Скарб Загорскай камяніцы
Шрифт:
Яшчэ можна было ўцячы, і яны, схапіўшыся за рукі, хацелі кінуцца ў хмызняк, што густа рос каля ракі, як пачулі зусім ужо неверагоднае:
— Я вас пачуў яшчэ там, пад павеццю… Эх, гора-разведчыкі! Доўга я буду вас чакаць? У мяне і для вас ёсць загад, толькі ўжо ад Тупіка…
Мікола выпусціў Алесеву руку.
— Ты бяжы на хутар, а я падыду да яго! — рашуча сказаў ён. — Ігнат жа за намі не гоніцца, а з такімі нагамі мог бы дагнаць у два скачкі…
— Не, — запярэчыў Алесь. — Мы падыдзем удвух…
І яны паволі, зноў перасільваючы страх, паддаўшыся нейкаму незразумеламу інстынкту, пачалі набліжацца да Ігната, гатовыя ў любы момант ірвануць у кусты. Не дайшлі, можа, крокаў дзесяць, спыніліся, насцярожыліся.
— Усё падслухалі, жэўжыкі? — спытаў у іх Ігнат насмешліва. — Добра, што той Іван глухаваты, не ўчуў, як нехта з вас чмякнуўся на сена.
— Гэта я… сеў,— прызнаўся Алесь.
— Дык от што, блазнота, — ужо больш строга прамовіў Ігнат. — Больш туды не хадзіце, а то гэта стала вядома таму, каму не трэба ведаць… Так і да бяды недалёка… А пра вінтоўку мне Кузьміч сказаў. Былі вы ў яго? Гаварылі? То-та… Цяпер не апраўдвайцеся. Пайшлі от лепш да вас на хутар. У мяне важная справа ёсць…
— Не пойдзем! — адрэзаў Мікола. — Вы служыце бандыту Зыгмусю…
— І вы яму служыце, — сказаў на гэта Ігнат.
— Ніколі!
— Зыгмусь — гэта цяпер нуль, разумееце? Галоўнае цяперака знайсці сапраўдных бандытаў, тых, хто абрабаваў магазін, хто можа яшчэ натварыць бяды…
— А пра вінтоўку нашто вы сказалі Ваўчку? — пасмялеў, азваўся і Алесь.
— Каб яе, як і задумана, атрымаў Зыгмусь.
— І страляў у Тупіка? — усё больш злаваўся Мікола. Ён ніяк не мог зразумець — што Ігнат за чалавек і каму на самай справе ён служыць.
— Не стрэліць… калі вы мне яе цяперака на нейкі час дадзіце…
— Вы былі ў бандзе…
— Быў… Але гэта не вашага розуму справа! Хопіць, хлопцы! — нарэшце бы загадаў Ігнат. — Усё пра мяне вам раскажа сам Кузьміч, вы толькі папытайце…
— От як раскажа, тады і вінтоўку, — пачаў быў Мікола, але Ігнат яго перапыніў:
— Згодзен… Толькі з адной умовай.
— Якой? — спытаў Мікола.
— Каб пра нашу начную размову больш не ведала ні адна жывая душа, а то… кепска вам будзе, хлопчыкі…— У голасе Ігната пачуліся пагрозлівыя ноткі.— Зарубіце гэта сабе на носе, хлопчыкі…
Ён хістануўся і знік. Ды так раптоўна, што хлопцам падалося — праваліўся скрозь зямлю. Быццам і не было яго тут. Хлопцы яшчэ нейкі час пастаялі і пайшлі да броду, на хаду падкасваючы штаны.
— Вось бачыш, у якую гісторыю праз цябе мы ўліплі,— папракнуў сябра Мікола, калі яны перайшлі рэчку.
— Не толькі праз мяне: Ігнат засек нас яшчэ тады, калі сюды ішлі, каля рэчкі.
— Як засек?
— Чуў жа сам — мы сёння з вамі тут сустракаліся, — падрабляючыся пад грубы Ігнатаў голас, сказаў Алесь.
— Ага, хі-ітрушчы ён! — згадзіўся Мікола. — Вось і зразумей цяпер — каму ён служыць, нашым ці вашым…
— Ясна каму, калі ў Скуратовіча быў халуём…
— Так-то яно так, але…
— Ніякіх але… Бандыт ён!
— Пра яго ўсё нам раскажа Тупік, — нарэшце нібыта падвёў вынік гаворцы Мікола. — А цяпер пайшлі спаць, бо хутка пачне світаць…
Поўныя мноства супярэчлівых думак ад начных размоў, змораныя напружаным чаканнем і страхам, хлопцы заваліліся ў прыбудоўку на сена і адразу паснулі…
Складаная задача
Тупік ехаў на хутары з намерам распытаць у Мірона пра тых людзей, якія былі з Крывым Панасам, і заадно пагаварыць з хлопцамі, зрабіць тое, што задумаў: «узброіць» Зыгмуся, каб той сам папаўся са зброяй… Узяць самога Панаса цяпер нельга: яго хаўруснікі, чаго добрага, сапраўды папаляць хутары ды пазбягаюць, лаві пасля іх. Браць — дык усіх разам, і ў гэтым яму дапаможа Зыгмусь — рана ці позна, а бандзюкі згуртуюцца вакол яго, нездарма ж ён так настойліва шукае сабе хаўруснікаў. Ваўчка, гэтага хціўцу, жмота, ужо завербаваў, паабяцаўшы яму добрую плату. А чым жа будзе плаціць? Казаў — золатам. Няўжо і сапраўды ён ведае, дзе стары Гурэцкі схаваў сваё дабро? Па гэтай прычыне Зыгмуся таксама браць нельга, трэба выведаць усё, авалодаць скарбам, калі ён сапраўды існуе, і тады ўжо арыштаваць усіх. У гэтым яму паабяцалі дапамогу ў раёне.
Дзень выдаўся цёплы, пагодлівы. Белыя хмурынкі, здавалася, нерухома павіслі ў высокім паднябессі, і адтуль, з вышыні, ледзь чутна далятаў падобны на свіст крык арла-белахвосціка. Яны даўно, з незапамятнага часу, гняздзяцца ў Замашанскім лесе, які цягнецца ўздоўж ракі Бярозы на дзесяткі кіламетраў, у лесе, дзе побач са звонкімі барамі на ўзгорках суседнічаюць нізіны, зарослыя таўшчэзнымі, у тры абхваты, прыгажунямі елкамі. Глянеш угору на такую — сапраўды шапка валіцца: некаторыя вымахваюць вышэй самай гонкай выносістай сасны.
І хоць ведае Тупік, што ў Зыгмуся ніякай зброі няма, а страшнавата ўсё ж. Узіраецца ён у дарогу, глядзіць па баках, прыслухоўваецца — вусцішна. «Трэба будзе забраць Гэльку, — думаецца Кузьмічу, — небяспечна ўсё ж хадзіць ёй па гэтай дарозе, дзе самому, узброенаму, страшнавата…»
Нарэшце выехаў на поле, з правага боку якога адкрыліся могілкі. Тупік зірнуў у іх цёмную глыбіню і зноў аж уздрыгануўся, хапіўся за наган: яму здалося, што хтосьці мільгануў там, цень нейкі. Ага, вунь ён, той цень, схаваўся ў кустоўі і пазірае сюды, ні зварухнецца… То дзікая казуля, лясная прыгажуня. «Ваўкоў тут зімою аблажылі, аж шасцярых забілі,— прыгадалася Тупіку. — Забяру ўсё ж маю Гэлечку, як толькі яна па гэтай дарозе ходзіць! Дзяўчына ўсё ж… Ды і людзі гавораць, і сама яна апошнім часам нешта саромеецца падыходзіць да мяне… Распішамся ў сельсавеце — і ўсё!»
З такімі думкамі Тупік мінуў могілкі і праз негусты хмызняк выехаў да хутара Гурэцкага. Спыніў каня на ўзмежку жытнёвага поля і акінуў позіркам далягляд. «Знесці ўсё гэта! Каб і знаку не засталося. Альбо калгасны статак сюды перавесці, у абору. Хутар Красоўскага — пад школу! Так і далажу ў раёне. Няма чаго таму Ваўчку хутарское карэнне пускаць… Кулак знайшоўся! Спярша за золата вылюдкам паслужыць, а там, глядзіш, і сам перародзіцца ў вылюдка…»
Вось і першы хутар, Зыгмусеў засценак. Прывязаў каня да грушы, што расла пры веснічках з астаткам плота, і толькі наважыўся ісці ў хату, як з прыбудоўкі, абвешаныя сенам, высунуліся заспаныя хлопцы.
— Ці не спалі вы, брацішкі, так позна? — усміхнуўся Кузьміч, усоўваючы бізун у халяву бота. — І не сорамна вам? Ай-я-яй… Так і сусветную рэвалюцыю праспаць можна.
— А мы толькі пад раніцу ляглі,— адразу апраўдаўся Алесь, абтрасаючы рукамі сена з кудлатай галавы.
— Чаму ж так позна?
— Была тут адна работка, — ужо зірнуўшы на Міколу, цішэй сказаў ён. Хлопцы наблізіліся да Тупіка, спыніліся.
— І якое ж гэта дзела? А можа, сакрэт?
— Не, не сакрэт, — раптам Мікола, чаго раней за ім не назіралася, выйшаў наперад, дадаў дзелавіта: — Мы сачылі за доўгім Ігнатам. Ведаеце такога?