Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Я не адступаў. Здаўся Вася. Але як! «Добра, будзе табе „язык“! Але я сам пайду з разведчыкамі».

Мяне заела.

«Пойдзе інжынер!»

«Я? — збялеў Будыка. — Чаму я?»

«Баішся, тэхнакрат?»

«Баюся. Многа смерцяў прыйшлося ўбачыць».

«І ўсё-такі пойдзеш! Ты адзін гаворыш па-нямецку».

Перастаў усміхацца, выцягнуўся па-вайсковаму: «Слухаю, камандзір».

Я ніколі не мог зразумець цябе да канца, Валька Будыка. І цяпер не разумею. Хто ты? Што за чалавек? Я раскусваў людзей за адзін дзень, разбіраў іх па дэтальках і тут жа лёгка збіраў. Ты — машына больш складаная, чым твае станкі. Кібернетычная. З вельмі складаным праграміраваннем — такім, да сэнсу якога могуць дайсці калі-небудзь хіба такія розумы, як мая Лада. А часам здаецца мне: ты як «матрошка» — просценькі, але двайны ці трайны, і кожны па-свойму адмыслова закамуфляваны.

Разведчыкі не вярталіся тры дні. О гэтыя тры дні! Я іх ніколі не забуду. Да смерці. Выла завіруха. Сціхла. Зноў пачалася.

Я сядзеў адзін. Шугановіч у зямлянку не заходзіў — жыў з партызанамі, займаўся справамі атрада. Я баяўся выйсці да людзей. Упершыню баяўся людзей. І каго? Тых, хто верыў мне, хто па сваёй волі станавіўся пад маё камандаванне, давяраў, па сутнасці, сваё жыццё, свой лёс. Але ж яны павінны і асудзіць мяне. Калі разведчыкі не вернуцца, я сам папрашу, каб мяне судзілі. Усім атрадам… Няхай расстраляюць перад строем. Не, такой смерці я не хацеў! Такой смерці не будзе!

Ніхто мяне не стане судзіць! Але я асуджу сам сябе, калі не вернуцца Павел, Будыка, стары будзёнавец Ермалай Краўчанка.

Я баяўся нават папрасіць у Рошчыхі спірту. І яна, чортава душа, была добрая, калі не трэба. А то не з’яўлялася нават праверыць, як звычайна, ці цёпла ў камандзірскай зямлянцы. Было холадна. Цяпло любіў Будыка і паліў «самавар» — чыгунную печку — бясконца.

Самае страшнае адзіноцтва, калі побач людзі, сябры, а ты адзін. Як вязень, як адшчапенец.

У прыёмнік быццам урывалася завіруха з усяе сямісоткіламетровай прасторы, што ляжала паміж нашым лесам і Масквой. Ледзь чутны — о, які далёкі! — матыў «Свяшчэннай вайны». Таму ён здаваўся жалобным. Бліжэй — нямецкае гаўканне. Але без Будыкі я не разумеў яго. Да д’ябла мне той «язык», калі яны ўжо ў Маскве! Сапраўды, навошта мне спатрэбіўся чужы «язык»?

Шугановіч толькі на трэці дзень здагадаўся, у якім я стане. Хацелася даць яму па мордзе, а потым пацалаваць. Залаты чалавек ты быў, Вася, але часам простыя ісціны да цябе даходзілі, як да жырафы прастуда, — на трэці дзень. Нават спірту прынёс. І сам выпіў. Трывожна было на душы і ў яго.

«Ты разумееш, навошта мне „язык“?»

«Разумею. Але гэта ад страху».

«Выходзіць — я баязлівец?»

«Не. Але ў цябе — душэўная паніка. Ты не ведаеш, што рабіць. Таму кідаешся. То табе захацелася паглядзець на павешаных, то… А што твой „язык“ можа сказаць, няхай ён будзе хоць генерал?»

«Не, ты не разумееш! Я павінен убачыць хоць аднаго з іх адтуль, з фронту. Якія яны цяпер?»

Разведчыкі такі здабылі «языка». Але ўзялі не на той лясной станцыі, дзе павесілі хлопцаў, дзе была вадакачка і спыняліся для запраўкі вадой цягнікі, а ажно ў горадзе, у нашым райцэнтры, за сорак кіламетраў.

Абмарожаны слюнцяй, узрадаваны, што ад’ехаў так далёка ад фронту, вылез увечары, у завіруху, з санітарнага эшалона, каб паспрабаваць купіць шнапс. А Краўчанка сорак год пражыў на адной з вулачак каля самай станцыі.

Ашалелы ад страху, ад болю — разы тры за дарогу яму затыкалі рот, засоўвалі пад салому і тры чалавекі садзіліся на яго, як на куль, — ад холаду, Фрыц не адразу загаварыў, хоць яго адагрэлі і накармілі. Потым — як сарваўся з ланцуга. Крычаў фашысцкія лозунгі, пагражаў: «Сталін капут! Москаў капут! Алёс капут!»

«Не, хлусіш, шчанюк! Гітлеру капут! Табе капут!» — сказаў я і выцягнуў з кабуры пісталет.

Ён упаў на калені. Сарваў з твару павязку. Замест носа — гнойны струп. Размазваў соплі і слёзы. Тыцкаў нам забінтаваныя пальцы і ўсё хацеў паказаць абмарожаны палавы член, нягледзячы на прысутнасць жанчыны — Рошчыхі. Пэўна, думаў, што абмаражэнне такога далікатнага месца найбольш разжаліць нас.

Люба плявалася. Будыка смяяўся, ён быў вясёлы, як ніколі: вярнуцца з такой аперацыі! Толькі ўваліўшыся ў зямлянку, заключыў:

«Не такі страшны чорт, як яго малююць!»

Мне таксама хацелася смяяцца. Гледзячы на гэтага заваёўніка, на гэтага «пераможцу», я быццам адтаваў, быццам раптоўна і дзівосна вылечваўся ад цяжкай хваробы, хоць нічога пра тое, галоўнае, пра што я так прагнуў даведацца, палонны не сказаў.

Атупелы смаркач. Не помніў нават гарады, праз якія прайшоў. З пунктаў Падмаскоўя, знаёмых Будыку і мне, назваў адну Істру. Істра недалёка, але і не так блізка ад Масквы, каб вы маглі ўбачыць Крэмль. Колькі кіламетраў да Масквы ад таго месца, дзе ён абмарозіўся? Не ведаў. Абяцалі яму маскоўскую цёплую кватэру? Раней, калі было яшчэ цёпла, абяцалі. Колькі забітых, раненых? Абмарожаных? Пасля аднаго бою тыдні два назад засталося ў страі менш палавіны салдат. А потым — завіруха, мароз. Ён абмарозіўся ў начным пераходзе. «О, гэта была страшная ноч!»

Дапытвалі доўга, увесь вечар. Дапытвалі з прыемнасцю. А пасля весела вячэралі. На гэты раз па ініцыятыве Будыкі. Разгуляўся інжынер. Здаецца, той адзіны выпадак, калі я добра разумеў Будыку — весялосць яго, узбуджанасць.

Раніцой Шугановіч спытаў, што рабіць з немцам.

«Пакажы яго партызанам. Пастаў перад строем. Пасля будзем судзіць. Назначаю трыбунал. Пяцёрку. Ты, я, Рошча, Краўчанка, дзед Міхей».

У дзеда, які прыгнаў нам у лес рэшту калгасных коней — іх хацелі прысвоіць паліцаі,— спалілі хату, закатавалі нявестку і ўнука.

Першая падала голас Люба Рошча. Самыя бязлітасныя мсціўцы — жанчыны, у гэтым я пераконваўся не раз.

«Чаго тут доўга разводзіць анцімоніі! Расстраляць!»

Панура сядзеў Краўчанка, звесіўшы свае сівыя будзёнаўскія вусы. Скура на твары, што ў старога слана, такая цвёрдая на выгляд і з такімі глыбокімі маршчынамі. Яго слова чакалі доўга. «Палонны ёсць палонны. Але куды нам дзець яго?»

Вася Шугановіч, усхваляваны, расчырванелы, як бы спяшаўся адказаць на пытанне будзёнаўца:

«Сын аптэкара. Дробны буржуа. З такіх Гітлер набіраў свае штурмавыя атрады. А гэты не стаў эсэсаўцам, гестапаўцам. Звычайны салдат. Можа паспрабаваць прасвятліць яму мазгі? Калі ўбачым, што фашыст, гад, тады ўжо…»

«Добранькі ты, камісар. Каб я карміла немчуру, ваўка, які будзе ўвесь час глядзець у лес!.. — абурылася Люба. — Што табе скажуць партызаны?»

Вася разгубіўся. Ён не гатовы быў выбіраць адно з двух магчымых рашэнняў, па сутнасці сваёй зусім супрацьлеглых — расстраляць ці адпусціць да сваіх.

Я ведаў з самага пачатку, што трэцяга рашэння не магло быць. Але ці гатовы быў я сам выбіраць? Учора я расстраляў бы яго без размоў. Ад роспачы. Ад адчування свайго бяссілля перад іх магутнасцю: яны разглядаюць у біноклі Маскву. Нарэшце, помсцячы за хлопцаў. Сёння ўсё змянілася. Я — камандзір, я ажыццяўляю Савецкую ўладу ў захопленым ворагам раёне. Ваеныя законы суровыя. Барацьба насмерць. Але і ў гэтых законах павінны быць увасоблены найвышэйшая мудрасць, гуманнасць і справядлівасць майго народа. У чым яны? Што табе скажуць партызаны? Можа варта запытаць у атрада? Але дзе многа людзей — там часам бушуе стыхія. А тут трэба спакой і роздум.

Поделиться с друзьями: