаў, з-за мяжы, Дзе дрэмлюць прадзедавы косці, Дзе час варочае крыжы, — Штось варушыцца у бяссіллі. Ці ж бы там быў жывых папас?.. Няўжо нябожчыкаў змянілі, Няўжо нябожчык кожны з нас? …………………………… Але ўжо блізка і світанне; Пара ўзнімацца ўжо, пара! Пакуль к нам з неба сонца гляне, Жджэ не адна мяне гара. І вам пара вазы ўжо ладзіць, К дарозе коней рыхтаваць: Раней лепш стануць у парадзе, Чым на папасе пераспаць. Цяпер, каторы з вас пасудзіш Мяне за злодзея свайго?1-ы падарожны.
Ты не тутэйшы мусіць будзеш, Або і горай ад яго?2-і падарожны.
Цікава, вельмі ўжо цікава Ўся гэта гутарка твая, Але такую меці славу Не пахваліўся б, браце, я.3-і падарожны.
Так з кута ў кут век вандраваці, Як мне здаецца, без патрэб… Ці ж то не лепш сядзець у хаце І у спакоі есці хлеб?Незнаёмы.
Э, што!.. Бывайце, людзі жывы! Дзе толькі торба і мой кій?.. Гэй, сыпма далей, там, на нівы, Хоць гром грымі, хоць віхар вый! Яшчэ спаткаемся калісьці — За год, за колькі мо гадкоў, Як звянуць сёлетнія лісці, Як прыйдзе Радаўніца зноў.(Адходзе, напяваючы):
Жыў на свеце Лявон, Молад, дужы быў ён…1-ы падарожны.
І дзіўны ж гэты чалавечак! Чаго ён хоча ад другіх?..2-і падарожны.
Ці ж мала ёсць такіх авечак? Ат, толькі смех глядзець на іх!3-і падарожны.
А я скажу вам, егамосьці: Сыходзе з поля маладзец; Злавіў там з кніжак штось, чагосьці, Ну і вар'юецца ўканец.(Чуваць конскі топат).
1-ы падарожны.
А гэта што зноў за праява: Каго нячысцік нясе так?2-і падарожны.
Бадай, запутаная справа, — Вунь, вунь — адзін, другі ездак.3-і падарожны.
Сюді на вогнішча к нам едуць, А з імі — нейкі важны чын.1-ы ездак, (шыбка пад'язджаючы).
Ці не маглі вы бачыць, ведаць — Сюдою путнік шоў адзін?Падарожныя.
Не, не, паночкі! мы не знаем, Мы тут начуем толькі ўтрох, І зараз самі ад'язджаем: На рынак ладзімся, на торг.2-і ездак.
Паедзем дальша, тут нічога Нам не паказвае на след.3-і ездак.
А як вы ўбачылі б такога, — Злавіць, звязаць — і к нам, чым свет!Поделиться с друзьями: