Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Шрифт:
Скамароха свіснуў, клічучы да сябе людзей, і штурхануў нагою сабаку.
— Дарэмна свішчаш: ніхто не пачуе. Шуміць вецер, лье дождж, і сабаку не абудзіш.
— Чаго ты блукаеш па свеце? Навошта ты ўсё выведваеш?
— Я — пасланец Белае Сарокі, даведаўся пра твае памысныя думкі і прывабныя намеры.
— І хто ж тая Белая Сарока, якую ты ўспомніў?
— О! Белая Сарока мудрасцю свет здзіўляе, яе твар — цуд прыгажосці, постаць высокая, велічная; адзенне з дарагіх дыяментаў і перлаў, жыве ў палацы, якога ты яшчэ ніколі не бачыў; ёй кланяюцца багатыя паны і мудрыя галовы, духі па яе загадзе здабываюць скарбы з зямлі і мора, дзікіх мядзведзяў прывучыла да сябе, і яны, як пакорлівыя сабакі, заўсёды гатовыя ёй служыць. Словам, яна мацнейшая за ўсіх чарнакніжнікаў. Толькі часам убіраецца ў пёры белае птушкі, калі хоча бачыць тых, хто спрыяе ёй; і іх узнагароджвае, узбагачае, робіць шчаслівымі.
Бледны Скамароха, гледзячы на пасланца, вымавіў:
— Дзіўныя і незразумелыя рэчы мне гаворыш.
— Заўтра гэтай парою я буду ў цябе, і Белая Сарока прыляціць пад твой дах адпачыць. Пастарайся прыняць яе добра і будзь у размове абачлівы; апоўначы лёкаі няхай не заходзяць у твой пакой, няхай першы візіт гэтае пані будзе таемны.
Ён адчыніў вакно, паглядзеў угору:
— Хмары разышліся, толькі вецер шуміць. Здаецца, стрэлы перуноў не спаткаюць мяне на дарозе, не міне і паўгадзіны, як буду размаўляць пра цябе з Белай Сарокаю.
Сказаў гэта і выскачыў у вакно. Гаспадар бачыў толькі, быццам нейкі чорны звер прабег праз панадворак і імгненна знік.
Доўга Скамароха стаяў, нібыта слуп, сярод пакоя; нейкая трывога апанавала думкі, і дрыготка прабегла па целе. Што значыць гэты прывід? Няўжо гэта відма? А можа, злы дух хоча ўблытаць яго ў нейкае няшчасце? На сцяне прабіў гадзіннік.
Скамароха глянуў на яго і ўбачыў, што ўжо поўнач. Свіснуў. Сабака прачнуўся, натапырыў поўсць, вочы загарэліся агнём, і ён, скуголячы, абышоў пакой. Прыбеглі лёкаі і, стоячы ля дзвярэй, чакалі панскага загаду.
— Таму з паўгадзіны, не больш, я клікаў вас да сябе, але аніводзін не з’явіўся. Што гэта значыць? Мружыце вочы на святле — спалі, мала вам ночы, гультаі!
Першы лёкай.
— Не ведаю, пане, што гэта такое, але на нас напала нейкая туга. Мы доўга сядзелі моўчкі, не маглі слова прамовіць адзін да аднаго. Потым адчулі ў сабе незвычайны цяжар, стомленыя вочы не маглі глядзець, і мы ўсе мімаволі заснулі.
Скамароха нейкі час стаяў задуманы.
— А ці мроілася вам што-небудзь у сне?
Першы лёкай.
— Мне сніўся дзіўны сон: бачыў старога пана нябожчыка, быццам з ім пераходзіў нейкую пустэльню, дзе шмат было страшных гадзюк. Яны ўвесь час заступалі пану дарогу, нібыта хацелі ўтнуць. Ён, журботны, не кажучы мне ані слова, усё далей і далей ішоў сярод нейкіх скалаў. Потым бачыў я мясцовасць, зусім не падобную да нашых ваколіц, і нейкія руіны. На захадзе ў чорных хмарах гасла сонца і шумеў голы лес. Я ўбачыў недалёка ад дарогі жахлівых звяроў і закрычаў: «Пане, давайце вернемся дахаты. Нас напаткае цёмная ноч, а падарожжа небяспечнае». — «О, доўгая і страшная будзе ноч, — адказаў ён мне, плачучы. — Не хутка звон і ранішняя малітва прывітаюць узыход сонца, гэтых звяроў я не баюся, але цябе яны могуць загрызці, дык не адыходзься ад мяне». Тут пачвары кінуліся на нас. Я перапалохаўся і страціў прытомнасць, а цяпер вось абудзіўся і яшчэ дрыжу ад страху.
Другі лёкай.
— А мне здавалася, што я хадзіў ля каламутнае рэчкі, а на берагах з аднаго і другога боку тырчалі камяні, і яны былі падобныя да нейкіх сядзячых людзей у доўгіх брудных апранахах. Потым мне сустрэўся волат, тоўсты, шыракаплечы, вочы страшныя. Хацеў ад яго ўцячы, але ногі мае былі нібы закутыя ў кайданы, з месца зрушыцца не мог. Ён падышоў да мяне і выцяў так моцна, што я заляцеў амаль на самую сярэдзіну рэчкі. Калі мяне несла вада, я крычаў, просячы дапамогі, ды на мой крык толькі камяні адказвалі дзікім смехам, і гул ад іх здзекаў лунаў над берагамі. Пасля я ўбачыў: здалёк мой бацька падымаў да неба рукі і маці млела, бо мне не маглі дапамагчы. Затым зноў нечаканая перамена: я стаяў над нейкаю прорваю і там мяне зноў спаткаў той страшны чалавек. Ён папхнуў мяне ў прорву — і я імгненна прачнуўся ў вялікім страху.
Трэці лёкай.
— Мне снілася бура. Яна зрывала дахі з дамоў, а вецер нёс нейкага шатана і скінуў яго перад самым ганкам…
— Годзе, годзе ўжо слухаць гэтае глупства; шум ветру і вільготнае паветра наслалі на вас цяжар і санлівасць, а гарачая кроў абудзіла ў галовах мудрагелістыя мроі. Ідзіце да сябе і кладзіцеся спаць.
Скамароха зноў у адзіноце неспакойна хадзіў па пакоі. Дзіўныя думкі снаваліся ў ягонай галаве, жахлівая здань увесь час стаяла перад ім. Уздрыгваў, прыгадваючы яе агідную постаць, але золата любіў так, што хацеў мець яго як мага болей, няхай сабе і з шатанавых рук, і прыгажосць Белае Сарокі вабіла яго. Хацеў пабачыць яе як найхутчэй і быць у ліку яе прыяцеляў.
Ён то парывіста хадзіў па пакоі, то задумаўшыся, стаяў як слуп. Браў кніжку і адразу кідаў яе ды гладзіў свайго сабаку. Спадзяваўся, што стомленыя думкі супакоіць сном, але імгненна ўскокваў з ложка, запальваў святло і думаў усё пра адно. Толькі перад узыходам сонца крыху задрамаў, ды і ў тым неспакойным сне мроіўся яму пасланец Белае Сарокі.
Ціхі ранак. Ужо сонца было высока. На пагорках пасвіліся чароды, аратыя працавалі ў полі. Пан Скамароха на ложку разважаў пра дзіўны ўчарашні выпадак і прарочыя сны. Нарэшце свіснуў. Прыбег лёкай і стаў чакаць загаду.
— Паспяшайце, каб сёння ўсе пакоі былі як найлепей прыбраныя. Вымыць падлогу, сцены і столь добра агледзець, каб не было пылу і павуціны. Таксама адпаліраваць мэблю і бронзу; люстры, каб адбівалі найяснейшае святло; абразы і шыбы старанна пачысціць, каб былі як новыя. Скажы аканому, каб паўсюль вакол маёнтка таксама быў парадак.
— Пан сёння чакае нейкіх знакамітых гасцей? — спытаўся здзіўлены лёкай.
— Не твой клопат ведаць, каго чакаю, выконвай, што чуў. Ідзі і гэты мой загад перадай іншым.
Сказаўшы гэта, пан Скамароха выйшаў у парк, доўга хадзіў у задуменні пад шатамі ліп, свіснуў, паклікаў сабаку да сябе і пайшоў у поле. Блукаючы паўсюль, нецярпліва чакаў вечара.
Тым часам лёкаі, гаворачы між сабою, дзівіліся нечаканай перамене пана, апавядалі адзін аднаму страшныя сны, якія бачылі ў час учарашняе буры. А між тым праца ў пакоях ішла спорна, і перад захадам сонца адпаліраваная мэбля, бронза і люстры былі як новыя.
Вось ужо і вечарэе. Скамароха загадаў лёкаям вывесці сабаку і каб ніводзін з іх не заходзіў да яго, пакуль не пакліча. Самотна ходзячы па пакоі, паліў люльку.
Пасля адчыніў вакно: усюды панавала цішыня і ўжо колькі зорак свяцілася на небе. Запаліў свечку, паставіў на стале — і тут убачыў у куце ўчарашняга госця. На тонкіх нагах, вочы, як дзве іскрынкі, кідалі святло, і дзікая ўсмешка прабягала па яго брыдкім твары. Перапалоханы Скамароха адскочыў на некалькі крокаў і сказаў:
— Не магу глядзець на цябе без агіды, твой твар мне страшны.
— Слабыя нервы маеш. Калі пазнаёмімся бліжэй, дык на ўсё будзеш глядзець без прыкрасці ды страху і лепш уладкуешся на свеце. Ты добра падрыхтаваўся прыняць госцю, зараз яна прыляціць.