Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Абняў. Пацалаваў у шчаку, у лоб. Жартаўліва паспрабаваў падняць. Крычаў на ўсю кватэру:

— Таварышы! Гэта ж наша партызанская дачка! Не, вы гляньце, якая вырасла! Вось дык сюрпрыз! Малайчына Іван, што запрасіў! Міля! Эдуард! Знаёмцеся!

Тады і моладзь нрыціхла, зацікавілася, пацягнулася ў калідор. А Кляпнёў ужо завіхаўся ля Віталіі — першы здагадаўся памагчы дзяўчыне распрануць паліто.

Выскачыла Лада. Хоць не было на ёй ніякага традыцыйнага вясельнага ўбрання, Віталія чамусьці здагадалася, што гэта яна.

— Вы — нявеста? — і ступіла да яе; вельмі можа быць, што хацела абняць сястру, але Лада халаднавата-насцярожана працягнула руку.

— Я — нявеста.

— Віншую, Лада, — сказала Віталія і засмяялася, пачала расказваць: — А я падышла — шум, гам. Во, думаю, трапіла няпрошаная, нязваная. Пастаяла перад дзвярмі і — уніз.

— Святое дзіця! Адкуль ты? — як даўно знаёмай, казаў Кляпнёў.— Даўно не страчаў такой цнатлівасці!

— Адкуль? З лесу. Вам жа кажуць — партызанская дачка. Але куды мне пайсці ў вялікім горадзе? Тупала, тупала ў двары, замерзла, мароз жа добры… і зноў пад дзверы. Усё роўна ўжо: прыехала — трэба заходзіць. Але, думаеце, так лёгка націснуць тую маленькую кнопачку, калі за дзвярамі такая гамана? Дзядзька нейкі памог. Спускаўся зверху. «Мацней, — кажа, — званіце, а то яны так разгуляліся, што нічога не чуюць». Тут ужо хочаш — не хочаш, а націскай.

Такім шчырым прызнаннем яна адразу заваявала сімпатыю гасцей. І Васілёву. Адна Лада нахмурылася: ёй пачулася задача з многімі невядомымі.

Будыка здзівіўся:

«Выходзіць, пра вяселле яна не ведала? З якой жа нагоды прыехала?»

Усе невядомыя ў задачы, той, што рашала Лада, яму былі вядомыя, ва ўсякім разе, ён так лічыў. Не хапала толькі адказу. Аднак Валянцін Адамавіч зусім не збіраўся ламаць галаву нават над самым элементарным ураўненнем, бо даўно прывык усё атрымліваць у гатовым выглядзе. І тут таксама быў упэўнены, што ўсё адкрыецца само сабой.

Вольга Усцінаўна падумала з болем, са смуткам:

«Іван паводзіць сябе, як хлапчук. Сорамна. Трэба сказаць. Нельга так».

Але адчувала, што на шчырае абурэнне не хапае злосці, а іграць запозненую рэўнасць і ўсё іншае — недарэчна, не да твару ёй — не тыя гады. Ад такой сваёй слабасці зрабілася яшчэ больш сумна і балюча.

Распрануўшыся, Віталія, можа не без хітрасці — каб хутчэй зблізіцца, папрасіла Ладу паказаць, дзе можна прычасацца, памыць рукі — «прычапурыцца». Лада павяла яе ў ванны пакойчык.

Мужчыны выходзілі на лесвіцу пакурыць, Кляпнёў і хто-ніхто з жанчын памагалі Вользе Усцінаўне аднавіць парадак на стале.

— Ці то шляхта балявала, ці свінні пасвіліся, — паказваў сваю дасціпнасць Кляпнёў.

— Вы цынік, Эдуард, — сказала яму Мілана Феліксаўна, расстаўляючы чыстыя талеркі; яна заўжды памагала, лічачы сябе самай блізкай Вользінай сяброўкай, але ніколі не збірала, не адносіла і тым больш не мыла брудныя талеркі — грэбавала.

— Усе мы — цынікі,— глыбакадумна заключыў Кляпнёў.

Вольга Усцінаўна пасля такіх яго слоў раптам моцна ўзлавалася на гэтага тоўстага круцяля, які падхалімнічае, прыслужвае і ў той жа час, відаць, усіх ненавідзіць. Захацелася, каб калі-небудзь выкрылася, што Кляпнёў — любоўнік Міланы. Няхай бы з’еў самазадаволены Будыка!

Але тут жа засаромелася злосці сваёй і нядобразычлівасці. З-за чаго ёй захацелася няшчасця людзям?

Будыка збіраў вакол сябе слухачоў; яму яўна хацелася першаму і найбольш эфектна расказаць пра Віталію, пра яе маці. Іван Васільевіч не спускаў з яго вока. Аднак адцягваць папярэджанне нельга было: сп’янелы начштаба мог прарвацца ў любы момант.

— Валянцін, можна цябе на два словы?

Яны зайшлі ў спальню, дзе моцна пахла футрамі і духамі.

— Якую сенсацыю ты мне падрыхтаваў?

— Маленькае папярэджанне. Віталія дагэтуль не ведае, хто яе бацька. Ніколі не чула пра Сваяцкага.

— Ды што ты! Ай ды Надзя! Такая воля! Аднак для дарослай дачкі трэба нейкая легенда. Якая?

— Яе бацька — я.

— Ты? Я такі здагадаўся, што будзе сенсацыя. Што ж, можна зразумець. Але ці падумала яна…

— Не. У Надзі была легенда пра партызана, які загінуў. Я сам сказаў Віце гэта. Нядаўна. Яна прыехала паглядзець на сваіх сясцёр.

— Пазнаю Няхлюдава нашага часу. Замольваеш грахі?

— Не трэба, Валя, пра мае грахі.

— Ох, Іван. Ускладняеш ты сабе жыццё. У Надзі была самая разумная легенда. Яна мудрая жанчына.

— Хто-хто, а ты ведаеш: я ніколі не шкадую, калі што зрабіў…

— Усё-такі гэта талстоўства нейкае. Столькі праблем узваліць на сябе! Навошта?

— Я павінен сказаць сваім. Але не сказаў пакуль што…

— Іван! — Будыка прачула сціснуў сябраву руку. — Разумею. Можаш не папярэджваць. Сябрава тайна для мяне што дзяржаўная.

— Тайнай застанецца адно — пра Сваяцкага.

— Любіш ты рамантычныя гісторыі. Слухай. А дзед не помніць?

— Да яго, здаецца, не дайшло, хто такая Віталія. Калі ён да нас далучыўся! Тады ўжо быў сямейны лагер — колькі жанчын, дзяцей! Партызанскіх дачок і сыноў.

— Усё, Іван. Магіла. Але здзіўлены. Прызнаюся. Хоць і ведаю, што здзіўляць ты ўмееш. Пайшлі. І моўчкі вып’ем за Надзю. Хто ведае: каб не ты, мог бы не выстаяць я. Перад такой жанчынай! Усе мы чалавекі. Як яна? Пастарэла?

— Ды ўжо ж не памаладзела. Дачка вунь якая!

— Але, няўмольны час, — цяжка ўздыхнуў Будыка.

Калі яны выйшлі са спальні, Вольга Усцінаўна сказала ім дакорліва, але нязлосна:

— Змоўшчыкі старыя.

Яны не забыліся моўчкі выпіць за Надзю. Магчыма, Вольга здагадалася, за каго яны п’юць, бо іранічна спытала:

— Можна з вамі?

Тут жа далучылася Мілана.

— Я таксама хачу з вамі выпіць.

Не зусім тактоўна атрымалася ў адносінах да другіх гасцей. Але ніхто пра гэта не падумаў. Налілі, што трапіла пад руку, стоячы каля чыстага і менш, чым упачатку, загрувашчанага посудам стала.

— За што? — мабыць, не без хітрасці спытала Вольга.

— За іх. За нашых мужоў,— сказала Мілана.

— За нашу маладосць, — прапанаваў Іван Васільевіч.

Будыка ўздыхнуў.

— За вашу маладосць, — згадзілася Вольга.

— За нашу, — паправіла Мілана.

Кожны надаваў тосту свой сэнс.

XII

Працяг вечара быў зусім не падобны на першае яго аддзяленне. Разышліся госці паважныя, якія ўмеюць падоўгу сядзець за сталамі, піць, есці, зрэдку галасіць старыя песні. Уладу захапіла «ніжняя палата». Моладзь выкінула сталы на пляцоўку і пачала сваё вяселле. Яно захапіла і старых — тых, хто застаўся.

Поделиться с друзьями: