Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
— Навошта ты мяне выклікаў? — сказаў злы дух, гледзячы на Гугона, але таму заняло мову ад пярэпалаху. Угневаны шатан выцяў яго і забіў на месцы, а сам знік.
Пасля поўначы Твардоўскі вярнуўся дадому і знайшоў у пакоі мёртвае цела свайго прыяцеля і разгорнутую кнігу. Зразумеў усё і хуценька выклікаў да сябе шатана.
— Чаму ты забіў няшчаснага юнака? — спытаўся гнеўна чарнакніжнік.
— Таму, — сказаў злы дух, — каб не раскрыў тваю таямніцу ўсім, хто не павінен ведаць пра яе.
— Тут трэба было зрабіць іначай, ані ты, ані я ажывіць яго не можам; цяпер мяне могуць пакараць як забойцу, трэба затаіць гэтае злачынства, залазь у яго цела, будзеш Гугону замест душы, пакуль не прыйдзе яму час паміраць.
Д’ябал імгненна залез у цела, і Гугон ажыў, але стаў зусім іншы: вочы блішчалі, ды гэты бляск быў прыкры; твар у яго быў той самы, ды ў ім было штосьці агіднае.
Прыйшоў у школу; прафесары і аднакласнікі бачылі ў ім нейкую перамену, аднак ніхто не мог дазнацца таямніцы.
На імшы паводзіў сябе нясціпла, смяшыў іншых, а калі ксёндз падносіў святое прычасце, дык ён не мог вытрываць і выбягаў з касцёла, прыкладваючы хусцінку да носа, нібыта спыняў кроў.
Калі пакаранні і напаміны не дапамагалі, яго выгналі са школы, і ён заўсёды быў вялікі непрыяцель усім езуітам; на ксяндзоў пісаў пасквілі, выступаў супраць святое рэлігіі, усім паказваў паганы прыклад, хто толькі з ім пачынаў размову; пасля пакінуў Полацак і невядома дзе згінуў.
— Брава, Стась, — сказаў пан Сівоха. — Кароткае апавяданне, але добрае. Пэўна, сёй-той з нашых маладых панічоў і цяпер яшчэ паўтарае думкі таго д’ябла, што быў у Гугонавым целе.
— Гэта навука, Стась, — сказаў дзядзька, — што трэба ўнікаць злых людзей. Сяброўства з Твардоўскім загубіла Гугона, а шатан мог беспакарана чыніць зло.
— О! Калі б той пан Гугон, — сказаў Латышэвіч, — у сваім жыцці на гэтым свеце быў суддзёю, сакратаром або іншым якім чыноўнікам, дык што б рабілася?
У час гэтае размовы пані Мальгрэта прынесла ліст з чаляднага пакоя і сказала:
— Якуш прыйшоў. Вось ліст ад пана Марагоўскага.
Дзядзька прачытаў і, аддаючы мне, сказаў:
— Пан Марагоўскі вельмі ласкавы да цябе, просіць, каб ты да яго прыехаў; можаш сабе ехаць заўтра пасля святое імшы і пабыць дзён колькі. Але няхай зойдзе сюды Якуш. Гэта чалавек гаваркі; вельмі я ўпадабаў ягонае апавяданне пра ваўкалака.
Калі той зайшоў у пакой, дзядзька загадаў даць яму выпіць, закусіць, а сам загаварыў пра гасцей, якіх бачыў у доме пана Марагоўскага. Найбольш дзіўным майму дзядзьку здаўся доўгавалосы, худы, вусаты пан Чубкевіч, які заўсёды бубнеў пра знакамітасць сваіх продкаў, пра намер ажаніцца, бо яго справы ў крытычным стане, і абавязкова трэба шукаць жонку, якая мела б, прынамсі, хоць дзвесце душ пасагу.
Пачуўшы пра Чубкевіча, Якуш пагардліва зморшчыўся і сказаў, ківаючы галавою:
— Няхай бы той Чубкевіч перш глянуў на сябе, чаго вартая ягоная душа. Прадаваў маладых хлопцаў і дзяўчат Бог ведае якім людзям, не зважаючы на слёзы бедных матак. Памучыў людзей, адкажа перад Богам. Хай бы сабе пашукаў Белую Сароку, адпаведная пара была б. Дзіўлюся, што наш пан, які пра сваіх падданых клапоціцца, як бацька пра дзяцей, запрашае яго да сябе.
— Ты раскажы мне, — папрасіў дзядзька, — што гэта за Белая Сарока, пра якую згадаў?
— А ўжо лепей пану пра Белую Сароку распавяду, чым гаварыць пра Чубкевіча, няхай яго Бог карае.
Апавяданне восьмае. Белая сарока
Вы, панове, ведаеце акружанае цёмным лесам возера Язна, дзе мяжуюць тры паветы: Полацкі, Себежскі і Невельскі. Недалёка ад гэтага возера быў вялікі маёнтак, жыў у ім пан, якога і цяпер, успамінаючы, называюць Скамарохам, і ён меў падданых у тых трох паветах.
Дык вось той пан Скамароха быў надзвычай неспакойнага нораву, фанабэрлівы і хцівы, да суседзяў ездзіў толькі з прэтэнзіямі, меў грошы і заўсёды судзіўся, крыўдзіў бедных, удоў і сірот. Яго падданыя мелі пекла на гэтым свеце.
Рэдка хто наведваў яго дом. Пры ім неадступна быў вялізны чорны сабака. Лёкаі заходзілі ў пакой толькі тады, калі ён свістам даваў знаць, што нехта з іх патрэбен.
Скамароха быў адзін у пакоі. Ён як зазвычай пазіраў у люстэрка, падкручваў вус і ўважліва прыглядаўся да свайго круглага твару, што, як расказваюць, быў накшталт поўні. Пасля сеў у крэсла, закурыў люльку і задумаўся, а побач на падлозе заснуў чорны сабака.
Між тым, калі ён перабіраў у думках розныя спосабы, як павялічыць свае ўладанні, на зямлю апусціўся вечар і шэры змрок. Нечакана над яго жытлом павіслі хмары, зашумеў за сцяною вецер і лінуў дождж. У пакоі цёмна, толькі цьмяна свяціліся шыбы.
Ледзь Скамароха ачнуўся ад думак, як бліскавіца асвяціла пакой і ён убачыў, што нейкая дзіўная і страшная постаць стаіць у кутку ля дзвярэй. Пан спалохана закрычаў, стаў клікаць да сябе лёкаяў, але грымоты і шум ветру глушылі крык, ніхто не пачуў яго і не прыбег.
Высокая худая постаць падышла да пана.
— Не крычы, — сказала яна. — Ніхто не пачуе твой голас, і твой чорны сабака моцна спіць.
— Хто ты і як сюды трапіў?
— Пачакай крыху і пра ўсё даведаешся, — кажучы гэта, прывід выкрасаў агонь і запаліў свечку, якая стаяла на стале перад люстэркам.
Пры святле Скамароха ўбачыў дзіўнае стварэнне: чалавек на танюсенькіх нагах, худы, вочы круглыя, дробным і вострым тварам падобны да птушкі.
Закрычаў пан дрыготкім голасам:
— Які жахлівы твар! Відаць, перада мною злы дух.
— Не крычы, я падобны да цябе і магу табе шмат добрага зрабіць.
— Чаго ты сюды прыйшоў, ды так ціха, што і сабака не ўчуў?
— Чуеш шум навальніцы? Я схаваўся тут ад залевы і перуноў, а сабака зараз спіць моцным сном і датуль будзе спаць, пакуль я не абуджу яго.
— Скажы, хто ты?
— Сядзь у сваё крэсла, супакойся, і ўсё раскажу табе. Я днём адпачываю, а пасля захаду сонца блукаю па свеце і выведваю, пра што людзі думаюць, пра што гавораць, што ядуць і п’юць. Ведаю сакрэт, як наслаць моцны сон на сабак і варту; слухаю, пра што гаворыць прасталюдзін і выведваю думкі паноў; маё вока хуткае, а слых такі тонкі, што за сцяною (няхай гэта будуць найтаўсцейшыя муры) магу чуць шэпт; па рысах твару пазнаю характары людзей, змушаю іх гаварыць паміж сабою і памятаю пра ўсё; заходжу праз маленькую шчылінку, і дзверы не скрыпяць, калі я іх адчыняю.