Снежныя зімы
Шрифт:
Застолле зашумела.
— Тата, ты з абрадам жаніўся? — смяялася Лада.
— Пасля небагатай вячэры ў бабулі Маланкі я павёў тваю маці на сваю халасцяцкую кватэру. А гэта кіламетраў за сем, цераз лес; восень, цемра, мы збіліся з дарогі і блукалі трохі не да раніцы. Але нам было весела, ноч тая запомнілася на ўсё жыццё.
— Ты бачыш, ва ўсіх была рамантыка. А ты, лесавод, нічога не можаш прыдумаць.
— У нас — прыгожыя вяселлі. Я — за абрады.
— Ісціна канкрэтная, Саша. Якога абраду ты хочаш тут, у горадзе?
— Каб запісвалі не ў тым цесным пакойчыку, дзе нас з табой. А каб у высокай зале. І каб іграў арган…
— О божа! Баха? Моцарта? Рэквіем можа? Каб ты плакаў па сваім халасцяцкім жыцці? І плакалі бабулькі ад замілавання, на цябе гледзячы?
— Лада, не блазнуй. Ты зусім не такая. Не палохай мужа.
— Тата, я дзіця атамнага веку. Я — за фізіку, а не за лірыку. Але, калі хочаце, я буду чытаць Блока. Магу зрабіць вам вечар паэзіі.
— Слова мае Міхась Іванавіч!
— Просім, прафесар!
— Маладыя, увага! Маю тост! Во. Каб было ў вас столькі дзяцей, колькі кропель у гэтай маёй чарцы. Во! Ха-ха.
— А там — тры кроплі.
— Міхась Іванавіч! За такі тост ды столькі піць! Ды то ж абраза для маладых.
— Наліць яму!
— Плюнь ты на сваю пячонку!
— «Ісціна — у віне», — казалі старажытныя філосафы.
— Яшчэ адзін доктар вылез. Найвялікшыя арыгіналы — гэтыя дактары навук. Дасціпнасць б’е крыніцай! Ажно вушы вянуць. Пі, Саша, за нашых дзяцей.
— Лада, табе належыць быць сёння добрай і ласкавай. Ён — выдатны філосаф.
— Тата! Выдатных філосафаў за гісторыю чалавецтва было два ці тры. Філосаф, які не ведае будовы атама…
— Лада! Да цябе прыслухоўваюцца…
— А віно горкае. Горка! — заверашчала спрытная маладзічка, узрадаваная, што адкрыццём сваім апярэдзіла ўсіх іншых.
— Выцірай губы, жаніх. Пачынаюцца абрады.
Але паднялася саркастычна настроеная нявеста з сарамлівай усмешкай. Маладыя прыстойненька, чуць дакрануўшыся, пацалаваліся.
Ім запляскалі.
— Во, цяпер соладка.
— Еш, Саша. Худзей па метаду дактароў навук. Яны худзеюць па метаду выцяснення. Ведаеш такі метад? Чарку гарэлкі выцясняюць селядцом, селядзец — салатам, салат — адбіўной… І гэтак далей…
— Дзе там Вася?
— Без цябе ён загіне, гаротны. Моліцца на Свету. Ты паспяшаўся з жаніцьбай, любы мой. Там ёсць на каго памаліцца. Бачыў, якія багіні? Света — што з другой планеты зляцела.
Івану Васільевічу хацелася слухаць адну дачку ды яшчэ хіба ўнука. Ён з болем думаў, як сумна зробіцца ў доме, калі Лада паедзе. Не вернецца Васіль. Аддаліліся Мая і зяць. Адна пацеха — унук. Пагладзіў малога па галоўцы; Стасік з незвычайнай, недзіцячай сур’ёзнасцю сядзеў паміж ім і Ладай — побач з Ладай. Спробы маці і бабулі выцягнуць малога з-за стала сустрэлі рашучы пратэст не толькі яго самога, але і Лады, якую, напэўна, расчуліла такая нечаканая пляменнікава любоў.
Івана Васільевіча таксама кранала гэтая боязь дзіцяці, што нехта чужы забярэ Ладу — яго Ладу; Стасік ажно ножкай тупаў, калі мама ўдзень сказала, што цяпер ужо Лада не яго. «Не, мая Лада! Мая!» Іван Васільевіч успомніў пра гэта і адчуў, што вочы напаўняюцца слязьмі. Не хапала яшчэ расплакацца перад гасцямі! Нішто будзе выгляд у былога камбрыга! А можа трэба было не згадзіцца на гэта паспешлівае вяселле? Не, не мог. Аднойчы запярэчыў…
Хлапчына ўвайшоў у зямлянку нясмела. У кажуху. З пугай у руцэ. Павітаўся не па-вайсковаму. Нязграбна, па-старэчы сцягнуў з галавы абсмаленую недзе каля кастра, а можа і ў баі, аўчынную шапку. Будыка тут жа зрабіў партызану заўвагу — вучыў вайсковай дысцыпліне, асабліва такіх, маладых.
Хлопец зусім разгубіўся.
«Дык я ж па прыватнай справе… да камбрыга».
«Па якой бы справе вы ні звярталіся, звяртацца належыць па форме, — прабіраў начштаба. — З якога атрада? Прозвішча?»
«Мікола… Кірэйчык…»
«Што ў цябе, Мікола?» — спытаў я, шкада стала хлопца.
У яго заняло дыханне, а твар зрабіўся што пераспелы памідор. Ён нацягнуў шапку і… выпаліў «па форме»:
«Таварыш камбрыг, дазвольце жаніцца! Камандзір атрада таварыш Каткоў…»
«Не дазваляе? — Будыка зарагатаў.— Даваяваліся!»
Сапраўды было смешна, але я ўтрымаўся ад смеху. Зразумеў, што перад намі — не шалапут, не сэрцаед нейкі, а хлопец чысты і жаніцьба для яго — справа сур’ёзная. Ён прыехаў да камандзіра брыгады, як да бацькі. Іншыя такога дазволу не пыталіся. І стала мне яшчэ больш шкада бязвусага хлапчыну.
«Сядай, Мікола. Колькі табе год?»
«Дзевятнаццаць… — і хуценька паправіўся: — Дваццаты ўжо…»
Высветлілі, што да вайны Кірэйчык скончыў дзевяць класаў. Якая адукацыя пад той час! Які кадр для будучага мірнага жыцця! А было гэта зімой сорак чацвёртага. Фронт каля Мазыра стаяў. А мы — у Пінскіх балотах, віселі над нямецкімі тыламі.
Па-бацькоўску адгаворваў я Міколу. Вучыцца табе трэба, хлопча! Вучыцца, а не жаніцца. Перамога вунь відаць, свеціць ужо. Мір наступае. А ты замест таго, каб кінуцца ў навуку, вымушаны будзеш пачынаць з таго, каб звіць гняздо для сям’і. А віць гнёзды нялёгка будзе — усё вакол спустошана, зруйнавана.
Будыка таксама падключыўся — памагаў мне. Пераканалі хлопца. Адгаварылі. Пазней расказаў Надзі — яна нахмурылася.
«Ты чаго?»
«А ў яе вы спыталі? У дзяўчыны? Вы дзве гадзіны з ім гутарылі, а яна ў санях калацілася. І вам, феадалам такім, і ў галаву не прыйшло пагаварыць з ёй. Вам — абы яго пераканаць. Яму — што! А дзе яна знойдзе сваё шчасце? Хто ведае!»
Дзіўна, што пра яе мы не падумалі — пра дзяўчыну. Толькі пра яго.
Ці не пасля гэтага нязначнага эпізоду Надзя пайшла ў вёску, арганізавала школу?
А гады два назад заглянуў да мяне ўжо крыху палыселы, распаўнелы, шыкоўна апрануты мужчына. Не пазнаў я, пакуль ён не нагадаў.
«Прыйшоў,— кажа, — падзякаваць вам, Іван Васільевіч. Помніце, як вы ў партызанах адгаварылі мяне жаніцца? Разумная ў вас галава. Далёка вы глядзелі».
Скончыў Кірэйчык універсітэт, аспірантуру, цяпер — выкладчык інстытута, кандыдат навук. Багаты. Задаволены. Шчаслівы. Парадавацца б за былога партызана. Але ўспомніліся мне Надзіны словы.
«А яна як?»
«Хто?»
«Дзяўчына тая?»
«А-а, Нінка Лагодзіч? Ды не ведаю. Засталася там, на Палессі. Не да яе было. Вучыўся, як апантаны. А пасля сустрэлася другая. Жыццё».
Але, жыццё. Аднак чамусьці знікла ў мяне цікавасць да жыцця гэтага самазадаволенага кандыдата навук, І, наадварот, страшэнна захацелася даведацца, як жа яна, тая Нінка, якую я не пабачыў і не помню. Як склалася яе жыццё? Якое ў яе шчасце?
І цяпер карціць: як жа яна? Трэба ўлетку паехаць пашукаць яе сляды…