Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сказ пра Робін Гуда

Фінемар Джон

Шрифт:

— Я падумаў, пачуўшы гукі арфы, што ўжо ідуць госці,— сказаў біскуп. — Хто ты і чаго прыйшоў?

Робін Гуд зняў шапку і нізка пакланіўся:

— Святы айцец, я вандроўны музыка. Кажуць, што ва ўсім Паўночным краі няма арфіста лепшага за мяне. Ядаведаўся, што сёння тут будзе вянчанне, і паспяшаўся сюды, каб упрыгожыць музыкай такі шчаслівы дзень.

— О, тады заходзь, калі ласка! — сказаў біскуп і павёў Робін Гуда ў царкву. — Музыку я люблю больш за ўсё на свеце. Сыграй мне што-небудзь.

— He, пане біскуп, — адказаў Робін Гуд, які мог толькі сяк-так брынкаць на струнах, — у тых мясцінах, дзе я вырас, людзі лічаць, што, пакуль не падыдзе вясельная працэсія, іграць нельга: можна наклікаць бяду.

— Добра, тады падрыхтуйся, — сказаў біскуп, — вунь яны ўжо ідуць.

Багаты рыцар тут стары, Суровы увайшоў, Нявесту, як святло зары, Прыгожую прывёў.

Царква была поўная народу. Калі людзі ўбачылі жаніха і нявесту, усе пачалі пераглядвацца. Якая ганьба выдаваць такую прыгожую маладзенькую дзяўчыну за гэткага нягеглага старога! Рыцар быў вельмі стары, танканогі, нібы журавель, сляпы на адно вока і з вялікім гарбом на левым плячы. Дзяўчына ж была надзвычай прыгожая, як ружовая ранішняя зара, і такая свежая і пяшчотная, як майская кветка.

Але пры біскупе і пры рыцары, які славіўся сваім багаццем, ніхто не адважыўся ўголас сказаць, што думаў. Адзін Робін Гуд не змаўчаў.

— Што ж гэта такое? — закрычаў ён. — Шмат бачыў я жаніхоў і нявест, а такой няроўнай пары ніколі не было.

— Сціхні, хлопец! — сказаў яму біскуп. — Нявеста ўжо ў царкве, і зараз я іх павянчаю.

— Ваша праўда, пане біскуп, нявеста ўжо ў царкве. Але яна сама выбера таго, хто дарагі яе сэрцу.

— He вярзі лухты, хлопец! — узлаваўся біскуп. — Лепш зайграй, калі маладыя пойдуць да алтара.

— О, гэта я зраблю ахвотна, толькі павінен прызнацца, што лепш люблю іграць на ражку, чым на арфе, — усміхнуўся Робін Гуд і выняў з-пад плашча свой сігнальны ражок.

Ў ражок падзьмуў без лішніх слоў Ён тры разы запар, I ўраз два тузіна стралкоў Прыбеглі на цвінтар. А там усе пасталі ў рад, На луках — дрэўкі стрэл, I з лукам Робіна атрад Вёў смелы менестрэль.

Цяжка апісаць, які ўзняўся гвалт і крык, калі дваццаць чатыры бравыя малайцы з лукамі ў руках уварваліся ў царкву. Біскуп пабарвавеў ад гневу, стары рыцар задрыжаў ад злосці і страху, калі нявеста кінулася на грудзі Алану-а-Дэйлу, за спінай якога стаяў цэлы атрад яго сяброў. Усе позіркі скіраваліся на таемнага музыку, які сваім ражком парушыў вянчанне.

Робін Гуд падняў руку, і ў царкве запанавала цішыня. Усе хацелі паслухаць, што скажа гэты чалавек.

— Алан-а-Дэйл, — сказаў ён, — я чуў, што гэта дзяўчына кахае цябе і ты кахаеш яе.

— Гэта праўда, — адказаў Алан-а-Дэйл.

— У такім разе, — гаварыў далей Робін Гуд, — калі яна згодна пайсці за цябе замуж, вянчанне працягваецца, толькі памяняем жаніхоў.

— Хто ты такі,— закрычаў біскуп, — што прыходзіш у божы храм пад выглядам музыкі, а распараджаешся, як кароль?

— Вы праўду кажаце, пане біскуп, — спакойна адказаў Робін, — я і ёсць кароль, кароль гэтых адважных стралкоў. А народ заве мяне Робін Гуд.

Робін Гуд! Пачуўшы гэта імя, усе знерухомелі ад здзіўлення і ўтаропіліся на атамана разбойнікаў. Знямелі ад нечаканасці і біскуп з рыцарам.

— А цяпер, пане біскуп, — сказаў Робін Гуд, — загадваю павянчаць гэтых маладых, якія далі адно аднаму клятву вернасці.

— Я не буду рабіць гэтага, — злосна агрызнуўся біскуп, — бо яны далі яе не ў царкве. Рабіць гэта трэба перад алтаром тры разы — такі ў нас закон, сам ведаеш, Робін Гуд.

— Праўду кажаце, — адказаў разбойнік, — так трэба рабіць, і так будзе зроблена. Запытайцеся ў іх тры разы.

— He буду! — гаркнуў біскуп.

— Раз вы адмаўляецеся, — спакойна сказаў Робін Гуд, — у мяне знойдзецца свой біскуп. Зніміце з яго мантыю! — загадаў ён, паказваючы пальцам на дзябёлага біскупа. Два дужыя стралкі ўмомант распранулі яго.

— Манаха робіць плашч з капюшонам, а біскупа — чырвоная мантыя, — засмяяўся Робін Гуд. — Ану, Маленькі Джон, накінь на плечы мантыю і стань на біскупава месца.

Маленькі Джон шырока ўсміхнуўся і нацягнуў на сябе мантыю. Усіх, хто быў у царкве, разабраў смех — вельмі ўжо быў пацешны выгляд у гэтага волата.

— Дык пачынай. Гучна абвясці імёны жаніха і нявесты, як заведзена, — загадаў Робін Гуд Маленькаму Джону.

Калі магутным крокам Маленькі Джон у чырвонай мантыі рушыў на біскупава месца і пачаў неяк смешна выкрыкваць імёны маладых, пад высокімі скляпеннямі царквы выбухнуў грамавы рогат.

Маленькі Джон паставіўся да свайго абавязку з вялікай адказнасцю і, баючыся, што трох разоў мала, усё паўтараў і паўтараў імёны, пакуль не зрабіў гэта ажно сем разоў. Тады Робін Гуд паклікаў яго назад і павярнуўся да біскупа:

— А цяпер, пане біскуп, выбірайце, што для вас лепш, і як мага хутчэй: альбо пажэніце гэтых маладых, якія шчыра кахаюць адно аднаго, альбо мы забяром вас у лес як палонніка.

Біскуп затросся ад страху. Гэтага яшчэ не хапала: быць палоннікам у Шэрвудскім лесе! I ён адразу згадзіўся павянчаць маладых. Калі ён спытаў: «Хто аддае пад вянец гэту дзяўчыну?» — Робін Гуд адказаў:

— Я аддаю яе. Яна з Аланам будзе жыць. Яе за грошы не купіць.

Хоць і не надта хацелася, але давялося біскупу павянчаць Алана-а-Дэйла і дзяўчыну, якія горача кахалі адно аднаго, на вачах у старога рыцара-багацея, што ажно шалеў ад злосці: з-пад самага носа ў яго забралі нявесту! Але ні ён, ні біскуп — ніхто не пасмеў і пальцам крануць атамана разбойнікаў і яго адборных стралкоў.

Ззяў шчасцем твар у маладой, Як скончыўся абрад, I ўсе вясёлай грамадой Пайшлі у лес назад.

Раздзел восьмы

Залатая страла

Адразу пасля вянчання біскуп паспяшаўся ў Нотынгем да шэрыфа са скаргай на Робін Гуда.

— Вы, шэрыф, седзіце тут, у Нотынгеме, упаўнаважаныя самім каралём Рычардам, каб ахоўваць парадак і спакой, — кіпеў гневам біскуп, — і дазваляеце гэтаму дзёрзкаму разбойніку правіць краінай, быццам ён сам кароль!

Біскуп так лаяў нотынгемскага шэрыфа, што той спалохаўся, каб біскуп не данёс на яго самому Рычарду.

«Калі біскуп наважыў ісці са скаргай да караля, а, відаць, так яно і ёсць, — падумаў шэрыф, — дык лепш я сам далажу і растлумачу каралю, які страшны чалавек гэты Робін Гуд і як цяжка з ім справіцца».

Поделиться с друзьями: