ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

— Ну і што? — спытаў Алесь. — Выменялі… А мы ні ад каго і не хаваліся.

— Вось як! Ды ці ведаеце вы, каму ён панясе тую вінтоўку? — ужо сабралася з думкамі і зноў пайшла ў наступ Анюта, раз-пораз азіраючыся на свой хутар.

— Анюта, — ціха сказаў Мікола. — Мы зрабілі так, як трэба. І не пытайся больш ні пра што, не скажам. Слова давалі…

— Каму?

— Прыйдзе час — даведаешся.

— Мне мама казала, што сляпы жабрак — Зыгмусь Гурэцкі,— ужо лагодней прамовіла Анюта. — І прасіла нікуды не адыходзіцца з хутара, асабліва — у Мокры Лог.

Анюта прысела да хлопцаў, абхапіўшы вострыя калені рукамі, і задумалася.

— Баішся яго? — спытаў Алесь і першы падняўся з зямлі.

— Баюся…

— З намі, Анюта, табе няма чаго баяцца. Мы з Міколам за цябе любому галаву скруцім!

Анюце спадабаліся гэтыя словы, яна таксама ўскочыла на ногі, стукнула Алесю кулаком у напятыя грудзі і засмяялася.

— Во — як у бубен… Ты-то ўжо вымахаў, бо старэйшы за Міколу на паўгода, — зірнула на Міколу спагадліва, дадала: — Але, думаю, Мікола за цябе дужэйшы.

— Барокацца мы не будзем, — зразумеўшы, куды хіліць Анюта, Мікола, не падымаючыся, пачаў збіраць кнігі.— Ды гэта і не так важна — хто дужэйшы…

— Я пажартавала, — залілася яшчэ большай чырванню Анюта: да яе дайшло, што Мікола мог пакрыўдзіцца, ён меншы ростам і да таго ж худы. Вядома, якое там можа быць параўнанне з Алесем. Прысела да Міколы, быццам паглядзець на кнігі, перавяла гаворку. — Вам во колькі даў, а мне дык не дазваляе і ў рукі ўзяць.

— А ты да нас прыходзь чытаць! — узрадаваўшыся выпадку запрасіць Анюту, сказаў Мікола і паглядзеў на яе ва ўпор сваімі добрымі карымі вачамі.

Яна ўзяла ў рукі адну кнігу ў зялёнай вокладцы з чорнымі літарамі, разгарнула яе і прачытала:

— Бальзак. «Евгения Гранде»… у перакладзе Дастаеўскага, год тысяча восемсот сорак чацвёрты… — Уздыхнула, дадала: — Ды такую кнігу прачытаць — тры дні мала. А ты кажаш — прыходзь. Некалі мне. Можа, узімку хіба… Ну дык я пайшла…

— А мы бачылі таго, хто да вас прыходзіць ноччу, — каб хоць на які час затрымаць Анюту, пахваліўся Алесь. — Нават гаварылі з ім доўга…

— Хто ён? — спытала Анюта і запытальна зірнула на Міколу, які выпусціў з рук кнігі і цяпер стаяў насупраць яе і, зачараваны яе прыгажосцю, толькі лыпаў вачамі.— Хто ён? — паўтарыла яна пытанне.

Мікола адвёў позірк, ціха прамовіў:

— Баяцца яго няварта, і шкадаваць — таксама. Разумееш? Не баіцца ён вашага Ваўчка, а што ходзіць ды тое-сёе носіць — так трэба. Пасля пра ўсё раскажам, — баючыся, што Алесь яшчэ што лішняе скажа, дадаў: — Больш нічога не пытай. Так трэба.

— Ага, — выдыхнула Анюта. — І вінтоўку далі — так трэба. Хай застрэліць каго… той Зыгмусь.

— Не застрэліць, Анюта, — сказаў Мікола.

— Аню-юта-а! — пачулася ад хутара непрыемна-хрыпатае, і яна аж уздрыганулася.

— Во — на хвіліну адысці нельга, роб яму толькі і роб, як той вол…

— Нічога… Мне думаецца, нядоўга ўжо яму камандаваць табой, — сказаў Мікола, каб толькі суцешыць Анюту, бо ён і сам яшчэ нічога пэўнага не ведаў.

Калі Анюта адышлася ўжо даволі далёка, Алесь сказаў з уздыхам:

— І скарэй бы ўжо таго Ваўчка за жабры ўзялі… Мне так шкада Анюту…

— Возьмуць, — не дужа ўпэўнена прамовіў Мікола, а сам падумаў, што Анюту яму таксама шкада, што чым мець такога бацьку — лепш ніякога, як у яго, Міколы.

Хлопцы падабралі свае кнігі і рушылі да броду.

Тайна Крывога Панаса

Калінаўка — вёска невялікая, хат каля дваццаці, і стаяць яны каля самага балота, на выспе, абсаджанай векавымі дубамі. Хаты стаяць не ў рады, як усюды, а раскіданы па выспе — якая дзе, то купкамі, а то і паасобку.

Балота называецца Галым, яно не дужа вялікае, але такое тванкае, што людзі яго абыходзяць, бо журавіны і тыя там не растуць. Ці адну неасцярожную жывёліну ўжо засмактала балота, загубіла.

Улетку ў Калінаўцы на сонейку голы не пагрэешся: хмары машкары і камароў, ад якіх аж звініць паветра, не даюць спакою ні ўдзень ні ўночы. Адно збавенне, калі моцны вецер, а які тут, паміж лясоў і балот, вецер? Адным словам, глухмень несусветная. Тут узімку, у самую піліпаўку, ваўкі — не рэдкія госці. Бывае, як пачнуць выць на ўскраі балота, аж мурашы пад кашуляй забегаюць — жудасна робіцца, людзі з хат носа не выткнуць, сабакі і тыя заціхнуць, забіўшыся ў свае будкі-норы. Бывала, бралі ваўкі на вуліцы вёскі сабак…

Затое восенню, калі ападзе з дрэў лісце, вакол вёскі загараецца калінавы пажар. Калінавае кустоўе бы гарыць рубінавымі гронкамі буйных ягад, і здаецца, што гэтаму полымю няма канца-краю. Тады злятаюцца сюды баравыя птушкі на адкорм. Што за прыгожыя птахі! Чорныя, з сіневатым адлівам, з лірападобнымі хвастамі і белым падхвосцем цецерукі, бы прыбраныя на якое свята, злятаюцца сюды чародамі. А глушцы цёмна-шэрыя, з рыжаватымі хвастамі, вялізныя, больш метра ўдоўжкі, ды такія важкія, што сукі каліны аж гнуцца да зямлі, пад іх цяжарам. Паглядзець на такое — любата! Якое раздолле для паляўнічага! Ды толькі, як з'ехалі паны, паляўнічых, лічы, тут не засталося. Адзін Крывы Панас кожную восень ставіць сілкі на птушак і ловіць іх у тыя сілкі нямала.

Крывы Панас — чалавек-загадка для многіх, у тым ліку і для калінаўцаў. Пасяліўся ён тут даўнавата, як прыйшоў з «германскай», прыйшоў скалечаны. Спачатку кватараваў у старой Яўхіміхі, а як тая памерла, прысвоіў яе куточак, яе хатку на два акны, якая стаіць ад самага балота. Так, нідзе не працуючы, і пражыў тут. Гародчыка не меў, жывёлу ніякую не трымаў, хоць і стаяў побач з хатай нізенькі хляўчук, як і хатка, крыты кулявой саломай. Не было ў яго, як у іншых, ніякіх запасаў, нават дроў, і цягаў ён іх усю зіму на санках, накшталт развалак, якія сам зрабіў, з дабротнымі бярозавымі палазамі, лёгенькія, ёмкія. На іх Панас прывозіў з балота на тыдзень паліць у печы альховых сухастоін — за раз. Тыя сухастоіны ні сячы, ні піліць не трэба — піхнуў рукою, развагаў высокую і голую, як слуп, алешыну — і яна абрушыцца на зямлю кавалкамі, сухімі як порах…

Наогул, у балота Панас хадзіў амаль увесь год і зведаў усе выхады і праходы. Ён не толькі паляваў восенню на птушак, а яшчэ лавіў у празрыстай рачулцы, што працякала між балотам і вёскаю, дзіва-рыбу стронгу, з залацістымі зорачкамі па баках, якая называлася ў народзе царскаю. І калі Панас гатаваў з яе юшку — а гатаваў ён яе не інакш як на дварэ, дзе раскладаў між цаглін агеньчык, — то пах ад той юшкі разносіўся па ўсёй Калінаўцы.

— Божы чалавек сняданне гатуе, — гаварылі вяскоўцы пра Панаса. І гэта была нейкая праўда: жыў Панас, як думалі многія, выключна тым, што давала яму шчодрая прырода. Адно не маглі зразумець людзі — адкуль Панас бярэ грошы? А што яны ў яго вадзіліся, ад людзей не схаваеш. Калі ўсе на тым часе насілі лапці, Панас хадзіў у дабротных ялавых ботах, якія заўсёды тлуста мазаў дзёгцем, каб не намакалі. Для зімы меў і катанцы з галошамі, і аўчынны кажух, і ватовыя штаны. Ды і ў хатцы яго ложак быў не голы. Не, не голы быў бабыль Крывы Панас! І не галодны. Пагаварвалі некаторыя людзі, што ці раз бачылі ў яго хаціне нейкую маладую жанчыну, а вось хто яна, тая жанчына, ніяк угледзець не маглі: прыходзіла яна прыцемкам, а калі выходзіла — аднаму Панасу вядома. І ламалі людзі галовы, думаючы, а раўнівыя мужчыны яшчэ пільней сачылі за сваімі кабетамі. Апошнім часам, праўда, быццам нехта прасачыў, што сляды той жанчыны вядуць у Замошша, ды і жанчына быццам падобна на Куліну, таксама адзінокую. І хоць прыгажосцю бог яе пакрыўдзіў, але ж хто такі Крывы Панас! Бабыль-недарэка, ды і ці блізкі свет тое Замошша? Да той Куліны, казалі, сватаўся мясцовы каваль, чалавек яшчэ малады і дужы, як мядзведзь той, і якому Куліна адмовіла. Адным словам, адна толькі гаворка, а што было ў сапраўднасці, ніхто пэўнага нічога не ведаў, бо гэты «божы чалавек» быў не толькі загадкай, але і вялікай таямніцай. У яго былі як бы два жыцці: адно паўсядзённае, на людзях, і другое — скрытае ад людзей, жыццё, пра якое ніхто нават і не здагадваўся…

Поделиться с друзьями: