Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сон на кургане

Купала Янка

Шрифт:

Чуваць топат на ганку.

Дзяўчыны (разам)

А вось і госць! Ці ж не казалі?

Уваходзяць двое.

1-ы

Што за мароз пячэ сягоння! Як прыскам, вочы проста смаліць.

2-і

Ў казіны рог усіх загоне.

Садзяцца ля першага століка з левага боку.

1-ы

Ану, дзяўчынкі ці кабеты, Хай там шынкар чаго падсуча.

2-і

А крэпкай так, як мароз гэты; А як агонь — такой пякучай.

1-я дзяўчына (бярэ з буфета дзве чаркі, паўквартоўку, на каторую ўскладае на шыйку тры абаранкі і падае гасцям)

Няхай жа добра вас падсмажа.

Уваходзяць двое.

1-ы

Што за пракляты сівер смажа, Аж косці ў крук, як шчэпкі, верце!

2-і

Як воўк авечак, бярэ ў лапы.

Садзяцца ля другога століка.

1-ы

Што ж! Дайце нам таей сусветнай. А толькі добра там адмерце.

2-і

Каб аж Люцыпар у праметнай Развесіў, дзіўлячыся, ляпу.

2-я дзяўчына (падаючы гарэлку, як 1-я)

I ў пекле лепшай не дастаці.

Уваходзяць двое.

1-ы

Гняце і давіць да зарэзу… Душу у целе не стрымаці.

2-і

Не акуе так і жалеза.

Садзяцца ля трэцяга століка.

1-ы

Няхай жа, ваша, там удружа,— Шынкар хай толькі знае дзела.

2-і

Каб аж трашчэлі усе путы, Каб аж сама сталь затрашчэла.

3-я дзяўчына (падаючы таксама, як 1-я)

Не знаю што — а трашчэць будзе.

Уваходзяць двое.

1-ы

Прост лёдам кроў сцялася ў жылах, Зледавацелі цэглай грудзі.

2-і

Пячэ, як жаб агнём на вілах.

Садзяцца ля чацвёртага століка.

1-ы

Падай там нам! А каб хапіла, Аж сівер каб не змог, як трутняў.

2-і

Каб так нутро ўсё растапіла, Як топяць шкло у печы гутняй.

4-я дзяўчына (падаючы, як і 1-я)

Хоць пад свой дом з такім падпалам.

Уваходзяць двое.

1-ы

Абвіўся гадзінай халоднай, Упіўся ў шыю, як жыгалам.

2-і

Як ястраб птушку рве галодны.

Садзяцца за пяты столік.

1-ы

Гэй, гэй! жывей на стол прынаду — Зальём атрутаю атруту.

2-і

А каб мацней была ад яду,— Як смерць сама — так звіўнай, крутай.

1-я дзяўчына (стаўляючы гарэлку)

Кагось ці штось, але атруціць.

Уваходзяць двое.

1-ы

Як перуном страляе ў сцены, Кладзе нябожчыкаў ў бяспуцці.

2-і

Людзей з'ядае, як конь сена.

Садзяцца за шосты столік.

1-ы

Таей, што льецца зменнай хваляй, Ў шалёным высвенцанай зеллі.

2-і

Каб аж нябожчыкі ўставалі, Каб аж крыжы з магіл запелі.

2-я дзяўчына (падаючы гарэлку)

Хтось запяе, хоць мо не ўстане.

Уваходзіць Сам — адзін.

Сам

На небе сонца зледаваціў, Імглою зоры ўсе загаціў, Зямлю патрэскаў на кургане. (Садзіцца за сёмы столік.) Не будзьце ж толькі скупы ў мерцы,— А крэпкай так, як кроў жывая; Каб так паліла ў цэлым сэрцы, Як хата родпая налае.

3-я дзяўчына (падаючы гарэлку)

Крапчэй, як вар слязы сірочай, А вагнісцей, як крыўды вочы.

У шынку ўсільваецца гоман; дзяўчаты ўвіваюцца, падаючы гасцям то гарэлку, то піва.

Пры 1-м століку

1-ы (да 2-га)

Пі! Што глядзіш, як бы нясмела? Пі, каб аж сэрца скрыгатала! Каб аж душа, як дым, курэла I дымам вочы засцілала.
Поделиться с друзьями: