Снежныя зімы
Шрифт:
У жніўні сорак другога мы зрабілі нядоўгі рэйд за Дняпро. Мелі мэту — сарваць акупантам хлебанарыхтоўкі, пусціць чырвонага пеўня на іх склады. Дзе ўдасца — забраць збожжа і схаваць на зіму. Атрад рос. За паўгода вырас трохі не ў тры разы. Людзей трэба карміць.
З’яўленне партызан у бязлесным раёне, дзе акупанты і паліцаі адчувалі сябе гаспадарамі, нагнала на іх страх і паніку. Першыя дні мы палілі склады, раздавалі нарабаваны фашыстамі хлеб тым, хто яго сеяў,— сялянам, адаслалі абоз у лес, не сустракаючы сур’ёзнага супраціўлення. Без баёў. Дзе-нідзе паліцаі, уцякаючы, пальнуць — і ўсё. Але праз тыдзень немцы кінулі на нас батальён СС. Механізаваны. Карнікаў, якія выхваляліся, што ачысцілі ад партызан не адзін раён. Уступаць з імі ў бой мы не маглі — сілы няроўныя, ды і пазіцыі не тыя, што ў лесе. У такіх выпадках галоўнае — адарвацца ад ворага. Каб падмануць карнікаў, невялікая група партызан інсцэніравала ўначы прарыў на захад, у палескія лясы, па дарозе ўчыніла дзёрзкі налёт на даволі буйны паліцэйскі гарнізон. Здалося, што фашысты клюнулі на гэта. Дзесяткі машын, два танкі кінуліся даганяць нашых разведчыкаў. Атрад рушыў у другі бок. Але ворагі не дурныя, яны ведалі, адкуль мы прыйшлі і куды можам адыходзіць. На пераправе, нашай, партызанскай, чакалі ў засадзе паліцаі. Мы, канечне, маглі разбіць іх. Але наўрад ці памагло б гэта нам пераправіцца з ходу. Кожны разумеў, што чоўны нашы і плыт захоплены, што на тым, лугавым, беразе таксама ворагі. Прытым, калі тут — паліцэйскі зброд, слаба навучаны і дрэнна ўзброены, то там напэўна карнікі, з аўтаматамі і мінамётамі. Не выяўляючы сваіх сіл, свайго агню, я кінуў атрад уніз па рацэ. Не ішлі — беглі. Уцякалі ад ворага. Для партызан гэта не ганебнае слова — уцячы. Мэта: пакуль не развіднее, пераправіцца любымі сродкамі. Нам нямнога трэба. Паўдзесятка рыбацкіх чоўна ў для кулямётаў, для тых, хто не ўмее плаваць, для раненых. Фурманкамі можна ахвяраваць, хоць і шкада. Большасць людзей і коні пераплывуць самі. Лета было спякотнае, і Дняпро абмялеў.
Але ў кожным сяле, дзе можна было дастаць чоўны ці бярвенне, атрад сустракалі паліцаі. Адкуль іх столькі ўзялося! Яны не лезлі ў бой, але ўзнімалі трывогу. Ясна: давалі сігнал, дзе мы. Па гэтых сігналах за намі ішлі — убачылі хлопцы з групы прыкрыцця — па тым, лугавым, і лясным партызанскім беразе, карткі. Рабілася ўсё, каб не даць атраду пераправіцца, каб навязаць бой на бязлесным беразе сярод белага дня. А дзень наступаў. Там, над нашым лесам, такім блізкім і прывабным, святлела неба. Але да лесу, да нашых балот, дзе і ў жніўні даймалі камары, зрабілася далёка. Перапраўляцца нельга. Неразумна. Навошта ставіць людзей пад кулі? Лезці на ворага ў лоб — не партызанская тактыка. Мяне не так ужо палохала, што мы застанёмся яшчэ на дзень тут, у палявым раёне, і мусім зрабіць доўгі і цяжкі марш, каб увесці ворага ў зман, заблытаць сляды.
Але… Паверце, я чалавек без забабонаў. Са школьных год не верыў ні ў якія дзівосы. Аднак, здаецца, менавіта з таго часу, з тае ночы я пачаў верыць у адно: у прадчуванне. У роспачы крычыць маці ў той жа дзень, можа ў тую секунду, калі за сотні і тысячы кіламетраў гіне сын. Відаць, калі-небудзь вучоныя адкрыюць нейкія біятокі, растлумачаць і такую з’яву. А можа ўсё гэта прасцей? Такое прадчуванне рэдка бывае ў маладых, у якіх не так многа клопатаў. Часцей — у тых, хто нясе найбольшы цяжар адказнасці за людзей. Можа гэта як кульмінацыя ці выбух іх бясконцай трывогі, хваляванняў, што доўга смокчуць сэрца і накапліваюцца ў ім, як атрута, як узрыўчатка.
Пра лагер я думаў увесь час. Вельмі магчыма, што і трывога жыла, схаваная ці заглушаная іншымі думкамі, турботамі. А тут раптам ударыла ў самае сэрца, я вам скажу, проста-такі фізічным болем. І цяпер я помню, адчуваю яго, гэты боль. Як толькі стала ясна, што пераправіцца не ўдасца, што трэба адводзіць атрад ад Дняпра, у абход фашысцкіх заслонаў, як тут жа і ёкнула: лагер! Наш лагер! Хто мог запэўніць, што немцы не ведаюць, дзе ён? Ці не таму так упарта перагароджваюць нам дарогу дадому, што рыхтуюць напад на лагер? Наўрад ці яны спадзяюцца разбіць нас тут, у адкрытым баі. Не вельмі мы пойдзем на такі бой. Шукай ветра ў полі. А вось абяскровіць, знішчыць базу, запасы… У лагеры невялікая ахова, раненыя, жанчыны, дзеці… Не, дзяцей у той час было нямнога, сямейныя атрады з’явіліся пазней, пасля вялікай карнай экспедыцыі, калі немцы папалілі сёлы. Але і тады ўжо ў нас жыла маленькая дзяўчынка… Віта, ёй было ўсяго восем месяцаў. Яна нарадзілася ў атрадзе ў снежні сорак першага, у нашу першую партызанскую зіму. Суровую зіму…
Іван Васільевіч, расказваючы, увесь час глядзеў у залу — вузкі і доўгі пакой, заліты яркім святлом лямп, з чарцяжамі электрасхем на сценах.
Не, чарцяжы ён угледзеў упачатку, між іншым. А праз усю гутарку бачыў толькі адно: вочы гэтых прыгожых хлопцаў з акуратнымі прычоскамі, чорнымі, бялявымі, каштанавымі, у ладна падагнанай флоцкай амуніцыі… Яны шчыльна сядзелі за чорнымі столікамі, за якімі вывучалі адмысловую тэхніку па гэтых чарцяжах, і на крэслах уздоўж сцен (за столікамі месц не хапала).
Некаторыя сядзелі ў акулярах, і вочы іх нельга было разгледзець. Іван Васільевіч здзівіўся: ніколі не бачыў у арміі столькі людзей у акулярах. Нават у вайну.
Слухачы напачатку глядзелі на яго па-рознаму: адны са шчырай цікавасцю ў вачах, другія — з іранічным прыжмурам: маўляў, паглядзімо, чым ты нас здзівіш! Трэція — з абыякавасцю: усё мы ўжо чулі. Частка са стомленасцю, якая адбівалася па-рознаму: ат, усё адно, хоць адпачну! Ці наадварот: не разводзь толькі баланду надоўга, хапае з нас дакладаў без твайго.
Антанюк разумеў іх. Ва ўсякім разе, пасля размовы з сынам здавалася, што ён разумее гэтых хлопцаў значна лепш, чым іх універсітэцкіх равеснікаў — Надзіных сяброў. І павагі да матросаў адчуваў больш. Любові. Бацькоўскай. Падумаў, што гэта не зусім справядліва да тых, хто бяссоннымі начамі грызе квантавыя тэорыі — як Лада. Супакоіў сябе, што сэрцу не загадаеш, каго любіць больш, каго — менш. Нарэшце, усё мяняецца ў залежнасці ад часу, абставін, настрою. Можа здарыцца, праз тыдзень ці месяц такое ж замілаванне — відаць, старэчае ўжо пачуццё — з’явіцца да некага іншага. Да Лады — напэўна. Лада — пастаянная часціна яго любові.
Ва ўсякім разе адчуванне таго, што ён здагадваецца, пра што думаюць гэтыя хлопцы, памагло яму, кажучы мовай лектараў, «наладзіць кантакт з аўдыторыяй».
У вачах іх адбівалася рознае, пакуль ён расказваў пра партызанскую вайну ў яе агульных рысах. Значыцца, нікому з іх не абыякава, што рабілася тады. Калі ж пачаў пра гэты канкрэтны эпізод, ва ўсіх вачах загарэлася адно. Нават акуляры пачалі пускаць зайчыкі-маланкі зусім па-іншаму. Усе… акрамя. Акрамя сына. У Васіля ўсё яшчэ таілася — не ў вачах — у складках вуснаў іранічная ўхмылка. Вельмі знаёмая ўхмылачка — яго, Антанюкова; ён вось такой усмешачкай «выбіваў з сядла» многіх.
Не так даўно адзін высокі госць Белавежы, цяпер такі ж пенсіянер, як і ён, Антанюк, пасля палявання, у часе абеду, нечакана раскрычаўся: «Мне вельмі не падабаецца ваша ўсмешка! — і паказаў пальцам: — Ваша! Ваша!! Хто вы такі?» — хоць добра ведаў, хто ён такі,— разам палявалі. З таго дня пачалася падрыхтоўка да ўрачыстых провадаў яго, Антанюка, на пенсію. А можа провады таго, госця, рыхтаваліся яшчэ раней?..
Іван Васільевіч з любоўю, без злосці, прасіў у думках сына:
«Не трэба, Вася… Не трэба іроніі. Учора на беразе, каля абеліска, ты быў зусім іншы. Але, я напрасіўся на выступленне. Напрасіўся, упэўнены, што гэта патрэбна табе і тваім сябрам. Ты сам падказаў мне гэта ў размове каля помніка».
Васілёва іронія, усмешачка тая, у міг знікла, калі ён, Антанюк, сказаў пра Віту. Сын застыў, напружыўся, выцягнуў наперад галаву, як бы жадаючы наблізіцца, каб не прапусціць не тое што ніводнага слова, але ніводнага бацькавага руху. Гэта амаль спалохала Івана Васільевіча. «Што ён ведае? Нічога ён не ведае. Ці можа да яго дайшла няпраўда? Калі яны з Ладай былі малыя, у маці зрэдку вырывалася жаночая крыўда».
Такая нечаканая сынава цікаўнасць трохі збіла з панталыку.
— Многа людзей на абарону лагера паслаць мы не маглі. Па-першае, нельга абяссільваць атрад. А раптам нам усё-такі прыйдзецца весці бой, прарывацца з акружэння? Трэба сіла. Па-другое, не кожны партызан з ходу, уначы, упэўнена і без рызыкі мог пераплыць Дняпро. Не хапала яшчэ патапіць людзей. У спешцы такіх смельчакоў набралася чалавек дзесяць. Казюры, Валодзя і Пеця, былі пры мне. І я сам паслаў іх. Можа мне здалося, што яны будуць у большай бяспецы, чым тут, з намі. Вельмі можа здарыцца, што нам прыйдзецца прарывацца з баямі, і Пеця палезе пад кулі, як ужо лез не аднойчы. Там жа яшчэ невядома — будзе напад на лагер ці не. Можа трывога мая дарэмная. Калі і будзе, групе не ставілася задача абараняць лагер. Перш за ўсё: вывесці з-пад удару раненых, жанчын. Паспрабаваць, безумоўна, затрымаць карнікаў да прыходу атрада. Калі ж будзе відаць, што гэта немагчыма, — узарваць склад, майстэрню, спаліць зямлянкі. Камандзірам групы я пасылаў чалавека разважлівага, асцярожнага — былога вайскоўца, інжынера Будыку. Праўда, ён баяўся вады. Але яго заспакоілі: маўляў, нічога, таварыш начштаба, з намі не патонеце, калі вы не калун і хоць трохі ўмееце боўтацца — падтрымаем.
Не сказаць, што група затрымалася ў дарозе. Пасля мы высвятлялі ўсе акалічнасці. Аднаго плынь ракі аднесла далей, другі выбраўся бліжэй — хто як плаваў. Людзям прыйшлося пэўны час збірацца ў лазняках, у тумане. Пра сігналы не дамовіліся; тут і мая віна — не падказаў, не прадбачыў. Гукаць баяліся: хто ведае, дзе вораг? Свісталі па-птушынаму. Траіх не знайшлі: аднаго немаладога партызана і братоў Казюраў.
Будыка палічыў, што яны патанулі або, спалохаўшыся, павярнулі назад.
Дагэтуль невядома, якім чынам Валодзя і Пеця апынуліся ў лагеры гадзіны на дзве раней за групу. Можна толькі здагадвацца: ці то беглі ўвесь час, голыя, босыя, каб сагрэцца, ці — што больш верагодна — напаткалі ў лузе коней. На балоце хлопцы ўгледзелі, як немцы і паліцаі прабіраюцца да лагера. Абышлі карнікаў, узнялі трывогу. Вельмі своечасова. Перадалі загад: раненым, жанчынам адыходзіць цераз балота ў Руднеўскі лес. А самі разам з хлопцамі з лагернай аховы сустрэлі карнікаў на ўзлессі, на нашых «мінных палях». Бой быў няроўны: ворагаў сотні паўтары, хлопцаў — жменька! Яны амаль усе загінулі да прыходу групы Будыкі, якая налётам з тылу адцягнула карнікаў, прымусіла адступіць з лесу. Спалохаліся, гады, што вярнуўся атрад. Мы знайшлі толькі двух нашых раненых — тыя схаваліся ў кустах. Трупа ніводнага. Забітых фашысты забралі з сабой. Доказ удалай аперацыі.