Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сон на кургане

Купала Янка

Шрифт:
Ахвотай і надзеяй дужы, На дзеле ж слабшыя ад мухаў.

Сам

Яшчэ бізун замала хухаў, Замала пёк рабоў пакорных; А ў думах выхаваны зморных, Не знаюць, дзе пячэ, дзе студзіць.

Мнішка (увайшла з двара і, адбіўшы паклон у бок абраза, абходзіць столікі)

На манастыр і на храм божы…

3 1-га століка

3-пад храмаў лепш ідзі у людзі Палоці грады, жаці збожжа.

3 2-га століка

Лепш лён ідзі часаць і прасці, Для голых шый лепш кашулёны.

3 3-га століка

Нясла ж ты помач у няшчасці Ў свас радзімыя староны?

3 4-га століка

У муры чымся зашывацца, Ідзі лепш к працы на прасторы.

3 5-га століка

Не мур павінен храмам звацца, А цэлы свет — зямелька, зоры.

3 6-га століка

Дзяцей ідзі лепш гадаваці, На бітву будучую сілы.

Сам

Йдзі сонца ўсходу выглядаці Над сваіх прадзедаў магілай.

Уваходзіць фокуснік; мнішка з нічым выходзіць.

Фокуснік (дастаючы з-пад палы паперыну, зложаную гармонікам, і кланяючыся гасцям)

3 вашай ласкі, сызвалення Даць хачу вам прадстаўленне, Каб вас лепш ахвота брала, Лепш шынкоўня таргавала. (Паказваючы.) Вось кусочак вам паперы — I не белы, і не шэры — Ў сабе мае моц такую,— Што захочаце, збудую. Перш, во хата, як ёсць, хата, Каля хаты — плот, як крата; Мужычок сядзіць у хаце I пляце сабе сам лапці. А вось хорам, як ёсць, дворны — Пабяляны і прасторны; Хтось ля ганка стаў без шапкі I цалуе пана ў лапкі. Гэта фабрыка ўжо будзе,— Вось закураны ў ёй людзі; У неба з коміна дым валіць. Як бы душ там гатавалі. Во — шынкоўня, як і наша, Так галубіць, як і страша; Шынкарочак за буфетам: Рад гасцям зімой і летам. Суд — будынак, значыць, гэты,— Кругом вострыя штахеты: Засядаюць у ім суддзі — Брушкі тоўсты, ў бляхах грудзі. А во! гэты мур цагляны Нашым братам збудаваны: У вокнах краты, тоўсты сцены… Ну, — астрог — наш хлеб штодзенны. Тут сібірскія абшары: Поле пусткай, неба — ў хмарах; Сцюжа, лес сапуць пакутай, Як бы звоны вечных путаў. Тутка — могілкі шарамі Між лазовымі кустамі, Толькі крыжа штось не відна… Знаць, яму тут стала стыдна. А вось сельская зноў хата. Каля хаты плот, як крата; Мужычок сядзіць у хаце I пляце сабе сам лапці. Далей — тое ўсё, як казка… А за працу мне што ласка: 3 гурту — нітачка, другая, А ўжо голы пятлю мае. (Абыходзячы гасцей з шапкай.) Будаваў без інжынера, Без людзей і без сякеры.

Колькі галасоў (кідаючы медзякі ў шапку, пасля чаго фокуснік выходзіць з шынкоўні)

Што ж? нядрэнныя паперы.

Па выхадзе фокусніка Сам пачынае нехаця званіць пальцамі па ліры. Усе звяртаюць на яго ўвагу.

Колькі галасоў

А, лірнік! Што там шэпчаш звонам?! Грымні, каб чутна ўсім было нам.

Сам (кладучы ліру на каленях)

Канечна, мае голас ліра, Бы толькі слухалі вы шчыра. (Грае, манатонна напяваючы.) Ходзіць сцежкай-пуцявінай Ад хаціны да хаціны Лірнік з лірай звонкаструннай, Паглядаючы ў свет сумна. Сонца потам палівае, Ноч жудою спавівае, Вецер світку рве і шчыпле, Снег у вочы смоллю сыпле. Сыпле ў вочы, як пасеі, Бараду яго развеяў На старонкі на абедзве — Ён пляцецца ледзьве-ледзьве. Плечы горб гняце пахіла, Грудзі ўпалі, як магіла, Чуць-чуць ходзяць ходам ногі На дарогу, то з дарогі. Ёмка ўжо трасуцца рукі: Многа мелі, знаць, дакукі; Толькі голас знае дзела — Дабываюць грудзі смела. Чуць ідзе, а звоніць з лірай На старонкі на чатыры I старой, і новай песняй Так магуча, так балесне. А калі ж к нам змілаванне 3 дальняй далі прыйдзе, гляне? Лад-парадак пазаводзіць, Думкі песняй асалодзіць? А калі ж к нам рыцар важны Прыплыве Дунаем з княжнай? Нас падыме, заахвоціць К лепшай славе і рабоце? А калі ж к нам прыйдуць весці, Што пара усім засесці На пачэсным на пасадзе Ў роднай долі, ў роднай радзе? А калі ж мы загуляем За вялікім караваем, Закалышамся каронай Ля дубровы ля зялёнай? А калі ж наклеплем косы На чырвоныя на росы, Што палеткі сушаць нашы,— Хлеб людзям, а коням пашу? А калі ж пясняр вялікі Нашай песняй пусціць клікі I гарой, і даліною, Дрогне небам і зямлёю? А калі ўсё гэта будзе? Дзе схавана, дзе марудзіць? Ходам ходзіць — не прыходзіць, А, здаецца, клічам годзіць… Клічам каняй на пагоду Ад усходу да заходу, Молім, сеем рэчкай слёзы Ад марозаў да марозаў; I нічога, а ўсё толькі Паганяюць больку болькі, Са старонкі левай, беднай Маладзік страчаем бледны. Ждуць пасеву горы, долы, Нашы нівы, нашы сёлы, Няма ж месца ад залома Ані ў полі, ані дома, Пакрывіла сцюжа хаты, Пазмятала стрэхі з латаў — Пазмятала, не спытала, Ў чыстым полі пахавала. 3-пад глухога неба хмары Кветкі губяць на папары, Бор хістаюць векавечны, Дуб кладуць далоў няўсечны. Ўсё палошчуць і дрыгочуць; Хоць бы йшлі ўжо — йсці не хочуць. Хто прагоніць, хто ўбароне, Крыжам ляжа на загоне? За гарамі, за даламі Дрэмле сонца наша з намі; Ночка ходзіць, не адходзіць I сляпой савой заводзіць. Ад далёкіх, блізкіх ветраў На жывых напала нетра, На забранай сенажаці Стогнуць дзеці, плача маці. Ані знаку агняцветаў, Праўды-маткі не шлюць свету Жыватворнаю крыніцай Ад граніцы да граніцы. Лірнік Лазар ходзіць, плача, I ніхто яго не бача. Не прыходзіць змілаванне 3 важнай весцю ў добрым стане.

Усе мімавольна паўтараюць апошнія дзве звароткі пад такт песні Сама. Пачынаецца напяванне без слоў, каторае паволі ўсільваецца ў нейкую жудка-сумную, прыдаўленую мелодыю, становіцца штораз ясней з чутнымі выразна словамі. Маўчыць толькі шынкар.

…Вырвалі шчасце, вырвалі вочы, Думы паганяць няславай; Сцежкі заслалі цемраю ночы, Рыюць у процьму канавы. Тутка мы п'яны, ах, п'яны Вечным пракляццем сваім: Гоячы вечныя раны, Новыя раны тварым. * Вышай ці ніжай — цемра-пацёмкі: Ўсходу паходні не знаці. Продкі — ў магіле, ў путах — патомкі, 3 намі, прад камі — бясхацце. Тут п'яны мы, як сляпыя, Слёзы з атрутаю п'ём, Помнячы петлі старыя, Новыя путы куём. * Рукі ў аковах, душы ў балоце, Зверства спраўляе каляды; Свіст гругановы целам калоце, Гадзіны сыкаюць здрадай… Тутка мы п'ём, не марудзім, Вечнай адданы кляцьбе: Даўніх праступкаў забудзем, К новым пад'юдзім сябе. * Хто лепш ярмом нас здавіць, прыцісне — Б'ём таму ніжай паклоны, I ненавідзім так бескарысне, Як бескарысны усе нашы плёны. Тутка мы п'яны, ах, п'яны… Як сэрца ядам змяі. Тут, там нам праўда не знана — Хто мы: звярмі ці людзьмі?

Уваходзіць малады стражнік; шынкар паказвае яму месца пры 8-м, апошнім століку каля самага буфета. Песня зноў пераходзіць у нямы — без слоў — гул. Скора за стражнікам уваходзяць два музыкі — адзін са скрыпкай, другі з гармонікам; як увайшлі, усе перасталі пець.

Колькі гасцей (разам)

Ціха! ўжо прыйшлі музыкі.

Музыкі садзяцца па левай старане ля дзвярэй і зводзяць скрыпку з гармонікам.

3 1-га століка

Як добра, што шынкар паклікаў… Зайграйце, толькі ж не фальшыва — Як суддзі, купленыя меддзю.

3 2-га століка

Няхай маланкай смык паедзе, А так свістуча, так ігрыва, Як куля, пушчаная ў птушку.

3 3-га століка

Як аплявухі, рэжце звонам; Гудзі гармошкай, як кадушкай, Як бізуном гудзе аконам.

3 4-га століка

Скрыпніце й скрыпкай, і гармошкай, А так піскуча, так прымерне, Як тыя ў фабрыках шасцерні.

3 5-га століка

Звініце, йграйце п'яна-звонка, Як шклянкі гэтыя і пляшкі, Каб аж забегалі мурашкі.

3 6-га століка

Звініце, як ноч гэта звоніць,— Як на змазоленай далоні Звініць апошняя капейка.

Сам

Я чуў шмат лет таму жалейку…

Музыкі, глушачы далейшыя словы Сама, пачынаюць іграць «Ой-ра, ой-ра»; некаторыя з гасцей выкручваюць п'яна ў такт ігры за столікамі нагамі. Усе гамоняць і ў нос падпяваюць музыкам.

Сам (як музыкі перарвалі ігру)

А каб цяпер — «Волны Дунаю»… Дунай я часта ўспамінаю.
Поделиться с друзьями: