Снежныя зімы
Шрифт:
Літары заскакалі, зліліся ў чорныя палоскі.
«Не паказаць хвалявання! А то падумае старая, што спалохаўся. Не, Марына не падумае. Не можа яна так падумаць!»
Паглядзеў на яе. Суровы твар. Цень гора ў вачах.
— Не здагадваешся, хто мог напісаць? Хто ў цябе такі вораг?
— Не. Такога ворага не ведаю. Такога ворага не было.
— Ёсцека, як бачыш. Злы чалавек. Страшны. Бойся яго, Іван Васільевіч. То ж падумаць — такое напісаць! Ды каму? Матцы. Праз дваццаць гадоў. Знаў, на што біў. Пракляццем страшным пракляла б я, каб не знала, як яно ўсё было, як вы самі ішлі на смерць, каб ратаваць… — вусны яе ўздрыгнулі.
Іван Васільевіч узяў яе рукі, шурпатыя, мазолістыя, у парыве ўдзячнасці хацеў пацалаваць іх. Але адчуў: пацалуе — заплача. Нервы напяты, не вытрымаюць.
— Дзякуй вам, Марына Аляксееўна.
— За што мне дзякаваць?
— За шчырасць вашу, за мудрасць.
— А божачка! Якая там мудрасць! Налучыла етую пісульку — тыдзень не спала, сэрца балела. Грэшны, думаю, чалавек Іван Васільевіч. Але хіба ж такі яго грэх? Мужчынскі, то няхай перад жонкай і каецца. Жыве з сям’ёй — значыцца, пакаяўся. А тут якісь павук паганую павуціну пляце. Адкуль заходзіць! Ой, здалёку! А невядома, дзе скончыць. Чаго хочаш, яшчэ заблытае добрага чалавека. Нагавор — што смала — нялёгка адмываецца. Дай, думаю, з’езджу, скажу, каб ведаў ды аглядаўся.
— Вось за гэта і дзякую, Марына…
Яна зноў азірнулася на дзверы, зноў сцішыла голас:
— Можа ён — муж яе? Паліцай той?
— Яго расстралялі.
— Знайшла-такі кара. Кроў людская не даруецца.
Памаўчала.
— А яна дзе? Усё саромелася папытаць. Каб не падумаў, што ў вочы калю.
— На Палессі, настаўнічае.
— Замужам?
— Не.
— Не? — здзівілася Марына. — Такая маладая была. І адна жыве?
— З дачкой. Дачка таксама настаўнічае. У той жа школе.
— Пішуць?
— Пішуць.
— Многа хто з партызанаў піша вам?
— Не, цяпер ужо нямнога.
— Забываюцца людзі. У кожнага свая жызня, свае болькі. Не дзіва, столькі гадкоў праляцела.
Марына як бы знарок адводзіла размову далей ад пісьма, якое ляжала на стале паміж імі, далей ад усяго таго, за што чапляліся цяжкія ўспаміны. Ёй, відаць, шчыра хацелася забыць на гэта і пагутарыць пра што іншае. А ў Івана Васільевіча тахкала сэрца:
«Хто? Хто? Хто?»
І не было адказу на гэтае «хто?». Не было вытокі — з якой прычыны? Чаму паклёп узнік цяпер, калі ён менш за ўсё сустракаецца з людзьмі? Каму ён перашкаджае? Чым? Бясспрэчна, ёсць сувязь паміж ананімкай у ЦК і гэтай. Адна рука. Адзін почырк. Нехта баіцца, што ён вернецца на работу, на старое месца? Хто? Пераемнік? Але адкуль ён ведае пра Марыну і ўвогуле ўсю даўнюю трагічную гісторыю? Усё да драбніц ведае толькі адзін чалавек — Будыка. Валька? Не! Не! Не! Ён жа ведае ўсю праўду больш, чым нават Марына.
І маці праз затуманены велізарным горам розум здолела зразумець тады правільна. Не паверыла цяпер, хоць боль многіх гадоў мог зрабіць яе падазронай.
Ніхто з партызан слова не сказаў у асуджэнне ўсяго таго, што было зроблена. Выратавалі раненых, дзяцей, жанчын. З начштабам яны, па сутнасці, пароўну дзялілі адказнасць за ўсе аперацыі. Са сваёй вайсковай вежы Валянцін лічыў удачамі і рэйд за Дняпро, і адступленне людзей з лагера, і бой пасля фашысцкай правакацыі з абменам афіцэраў на Пецю. Па Будыкавай логіцы ўсё — звычайнае, будзённае: вайна не бывае без ахвяр. Смерць братоў Казюраў для начштаба — адзін з эпізодаў, не вельмі значных. У баі за ўратаванне аднаго з іх загінулі дзесяткі людзей, камісар атрада загінуў.
Балела аднаму чалавеку — яму, Антанюку. Адзін ён адчуваў тую віну, пра якую цяпер напісаў невядомы няпрыяцель. Не перад атрадам адчуваў сябе вінаватым. Не перад людзьмі. Перад ёй — Марынай. І перад тымі, хто загінуў у баі.
Цяпер сваёй шчырасцю, сваім клопатам пра яго спакой, пра яго добрае імя старая спакутаваная жанчына абудзіла той боль.
— Марына Аляксееўна, я пільнаваў вашых сыноў, трымаў пры сабе. На вачах. Я мог і ў тую ноч трымаць іх побач. Але вы ведаеце, немцы і паліцаі прыціснулі нас да Дняпра, трэба было вырывацца з боем. У той групе, якую паслалі для аховы лагера, я лічыў, хлопцы будуць у большай бяспецы. Атрымалася наадварот.
Марына перапыніла:
— Не карайце сябе, Іван Васільевіч. Хто ведае на вайне, дзе каго смерць сцеражэ. Расказвалі вы, відна, некаму вось так, а паганец гэты, — яна ўзяла пісьмо, пачала павольна складаць яго, як бы збіраючыся падраць, — вораг гэты ваш перавярнуў усё проці вас. — Працягнула пісьмо. — Наце, схавайце ці спаліце. Нашто трывожыць Усцінаўну?
…Усе былі за тое, каб працягваць праверку інстытута: сакратар гаркома, старшыня камітэта. А камісія распадалася. «Захварэлі» два пенсіянеры; адзін з іх, адстаўны палкоўнік, безнадзейна занядужаў ва ўзросце сарака пяці гадоў. Невядома па чыім загадзе адклікалі на іншую праверку, больш тэрміновую, штатнага працаўніка камітэта. Да самога Антанюка пачалі праяўляць увагу, якой ніколі не было раней, і даваць адказныя даручэнні, не фармальныя, даволі цікавыя, ад якіх цяжка было адмовіцца. Даручалі справы па рознай лініі — праз абком, гарком, камітэт кантролю, камітэт па ахове прыроды.
Але нішто не магло ўвесці старога зубра ў зман. Усё ён ведаў — дзеянне ўсіх рычагоў. Нехта недзе цешыў сябе думкай, што справу з інстытутам можна «спусціць на тармазах»: і без таго зацягнутая праверка яшчэ больш зацягнецца, а Будыка — не дурань, за гэты час навядзе парадак у сваёй вялікай і складанай гаспадарцы. І тады ў размове на бюро гаркома ці на пасяджэнні камітэта, калі такое абмеркаванне адбудзецца, пра ўсе памылкі можна будзе гаварыць у мінулым часе. А гэта шмат значыць для вывадаў: кіраўнік зразумеў, выправіў.
Аднаго не цяміў гэты «нехта недзе», што ён, Антанюк, згадзіўся правяраць і настойліва працягвае працу зусім не дзеля таго, каб утапіць дырэктара ці яшчэ каго, а для таго, каб Валянцін, стары сябра, сапраўды не дурны чалавек, здольны канструктар, зразумеў свае памылкі, навёў парадак у інстытуце і не лез далей у балота, у якое цягнулі яго розныя жукі і кляпні-сляпні.
Антанюка не абуралі людзі, якія націскалі непрыкметна, ціха, хітра на розныя тайныя рычагі і кнопкі. У іх не хапала рашучасці дзейнічаць адкрыта. Не той час — не тая ўпэўненасць у сваёй непагрэшнасці. Ён глядзеў на іх дзейнасць з гумарам. Абураў Будыка: усё ідзе ад яго націску, ад яго ўпартай упэўненасці ў сваёй непагрэшнасці. Не, дробныя недахопы, памылкі Валянцін Адамавіч прызнаваў — усе тыя, якія не краналі яго славы вучонага, якія можна зваліць на падначаленых: за ўсім, маўляў, не ўгледзіш. Але менавіта гэтая паблажлівая ўступка — «на табе костачку і адчапіся!» — увесь Будыкаў націск, захады, накшталт гісторыі з Генадзем больш за ўсё злавалі Івана Васільевіча, рабілі зацятым і неадступным. Выконваў даручэнне камітэта па ахове прыроды і зноў ішоў у інстытут. Здаралася, што з шасці членаў камісіі з’яўляўся ён адзін. Бачыў: супрацоўнікі з яго пасміхаюцца. А Валянцін зноў зрабіўся добры і прыветлівы.
— На ліха табе здаўся мой зяць? — спытаў яго Антанюк.
Будыка пераможна рагатнуў.
— Думаеш, цябе хачу ўлашчыць? Не. Добра ведаю: такога чорта, як ты, нічым не ўлашчыш. А ты так падумаў? Прызнавайся. Перабольшваеш, Іван, сваю ролю. Узяў я твайго зяця са сваіх эгаістычных меркаванняў. Можаш запісаць у акт. Спатрэбіўся інжынер у сакрэтную лабараторыю. Навошта мне шукаць невядома каго, браць па рэкамендацыі Жука ці Кляпнёва? Каб ты яшчэ адзін факт запісаў? Я ўзяў чалавека, якога добра ведаю, члена партыі, з чысценькай біяграфіяй, сына калгасніка, зяця персанальнага пенсіянера. Хітры Будыка? Хітры. Асцярожны. Але і смелы! Не баюся адказнасці! Не баюся плётак! Нават тваёй камісіі не баюся. З’еў?
Пасля гэтай размовы з’явіліся-такі ў Антанюка сумненні: можа сапраўды ўсе факты, якія яны выявілі і якія здаюцца яму значнымі,— для Будыкі як вучонага, для развіцця аўтаматызацыі — дробязь. У вялікай справе і вялікія абмашкі можна дараваць. Няхай апошнія аўтаматы не арыгінальныя па канструкцыі, але, відаць, карысць прамысловасці яны прынясуць немалую — тут Валянцін, напэўна, мае рацыю.
Але ад сумненняў нічога не засталося пасля таго, як неўзабаве Іван Васільевіч папрысутнічаў на партыйным сходзе ў інстытуце. Абмяркоўвалі навуковыя вынікі мінулага года. Сам па сабе сход як сход. Інструктар райкома запісаў яго ў актыў работы парткома і сваёй уласнай. Актыўна выступалі. Былі крытыка і самакрытыка. Але што ўразіла Антанюка — амаль у кожным выступленні, адкрыта ці ў падтэксце, гучала: пад кіраўніцтвам Валянціна Адамавіча, дзякуючы Валянціну Адамавічу, толькі Валянцін Адамавіч мог дамагчыся…