Снежныя зімы
Шрифт:
Лада, звычайна такая шумная, неўгамонная, сцішылася. Але ўся ззяла, свяцілася. І таксама, у сваю чаргу, была гаспадыняй за сталом — аддавала ўсю ўвагу… не, не аднаму Сашу, больш нават брату. Але дзявочая дыпламатыя няхітрая, нават і ў тых, хто вывучае вышэйшую матэматыку і ядзерную фізіку. Не цяжка было ўгледзець, што ўвага яе, гасціннасць праз брата, як праз трансфарматар-узмацняльнік, пасылаецца яго сябру.
Упершыню ў жыцці Іван Васільевіч адчуваў сябе скаваным за ўласным сталом. А маці любавалася сынам, больш яе мала што цікавіла; да таго ж яна часта адлучалася, каб падаць новую страву, замяніць талеркі, і ёй цяжка было прасачыць за ўсімі словамі, усмешкамі, позіркамі, абагуліць іх і асэнсаваць. Мела яшчэ адзін клопат: чаму спазняюцца Мая і зяць? Разы чатыры званіла. Івана Васільевіча гэта мала турбавала, не вельмі хацелася страчацца з зяцем пасля тае размовы.
Калі нарэшце налілі шампанскае і нічога не здарылася, нічога такога не сказалі, акрамя жартаўлівага грузінскага тоста, які па просьбе Васіля сказаў Саша з праўдзівым, а таму і смешным акцэнтам, Іван Васільевіч павесялеў. Не супакоіўся, але ўзрадаваўся, што ў дзяцей стае тактоўнасці не ўзрываць над галовамі бацькоў бомбы.
Прыйшлі Мая і Генадзь. Але цяпер нават зяць не мог сапсаваць добрага настрою. Наадварот. Назіраючы, як Генадзь прагна цэдзіць рэшткі з бутэлек, «выціскае па трыццаць тры кроплі», шкадуе, што спазніўся, — «Усё з-за Маі! Такая капуха!» — Іван Васільевіч усё больш весялеў.
Запрасіў хлопцаў на заўтра на паляванне — на белячка, на ліса. Тыя адразу ж, бадай, з энтузіязмам згадзіліся. Але Лада падумала і рашуча сказала:
— Нікуды яны не паедуць! Вырваліся ў добры горад са сваёй гары на сямі марскіх вятрах — і зноў у лес? Не!
Слова яе для ганарыстых незалежных сп’янелых маракоў — як камандзірскі загад.
— Не паедзеш, Саша?
— Не паедзем. Зразумейце, Іван Васільевіч…
— Разумею.
— Не, вы толькі, калі ласка, не крыўдуйце. Нам лепш па музеях, у тэатр…
— Давайце па музеях, давайце ў тэатр. А я паеду, пагуляю па лесе. Зайчацінай пачастую вас.
Кладучыся спаць з узнятым настроем, Іван Васільевіч сказаў жонцы:
— Рыхтуйся да вяселля, маці.
— Да якога вяселля? Усё ж заціхла.
— Ты так думаеш? І не бачыш, што прыехаў сапраўдны жаніх?
— Гэты? Лада не такая дурная, ёй не васемнаццаць год. У такім узросце так не бывае — боўць, як у палонку. Хлопец яшчэ служыць. Пасля вучыцца будзе. Не такі ёй муж трэба.
— Вельмі ты разважлівая стала!
— Ды ўжо ж не блазную, як ты. Заўсёдныя фантазіі.
— Пабачым.
Яна памаўчала, уздыхнула — відаць, пасеяў трывогу ў яе душы.
— Хоць ад тваёй дачкі ўсяго можна чакаць.
— Ад маёй?
— Твой характар.
— Такі ён кепскі?
Вольга адказала ласкава:
— Ваня, не кепскі, але і нялёгкі. Ой, нялёгкі! — і пацалавала мужа ў лоб, як малога.
Тое, чаго Антанюк чакаў і, каб яно не здарылася, пэўна, быў бы расчараваны — дрэнны псіхолаг! — адбылося на чацвёрты дзень гасцявання хлопцаў. Адбылося вельмі проста, звычайна, за абедам, на стале не было нават пляшкі віна.
Лада стукнула лыжкай па талерцы.
— Увага! — І пачала пафасна-трагічным голасам: — Панове, я павінна паведаміць вам найнепрыемнейшую навіну…
Іван Васільевіч адразу сцяміў: вось яно! Не цяжка было зразумець, седзячы насупраць госця: Саша пачырванеў, як дзяўчынка, вінавата заморгаў вачамі. Васіль з ненатуральна сур’ёзным выразам на твары па-армейску выпрастаўся, як пры агалашэнні ўрачыстага загаду. Толькі маці не дапяла, ёй здалося, што Лада, як заўсёды, хоча пажартаваць, і яна загадзя ўсміхалася, адначасна і ўхваляючы і дакараючы дачку, рыхтуючыся сказаць: «Калі ты нарэшце пасталееш, Лада! Такой сур’ёзнай навукай займаешся!»
Магчыма, гэтая недарэчная ўсмешка маці прымусіла Ладу адкінуць усялякую тэатральнасць і сказаць вельмі проста і шчыра:
— Мілыя мае бацькі, я хачу сказаць вам, што выходжу замуж.
Усмешка акамянела на вуснах Вольгі Усцінаўны. Васіль ціха ўславіў:
— Ура! Ура! Ура!
— Мама! Ніякіх сцэн, ніякіх слёз. Усё вырашана. Нават запісана. Толькі да цябе тата, адна просьба. Па нейкіх там добрых ці дрэнных — не ведаю — законах ЗАГС рэгіструе праз два тыдні пасля таго, як падана заява. Мы падалі сёння. І ў нас — вы ведаеце — няма гэтых двух тыдняў. Калі ты пойдзеш, тата, і паручышся за нас — запішуць раней. Мы цябе вельмі просім.
Падняўся Саша. Твар яго быў ужо не чырвоны, а ў фіялетава-ліловых плямах.
— Вольга Васільеўна… Васіль… Іван Васільевіч. Прабачце, Вольга Усцінаўна… Я… я прашу прабачыць, што так… мы людзі ваенныя… Я пакахаў Ладу тады, улетку… Я… я прашу яе рукі…
— О божа! Як старамодна! — схапілася за вушы Лада з прытворным абурэннем.
Васіль зарагатаў.
— Сячы канцы, Саша!
— А шампанскае дзе, чэрці? Шампанскае дзе? — закрычаў Іван Васільевіч. — Не сорамна вам? Эх вы!
Дзеці збянтэжана пераглядваліся.
Ён падняўся з-за стала, пайшоў у кабінет, напалохаўшы моладзь: няўжо пакрыўдзіўся бацька? Вярнуўся з бутэлькай шампанскага, якую цішком купіў на ўсякі выпадак.
Васіль зноў гукнуў:
— Віва! Палундра! Свістаць усіх наверх.
А маці раптам разрыдалася, упала тварам на стол, сутаргава закалацілася. Можа ёй здалося, што ўсе яны — дзеці, бацька — былі ў змове паміж сабой, толькі яна адна нічога не ведала.
Усе збянтэжыліся, разгубіліся, пачалі суцяшаць, як хто ўмеў. Лада абняла маці, пацалавала ў вуха.
— Мамачка, мілая, чаму ты? Ну, што здарылася? Не засмучай нас у такую хвіліну.
— Вольга Усцінаўна, не крыўдуйце, калі ласка.
— Мама, гэтая мая выдумка. Карай мяне. Саша тут ні пры чым! Саша хацеў пагаварыць з табой, з бацькам…
— Вольга, супакойся, калі ласка. Я цябе папярэджваў. Навошта цяпер гэтая істэрыка? Скажы, калі ласка, якая трагедыя! Дай бакалы лепш. Вып’ем за іх шчасце.
Па шчырасці сваёй, нявопытнасці ці, магчыма, знарок — ад радасці — Лада паблытала ўсе разлікі, якія рабілі бацька і маці: колькі гасцей запрасіць, дзе каго пасадзіць? Прыйшло можа паўкурса фізікаў — простых, падстрыжаных пад бокс, і барадатых хлопцаў, дзяўчат у звышмодных сукенках і ў вельмі просценькіх, танных (адны гэта робяць ад пераканання — маўляў, зневажаем абывацельскае пакланенне модзе, другія, пэўна, з-за таго, што на моду не хапае студэнцкай стыпендыі). Прыйшлі два малайцы. Прынеслі выдатна выразаную з чорнага дрэва статуэтку маладой негрыцянкі — сімвал маці. Асабліва любоўна мастак выразаў грудзі — незвычайнай прыгажосці. Маладыя жартаўнікі пачалі маліцца на чорную багіню, дакраналіся да грудзей, як да святыні.
Моладзь яшчэ да таго, як сесці за стол, паводзіла сябе незалежна, шумна, на пажылых гасцей не звяртала ўвагі, здавалася — цалкам ігнаравала прысутнасць дзядоў і бацькоў. Хто-ніхто з хлопцаў не саромеўся без запрашэння, без тостаў каштаваць пастаўленае на сталы пітво, але толькі ў тым пакоі, які адводзіўся для моладзі.
Жанчыны падпенсійнага ўзросту ківалі галовамі, уздыхалі, шапталіся паміж сабой: во, маўляў, якія дзеці цяпер!
Івана Васільевіча і Вольгу Усцінаўну нічога ў паводзінах Надзіных сяброў не абурала — яны добра ведалі гэтых хлопцаў і дзяўчат, вось такіх вуглаватых у жыцці, часам нястрымных у выяўленні пачуццяў, але ўпартых у вучобе, у заваяванні такіх глыбінь і таямніц, да якіх яшчэ зусім нядаўна дабіраліся толькі геніі, ды і то вобмацкам.