Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

— У мяне яшчэ заўсёды была свая ўласная думка. Не забывай, калі ласка, пра гэта.

— З-за ўпартасці і гонару ты можаш адмовіцца. Ну, і будзеш дурань! Праз год-два на цябе забудуць. А ты мог бы яшчэ папрацаваць з карысцю… для народу.

— Ты ўгаворваеш так, быццам сватаеш да сябе.

— О, каб мне аддалі цябе, я знайшоў бы табе пасаду, хоць ты і не тэхнік!

— Кляпнёва замяніць не магу.

— Што ты тыцкаеш у вочы гэтым Кляпнёвым! Ты трымаў каля сябе Кацара, я — Кляпнёва. Калі па вушы загружаны работай, навукай, грамадскай дзейнасцю, трэба, каб табе памагаў вось такі арганізатар… Інакш запарышся.

— Мне крыўдна за Кацара, што ты раўняеш яго з Кляпнёвым. Кацар быў спецыяліст, светлая галава, найлепшы рэферэнт па эканоміцы. Чалавек згарэў на рабоце.

— Пра нябожчыкаў гавораць толькі добрае. Ведаю. А ты скажы пра мяне, жывога, добрае слова. І нават пра Кляпнёва. Пра такога, які ён ёсць, з усімі грахамі. А я скажу пра цябе. У гэтым сутнасць сяброўскай узаемападтрымкі…

— А як жа з крытыкай? — прыжмурыў вочы Антанюк, з цікавасцю разглядаючы мажную постаць сябра.

Будыка зарагатаў зноў гэтак жа — доўга, раскаціста.

— А цябе, Іван, з тваіх прынцыповых пазіцый нічым нельга сапхнуць, — і, перапыніўшы смех, сур’ёзна сказаў: — За гэта я люблю цябе. За чысціню тваіх намераў.

— Дзякуй. Даўно ўжо не чуў я прызнанняў у любові.

— Не іранізуй, Іван, з самага святога — з дружбы. Май на ўвазе, іронія псуе чалавека. Можаш зрабіцца скептыкам і цынікам. Сам сабе перастанеш верыць.

— Не турбуйся. Мая вера ў сябе вельмі трывалая.

— Толькі ў сябе?

— Іў добрых людзей.

— А мяне да якіх залічваеш?

— Цябе? Да сярэдненькіх.

Будыка не загрымеў рогатам, а нечакана рассыпаў незнаёмы дробненькі смяшок, нядоўгі — як жменю пацерак сыпануў на падлогу.

— Дзякуй. Магу спадзявацца, што атрымаю вышэйшую атэстацыю?

— Пастарайся.

— Ох, Іван, Іван. Уяўляю, як Вользе з табой. З такім характарам…

— Захацелася паплакаць над яе лёсам? — Антанюк адным махам, з акрабатычнай імклівасцю спусціў ногі, сунуў іх у тапкі, падхапіўся, гатовы, здалося, да бойкі.— Плакальшчык! — і вылаяўся.

Валянцін Адамавіч стаяў пасярод пакоя, спакойны, добры, з вышыні глядзеў на сябра і ўсміхаўся, лагодна, амаль з замілаваннем, як бы кажучы: «І такога я цябе люблю!»

— Ты, Іван, мяне здзіўляеш і захапляеш. У партызанах пры ўсёй энергіі ты часам здаваўся флегматыкам. Самы разважлівы камандзір!.. А пад старасць робішся халерыкам… І халерай! — і засмяяўся, не зарагатаў, а засмяяўся натуральна.

Смех гэты, знаёмы яшчэ з тых часоў, калі яны спалі ў адной зямлянцы, дзіўным чынам падзейнічаў на Івана Васільевіча: як свежы ветрык, у міг здзьмуў раздражнёнасць, узлаванасць. Захацелася кінуцца на гэтага манументальна-паважнага асілка, паваліць на падлогу, выпэцкаць, пакамечыць яго дарагі касцюм.

«Валька, чорт, я цябе таксама люблю, хоць ты і свіння!» — хацелася крыкнуць, зарагатаць. Але не крыкнуў. Толькі торкнуў кулаком у Будыкаў мяккі жывот. Гасцінна сказаў:

— Пайшлі, пузан, каньяк піць.

За сталом сядзелі хораша. Весела. Успаміналі розныя прыемныя дробязі з мінулых сустрэч, з сумесных паездак на курорты. Жартавалі. Жанчыны цадзілі шампанскае. Мужчыны патроху каўталі «мядзведзя». Але бяседу іх неспадзявана перапынілі. Спачатку — тэлефонным званком. Папрасілі Будыку. Ён коратка паслухаў і адразу дазволіў:

— Добра. Заходзь.

— Хто гэта? — спытаў Іван Васільевіч.

— Кляпнёў.

— Кляпнёў?!

— Ён едзе сёння ў камандзіроўку ў Маскву. Трэба падпісаць адно пісьмо.

Што ж, трэба дык трэба, адказнаму работніку няма спакою ні ў выхадны, ні ў гасцях. Антанюк гэта ведаў па сваёй рабоце.

Кляпнёў заглянуў з калідора, убачыў накрыты стол, зрабіў выгляд, што збянтэжыўся, доўга і мнагаслоўна прасіў прабачэння ў гаспадыні. Анёл, а не чалавек. Увасабленне найвышэйшай этыкі.

Іван Васільевіч адразу адзначыў: Кляпнёў з ім зноў на «вы» — з павагай, не так, як у апошняе паляванне ў Белавежы.

«Во барометр, сабачы сын!» — але ў той жа час было і прыемна.

Яшчэ раз папрасіўшы прабачэння, Кляпнёў сказаў, што распранацца не будзе, бо дужа спяшаецца — да цягніка ўсяго тры гадзіны, а ў яго яшчэ не сабраны чамадан.

Будыка, не чытаючы, падпісаў нейкія два дакументы і, вяртаючы іх Кляпнёву, спытаў:

— Дык можа возьмеш з намі на дарогу?

Эдзік каўтануў сліну і аблізаў тоўстыя вусны.

— Калі гаспадары дазволяць…

— Калі ласка, калі ласка, — шчыра запрасіла добрая Вольга Усцінаўна, якая ў той вечар гатова была прыняць хоць сотню гасцей.

Кляпнёў пайшоў у калідор, скінуў сваё шыкоўнае, кароткае — па апошняй модзе — і лёгкае, на паралоне, паліто і вярнуўся назад… з бутэлькай кубінскага рому.

Адна Вольга Усцінаўна, якая ўмела лавіць кожны мужаў душэўны рух, убачыла, як Іван перасмыкнуўся, як змяніўся з твару. Спалохалася. Вачамі прасіла, маліла, каб маўчаў. Навошта псаваць такі вечар?

Калі Кляпнёў выпіў чарку, другую і ўвайшоў у сваю натуральную ролю ўсязнайкі і балбатуна, Іван Васільевіч раптам ціхенька войкнуў і схапіўся за сэрца.

— Ваня! Што з табой? — жонка не на жарт спалохалася.

— Усё тое ж. Спазмы. Дай валакардзін.

— Можа выклікаць урача?

— Не, не трэба. Я паляжу. О-о, як сціснула!

Будыка і Кляпнёў асцярожна, пад рукі завялі яго ў кабінет і паклалі на канапу.

Вольга Усцінаўна дрыготкімі рукамі накапала лекаў.

— Я выклічу «хуткую».

— Ды пачакай. Ведаеш жа, што я не люблю гэтых эскулапаў. Адразу калоць пачнуць.

Пасля чуў праз дзверы: дзесьці ў калідоры заклапочана шапталіся Вольга і Будыкі. А Кляпнёў цадзіў над фужэрам кубінскі ром, выдумалі такі адмысловы корак, што, каб наліць, трэба спачатку добра патрэсці. І піў залпам. Задужа дарагое пітво, каб пакідаць. Во свіння!

Валянцін Адамавіч увайшоў на пятках, каб не рыпець чаравікамі.

— Ну, як ты?

— Нічога. Лепей трохі. Прабач, што сапсаваў абедню.

Поделиться с друзьями: