Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Вольга Усцінаўна зразумела гэта і задыхнулася, баючыся зарыдаць, выскачыла, нібыта ўспомніўшы, што на кухні нешта гарыць. У ванным пакоі Іван прычэсваўся перад люстэркам. Яна, як дзяўчына, прытулілася тварам да яго пляча.

— Ты што?

— Прад ёй мне сорамна…

— Калі ласка, без сантыментаў.

Вярнуліся разам. Марына ўбачыла яго ў добра скроеным сінім касцюме, пры гальштуку, умытага, прычасанага — і здзіўлена пляснула ў далоні.

— А божачка! Ды ты яшчэ што жаніх, а я цябе дзедам назвала. Звіняй дурную бабу.

— Не, Марына Аляксееўна, не прабачу! Такой абразы не дарую.

— Дык я ж да таго, што ўнука ўжо маеш. То хіба не дзед? — і хітра-хітра прыжмурылася.

На стале ляжалі на талерках яе гасцінцы: тоўсты брус сала, круг засушанага, аблітага маслам сыра, крамяныя, адзін у адзін, бурштынава-масляністыя баравічкі. Стаялі глечык з мёдам і адмысловая — адкуль іх у вёсках бяруць? — пляшка. Звычайная паўлітэрка з партвейнам побач з гэтай пузатай чорнай пляшкай мела выгляд як бедная сваячка перад багатай купчыхай. А ўвогуле ўсё выглядала вельмі апетытна і хораша, пасавала да тонкіх талерак, прыгожых чайных кубкаў, бліскучага электрасамавара.

Галодны Іван Васільевіч задаволена пацёр рукі, прыцмокнуў:

— Ах, якая смаката!

— Вазьмі маёй для апетыту, — прапанавала Марына і сама наліла з пузатай бутэлькі, яму — поўную чарку, сабе і гаспадыні па кроплі.— Чаркі ў вас маленькія. Нашы мужыкі дык стаканамі глушаць.

— За ваша здароўе, Марына Аляксееўна.

— На здаровечка вам, Іван Васільевіч. І вам, Вольга Усцінаўна.

Самагонка, пэўна пяршак, апякла — не прадыхнуць. Ловячы відэльцам грыбок, Іван Васільевіч другой рукой адганяў ад рота агонь. У госці задаволена смяяліся вочы, у якіх і праз смех быў відзён навекі застылы смутак.

— Сама гоніш?

— Сама.

— Пасадзяць цябе ў турму.

— Э-э, нічога я не баюся. Ды і хто гэта дасць у крыўду лепшую даярку! Ім жа сорамна будзе.

— Усё яшчэ доіш?

— Ага.

— А на пенсію не пара? — ён паглядзеў на яе рукі: хворыя рукі, пальцы пакручаны, з падагрычнымі вузламі. Яму не аднойчы рабілася сорамна і балюча, калі бачыў вось такія жаночыя рукі. А яны ж кормяць хлебам, пояць малаком усю краіну! Марына злавіла яго позірк і непрыкметна апусціла рукі пад стол.

— Пытаўся неяк дырэктар саўгаса, ці не хачу я на пенсію. Не, кажу, не хачу. Нудна будзе без работы. Што рабіць адной у хаце?.. Сама сабе агоркнеш.

«А я ўжо на пенсіі», — хацеў было прызнацца Іван Васільевіч, але стоена ўздыхнула жонка; зразумеў, што яна пра гэта не расказала, і змаўчаў таксама. Урэшце, ён заўтра ж можа пайсці працаваць! Ды і без пасады лынды не б’е. Знайшоў чым хваліцца старой калгасніцы!

— …А так я песні з дзяўчатамі папяю. Сардэчныя тайны іх паслухаю. А то калі з другой і паплачам разам.

— А ўвогуле як вам жывецца, Марына Аляксееўна?

Яшчэ з тых партызанскіх часоў Марына ў залежнасці ад сітуацыі, ад настрою ці ад месца размовы казала яму то «вы», то «ты». Між іншым, у тых мясцінах больш паважаюць зварот на «ты». Антанюк не толькі звыкся з гэтым, але і сам, непрыкметна для сябе, звяртаўся да добра знаёмых людзей такім жа чынам.

— Ох, камандзір, так жывецца, так хораша жывецца, што ажно сэрца баліць.

— Не разумею, — сур’ёзна вы ці ад бяды якой…

— Ды якая бяда цяпер! Сур’ёзна, Іван Васільевіч. Жывецца — луччай і не трэба можа. Па сто рублёў за месяц зарабляю. Карова, свіння, сад… Тэлевізар купіла. Цяпер, узімку, калі рана з фермы прыходжу, дзяцей з усёй вуліцы зазываю. Яны ўжо і чакаюць мяне. «Баба Марына ідзе!» Таму і баліць, калі ўспомню, як бы сыны мае маглі жыць, — і заплакала. Не, не ўсе мацярынскія слёзы выплаканы. Многа іх яшчэ выльецца. Ой, многа!

У Вольгі таксама вочы мокрыя, шукае ў кішэнях фартуха насовачку і не можа знайсці.

Іван Васільевіч сурова памаўчаў. Шмат чаму ён навучыўся за жыццё, але аднаму не навучыўся — суцяшаць людзей у горы словамі. Справай, дзеяннем здолеў бы суцешыць, словамі — не ўмеў.

Ды Марына сама імгненна высушыла вочы.

— Звіняйце вы дурной бабе. Прыехала нязваная, няпрошаная ды і псуе вам пастраенне. Выпі, Іван Васільевіч, шчэ… На нас, баб, не глядзі, слёзы ў нас блізка. Сала во паспытай, сыру. Усё сваё. Грыбкі, праўда, не мае, няма мне калі хадзіць па іх. Брата майго нявестка, аграномша, збірае. Во ўжо збірае! Ён, чалавек яе, Віктар, механік у саўгасным гаражы. Дык на машыне як паедуць… Па тры кашы прывозяць! І як яна толькі не гатуе іх! І марынуе, і соліць, і смажыць. У банкі закатає, дык, бачыш, сярод зімы адкрыеш — як учора сабраныя.

— Грыбкі адменныя.

— Ета, мо, шчэ не самыя луччыя. Луччых у яе не выпрасіш. Маладзічка маладая, а скупая. Больш за дзве сотні палунаюць, а дзіцятка адно. Кажу ёй: «Ты, Люда, хоць дзяцей радзіла б». Няма, кажа, калі. Вы чулі? Збіраць грыбы ёсць калі, а дзяцей няма калі! — Марына засмяялася.

І нельга было не падтрымаць яе смех.

Івана Васільевіча глыбока кранула такая сіла гэтай жанчыны, якая перажыла найвялікшае гора, такое стаўленне яе — адначасова і жартаўлівае і сур’ёзна-заклапочанае — да маладых, да праблем іх жыцця.

Вольга Усцінаўна пайшла, каб прывесці з дзетсада ўнука. Лады дома не было. Яны засталіся ўдваіх за сталом.

Марына піла чай — каторы кубак! Хваліла:

— Смачны ў вас чай. А казалі, што з гарадской вады нясмачны. Казалі — хлоркай пахне. Ажно няпраўда ўсё ёта.

Іван Васільевіч яшчэ пры жонцы запытаў пра сваіх партызан, каторыя з Казюр і з суседніх вёсак: як хто жыве? У каго якія дзеці? Марына расказвала ахвотна, то сур’ёзна, то з нязлосным гумарам, як пра тую братаву нявестку Люду. Але як толькі гаспадыня выйшла, яна тут жа перапыніла свой расказ, адсунула кубак з недапітым чаем, недаверліва глянула на дзверы — ці надзейна, ці не здолее хто падслухаць? — панізіла голас да паўшэпту:

— Гаворка ў мяне з табой, Іван Васільевіч, тайная. Каб ніхто не чуў. Дзела даўнішняе, але ж, бачыш, не забываюць злыя людзі. Вораг твой аб’явіўся. Пачытай, якое пісьмо мне прыслаў.

У Антанюка сціснулася сэрца ад нядобрага прадчування. Не ведаў віны за сабой, нічога не баяўся, а вось жа ўсё адно ўдарыла.

Марына дастала з кішэні кофтачкі хусцінку, разгарнула і сярод іншых папер і грошай знайшла складзены ў шмат столак ліст. Сама разгарнула, разгладзіла і пасля ўжо аддала яму.

Старонка машынапіснага тэксту. Ён не стаў шукаць акуляры. Прачытаў так, схапіў сэнс у адзін позірк. Кроў ударыла ў цемя, у скроні, запульсавала ў пальцах рук, і ліст задрыжаў. Нейкі ананімшчык раіў цётцы Марыне — такі зварот: «Дарагая цётка Марына!» — спытаць у партызанскага камандзіра Антанюка, праз што загінулі яе сыны. А загінулі яны таму, што ён, Антанюк, паслаў дзяцей, каб ратаваць сваю любоўніцу.

«Ёсць памылкі, а ёсць злачынствы. Памылкі ўсім даравалі, а за злачынствы і цяпер не позна судзіць».

Поделиться с друзьями: