ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

— А-а, вось яно што! — Кузьміч паківаў галавою і насмешліва зірнуў на хлопцаў.— Ведаю, як вы кажаце, доўгага Ігната. І даўно…

— Дык раскажыце нам пра яго, — папрасіў Мікола, — а то нешта мы нічога не разумеем — наш ён ці не наш…

— Ну што ж… — Кузьміч азірнуўся наўкола, каб упэўніцца, што іх ніхто не падслухоўвае, і ўжо цішэй сказаў: — Баяцца яго не трэба. І сачыць за ім няварта…

— А чаму? — спытаў Мікола.

— Хутка самі зразумееце…

— Ён ведае, дзе хаваецца Зыгмусь, ходзіць да яго, — уставіў сваё слова і Алесь.

І я ведаю. Ды і вы, думаю, таксама здагадваецеся… Гэтак я кажу?

— Не зусім, — пакруціў галавою Мікола. — У каплічку, пэўна, ходзіць, бо Ваўчок туды яму розны харч носіць, а вось дзе ён спіць… Можа, у Мокрым Лозе?

— Вось бачыце! — весела сказаў Тупік. — Зыгмусь у нас тут ходзіць навідавоку, нідзе не дзенецца… — Раптам ён звёў светлыя бровы, пасур'ёзнеў.— Толькі помніце — Зыгмусь класавы вораг, ён здольны на любое злачынства. Таму перш за ўсё нам трэба яго абяззброіць…

— Даць нашу вінтоўку? — з'едліва і хітра спытаў Алесь.

— Вось іменна! Будзе бяда, калі ён знойдзе якую іншую, а не вашу… А каб вінтоўка не стрэліла, вы зараз збегаеце да млына і прынясеце яе мне… паглядзець… Зараз жа, — паўтарыў міліцыянер.

— Ды мы збегаем! — гатовы сарвацца з месца, выгукнуў Алесь, але Мікола, як было бачна, не спяшаўся.

— Скажыце, — зірнуў ён на Тупіка дапытліва. — Ігнат — ваш памочнік? Мне думаецца…

— Пра гэта ніхто не павінен ведаць! — перапыніў яго Тупік і дадаў, бы адрэзаў: — Ніхто!

— А ў бандзе Скуратовіча…

— Я раскажу вам пасля! — Тупік перапыніў Міколу і паказаў на млын. — Бяжыце туды і прынясіце вінтоўку. Патроны не бярыце, пасля…

Хлопцы пабеглі, а Тупік зайшоў у хату.

Ёмка ўсеўшыся каля акна, Мірон падплятаў пяньковай аборынай лапаць. Убачыўшы міліцыянера, ён адразу адклаў сваю работу і ўстаў насустрач, працягнуўшы малую хударлявую руку.

— Маё шанаванне, Кузьміч! Якім ветрам прыгнала? Можа, што яшчэ здарылася? — загаварыў Мірон, дапытліва пазіраючы міліцыянеру ў вочы.

— Ды пакуль ціха, — адказаў той, па звычцы туд-сюд кінуўшы позірк. Агледзеў пакой, у якім, апроч лавы, стала і двух драўляных ложкаў, засланых даматканымі старымі коўдрамі, нічога не было, дадаў: — А ў вас што чутно?

— Ды пакуль таксама ад ліха ціха… Сядайце от, а то ў нагах, дапраўдачкі…

— Новых гасцей не прымалі? — раптам перапыніў яго Тупік. Прысеў на лаву да стала і хітравата зірнуў на Мірона. Што ён на гэта адкажа?

— Якіх гасцей? — і сапраўды аж сумеўся Мірон, падсаджваючыся да Тупіка.

— Ну хоць бы такіх, якія краму рабавалі. Ці забыўся, як разам частаваліся?

— Хто расказаў?

— Сарока на хвасце прынесла — от. І не балакай лішняга. Мой чалавек падгледзеў, мая рука…

— Доўгія ў цябе рукі, Кузьміч, — здаўся Мірон.

— А інакш нельга… Ну, гавары.

— А што ж гаварыць? Тых людзей я не ведаю. Адзін малады зусім, а другі старэйшы…

— І ўсё? Малавата, Мірон… Ну, якія яны з выгляду, хаця? Чорныя, рыжыя, чырвоныя?

— Рыжыя, — усміхнуўся Мірон, яго дробны твар прасвятлеў.— Дальбог, рыжыя… У аднаго, ведаеш, башлык зляцеў, дык аж у хаце пасвятлела ад яго галавы! Дапраўдачкі…

— Ну, а вочы якія?

— Хавалі яны свае васільковыя вочы… Мне здаецца… — пачаў хітраваць Мірон.

— Што?

— Недзе ўжо я такія вочкі ды бачыў. Не то ў воласці, не то ў сельсавеце…

— Не то там, не то тут? Гэтак?

— Гэтак, гэтак…

— Тут, значыцца.

— Дапраўдачкі… Так яны і пагаварылі.

«Ну і хітрун! Ведае ж, а вось кругом ды наўкола, маўляў, сам здагадайся… — падумаў Тупік і рады быў, што Мірон усё ж навёў на нейкі след. — Пісар!.. Яго трэба прашчупаць. З бацькам, пэўна… Нетутэйшыя яны і… рыжыя».

— Ну, то я пайшоў, дзядзька Мірон. Лічыце, што мы не сустракаліся і не гаварылі.

— Божа бронь!

Калі Тупік выйшаў, хлопцы былі ўжо каля каня. Мікола сядзеў у сядле і, схіліўшыся, гладзіў тугую бялюткую шыю.

— Можна, я трошкі праеду, — папрасіў ён у Тупіка.

— Можна… А дзе ж тое?

— Пад плотам у траве, — паказаў Алесь.

— Дык вы па чарзе катайцеся, а я пагляджу, што там у вас за цацка, — сказаў Кузьміч і накіраваўся да плота, дзе густа рос пырнік, дзядоўнік і безліч рознага пустазелля.

Алесь падаў Міколу павады, і Сняжок, адчуўшы волю, затупаў на месцы, косячы вачыма на гаспадара — ці дазволіў?

— Но-о, Сняжок, но-о, — паддаў яму босымі пяткамі яздок: да страмёнаў ногі не даставалі. Але конь тупаў нагамі і не кранаўся з месца.

— Пайшоў, Сняжок! — падаў голас Тупік, і конь, пачуўшы гаспадара, з месца ўзяў трухам. Мікола ледзь справіўся хапіцца за луку — так нязвыкла было ў сядле, што ледзь не зваліўся. Потым пачаў прыпадаць у такт, узмахваць рукамі, сяк-так прылаўчыўся. Даў добрага кругаля вакол хутара. Потым паехаў і за Алеся, бо той адмовіўся лезці ў сядло.

А Мікола ўжо, ушчаміўшы між пальцаў ног сырамяць страмёнаў, падскокваў у сядле, як запраўскі кавалерыст. Сняжок ішоў плаўна, мякка, пусціўшы хвост па ветру і выцягнуўшы, бы паклаўшы на тугі сустрэчны струмень паветра, прыгожую галаву. Конь з нейкім задавальненнем, здавалася, нёс гэтую малую жывую ношу…

З якой зайздрасцю глядзеў Алесь на сябра! «Усё ён умее і можа, гэты Мікола. Я, напэўна, зваліўся б, — з уздыхам падумалася хлопцу. — Добра, што хоць Анюта не бачыць…»

Праз нейкі час падышоў Тупік. Пад'ехаў і Мікола. Саскочыў з каня і падвёў яго да Тупіка. Той уручыў яму вінтоўку і сказаў:

— Гуляйце… А калі хто папросіць, то дарам не аддавайце. Ясна?

— Ага… Ваўчок будзе прасіць, — адразу здагадаўся Мікола. — Яму трэба аддаць?

— Вы, аказваецца, у курсе… Дык я паехаў.

— А патроны? — спытаў Мікола, бачачы, што міліцыянер ужо збіраецца сесці на каня.

— Аддайце трохі. Схадзіце на той хутар, гуляйце там. Здаецца, у Ваўчка ёсць адна даволі слаўная ваша сяброўка. Ці вы не заўважылі, га?

— Добра, аддадзім, — сумеўся Мікола, быццам усё было сказана толькі яму.

Поделиться с друзьями: