ЖАНРЫ

Скарб Загорскай камяніцы

Водоносов Николай Михайлович

Шрифт:

Алесь толькі лыпаў вачамі: ён яшчэ зусім нічога не зразумеў. Ён толькі падумаў, што пра сяброўку то ўжо Тупік сказаў чыстую праўду. І будзе тая сяброўка толькі яго, Алесева, і больш нікога на свеце…

«Абмен тавараў»

На хутар Красоўскага хлопцы пайшлі толькі пасля паўдня, бо ім загадалі знайсці карову, якая апошнім часам перастала сама прыходзіць дадому апоўдні, а зашывалася куды-небудзь у кустоўе і стаяла там. Зусім адбілася, як адзічэла, і ўжо Міроніха бедавала, што прападзе малако.

Ваўчок якраз ганяў драўлянай сахою з металічным насошнікам бульбу, якая расла паўз сад ад самай хаты аж да кустоўя, адкуль брала пачатак балацянка, якая за нізінай пераходзіла ў лес. З другога боку саду таксама было трохі зямлі, але Ваўчок не кратаў яе, бо амаль да саду падыходзіла калгаснае жыта, а ўсё калгаснае яго палохала…

Бульба ўжо была вялікая, купчастая, там-сям зацвітала. Такую бульбу і ганяць позна, але ж раней не мог дастаць каня: у калгасе не давалі, бо не робіць там, а Тупіковага Сняжка браць адмовіўся наадрэз. Казаў, што і балота вочы мае, што, не дай бог, угледзіць балота белага каня і пакарае… А прыгнаў ён худэрбіну-каняку аднекуль здаля аж на тры дні, паабяцаўшы даць яго і «панам» хутара Гурэцкага, вядома, за добрую плату. Гэта хлопцы зведалі на сваім страўніку, бо ўжо два дні, як Міроніха не дае сырадою, а збірае для Ваўчка смятану.

— Што мы ў яго папросім за вінтоўку? — спытаў Алесь, калі яны, нібыта гуляючы, увайшлі ў сад.

— Тое, пра што гаварыла Анюта. Памятаеш?

— Не, а што?

— Яшчэ як у школу хадзілі, Анюта казала, што ў яго ёсць нейкія кнігі. Шмат. Толькі хавае ад яе, не дае, каб усё рабіла ды рабіла, а не траціла дарэмна часу… Дурань…

— А дзе Ваўчок узяў тыя кнігі?

— Знайшоў на гарышчы, як пераехаў. Казала, цэлы куфэрчык тых кніг…

— От бы нам яго! — аж уздыхнуў Алесь. — Толькі мне думаецца, што Ваўчок і нам не дасць.

— Нідзе дзенецца, — упэўнена адказаў Мікола і, паклаўшы вінтоўку на сук разгалай яблыні, гучна усклікнуў: — Па варожым самалёце — плі-і! Та-та-та-та!

Яны бачылі, як пры гэтым Ваўчок спыніў каня, слепавата прыгледзеўся, узяўшы руку брылем. Нейкі час глядзеў, быццам вачам не верыў ад здзіўлення. Потым хуценька завязаў лейцы за ручку сахі, бегма кінуўся ў сад.

— Ну, Мікола, трымайся, — ціха сказаў Алесь і дадаў: — Мусіць, адбіраць пачне…

Ды Ваўчок стрымана падышоў, хапіўся за галаву рукамі, закрычаў бы ад страху:

— Кідайце яе! Кідайце, кажу! Яшчэ стрэліць, пазабіваецеся, чэрці лазатыя! — і сам хуценька за дрэва, быццам баіцца, што вінтоўка стрэліць.

— А ў нас патроны во — у кішэнях, — паказаў адтапыраную кішэню — аж сцягвала штаны — Алесь.

Было відаць, што Ваўчок разгубіўся, не ведае, як і падступіцца да хлопцаў, каб і вінтоўку займець, і хлопцаў вакол пальца абвесці.

— Нашто яна вам? — пачаў ён лагодней, паволі набліжаючыся да Міколы, які гэтак жа паволі адступаў назад. — Адзін клопат. А я от занясу, куды трэба, здам… Дзяржаўная ж яна, ды і трымаць небяспечна, судзіць за гэта могуць…

— Ладна, — сказаў Мікола і спыніўся. — Толькі так не аддадзім, на што якое памяняць можам…

— А на што ж?

— Можа, у вас кнігі якія ёсціка? — каб не выдаць Анюту, быццам не ведаў, спытаў Мікола.

— Ёсць! — узрадаваўся Ваўчок, аж загарэліся яго вочкі-свярдзёлачкі.— Розныя. Хадземце, даражэнькія, выбірайце сабе, якія даспадобы…

Кнігі — гэта ўжо багацце. Кніг не было ні ў Міколы, ні ў Алеся. Нават у школе іх бедна. Усё больш газеты. Чытаючы іх, хлопцы ўжо многае ведалі, што робіцца на свеце. Ведалі, што краіна ўступіла ў сваю першую пяцігодку, што хутка дасць ток магутная гідраэлектрастанцыя на Дняпры, будуецца магнітка, а да канца пяцігодкі ў сёлах будзе створана тысяча трыста машынна-трактарных станцый. Людзі працы ўзяліся за аднаўленне краіны з небывалым уздымам і энтузіязмам. А вось у іх, на хутарах, жыццё быццам замерла, топчацца на месцы. Нейкая цемната, глухата вакол. Хлопцам так хацелася вырвацца з гэтага балота на прастору, акунуцца ў тое вірлівае жыццё, пра якое яны толькі чыталі і марылі.

Кнігі — гэта пазнанне жыцця. Чытаючы адзіную сваю кніжачку «Слёзы Тубі» Янкі Маўра, яны ўпершыню адкрылі для сябе, што яшчэ ў свеце існуе жорсткая несправядлівасць, што адны людзі нічога не робяць і карыстаюцца працай другіх, забітых і абяздоленых. І яны ведалі, што ў краіне Саветаў назаўсёды пакончана з класавай несправядлівасцю…

Які ж новы свет адкрыюць тыя кнігі, якія Ваўчок ім дасць? Цікаўнасць і нецярпенне падганялі хлопцаў, клікалі — хутчэй бярыце, пакуль не позна!

Калі Ваўчок завёў іх у нейкую брудную прыцемненую каморку і адчыніў вечка прыгожага куфэрка, абабітага жалезам, яны бы знямелі: там, колькі было месца, роўнымі радамі ляжалі кнігі. Тоўстыя і тонкія, у простых вокладках і чорных скураных, з залатым абрамленнем і залатымі літарамі, запыленыя, але такія прывабныя, жаданыя…

— «Мальтийские рыцари в России», — прачытаў Алесь на адной вокладцы і схапіў кнігу так цэпка, быццам у яго збіраліся яе адабраць.

— Бярыце, колькі здужаеце занесці,— зірнуўшы на яго, засмяяўся Ваўчок. — А то я ўзімку ледзь не папаліў іх у грубцы. Вось і добрачка. Абмен тавараў… Вы — мне, я — вам… Э-э, здам у раёне, нештачка і мне дадуць…

Ён ужо трымаў вінтоўку і кляцаў затворам.

Хлопцы апаражнілі кішэні, набралі, як тых дроў, па бярэмю кніг — не бралі толькі на незразумелай мове — і, быццам баючыся, што Ваўчок перадумае, хуценька панеслі свой скарб да рэчкі. Неслі, аж запыхаліся, і толькі каля рэчкі прыпыніліся, паклалі кнігі на траву і прыселі каля іх, каб разгледзець лепш, чаго яны набралі.

— «Бедные люди», Достоевский. Во гэта, відаць, кніга! Бач, пра бедных людзей… — першы пачаў Мікола.

— «Записки врача», Вересаев… Тысяча дзевяцьсот першы год. Ціка-ава, — працягнуў кнігу Міколу Алесь. — Паглядзі…

— А ты во паглядзі — «Идиот». Яшчэ ранейшая — тысяча восемсот шэсцьдзесят восьмы год…

— «Война и мир». Граф Толстой… Граф! Чуў, Мікола?

— А вось — тры кнігі Чэхава…

Так яны дзівіліся свайму скарбу, перабіраючы кнігі, праціраючы іх далонямі.

— Нашы яны, нашы-ы, — радаваўся Алесь.

— А чаму — толькі нашы? — запытаўся Мікола, гладзячы вокладку верхняй кнігі.

— А чые ж яшчэ? — насцярожыўся Алесь. — Я свае нікому не аддам…

— Мы занясём іх у школу… Для ўсіх, хай чытаюць усе, — строга зірнуў на сябра Мікола. — Я не хачу быць сквапным аднаасобнікам…

— Яшчэ трэба паглядзець, можа, яны буржуйскія, не падыдуць для ўсіх. Графы тут розныя…

— Пятро Іванавіч скажа.

— Пікулік? Дык жа ён сам, казаў, стаў настаўнікам з сялян… Можа, і не чытаў такія, панскія…

— Разбярэцца…

Яны хацелі пайсці, як заўважылі, што ад хутара бяжыць сюды Анюта.

— Пачака-айце, хло-о-опцы-ы! — замахала яна хусцінкай, ды хлопцы і без гэтага ўжо яе чакалі. Задыханая, чырванатварая ад хуткага бегу, Анюта здалася ім вельмі прыгожаю ў гэтую хвіліну, бо хлопцы глядзелі на яе, як на якое дзіва, быццам у першы раз.

— Я ўсё бачыла… Усё, — адразу пачала яна дакорліва. — Я была ў гародчыку і бачыла, як вы прынеслі вінтоўку і выменялі на гэтыя кнігі…

Анюта, пэўна, думала, што хлопцы адразу збянтэжацца ад такога яе раптоўнага нападу, разгубяцца, але яна ўбачыла, што яны не звярнулі на яе словы нават ніякай увагі, і сумелася сама.

Поделиться с друзьями: