Снежныя зімы
Шрифт:
Бацькоў здзівіла, калі прыйшоў Фелікс Будыка — доўгі сутулы мужчына ў акулярах, у дарагім, але мешкаватым новым касцюме. Ён перадаў нявесце важкі пакунак, нязграбна пацалаваў руку, сказаў: «Віншую». Забыў павіншаваць жаніха ці можа не адразу разабраўся, хто жаніх. Саша адзеў Васілёў цывільны касцюм, трохі кароткі і цесны, і неяк адразу зліўся са студэнцкай грамадой. Адзін Васіль вылучаўся сваёй флоцкай формай.
Фелікс міргаў, праціраў запацелыя акуляры, пакуль Васіль заносіў да суседзяў яго паліто, шапку; доўга не мог рашыць, куды: яму падацца — направа, дзе ў Людзіным пакоі групавалася моладзь, ці налева, у вялікі пакой, дзе чакалі ўсе іншыя госці. Рушыў да моладзі. Але тыя не вельмі яго прынялі — нават пры ціхлі на нейкі час.
Іван Васільевіч спытаў тайком у дачкі:
— Ты запрасіла?
— Я.
— Гэта жорстка.
— Але цікава. Няхай вучыцца, як людзі жэняцца, — засмяялася Лада.
Чакалі Будыкаў старых. Яны былі першыя ў спісачку гасцей, які зрабіла Вольга Усцінаўна перад тым, як параіцца з мужам і дзецьмі. Але раней чым перадалі запрашэнні, якія Лада друкавала на машынцы цэлы вечар, пазваніў сам Валянцін Адамавіч: мабыць, даведаўся ад сына. Лада знарок ашаламіла Фелікса нечаканай навіной — пазваніла яму раней, чым сказала на курсе.
— Іван? — гудзеў басам у трубку Будыка, хоць басу ў яго не было. — Не Васілёў, а чортаў сын! Ад цябе ўсяго чакаў, любой гадасці. Але каб такое!.. Ну, ведаеш!.. Смяртэльна ты нас з Міляй пакрыўдзіў.
— Чым?
— Яшчэ пытаеш — чым! Аддаеш замуж Ладу — і ні слова. Маю любіміцу і хрэсніцу!
— Валянцін, сын Адамаў. Робішся падазроны, траціш веру ў сяброў. І я, і Вольга, і Лада мелі на ўвазе, што на вясельным вечары ты будзеш госць нумар адзін. Ты і Мілана, вядома.
— Праўда! — голас перайшоў на сваю ўласную актаву. — Толькі не госць нумар адзін, а друг нумар адзін! Друг! Не забывай, калі ласка.
— Я не забываю.
— Хочаш сказаць, што я забываю? Не, хлусіш! Я магу ўзяцца загрудкі з табой з-за сваёй ці тваёй работы. Але, як бачыш, застаюся чалавекам ва ўсім іншым. Мой вышэйшы прынцып!
…Агульныя знаёмыя ведалі, каго чакаюць гаспадары.
Паэт, што каўтаў сліну, гледзячы на пітво і закусь, пад якімі гнуліся сталы, не вытрымаў этыкету:
— Іван Васільевіч, давай каманду. Сямёра аднаго не чакаюць.
— Пазвані гэтаму свяцілу, — параіў былы іх камандзір атрада Ціхан Касач. — Начштаба яшчэ тады любіў, каб яго чакалі.
Касач казаў няпраўду: там, у лесе, Будыка быў самы акуратны. Па-вайсковаму. Аднак, выходзіць, цяпер, каб асудзіць, можна прыпісаць чалавеку любыя якасці, любыя заганы, і аспрэчыць іх, бадай, немагчыма. Так прыпісалі некалі яму, Антанюку, памылкі ў рабоце, якіх ён не рабіў.
Іван Васільевіч не запярэчыў Касачу — каму з гасцей цікава, які некалі быў Будыка? Але менавіта, відаць, праз тое, што не запярэчыў, дробязная гэтая, здавалася б, зусім бяскрыўдная заўвага выклікала шмат іншых асацыяцый і навяла на невясёлыя думкі.
Званіць ён не стаў, бо такі званок мог бы пакрыўдзіць іншых гасцей. Паэт і былы партызанскі камандзір — людзі простыя, без бацылаў гонару. А ў некаторых запрошаных жанчын гонар гэты раздзьмуты да шляхецкіх памераў. Дай, напрыклад, па неасцярожнасці зразумець Клаўдзіі Іванаўне, жонцы калегі па былой рабоце, што нехта з гасцей больш пажаданы, чым яна, — зняславіць на паўгорада. Хоць ён, Антанюк, заўсёды ставіўся абыякава да таго, што пра яго могуць сказаць, аднак бестактоўным ніколі не быў. А тым больш, што і няпраўда, нібы Будыка — самы жаданы госць. Некалі, магчыма, было так, а цяпер усё-такі нешта трэснула. Спазненне Будыкаў злавала. Звычайнае хамства! Ён даўно пачаў бы вясельны баль, каб не Вольга Усцінаўна. Яна хітра брала віну на сябе: маўляў, не ўсё гатова, не паспела, не разлічыла. Гаспадыні ў такі дзень усё даруюць. Калі Іван Васільевіч сказаў жонцы на кухні, што трэба пачынаць, яна адказала:
— Куды я пасля пасаджу іх? Ты ведаеш Мілю! Дурное дзяўчо наша прыцягнула сваіх у тры разы больш, чым меркавалі. Не хапае ні прыбораў, ні месцаў.
Нарэшце Будыкі з’явіліся. Не адны. Валянцін Адамавіч прывёў з сабой… Кляпнёва. Кідаў сябру ў памятны вечар жабу, якую той мусіў праглынуць. А што зробіш! Не выставіш жа гэтага тоўстага нахабніка за дзверы.
Тройца гэтая зрабіла фурор. Валянцін Адамавіч чуць праціснуўся ў дзверы, несучы перад сабой вялікі кошык… руж. Сярод зімы — ружы! Белыя, чырвоныя, жывыя, духмяныя!
Жанчыны ахнулі. Адкуль? Дзе такія выраслі?
Нават барадатыя скептыкі змоўклі і пацягнуліся ў калідор паглядзець на такі цуд.
Лада, зняважліва абыякавая да падарункаў, знямела, разгубілася. Можа толькі перад гэтымі кветкамі яна зразумела ўсю ўрачыстасць і сур’ёзнасць таго, на што так лёгка адважылася, адчула сябе сапраўднай нявестай. Чамусьці прыгадалася вяселле Кіці, словы папа, якіх у школе ніяк не магла зразумець: «Расстоящияся собравый в соединение и союз любве положивый». І ніхто іх не мог растлумачыць як мае быць.
Валянцін Адамавіч працягваў Ладзе кошык. Яна не адразу ўзяла яго. Пасля схапіла, прыціснула да грудзей, уткнулася тварам у ружы. Здалося — вось-вось заплача. Але нехта засмяяўся, нехта сказаў:
— Ружы маюць калючкі.
Лада перадала кошык жаніху. Шчыра, у гарачым парыве абняла Будыку, моцна пацалавала.
— Дзякую вам, Валянцін Адамавіч.
— Ну, віншую, віншую, — і, падняўшы яе пад пашкі, як малую, перадаў жонцы, якая чакала сваёй чаргі.
Мілана цмокнула Ладу ў шчаку і тут жа працягнула маленькі пакуначак.
— Гэта, Ладачка, ад мяне.
— Але ёсць нешта і ад мяне, — прагудзеў Будыка, азіраючыся на Кляпнёва, які трымаў два вялікія пакункі.
Саша перадаў кошык з кветкамі сябру і швагру, Васіль — яшчэ некаму, і лета паплыло над галовамі гасцей да серванта.
Будыка ціснуў руку жаніху.
— Віншую, Саша. І зайздрошчу. Але. Шчаслівы. Маеш скарб. Найвялікшы скарб. Лада — золата.
— Лада — атам, — пажартаваў нехта з маладых.
— Зараджаная часціца, — падхапіў другі.
— Ад даўняга партызанскага сябра твайго цесця — табе асабіста, — працягнуў Будыка адзін пакунак збянтэжанаму Сашу, — Каб у крымскіх гарах весялей было сумаваць па жонцы. Каб не забываўся на Мінск наш.
Па Будыкавых словах і памерах пакунка моладзь здагадалася.
— «Спідола»! — гукнулі амаль хорам.
— Ух, чорт! — сказаў з захапленнем нізкарослы, як хлапчук, бедна адзеты, непастрыжаны, кудлаты «геніяльны фізік» Віця Дзюба — аднакурснік Ладзін, хлапчына, якога Іван Васільевіч асабліва любіў. Віця часам прыходзіў і проста казаў: «А я сёння галодны. Накарміце».
Фізік гэты, як ніхто іншы, заўсёды быў абыякавы да ўсіх жыццёвых даброт — да адзення, рэчаў. І раптам такое захапленне падарункам!