Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:
Немизе кровави брезе не бологомъ бяхуть посеяни, посеяни костьми русских сыновъ.

Не верыцца неяк, што яна была вядомая ў тыя даўнія часы, Няміга, ад якой цяпер нічога не засталося. А Свіслач? Якая ж тады была Свіслач? Няўжо і рэкі як людзі: адны мялеюць, заплываюць ілам і пяском, а другія глыбеюць, праразаюць новыя руслы?

Сыплецца снег. Растае на далонях, на шчоках, ружовых і бледных. І на чорнай вадзе, ад якой падымаецца нездаровая пара. Нібы сняжынкі гарачыя. Не, тут наадварот — цёплая вада, вялікі горад выплёсквае ў рэчку гарачыя адкіды сваёй кіпучай жыццядзейнасці. Так, дзейнасць кіпучая, і горад вялікі. Але не апраўдвай тых безадказных людзей, якія гэта робяць і якіх ты колькі месяцаў назад, працуючы ў рэйдавай групе партыйна-дзяржаўнага кантролю, кляйміў ганьбай. Драпежнікі, якія жывуць адным днём і сваімі эгаістычнымі патрэбамі, хоць прыкрываюць іх высокімі словамі. Бацькі, якія не думаюць пра дзяцей. Пра ўсіх дзяцей — будучыню грамадства, радзімы і чалавецтва.

Сняжынкі падаюць у агонь. Блакітны язык полымя вырываецца з заснежанага падмурка манумента, калышацца на ветры, кладзецца на рашотку і, здаецца, вось-вось патухне. Не, не патухае. Не можа патухнуць. Ён вечны, агонь над сімвалічнай магілай. Ён павінен быць вечны — агонь над магілай майго брата, маіх таварышаў… Я хацеў бы, Павел, каб ты ляжаў тут, і я не раз у год, а кожны дзень прыходзіў бы сюды і вось так стаяў бы над тваёй магілай. Дзіўна, што я ніколі не стаяў тут адзін, еось так. Толькі з людзьмі. У ганаровай варце, гэтым летам, калі святкавалі дваццаць год вызвалення сталіцы. Ды яшчэ калі адкрывалі манумент. Цяпер ужо ніхто не спрачаецца пра яго мастацкія вартасці, бо для людзей, для ўсіх тых, хто перажыў вайну, страціў блізкіх, зведаў пакуты, ён стаў Вялікім і Святым Сімвалам.

Манумент Славы і Міру. Але я і дагэтуль не магу пагадзіцца, што помнік збудавалі тут, у яме, а не на самым высокім месцы, адкуль ён быў бы відзён і з Масюкоўшчыны, і з Уручча і з Трасцянца — ад брацкіх магіл.

Людскія раўчакі плывуць па тратуарах і ў снежнай імгле здаюцца далёкімі. А тут — як востраў. Тут амаль цішыня. Як у лесе. Можна, бадай, было б пачуць шорах сняжынак, каб не гудзеў агонь. Але няхай гудзіць агонь! Гэта як шум бору. Далёкі шум.

«Адпусці мяне, Іван, у атрад Каткова».

«Чаму? Паша! Што здарылася?»

«Не магу я ў цябе…»

«Не, ты растлумач, што здарылася?»

«Не магу — і ўсё».

«Што за дурнота! Дзіцячыя капрызы! Ты салдат! Нікуды я цябе не адпушчу».

«Я пайду сам».

«Будзеш лічыцца дэзерцірам. А ты ведаеш, што робяць з дэзерцірамі на вайне?»

«А мне ўсё роўна».

«Глядзі, Валянцін, з глузду з’ехаў хлопец. Перапіў, ці што?»

«Невядома, хто з нас перапіў».

«Як размаўляеш з камандзірам? Які прыклад паказваеш? Май на ўвазе, я не пагляджу, што ты мой брат! Ідзі выспіся. Ты стаміўся пасля разведкі».

«Ён кахае яе», — гэта сказаў Будыка, калі Павел панура выйшаў.

«Каго?»

«Надзю».

«Надзю? Ты што? Сур’ёзна? Чаму ж ты не сказаў раней?»

«Я думаў, ты ведаеш».

«Ты за каго мяне лічыш? Гад ты! Я — чалавек. Я магу ўпасці. Магу спатыкнуцца. Ты стаў побач са мной, сам папрасіўся ў мае памочнікі. І ты абавязан паправіць мяне, падтрымаць, падставіць плячо. А ты ведаў і хіхікаў у кулак… Чакаў, калі браты сутыкнуцца лбамі? Інтрыган! Застрэліць цябе мала».

«Не гарачыся, Іван. Не гарачыся. Не забывай: цябе пакінула тут партыя. І за ўсё, што робіш, ты нясеш адказнасць перад партыяй».

Я не павінен быў адпускаць цябе, Павел. Я змаладушнічаў. Даруй мне, брат. І не вінаваць. Яе не вінаваць. Надзю. Безумоўна, вайна ёсць вайна. І я не ахоўваў цябе. Ты хадзіў на самыя адказныя аперацыі. І ўсё магло здарыцца і ў маім атрадзе, на маіх вачах. Кажуць — лёс. Я не веру ў лёс. Але я веру ў розум. Ён і на вайне можа ўратаваць, калі ўсё рабіць з развагай, з галавой. Але ж ты не кінуўся так пад кулі. Засада выпадковая. Шмат што рабілася выпадкова. І вось цябе няма. А ты мог бы жыць. Табе было дваццаць адзін. Ладзе і Васілю ў сакавіку будзе па дваццаць тры. А табе было ўсяго дваццаць адзін…

— Грэемся?

Іван Васільевіч павярнуўся. Міліцыянер, відаць, быў упэўнены, што гэта юнак — са спіны шчуплы, нізкі ростам. А ўбачыў пажылога чалавека — трохі сумеўся.

— А што?

— Нельга тут… так доўга.

— Хто вам сказаў? У вас ёсць такая інструкцыя?

— Не… Але… Тут, ведаеце, некаторыя з падшыванцаў рукі грэюць…

— У вас загінуў хто-небудзь на вайне?

— У мяне? Бацька не вярнуўся.

— Давайце, сержант, пастаімо хвілінку моўчкі.

Міліцыянер яшчэ больш разгубіўся.

Казырнуў.

— Прабачце. Служба.

Але, пакуль у нас служба, мы часам забываемся на самае святое ці не маем часу пастаяць вось так і падумаць.

Тады таксама ішоў снег. Але не такі ласкавы, ціхі. Гуляла завіруха. Выла. Свістала. Лес гудзеў і трашчаў. Нават там, у пушчы, у самым яловым гушчары, на нашай маленькай палянцы, трохі не збівала з ног. А што рабілася ў полі!

Але, яе прывезлі ў тую памятную завіруху. Не, здаецца, завіруха пачалася пазней, калі мы вярнуліся з рэйду. Так, калі Вася паехаў за Бумель, ноч была зорная. Ды хіба адна была такая завея? У пачатку тае зімы снег ішоў амаль кожны дзень. Да пачатку снежня намяло — не прайсці, не праехаць. І настрой у мяне быў сабачы. Часам хацелася завыць, як вылі тыя галодныя ваўкі, што падыходзілі ўначы да лагера. О, каб такі настрой быў у аднаго мяне — то паўбяды. Ён апанаваў многіх. Толькі здаецца, Вася Шугановіч, камісар мой, не паддаваўся роспачы.

Цяпер партызанскія камандзіры ўсе пішуць мемуары. І вынікае з гэтых кніжак, што ўсё было проста з пачатку да канца. Безумоўна, былі цяжкасці, нястачы, страты, але, маўляў, ніхто з іх, вялікіх стратэгаў, ні на хвіліну не сумняваўся ў моцы Чырвонай Арміі, у гераізме народу, у мудрасці партыі, а гэтая вера іх перадавалася кожнаму партызану.

Я — грэшны.

Я таксама верыў у партыю і ў народ. Але я бачыў адступленне арміі. Я слухаў радыё. У атрадзе было два прыёмнікі. І, на маю бяду, Валька Будыка ведаў нямецкую мову. Каб у тыя дні троху шырэй паведамлялі нашы, няхай сабе самыя цяжкія, навіны. Але Масква перадавала бадзёрую музыку і скупыя зводкі Саўінфармбюро аб жорсткіх ці мясцовых баях на кірунках тых гарадоў, якія даўно ўжо — гэта мы ведалі пэўна — засталіся ў тыле нямецкай арміі.

А ў пушчы выла завіруха. Замяло дарогі. Трашчалі марозы. Семдзесят чалавек хадзілі ў разведку ці сядзелі ў зямлянках, пракураных, цесных, адкуль гарачыню распаленай да чырвані «жалезкі» магло выдзьмуць ветрам за тры мінуты — толькі адчыні дзверы. Семдзесят чалавек. Нямала на той час. Але ўзброеныя хто чым, з малым боезапасам. Без вопытнага камандзіра. Адкуль у мяне, у загадчыка райсельгасаддзела, мог быць вайсковы вопыт? Добра, што ў верасні да нас далучыўся інжынер-кадравік Будыка з групай сапёраў.

Вы былі мудрыя, цяперашнія мемуарысты. А я нават не ведаў тады, якім чынам здабываць харч для сямідзесяці чалавек. Праблема гэтая і надалей, калі мы ўсё ведалі, у любы час маглі звязацца з партыйным цэнтрам і ўсё ўмелі, заставалася вострай у нашай партызанскай палітыцы, бо закранала адносіны з насельніцтвам. Сын селяніна, аграном, я думаў пра гэтую палітыку ў самым пачатку. Ведаў — ваяваць не адзін год. Не адну зіму сядзець у пушчы і думаць, дзе дастаць хлеб, патроны і жалезную бочку, з якой можна зрабіць печку замест той, што прагарэла. Каб ваяваць доўга, зацята, з такім бязлітасным ворагам, трэба захаваць людзей. Трэба накарміць іх і сагрэць. Цяпер я думаю: фашысцкія стратэгі разумнелі пасля таго, як атрымлівалі добрага выспятка ў самае балючае месца. Ніхто з іх не здагадваўся, у што можа вырасці невялікі атрад «лясных бандытаў», пра які яны ведалі, пісалі ў рэляцыях. Каб такія блакады, як у сорак трэцім, яны наладзілі тады, зімой сорак першага, нам прыйшлося б туга.

Поделиться с друзьями: