Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шляхам жыцьця

Купала Янка

Шрифт:

Сват

Ня зьведаўшы броду,

Ня сунься ў воду.

Прыказка
З апавяданьня старога дзецюка
— Гэй, лінь там у чарку! Вы ж ціха быць, хлопцы! Ты, Ганька, агню мне нашчупай у копцы. Як лыкну, як пыкну, дый збаю ў прыпеўцы, Як быў я малодшым, як сватаўся к дзеўцы. — Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка, Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка. — Зімой было гэта, — гаворыць ён далей, — Дзянькі мясаеду прыйшлі, загулялі, I ўсё загуляла: дзень будні — нядзеляй, — Няма таго дня — вечарынкі, вясельлі. Папіў той гарэлку, той едзе у сваты; Бяз госьця, бяз чаркі ня знойдзеш той хаты. Глядзеў я, глядзеў я, — дый вытрымаць трудна, — А быў я натуры ня вельмі маруднай. Сюд-тут — і гатова: ўжо еду са сватам, — Памёр (пакой вечны!) — ўсе звалі Кандратам, — Знаў добра, як што, да чаго ў такім разе, Па слова ніколі ў кішэню ня лазіў. З сабой у дарогу гарэлкі набралі, — Шынок быў пад Гайнай, шынкар зваўся Гдаляй, — Конь добры быў сватні, званок прычапілі, З бутэлькі пацягнем — што значаць там мілі!.. Эх, чаркі вы, чаркі, хто з вамі задрэме? — Бяда — не бяда, акіян па калені! — Гэй, крыкну, кіруй, сват! — Конь прэ ва ўсе ногі, Хоць дзеўкі ня знаў я, а сват к ёй дарогі. — Кіруй, сват! — Мінаем даліны і горы; Ноч ясна, марозна — і месяц, і зоры. Званок заліваецца, сьвішча палозьзе, Сьнег скача, конь пырхне, — тры пляшкі у возе!.. Ляцім… Вось прыехалі, вылезьлі з санак; Сабака брахнуў, і хтось выйшаў на ганак. — А хто там? — так чуем. — Свае, кажам, людзі. — Дык проша ж у хату! — Сват нешта марудзе. Ідзём. Вось і ў хаце. Лучына пылае. Я толькі гляджу, дзе мая маладая. З парога сказалі, як сьлед: «…пахвалёны!» — Навекі! — сказаў гаспадар на паклоны I просіць садзіцца. Мы селі на лаве. Ці гладка рэч, думаю, пойдзе аб справе? Ня быўшы ў такіх пераплясах ніколі, Сам неяк ня свой ды баюсь мімаволі. Дасталі тытун, затуманілі люлькі, — Капшук мой быў слаўны, — дастаў ад бабулькі, — I, як бы нідзе ні аб чым і ня дбаем, З пустога ў парожняе пераліваем: Адны хтось маўчаць з нас, а слухаюць тыя, Ці тыя замоўкнуць, каб чулі другія. Прайшло з паўгадзіны. Тут сват азірнуўся, Выходзіць у сенцы, з бутэлькай вярнуўся I гутарку аб інтарэсе заводзіць. — Пачну, кажа, проста: круціць нам ня ўходзіць. Прыехалі к вам мы тавар аглядаці; Барыш на стале во, і мы ў вашай хаце! (Вось гэтак, прымерам, па добрай ахвоце Сваты пачынаюцца ў нашай прастоце.) Тут наш гаспадар, як ні ў чым не бывала, Вядзе ў сенцы нас, дзе кабыла стаяла. — Эх, лоўкая шэльма, і ўсё есьць ахвотне! Няма ў бягу лепшай. Аддам за паўсотні. Гіршонак гаенскі прыходзіў сягоньня, Бяз торгу клаў сорак і пяць на далоні. Як гэта пачуў я, ўсяго аж затрэсла! Куды тут нячыстая свата занесла? А ён (пакой вечны!), ня сьцяміўшы рэчы: — Мы ў сваты прыехалі к вам, чалавеча! Хлапец і ня бедны, і добрай натуры, Завецца Міхалка, жыве каля Жмураў… — Я лыпнуў вачыма. Тут зноў неспадзеўкі: — Даруйце васпанства: няма ў мяне дзеўкі! Ўсіх баб — мая баба дый гэтая кляча, Ніхто ў мяне больш іх ня чуў і ня бачыў! Каб лепей хто ляпнуў анучай па мордзе, Як гэта пачуці у гэткай прыгодзе!.. Як выйшаў я з хаты, як селі мы ў сані, Як ехаў я з сватам, — хваліў як ці ганіў, — Вы сьмейдеся самі ці лайце ад ведзем; Мы з сватам тым часам к другой дзеўцы едзем. Бо трэба вам ведаць, што сват мой, Кандратка, Ні ў чым не адступіць, хоць шло б ня ўсё гладка. Прыехалі. Зноў гэтаксама сустрэлі. Сват мой падбадрыўся, мяне больш асьмеліў. Дый мне лягчэй стала: тут бачу дзяўчыну, Хоць дзеўка, сказаць, — адпусьці, Божа, віны!.. Сват гэтага толькі ня цяміць нічога: Яму ўсюды проста, як з моста дарога. Гарэлка ізноў на стале загасьціла, Пайшло дзела ладам; бяседа — аж міла. Дзяўчыну ўжо маем, — што болей нам трэба? Дый буталь гарэлкі — к ёй хлеб і да хлеба. Ўсе гэта ня кепска — па першай няўдачы, Аж з радасьці сват мой чуць-чуць не заплача!.. А я паглядаю к дзяўчыне з-за пляшкі, — Па целе так проста і скачуць мурашкі! Кляну ў духу жонак, сватоў ўсіх і дзевак… Тут быў для мяне не канец неспадзевак! Ня даў, знаць, Бог шчасьця мне ночкаю гэтай, Ці мо' пад такою радзіўся планэтай… Папіўшы гарэлку, дамоў маем ехаць; Сват асалавеў мой, зрабіўся — як вехаць. Ідзём… Бач, за печай сядзіць дзяцей двое: Адно — хлапчанё, а дзяўчынка — другое. — Чые, — спытаў, — гэта? — Аж дзеўка з куточка — Мае, мой ты мілы, сыночак і дочка… Што ж болей? Эх, болей… падлі там сівухі! — Ну і наварыў жа мне сват саладухі! Прайшло з таго часу год дваццаць бяз мала, На сьвет многа што прыбывала, ўбывала; Жаніліся людзі, спраўлялі хрысьціны, Мне толькі на жонку ня стала дзяўчыны… Больш сватацца к дзеўкам мінула дурнота, Прапала адвага, адпала ахвота… Так байку закончыў сваю нам Міхалка — Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка. Я слухаў, сьпісаў тут і вам ахвярую, — Ану ж прыйдзе к смаку, тады дам другую.

Паляўнічы і пара галубкоў

Прысьвячаю прафэсару

Б. Эпімах-Шыпілу

Легэнда зь індыйскай кнігі Магабгарата [1]
Ў Магабгараце, кнізе Інд, Якой лет тысячы тры лічым, Такая повесьць там стаіць Аб галубках і паляўнічым.

I

Быў чалавек, якога ўсім Было заняцьцем — паляваньне; У лесе, ў полі дзень і ноч, Як быццам ляжа там і ўстане. За птушкай птушку ловіць ён Са хцівасьцю благой у змове — На рынак цягне прадаваць, — Прадасьць і зноў ідзе і лове. Пануе ў пушчы, бы ў якім Сваім за хатай агародзе, Ў сям'і крылатай пуд і страх Сілом і клеткаю наводзе. Паміж бацькоў, паміж дзяцей Птушыных сее ён разлуку, Ні ласкі к ім, ні жалю к ім Ня меў, ня знаўся зь іхняй мукай. З сумленьнем дружбы не вядзе — Да крыўд і мук яму зло сватам; Закон багоў яму ні ў што; З душы і сэрца вечным катам. I доўга так палюе ён, Зьнімае так ахвяры ў клеткі, Ажно прыпадак немалы Спаткаў яго ў пустыні гэткі.

1

«Кнігі Магабгараты — гэта адна з найстарэйшых і найвялікшых паэм сьвету. Створаны яны індыянамі болей трох тысяч год таму назад і зьмяшчаюць у сабе каля 220000 радкоў. У Магабгараце, апрача навучальных і духоўна-маральных філязофскіх твораў, шмат ёсьць і прыгожых, паэтычных вобразаў. Зь іх найпрыгажэйшы — „Наль і Дамаянці“ — вельмі добра перакладзены на польскую мову А. Лянге. Легэнда ж аб паляўнічым і галубках ня ёсьць даслоўным перакладам зь індыйскае мовы; я ўзяў толькі аснову гэтай аповесьці і болей-меней захаваў форму санскрыцкага верша — „шлёкі“, якой усе кнігі Магабгараты напісаны». — Я. К.

II

Дня аднаго ў кустах блудзіў І лёгкага выглядваў хлеба, — Пагоду ясную і дзень На ноч зьмяніла бурай неба. За хмарай хмару валакло, А грозна, чорна, безустанку; Пярун ляцеў за перуном, Штоміг — маланка за маланкай. Ліло, як з рэшата, дажджом, Раўняла нізкі дол з узгорам, I лес, і поле абняло, Як пеклам, як шалёным морам. Заціхла птушка, зьвер заныў; Лес-хата — ўжо ня быў ім хатай… За грэх караў зямлю, ці што, Так грозны Сатакрата. А паляўнічы, хоць і мок, Не пакідаў сваёй работы: Галубку ўбачыў пад кустом — За крыльле ўзяў злавіў з ахвотай. Здабыча лёгкая была: Галубка, выбіўшыся зь сілы, Хоць і хацела — не магла Ляцець, чакаў яе дзе мілы.

III

Тым часам сьціхла бура ўжо, Але і вечар быў на сьвеце; На небе месяц абышоў, I зоркі сталі ў небе йрдзеці. Што тут рабіць? дамоў ісьці? — Ісьці і цёмна, і далёка; У лесе цемным начаваць? — I небясьпечна, і нялёгка: Усюды сьвеціцца вада, Вада зьліваецца з галінаў; Нічым нідзе дастаць агню, А тут яшчэ і рык зьвярыны… I голад такжа не маўчыць: Пара даўно чаго паесьці… Нічога. Рады ўжо няма. Прыйшлося ў лесе ноч правесьці. Пад дрэва буйнае ідзе, Шукае ў ім сабе апоры; У знак пакоры — галаву Схіліў і так яму гавора: «О, дрэва, будзь прыстаньнем мне: Ў сваёй з багамі мей апецы». Сказаў і лёг на камень там, Пры ім галубка тут жа ў клетцы.

IV

А гэта дзерава было Сялібай, хатай галубковай; Сядзіць прамоклы на ім ён I так бядуе слова ў слова: «Куды загінула мая Галубка, вечная падружка? Такая страшная пара! Як выйдзе жывенькаю птушка? Мо' вецер зьбіў яе куды, Ці дождж пасек няшчаснай крыльлі Ці вораг бедную злавіў, Ці перуны насьмерць спалілі? Што мне з жыцьця, калі яго Ня будзе ўжо з кім каратаці? Жыцьцё і сьвет тады — ня сьвет, I сам ня свой у сваёй хаце. Палац з брыльянтаў; сотні слуг Хай за цябе паложаць грудзі, — Бяз ласкі — з слугамі палац Астрогам, пусткай вечнай будзе. З падружкай мілаю і лес — Як найбагатшы стане хорам… Няма яе — няма жыцьця, Усё — адной няўцехай, горам».

V

Галубка чуе галубка, I сэрца радасьцю ёй б'ецца, — Што гэтак помніць ён аб ей, Такому жалю аддаецца. Але нядоўга шчасьце ёй Усьмехам думкі калыхала: Галодны тут жа госьць ляжаў, А гэта значыла нямала. «Ня думай, мілы, аба мне, — Так галубку галубка кажа, — Уперад волю споўнь багоў: Яны пры ўсім стаяць на стражы… Гасьця ты маеш у сябе, Замёрз і есьці пэўна хоча, — Заняцца шчыра мусіш ім, Каб не пракляў цябе і ночы». Пачуў, стаў весел галубок, Ад радасьці аж як ня плача. Сьпяшыць гасьцю служыць, пытаць, Якую той цярпіць нястачу. «Я зьмёрз», — гавора той яму. Галуб рад памагчы ў прыгодзе (Бо й дрэва ў цень хавае свой Таго, хто нават сеч прыходзе).

VI

Гальлё сухое і лісткі Зьбірае, колькі сілы мае, Кудысьці зьлётаў па агонь, Разьвёў і госьця йзноў пытае. А паляўнічы да яго: «Дай есьць, галодны я сягоньня». Тут бедны галубок схмурнеў: Ня знае, дзе яду спагоне. То ж ён па-птушаму жыве, Жыве тым, што пашле здарэньне; Няма запасу ў галубка, А госьць ня можа знаць цярпеньня. Падумаў трохі галубок I штосьці выдумаў такое… «Спакоен, — кажа, — госьцік, будзь. I голад твой я заспакою». Сказаўшы гэта, над агнём Ён тройчы звольна акруціўся І, як маланка, як страла, Ў агонь, як ёсьць, жыўцом зваліўся… Ўстрос паляўнічым страх і жаль; Дае зарок ня жыць так болей: Спаліў прылады ўсе свае, Галубку выпусьціў на волю.

VII

Дый воля ўжо ёй не ў карысьць, Сядзіць і сумненька бядуе: «I лес, і сонца, і прастор Мяне ня цешаць маладую. Дружок ужо на сьвеце тым; З кім варкаваць, як даўней, буду? Нядолю-долю з кім дзяліць?.. Жыцьцё ўжо мне няспыннай жудай. Пайду за ім, пайду к яму. Прымі мяне к сабе, мой любы!» I з гэтым словам, як і ён, Звалілася ў агонь-загубу. Яшчэ больш паляўнічым тут Затрэсла скруха-неціхота: Лавіці птушкі у сіло Навек адпала ўжо ахвота. Па куце здаўся за грахі: Узьдзеў пакутны ўбор жабрачы… Ракой ідзе — ня п'е вады, У лесе птушкі — як ня бача. Аж так дабрыў, дзе лес палаў… Ўляцеў і сьледу не заставіў… Па сьмерці ўбачыў галубкоў Паміж сьвятых на небе ў славе. • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • Ўсю гэту повесьць знаем мы Аб галубках і паляўнічым З Магабгараты, кнігі Інд, Якой лет тысячы тры лічым.

У Купальскую ноч

Цёплым летам на Купальле, Як ноч ляжа без граніцы, Зводы, чары бліжай, далей Відны ў пушчы над крыніцай. Ля калоды, на калодзе — Ў кожным лесавым куточку — Кветка-папараць усходзе, Зацьвітае ў гэту ночку. Хто захоча ў цёмнай гушчы Пашукаці, паспытаці, Падпільноўвае дух пушчы — I ня дасьць нічога ўзяці. Вось глядзіце! Зважна, ціха Чалавек ідзе, крадзецца; Што за немач, што за ліха? Ці ж няма ўжо дзе падзецца? Вочы кроўю наліліся, Аб зуб зубам страх ляскоча, Клубам гнецца, прыхіліўся: Кветку-шчасьце цапнуць хоча. I мармоча, як спрасоньня, Пад шурпатымі сукамі: «Ці ж, як летась, і сягоньня Мне з пустымі йсьці рукамі? Кожны год іду сюды я, Кожны год надзею маю, А тут немачы нямыя Круцяць, верцяць з боку, з краю. Зьбіўся з толку, жыць нязмога; Вечны голад кветкі-шчасьця, То ад Бога, то да Бога Гоніць, цісьне, як з напасьці. Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца! Ах, ня тое! Адвярнула!.. — Гэта шышка на сасонцы». Ну шукаці, як шукаці! Цемра з нэтрай скача скокі, Звод рагоча ў цёмнай гаці, Смоўж зіркае аднавокі. Так шукае, лазіць лазам, Просіць, моліць, заклінае, А дух пушчы з пушчай разам Успамінкі ўспамінае: «Кінь шукаць, спраўляць скавыты, Не чапай маіх харомаў! Я — дух пушчы, дух сярдзіты, Не спушчу нідзе нікому! Кветкі пільна я пільную, На замкоў замкнёна сорак, А дарожку даў такую: Людскіх костачак узгорак. Не пачуеш нашай рады, Будзе тое і з табою! За цьвяточак для прынады Ты заплаціш галавою! Як на сьвет сьвет нарадзіўся, Як душа засела ў целе, Ўсе ляцелі к гэтай місе, I ніводныя ня елі. Пушча знае, што бароне, Што ёй дадзена на сховы, Крыжам ляжа на загоне, А ня дасьць надзець аковы. Адчапіся, адхрысьціся! Доляй-казкай счараваны, Ты яшчэ не дарасьціўся Цьвет пасьцігнуці жаданы. Бачыш, ночанька, як сажа, Жджы лепш раніцы, ня кветкі!» — Так дух пушчы з пушчай кажа Чалавеку напасьледкі. А ён блудзіць, ходам ходзе Тамка, тутка, далей, бліжай, То скрадаецца, як злодзей, То бярэцца плазам-крыжам. То абыйме дрэва-елку, То рукамі водзіць пуста, То пагоніць з хвойкі белку, То спужае птушку з куста. Пад нагамі мох шапоча, Лісьце ласіцца па твары, Ён шукае і мармоча, Як ня чуе чараў-мараў. «Прэч, загіньце, ведзьмы, злыдні! Вунь вам верас, вунь вам лычка; Ці няўжо вам не абрыдне Шаматаці мной, як тычкай? Шоў я полем, сенажацяй, Шоў гарою і далінай, А тут кветкі не спагнаці, Хоць хавайся ў дамавіну! А нашто ж мне над калыскай Аб ёй ночка напявала? Напявала, што ўжо блізка, А пасьля сама схавала. А нашто ж мне на папары Насьвістоўвала жалейка, Жальма жаліла на сквары? Аж і сьціхла, дабрадзейка! А нашто ж мне звонам косы Вызванялі на прасьцягу? Самі выгубілі росы, Мне пакінулі боль-смагу. А нашто ж мне на вясельлі Пелі, гралі, чаркі білі? Самі сьціхлі, занямелі, Мне ўчарашні дзень згубілі. А нашто ж мне на Каляды Галасілі па-хаўтурну? Самі вылеглі загладай, Я ў жальбе снуюся бурнай. А нашто ўсё гаварыла: Жджы на кветку, на Купальле! З году ў год чакаю мілай I шукаю бліжай, далей. Можа, тамка? можа, гэтта? Пнуся, рвуся ўзад і ўперад — I на лета, ўсё на лета… Вязьнем я і кветка ў нерат. Не трашчыце, не шасьціце, Сухалесы, пустацьветы! Дайце кветку, дайце жыці, Не чаруйце у сусьветы! Мох, чарнобель, расхіліся! Кветка, кветка, выглянь сьмела! Чорнай кроўю ўвесь абліўся, Сухажыльле зводзіць цела… Стой! Здаецца, вунь зірнула, Як бы зорка, як бы сонца… Ах, ня тое! Адвярнула!.. — Гэта шышка на сасонцы». I пабег, пабег па лесе, Закруціўся дымам-пылам, Стаў, глядзіць, на грудзі зьвесіў Галаву над пнём пахілым. А дух пушчы з пушчай разам Успамінкі ўспамінае I так далей кажа сказам, — Ночка слухае нямая. «Вырві сэрца, высуш сэрца, Запалі агнём, як сьвечку! Не глядзі, што кроў сатрэцца, Не паглядывай на печку! Як ноч прыйдзе, гэта ночка, Выйдзі з сэрцам, як з паходняй, Ад кусточка да кусточка Асьвяці мой хорам годне! Так сьвяці, ня бойся мукі, Зь верай вернай і надзеяй, — Кветка прыйдзе сама ў рукі, Толькі сэрца спапялее. Чуеш гэта, зробіш гэтак? Будзеш панам, слаўным князем; А ня зробіш — сотні летак Выць так будзеш паміж вязьзем. Прыйдзеш, пойдзеш у нягодзе, Віцца будзеш, як вужака, Дзень ці ноч, ня скажаш: годзе! Чахнуць будзеш, небарака! Бачыш, чуеш: царства наша Вечна, сільна, неўгамонна; Духа пушчы не застраша Ні сякера, ні карона. Не ўздымайся сухавейне, Не вышуківай закляцьця! Скора поўнач, скора пеўні У тваёй зайграюць хаце». Дух гамоніць, лес трасецца, Стогнуць хвойкі і асіны, Шум пакоцісты нясецца, Як хто гіне або згінуў. Чалавек маўчыць, марудзе, Ўзад, уперад пройдзе, гляне. Вось мінута, а штось будзе, Можа, можа, і дастане… Абы поўнач, як маланка, Не змахнула цьвет закляты, — Прахам пойдзе ўся гулянка, Зноў год жджы на гэта сьвята! Што? Стаіць, глядзіць, о Божа! Кветка-папараць абходзе, Зацьвіла, як мак, прыгожа, Як бы сонца на усходзе. Схамянуўся, прэ кустамі, Як шалены, прэцца к кветцы; Лес кусаецца сукамі, А ён туж дапрэ, здаецца. Раптам певень загалосе Недзе ў вёсцы, ў роднай вёсцы. — Ўсё — як сон… не засталося… Лісьць трасецца на бярозцы. Не то з пуду, не то з жалю Вочы трэ, глядзіць нясьмела — Пуста, дзіка, бліжай, далей, Толькі штосьці зашумела. Зашумела, замуціла, Дзікі рогат паплыў рэхам, Думка сьніла, не дасьніла, Паляцела з пушчай сьмехам. Паваліўся, як сноп жыта, — Як сноп жыта пры сасонцы. Крык адно, як звон разьбіты: «Дайце кветку! Дайце сонца!»

На Дзяды

Хто там стогне так на ўзьмежку, На капцы у полі? Як згубіўшы к долі сьцежку, Як ня знаўшы долі. Ці там вецер водзіць гулі Так па самагубе, — Бы сваё дзіцё матуля Песьціць ды галубе? Ці над бацькаўскай магілай Жаліцца сіротка, Ці сваёй шукае мілай Хлопец-адзінотка? Ой, не плача брат над братам На мяжы кургана, А бядуе так душа там — Зьвязана, скавана. Хто умее слухаць, можа Шмат пачуць чаго там; Як прычытвае, нябожа, Бы Лазар пад плотам. Не жылося мне даўней так (Льецца гэткі голас), Не такі мой быў палетак, Іншы меў ён колас. Шла мая ў даль дзіва-сіла, Як бы хвалі Нёмну; На касе сваёй насіла Княжацку карону. Ніў маіх ніхто б ня зьмерыў, Не зьлічыў сялібаў; Мела ў пушчах многа зьвера, Многа ў водах рыбы. Засядала, расьцьвітала За гадамі годы; Залатыя думкі ткала З шчасьця і свабоды. Мелі страж гранічны вехі; Гадавала дзетак І чакала зь іх пацехі, Як вясною з кветак. Трох сыноў дала судзьбіна Да майго парога, А такія — сын у сына, Як нідзе, ні ў кога! Іх пясьціла, як умела, Ласкаю вясёлай; Красак, сонца не жалела Я для іх, саколаў. І расьлі яны, расьлі так, Мае княжаняты, На багацьце, на прыбытак, На вось тое сьвята. Як са мною будуць разам Жыці, панаваці, Славы быць жывым абразам У людзей і ў хаце… Бегам беглі дні і ночкі, Леты за лятамі… I павырасьлі сыночкі Самі, як ня самі, Як дубы у полі чыстым, Як сасонкі ў боры, Як у небе абадзістым Тыя сьвечкі-зоры, — Так магутны, яснасьветны На пагляд былі ўсе, Хоць да бою з апраметнай… Ажна сьвет дзівіўся! Ды ўдаліся, ой, сынкі мне Не аднэй натуры, Як бы тыя ноткі ў гімне Цішы і віхуры. Працавітага быў першы Складу і нагібу, Так, здаецца, што й памершы Ўсё араў, касіў бы. За другім была ахвота К лежні, к панаваньню; За чужой бы жыў работай, Спаў бы да зьмярканьня. Трэйці ўсіх бы толькі мучыў — Склад меў быці катам, З паганякаю на ўзруччы К зьдзекам быў заўзятым. Вось такой натуры, складу Ў іх я дачакала; На дарма, як мёд-прынаду, Думка ў думку ткала. Не прышлось мне жыць на сьвеце Ў славе і дастатку: Загубілі родны дзеці, Загубілі матку. I сярэдні, і малодшы, Родныя дзяціны, Як мая — пайшлі к салодшай Ласцы без прычыны. Ў сьвет збрылі чужы дзівіцца, Гнуць у ёрмы шыі… I ўтапілі ў чужаніцы Душы маладыя. Заставаўся толькі старшы Гаспадарыць дома, Бо ад тых быў гаспадаршы, Хоць быў ў іх за лома. Заставалася адна я Сын адзін са мною Як той путнік на расстаі, Летам і зімою. Сяк ці так, жылось паволі Ў палавіне з горам — Тым у хаце, тым на полі, А другім за морам. Аж дакучыла, знаць, далей Недзе так бадзяцца, І сынкі зьбірацца сталі, Ззадалёк вяртацца. Як прыйшоў дамоў сярэдні, Выглядаў багата, Й не пазнаў, як зьвер пасьледні, Ні мяне, ні брата. Ў плуг запрог свайго браточка Навек, да скананьня, А мяне асеньняй ночкай Выгнаў на бадзяньне. Як дамоў вярнуўся меншы, Сьвету як увідзеў, — Аказаўся дасьціпнейшы, Чым сярэдні, ў крыўдзе. Над старэйшым братам ставіў Стражы і запоры, Цела ранамі крывавіў, Зьдзекаваўся ў горы. Зьдзек і далей строіць дай жа, Ласку з сэрца выжыў: Суд судзіў, што я — ня я ўжо, І расьпяў на крыжы. Так мая краса завяла I маёй сялібы! Ліхата апанавала І капцы, і скібы. Адплацілі роднай матцы Княжаняты-дзеці: Відмай кінулі бадзяцца, Сіратой гібеці. Ходзяць, гоняць сухавеі Праўданьку сьвятую; Брата брат не разумее, Брата брат катуе. Я на гэтым на кургане Ўсё сяджу і плачу, Усё чакаю зьмілаваньня, Дый ніскуль ня бачу. Ці апомняцца сыночкі У сваёй правіне? Ці загінудь сярод ночкі, Што і сьлед загіне?.. Стогнуць ветрам калыханы Ліпы ды бярозы, А ноч сее скрозь туманы Золь, слату, як сьлёзы. Лапацяць крыламі жудка Кажаны, начніцы, Як бы суд спраўлялі тутка Ведзьмы-чараўніцы. А душа сама — бяз хаты, Знаць, зь вялікай мукі То зрывае зь сябе шаты, То ў крыж зложыць рукі, То паказвае на плечы, То капец абойме… Бог яго усё дарэчы Зразумее, пойме! Можа, зь іншага хто краю Скеміў бы сумленьне, Што яна там вычварае З жалю і цярпеньня. То нам кажа ночкай цёмнай На мяжы ў пракляцьці, Як Дзяды ў нас векапомны Стануць адпраўляці.

На Куцьцю

I

На небе зоры ўжо мігцяць, На полі срэбны снег іскрыцца; На бел-свет дзівы выпраўляць Пляцецца ночка-чараўніца. Глуш абнялася з цішыной I спавівае ўсё у чары, Паўзуць і сеюць шорах свой Старым парадкам цені-мары. Вылазе з цемры бледны звод, Глядзіць сліўнём на долы, горы I тут і там пускае ў ход Свае нямыя загаворы. I тут і тамка свой прыгон Распасцірае царства ночы; Салодкі сон, магільны сон Смяецца свету ўсяму ў вочы.
Поделиться с друзьями: