Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Снежныя зімы

Шамякін Іван Пятровіч

Шрифт:

Іван Васільевіч, які напачатку глядзеў на Будыкава прадстаўленне з гумарам — любіць чалавек паказаць сябе! — раптам чамусьці адчуў сябе зняважаным. Але не злосць апанавала — нейкі балючы смутак сціснуў сэрца.

Мілана пацалавалася з Вольгай, і тая павяла госцю ў спальню распрануць янотавае футра.

Кляпнёў, дачакаўшыся нарэшце сваёй чаргі, прыліп вуснамі да Ладзінай рукі.

Не жадаючы прымаць віншаванні ад Кляпнёва, ды і ад Будыкі таксама, Іван Васільевіч гукнуў:

— Госці! Прашу да сталоў! — і першы пайшоў за стол, на пярэдняе месца да акна.

Паэт сказаў:

— Даўно пара. У горле засмягла.

Камандзір атрада дакараў былога начштаба брыгады:

— Ох, любіш, Валянцін Адамавіч, каб цябе чакалі. Зазнаўся!

Тады Будыка закрычаў праз галовы гасцей, якія ціснуліся за сталы:

— Іван! Прашу прабачыць за спазненне.

Жанчыны, ахоўніцы рытуалу, зашумелі:

— Маладыя — да бацькоў! Прапусціце маладых!

— Маладых — на кажух, — сказаў паэт.

Госці прыціснуліся да серванта, да сцяны, каб прапусціць маладых. Лада ішла ўпэўнена, вясёла ўзбуджаная, Саша — сарамліва, просячы прабачэння ў кожнага, да каго датыкаўся; хлопцу, пэўна, здавалася, што ён самы нязграбны тут; магчыма, адвык ад цывільнага адзення, а таму адчуваў сябе ў Васілёвым ладна скроеным касцюме няёмка.

Але пакуль яны прабраліся на сваё месца, там сядзеў ужо Стасік — пралез пад сталом. Малы паводзіў сябе дзіўна. Ён раптам загарэўся любоўю да Лады, хоць звычайна ваяваў з ёй з-за тэлевізара, — хацеў сядзець толькі побач з нявестай і… раўнаваў да Сашы; яшчэ ўдзень сказаў яму: «Ідзі, ты — чужы».

Пакуль Мілана недзе ў спальні прычэсвалася, лепшыя месцы пазахоплівалі іншыя госці, і Будыкам мімаволі прыйшлося мясціцца на краі стала. А Кляпнёў усё-такі пралез наперад, уціснуўся між маладзейшых жанчын і ўжо абварожваў — шаптаў на вуха то суседцы справа, то суседцы злева нешта смешнае.

Чалавек энергічны, Іван Васільевіч увесь той дзень быў асабліва актыўны, дзейны, вясёлы. А тут раптам, невядома з якой прычыны, апанавала яго дзіўная абыякавасць. Не хацелася ні піць, ні есці, ні — тым больш — гаварыць. Быццам застолле гэтае шумела ўжо цэлыя суткі і ён, гаспадар, знясіліўся, знямогся. Але першаму нібыта належала гаварыць бацьку. Ён папрасіў наліць і ўзняўся з чаркай у руцэ. За сталом прыціхлі. Нават маладыя ў пакоі праз калідор, калі ўбачылі, што нявесцін бацька падняўся, — зашыкалі адзін на аднаго: хацелі пачуць, што ён скажа. Але нічога не пачулі. Сказаў Іван Васільевіч ціха, стомлена і коратка:

— Што вам пажадаць, дзеці? Як заўсёды ў такіх выпадках — шчасця, ладу. А чаго ж яшчэ? Падзякуем гасцям, што прыйшлі парадавацца разам з намі. І… вып’ем. А што яшчэ? — спытаў быццам разгублена, быццам сапраўды не ведаючы, што яшчэ можна сказаць ці зрабіць, і атрымалася гэта хораша — наіўна і з гумарам. Госці стрымана засмяяліся. Заварушыліся, бліжэйшыя пацягнуліся чокацца.

— Віншуем, Лада!

— Саша! Быў ты матросам — стаў мужам. То будзьма! — сказаў паэт і, здаецца, адзін паспеў перакуліць сваю чарку, бо ўсіх іншых спыніў Будыка.

— Чакай, Іван! Нешта ж вельмі куца ты сказаў. А сказаць трэба так, каб вечар гэты, словы пажаданняў запомніліся маладым на ўсё жыццё. Гэта ж вяселле! Вяселле! Адно слова якое, з якім сэнсам! Успомніце, якое яно было ў нашых бацькоў. Калі сядалі за сталы, паэт наш сказаў: «Маладых — на кажух». Але, маладых садзілі на дзежку, на кажух. І гэта не смешна. Быў глыбокі сэнс. Быў абрад. Складаны, доўгі, разлічаны на розныя эмоцыі — на ўспамін нявесты пра дзявочае жыццё, на смутак ад ростані з роднымі, на жаль хлапецкай вольнасці і на радасць, што прыйшло каханне, што яднаюцца сэрцы, з’яўляецца новая сям’я, а з ёй — новае жыццё. Абрад абуджаў адвечную надзею людзей, што дзеці будуць жыць лепш, чым жылі бацькі…

— Палітграмата, — сказаў паэт, закусваючы.

Жанчыны шыкнулі на яго; мужчыны, якія прагнулі выпіць, зайздросцячы паэтаваму спрыту, ухвалілі ўсмешкамі: давай, маўляў, спыні гэтага самазванага прамоўцу.

Будыка пачырванеў, нервова каўтануў паветра, але не сумеўся — збіць яго было нялёгка; раздражнёнасці сваёй не выдаў,— наадварот, сказаў мякка, жартаўліва:

— Не, дарагі паэт, гэта не палітграмата. Палітграмата — твае вершы.

Засмяяліся многія. Але паэта гэта не збянтэжыла, толькі дало магчымасць пад шумок наліць і, падміргнуўшы гаспадару, перакуліць яшчэ адну чарку. Моладзь у другім пакоі таксама не дачакалася канца Будыкавай прамовы — зазвінела чаркамі, застукала нажамі, загаманіла.

— Мы разбурылі абрад. І страцілі прыгажосць, святасць гэтай незабыўнай падзеі — вяселля. На месцы разбуранага трэба будаваць новае. Ва ўсіх галінах, ва ўсіх сферах, матэрыяльных і духоўных, у нас — новае. Нам трэба новыя абрады! На жаль, маўчаць нашы паэты, этнографы…

— Абрады стварае народ, — адарваўся ад закусі паэт. — І ты, часціна народу, замест нуднай прамовы, прапанаваў бы нешта новае. Эпізод абрада. Глядзі — пайшло б з сённяшняга вяселля.

Словы гэтыя такі збілі Будыку. Прапанаваць ён нічога не мог. Мусіў адбівацца:

— Вас, дармаедаў, колькі там сядзіць, і вы нічога не можаце прапанаваць. А я будую машыны.

— То і будуй на здароўе, — не вытрымаў урэшце Касач. — А мы вып’ем за маладых. Без рэлігіі. Старой. І новай.

Ніхто не зашыкаў на сівога камандзіра. Засмяяліся жанчыны. Хто-ніхто з мужчын кульнуў чаркі: колькі можна чакаць!

Сапсавалі тост Валянціну Адамавічу.

— Лада, за тваё шчасце! За тваё шчасце, Лада! Я насіў цябе на руках і ганаруся табой. Як роднай дачкой. Валагодзец! Уручаем табе скарб. Беражы! Табе выпала шчасце. Чокаюся мысленна, Лада.

Іван Васільевіч чакаў канца сябравага тосту, але слухаў дрэнна — назіраў за Кляпнёвым: як той, аблізваючы губы, з паднятай чаркай глядзеў у рот шэфу. Раней Кляпнёў не выяўляў гэтак адкрыта такой падхалімскай паважлівасці, трымаўся незалежна, часам нават нахабна і дзёрзка. А тут як бы дэманстраваў сваю адданасць, вернасць. Чаму? Можа таму, што адразу адчуў: не «стрэліць» Будыка сваёй прамовай, не здзівіць «тэорыяй абраду» — госці не задаволены яго спазненнем і прагнуць хутчэй дабрацца да таго, што выстаўлена на сталах. Кляпнёў не дурань, псіхалогію застолля ведае. А яшчэ лепш ведае шэфа, яго самалюбства.

Да гаспадара паволі вярталася яго заўсёдная цікавасць да людзей… Гэтак жа, як верны Эдзік, Мілана натхняла мужа позіркам. Во жонка, якая моліцца на свайго Вальку! Амаль усіх мужоў жонкі шпіляюць на людзях, злосна ці кпліва, Мілана — ніколі. Некалі Антанюк прасіў іх: «Пасварыцеся хоць раз пры мне. Як вы сварыцеся? Не сварыцеся? Ох, і нудна ж вам жывецца».

— Абрады будуць пасля, — сур’ёзна сказаў паэт, калі Будыка ўрэшце выканаў першы абрад — прапусціў асвячоную няўдалым тостам чарку; паэтавых слоў не зразумелі, ды і ніхто не хацеў ужо нічога разумець.

Поделиться с друзьями: