Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шляхам жыцьця

Купала Янка

Шрифт:

XI

Падхапілі, ўзялі гусляра-старыка. Гуслі разам яго самагуды: Па-над бераг круты, дзе шумела рака, Павялі, паняслі на загубу. Месца выбралі здатнае, вырылі дол, Дол тры сажні [26] шырокі, глыбокі; Закапалі, убілі асінавы кол, Далі насып тры сажні высокі. Не часалі дамоўкі [27] яму сталяры, Не заплакалі бліжнія вочы; Змоўклі гуслі і ен з той пары — да пары; Сум і сціша залеглі, як ночай. Толькі князеўскі хорам гудзеў, не маўчаў: Шалы, музыка ў тахт рагаталі; Не адну віна бочку князь кончыў, пачаў: Шлюб-вяселле ўсе княжны гулялі.

26

Сажань — старажытная мера даўжыні, роўная прыблізна 2 м 13 см.

27

Дамоўка — труна.

XII

Пацяклі, паплылі за гадамі гады… На гусляравым наспе жвіровым Палыны узышлі, вырас дуб малады, Зашумеў непанятлівым словам. Лет за сотню звёў час, ці і болей мо лет, Зацвілі пераказы ў народзе; Кажуць людзі: ў год раз ночкай з гуслямі дзед З кургана, як снег, белы выходзе. Гуслі строіць свае, струны звонка звіняць. Жменяй водзіць па іх абамлелай, І ўсе нешта пяе, што жывым не паняць, І на месяц глядзіць, як сам, белы. Кажуць, каб хто калі зразумеў голас той, Не зазнаў бы ніколі ўжо гора… Можна тут веру даць, толькі слухаць душой… Курганы шмат чаго нам гавораць.

Грабар

Ўжо даўно у вялікім у горадзе Жыў грабар, слаўны ў дзеле сваім; Колькі жыў, адно рыў ён нябожчыкам Долы-сховы сякім і такім. Ці багач, ці бядак, днём ці ночаю, — Супачынку ня знае грабар; Ноч і дзень, як той цень, ён на могільцах Сам з рыдлёўкай сваёй — гаспадар. Пакуль там з дамавінаю ўладзяцца, Змыюць цела, пакуль прыбяруць, А ў яго ні зь сяго дол і выкапан, I ня змыліцца ў меры нічуць. Як дамоўку спускаюць вяроўкамі… Ажно дзіў, які важны спачын: Глыбіня, шырыня дапасованы, Не дагодзіць так бацьку і сын. А засыпе зямлёй супакойніка, Які насып удоўжкі і ўзвыш! I дзярном-дываном бераг высьцеле, I з каменьчыкаў высьцеле крыж. Доўга-коратка жыў так — няведама, Пэўна, жыў, колькі трэ' было жыць; Але вось, як на злосьць, і абрыдала Яму гэтак штодня ямы рыць. Без канца неспакойства штодзённае; Як на варце, з рыдлёўкаю стой; Пахаваў, насып даў небарачніку, — Бач, другі ўжо расстаўся з душой. Каб за раз ад усіх адкараскацца, Вось тады б то аддыха была! Песьні б пеў, не мадзеў сьвятам, буднямі; А так — доля ня тое дала: Мрэ адзін, а ўсё зь ім не ўмяншаецца; На яго мейсца родзіцца пяць… Пакруціў-памуціў мазгаўніцаю Той грабар і штось выдумаў, знаць. Ён рыдлёўку сваю жалязяную Кавалю пацягнуў, паказаў; Як зьмяю, так сваю землякопніцу, Насталіць, натачыць прыказаў I давай ён тады дзіву дзіўную Апраметна капаць глыбіну, А ўсё так, не 'бы як, не спыняючысь, Верне брылы адну на адну. Хто спытае: каму? — не адказвае, Адно толькі ямчэй капане; Аб нічым аб другім і не ўздумае, Думку зьвёў аб ядзе і аб сьне. Рые тыдзень, другі; яма большыцца; Ўжо кладзе за адкосам адкос; Дол глыбок, і пясок над магілінай, Як і глыб, — гэтак высака ўзрос. Ўжо к канцу далакоп падбліжаецца, Ўжо работы ўсяго на паўдня; Чуць-чуць схоў не гатоў недзе некаму… Не стрывала матуля-зямля: Ў яму рухнула зьверху, хаваючы Грабара і яго працу ўсю… Але што ж? Для каго ж дол быў копаны? • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • • Грабар яму ўсяму рыў Жыцьцю!

Чараўнік

Забытая казка

I

Трох сыноў чараўнік на сьвет белы выводзіў, Трох сыноў, што хаваў узаперці; Шэпты-чары тварыў ён над імі на ўсходзе, — Як жыць лепей, як лепей памерці. Тры паказываў ім ён на сьвеце дарогі, Тры пуціны іх долі-нядолі, I даваў-насылаў ён сынам асьцярогі: Што чакае у чыстым іх полі. «А як пойдзе хто першай, — ён кажа ім гэтак, — Што на ўсход шляхам чорным кладзецца, — Напаткае чужацкі крывавы палетак, I ў крывавай скупаецца рэчцы. Той шлях першы і першая рэчка атрутай Спояць так і за хатай і ў хаце, — На другіх будзе строіці петлі і путы, I сам гэтыя путы цягаці. А як пойдзе другім хто гасьцінцам-дарогай, Што на захад кладзецца вужакай, — Свой палетак любіць стане горай чужога, Прыпадзе к чужой рэчцы, як п'яўка. Той другі шлях і рэчка другая загладай Атуманяць душу, зальюць вочы; Будзе сонца шукаці сабе, як прынады, — Даць, знайшоўшы, другім не захоча. А як пойдзе хто трэйцяй сьцяжынай-пуцінай, Што сваёй не мінае граніцы, Будзе чэзнуць і вянуць націнай, паўцінай, Сьмягнуць будзе над роднай крыніцай. Той шлях трэйці і трэйцяя рэчка сьляпою Ласкай-крыўдай апутаюць грудзі… Ён насыпе пяшчаны узгор нада мною I таптаці узгор гэты будзе». Так сказаў чараўнік, і казаў доўга жыці — Спадкі — цень свой на памяць аставіў… А сыны сталі праўдзе — няпраўдзе служыці У сваёй кожны долі і славе. Спадабалася першаму першая сьцежка, А другая — другому сыночку, Ўзяўся трэйці на трэйцяй, як грыб-сыравежка, Спатыкаці, праводзіці ночку.

II

Дні за днямі, гады за гадамі плятуцца… Ўжо збываюцца бацькавы словы: Ад рукі сына першага вісельні гнуцца, Ў зямлю йдуць маладыя галовы. Захапіў яго похмур лядачны, крывавы, Жалязянымі клешчамі сьціснуў; Дзе ні ступіць — згібаюцца краскі і травы, I пракляцьце шуміць бескарысна. Ён і рад і ня рад, а пуцьця меней штодзень На тэй выбранай сьцежцы, і ные; Ўжо адны ў вочы кідаюць — здраднік, звыродзень, На пагібель, на звод шлюць другія. Не зыходзіць са шляху свайго і другі сын — Чуць ня йдзе сьледам першага брата: Ўжо на згубу зь зямлёю і з хатай запісан, I ўсё ж долі завідуе ката. Засядаць, панаваць на хватаным багацьці Не кідае за дзьверы надзеі, Хоць мінула даўно яго сьвята па сьвяце, Хоць пасад свой на выдмах разьвеяў. Загубіў сваю скуру, чужая ж ня цешыць Абадранай душы ў павуціне; Проць сваіх, проць чужых крывадушыць і грэшыць, I так вязьне, як камень у ціне. Трэйці, смоўжам прыліпшы да трэйцяй пуціны, Чэзьне чэрвем на службе ў напасьці: Уздыхае, чакае збаўленчай дзяніны, Не дае, што ня мае, раскрасьці, З кволых ніў палыны быццам зводзіць, ня зводзіць, Часам косьці зачэпіць нарогам; Дома дрэме, сьціскаецца стульна, як злодзей; Б'е падданчы паклон за парогам. А сваяк і чужак строіць петлі і сеці, Аплятае ўсё віднае ночай; Зварухнуцца ня сьмее ў заплесьнеўшай клеці; На браточкаў зубамі скрыгоча. Так расьце нездавольства ў сыноў чарадзея — Ў іх саміх і на іх, на ўсім сьвеце; З ходу-выхаду выйсьці адна ў іх надзея: Каб саміх адалеці і сьвет адалеці.

III

Ні далёка, ні блізка, ні ў полі, ні ў лесе Важны ўзносіўся хорам-сталіца, Чарнабожнік над ім непрагляды завесіў, Каб нялёгка было прыступіцца. Стуль выходзілі ветры — і шум падымалі, Туды зь неба валіліся зоры, Там адны уставалі, другія драмалі, Сьмерць, жыцьцё свае мелі запоры. З зор сатканы былі недасяжныя сьцены, Росы ўнізе ірдзелі яскрава, А на вышках, як сон на зямлі, пераменны Залаты месяц радасна плаваў. Залацісты пасад красаваўся ў сталіцы, Зіхацела ў ім кожна часьціна, — На пасадзе сядзела цьвет-ночка — царыца… Звалі тыя і сія Судзьбінай. Векавечна ў руцэ адной сонца трымала, Перуны у другой руцэ мела: Іншы раз ціхім сонцам зямлю абнімала, Інша раз перунамі шумела. Патрасала пасады, скідала кароны; Тым, другім, была каменем-хлебам; Выдавала народам старыя законы, Кіравала зямлёю і небам. Не адзін аб ёй ведаў і разам ня ведаў, Чуў — ня чуў аб ёй, бачыў — ня бачыў, Кожны толькі яе падпільновываў сьледу, Плакаў, выў, як было што іначай. Чуткі толькі ішлі, як туманы, і вялі Ў самасейным паходзе сталецьцяў, Што пранікнуць яна можа ў тайныя далі I адкрыць сьветы новыя ў сьвеце. Гэткай паняй ясьнела у хораме зорным Цараўладнай і разам няўладнай; Белым шляхам адных, а другіх шляхам чорным К царству, к рабству вяла беспраглядна. Тры браты, што пуці чараўнік тры адмерыў, Захацелі знаць, хто ім што зрэпіў, — Захацелі ў Судзьбіны даведацца меры, Як жыць лепей, памерці як лепей.

IV

Трох братоў, сваёй кожны дарогай-пуцінай Наблудзіўшыся, выхад спаткалі: Ім парады далі назаўсёды ў Судзьбіны, Як трымацца тых радаў, сказалі: Першы брат ад яе меў наказ незабыты: — Нездарма быць хацеў царам ночы, І сваіх і чужых расьпінаў на крыжы ты; Крыўдай праўдзе сьмяяўся у вочы. Бачыш зоры і сонца вясёлае бачыш? Зь імі рвіся ўсім сэрцам зраўняцца, А як сьлед свой зарнічным сьвятлом абазначыш, — За табой кінуць зморы ганяцца. Хочаш цішы прытульнай і ласкі патольнай, Збудаваць Божы быт на пакутах, — Дай другім волі ў волю, і сам будзеш вольны, Не дасі — зь сьвету зыдзеш у путах. Брат другі яе мудрыя выслухаў рэчы: — Не туды цэлы век пёрся здуру; На быдлячы мяняў воблік свой чалавечы, Каб напяці гладзейшую скуру. Хто пакінуў свой дом на пасьмешышча нетрам, Дом чужы таму будзе астрогам; Хто паклоны біць стаў збоку злыбедным ветрам, Свой пасад таму стане бярлогам. Вызнай, кім цябе бацька на сьвеце пакінуў, — Станься тым ды йдзі к меншаму брату… Не прыслужнем будзь ласцы прыблуднага сына, Будзь пракляцьцем яму — свайму кату. Трэці брат ад Судзьбіны наказ пераслухаў: — Сну-траве ты занадта даў веры, I ў сябе шанаваць чалавечага духа Не патрапіў наўчыць брата-зьвера. Ўспомні, выклічы родныя ўсе загаворы I зводзь імі прыблудаў заломы, Што ляглі на твае крывасейна разоры, Што страчаеш за домам і дома. Схову новую ладзь, больш твае скуль прыпасы б Не валок зводны зьмей і начніцы; Разбудзі сам сябе і той бацькавы насып, Што паганіць нага чужаніцы.

V

Дні за днямі, гады за гадамі йдуць важна, Йдуць суважна за зьменамі зьмены, Перамены ў сябе засявае брат кожны, Шчасьцю ўзносяць свайму новы сьцены. Асьвяціў сваё чорнае першы сумленьне Прагавіцьцем быць сонцу раўнёю, Ў путах сьцюжу трымаць, меці жараў насеньне, Тлець, пылаць над людзьмі, над сабою. Як сам цар-Грамавік, чуе ў жылах пажары: Сонцы б новыя сеяў па небе, Абярнуў бы сялібныя ў полым абшары I сьвет цэлы спаліў бы ў патрэбе. Гэткіх думаў сягнуць недасягнутых чынаў, Аж сябе сам сабою распражыў: Сонца сэрца яго растапіла, як льдзіну, А душу спапяліла на сажу. Брат другі шоў на нетры сьляпыя аблавай, Воблік крадзены кідаў загубам, Акрыляў сам самога асілкавай славай, Паўставаў проць хапанага клубам. Як двурог-маладзік, маладзеў сярод зломаў, Вызіраў непакорай, пакорай, На мінуўшым мінуўшыя ўзводзіў харомы, Падпіраў кастылямі падпоры. Прыпадаў к мёртвым краскам грудзьмі і душою, Саграваў сэрцам лозы і шышкі, Выцьвітаў, аж і стаў — чым быў — чорнай зямлёю, — Зьвесьць не зьвёў недахваткі і лішкі. Трэйці брат загаворы здымаў з папялішча, Знаць даваў моц іх сьпячым народам; На вялікае новых прыпеваў ігрышча Выступаў — адступаў чараводам. Зводам браў-сунімаў крыўдадзейнага зьмея, Трос заломам, як сівер мятліцай; Сховы новыя ўзносіў паміж сухавеяў I пускаў к ім старыя крыніды. Гнаў крыніцы, піў зь іх і ў іх затапіўся… На былым даў былому ўзрастаці; Склеп нямы, дзе ляжаў чараўнік, адчыніўся, — Сьвет нанова стаў новых чакаці.

VI

Уставаў чараўнік, што сыноў трох выводзіў I паказываў тры ім дарогі: Віцца ў захадзе стаў, віўся ў чорным усходзе; Стаў сачыць скрозь глухія парогі. Ў хвалях мутных шукае, к каму дзе падсесьці, Нагавормі сваімі абвеяць; Трох сыноў ён шукае, што ў чэсьці, ня ў чэсьці На яго мейсцы пошасьці сеюць… Азірае сыноўнія спадкі ў пустошы, Ў быт глядзіць ад канца да пачатку; Засыпае, ўстае на адцьвіўшай пакошы, Аджыўляецца ласкай прыпадку, Барадой яго пошум, як лесам калыша, Хмары звонам кладуцца на плечы, Грамавік на грудзёх яго гібелі піша, Ведзьмы шэпчуць аб соладкіх рэчах. Ён ідзе… Сям і там набіваецца ў госьці, Упіваецца ў сэрцы нямыя, I сьцібрае на путы струхлеўшыя косьці, I пляцёнкі з асьлепленых шые. За сабою валочыць патухшыя душы, Разбаўляе дрыгву імі ў пушчы; Кроўю цёплай сьцюдзёныя вогнішчы тушыць, Сэрцы лёдам аблітыя лушчыць. I свае і чужыя выцягвае звадай, Жылы белыя чорным патрэбам, Каб заместа усіх і ўсяго ў сьветагляду Быць усім — і зямлёю, і небам. Каб спустошыць, абнетрыць труп'ём чалавека, Даць папас на магільным папасе, I так хэўраю будучых, быўшых адвекаў Расьцьвісьці, растапіцца ў бясчасьсі. Гэткай рдзее душой чараўнік-сьлепаводнік, Што сыноў навучаў трох калісьці, А за ім сучыць сьледам, цянюючы, зводнік І гайдае зялёнае лісьце. Шапаціць тое лісьце заснуўшым палянам, — Чуе ночка глухая, нямая: Кожны край, што дачэсна завецца забраным, Гэткіх казак забытых шмат знае.

На папасе

Абразок

Вясенняя ноч. Непадалёк ад гасцінца — хвойнік. Тры падарожныя збіраюць галлё.

1-ы падарожны, (прыносячы галіну).

І пуста ж, пуста ў гэтым лесе! Нідзе галінкі не найсці; Вось тут абсохні і сагрэйся, Найдзі дарогу ў беспуцці. А помню, усё было іначай, Папас тут меў ты, як папас; Нічога воз галля не значыў, Агонь не зводзіўся, не гас.

2-і падарожны, (кідаючы сук).

Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам! Ну, і галоцяць людзі лес: Па сук і то з вялікім страхам На хвойку чуць я, чуць узлез. Яшчэ паўгода, год і будзе Без блыску вогнішча начлег; Не раз, не два хтось блудам зблудзе Усякай погані на смех.

3-і падарожны, (кідаючы лазіну).

Вось вам дубец лазы лазою! З карэння выдзер, як ё, ўсю; Змарыўся, змогся, чуць устою. Каб толькі выкрасіць агню. Хай блысне полымя пад неба, — Пара манаткі абсушыць… Я падыду па торбу з хлебам, А вы вазьміцесь распаліць…
Поделиться с друзьями: